Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Больш за два гады палітвязьня Аляксандра Казуліна чакае яго сям’я – дочкі, унук, бацькі, брат і сястра і ўсе іх родныя.


Не дачакалася вызваленьня мужа Ірына Казуліна, якая памерла сёлета 23 лютага. Экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Некалькі дзён таму дочкі Казуліна мелі доўгатэрміновае спатканьне з бацькам у калёніі “Віцьба-3”.

Вольга Казуліна: “Тата прыйшоў загарэлы. Ён усьміхаецца, такі супакойны...”

Юлія Казуліна: “Аднак ён сказаў, што гэтыя два месяцы былі самымі цяжкімі за ўвесь час знаходжаньня за кратамі, таму што ён там адзін, ні зь кім ня мае магчымасьці падзяліцца сваімі перажываньнямі з прычыны сьмерці маці. Ён сказаў, што гэта было самае цяжкае”...

Я ў гасьцях у Казуліных па вяртаньні дачок Вольгі і Юліі і ўнука Ўладзіка з трохдзённага спатканьня з Аляксандрам Казуліным у калёніі “Віцьба-3”. Апошні раз я была ў кватэры Казуліных у лютым 2007-га амаль пры такіх жа абставінах – аднак тады са спатканьня з мужам разам з дочкамі вярталася Ірына Казуліна. Цяпер на сьцяне і на століку – два яе вялікія фотапартрэты.


Ірына ўсьміхаецца дочкам і ўсім, хто прыходзіць да іх у госьці. Гэтым разам – мне і сябру сям’і Казуліных Сяргею Скрабцу.

Мы пачынаем слухаць запіс онлайн-канфэрэнцыі Ірыны Казулінай для чытачоў сайту “Свабоды”, якая адбылася ўлетку 2006-га – на наступны дзень пасьля таго, як яе мужа асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Гэты ды іншыя запісы зрабілі ў рэдакцыі “Свабоды” на просьбу Аляксандра Казуліна. Аднак кіраўніцтва віцебскай калёніі не дазволіла перадаць палітвязьню запісы выступаў ягонай жонкі на Радыё Свабода. І па вяртаньні з турмы дочкі ўключаюць магнітафон...



Спадар: “Пяць з паловай гадоў. Ніхто ня мае права забіраць столькі гадоў жыцьця. Я ў шоку ад гэтага паказальнага працэсу”.

Ірына Казуліна: “Дзякуй, што людзі разумеюць і перажываюць разам са мной, пішуць мне. Я магу толькі перадаць гэтыя словы свайму мужу. Гэта таксама яму вельмі патрэбна”.

Спадар
: “Ірына, скажыце, ці магчыма для Беларусі стаць свабоднай ад Лукашэнкі дзяржавай бліжэйшым часам?”

Казуліна: “Я ў гэта веру, таксама як і шмат людзей, якія нас падтрымліваюць, бо за апошні час многае зьмянілася ў краіне. Істотныя перамены непазьбежныя ў самы бліжэйшы час”.

Спадар: “Ці выставіце Вы сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта ў 2011 годзе?”

Казуліна: “Сваю кандыдатуру – не. Але мой муж будзе прэзыдэнтам”.

У турэмнай каплічцы на 30-ты дзень пасьля сьмерці жонкі Аляксандар Казулін запаліў сьвечкі і яшчэ раз разьвітаўся са сваёй жонкай. Як расказваюць дочкі, у капцёрцы, дзе працуе бацька, ўся сьцяна ў фотаздымках Ірыны і ў вырэзках газэтных інтэрвію з Казулінай. Пасьля спатканьня дочкі адразу паехалі на магілу маці ў Тарасава. Там было шмат сьвежых кветак і сьвечак.

Юлія Казуліна кажа, што нягледзячы ні на што, у яе застаецца ўнутраная сувязь з маці.

“Вельмі часта бачу яе ў сьне. Часта сны бываць трывожныя – мы ўцякаем ад кагосьці... А некалькі разоў я бачыла, як яна прыходзіць да мяне вельмі прыгожая. Я запытваюся: “Як ты там, маці?” А яна адказвае, што ў мяне ўсе вельмі добра. Мне вельмі добра дыхаецца...”

Цяпер адпраўныя кропкі ў жыцьці Казуліных – гэта спатканьні з Аляксандрам Казуліным. Усяго было чатыры доўгатэрміновых спатканьня зь сям’ёй за два з паловай гады зьняволеньня палітвязьня. Наступнае трохдзённае будзе ў верасьні, а кароткатэрміновае мае адбыцца ў ліпені. Вольга Казуліна:

“Але мы вельмі спадзяемся на тое, што нам ужо не спатрэбіцца ехаць да яго на доўгатэрміновае спатканьне, таму што ён будзе з намі на свабодзе. У верасьні будзе палова ягонага тэрміну, але я рэальна спадзяюся на тое, што ўсё ж Эўразьвяз і Амэрыка вядуць сваю вельмі жорсткую і слушную палітыку. Я спадзяюся, што яны моцна націснуць на Лукашэнку, і той будзе вымушаны яго вызваліць”.



Жыцьцё Вольгі і Юліі Казулінай кардынальна зьмянілася пасьля таго, як іх бацька пайшоў у палітыку і трапіў за краты. Вольгу Казуліну, якая мае дзьве вышэйшыя адукацыі, ня бяруць на працу, і яна цяпер цалкам прысьвяціла сябе бацькавым справам – праца з поштай, з сайтам, паездкі, пікеты, заявы – усё дзеля вызваленьня таты.

“Мы так былі выхаваныя... Тата з самага дзяцінства гаварыў, што кожны чалавек павінен расьці ўнутры сабе, і гэты рост можа адбывацца тады, калі чалавек праходзіць розныя пакуты. Чалавек павінен разьвівацца ў гэтых пакутах. Я ўпэўненая, што Бог даў нам выпрабаваньні дзеля таго, каб мы рэалізаваліся, каб мы паказалі, што мы ня тыя птушкі, якія сядзелі ў яго пад крылом. Мы моцныя, мы самастойныя. Што ня толькі ён нас можа абараніць, але і мы можам яго абараніць”.

Вольга і Юлія частуюць мяне і Сяргея Скрабца гарбатай зь мёдам. Сяргей быў разам з Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі, і цяпер заўсёды падтрымлівае ягоную сям’ю.



“І дочкі Казуліна, і Ірына, нябожчыца, – гэта вельмі адважныя людзі. Можна толькі зьдзіўляцца той стойкасьці, зь якой яны выносяць гэтыя выпрабаваньні. Вось у турме людзі, якія нас ахоўвалі з Казуліным і ня вельмі добра сябе паводзілі, яны прыкрываліся тым, што ў іх ёсьць сем’і, іх трэба карміць. Нібыта ў нас няма сем’яў. Большасьць беларусаў, якія сядзяць па дамах і маўчаць, лічаць, што ад іх залежаць сем’і, дабрабыт... Ведаеце, на гэтым фоне ёсьць вера ў перамены, што ў нас ёсьць такая моладзь, як дочкі Казуліна”.

Палітвязьня Аляксандра Казуліна на свабодзе чакаюць маці, бацька, брат, сястра, дочкі і ўнук Уладзік. Як з іроніяй кажа ягоная маці, Вольга Казуліна, Уладзік ня хоча болей быць галоўным мужчынам у сям’і, ён хоча вярнуць гэты абавязак дзеду.

“Чакае дзеда. Мы былі ў калёніі тры дні. Яны гулялі там і ў футбол, і ў выбівала, і ў валейбол. Столькі часу правялі разам. У нас цяпер толькі адзін мужчына на свабодзе. А яму ж трэба перакласьці на кагосьці гэтыя абавязкі, таму ён чакае дзеда...”

Даведка “Свабоды”: Аляксандар Казулін

Нарадзіўся 25 лістапада 1955 году ў Менску. Прафэсар, доктар навук, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Жанаты, мае двух дачок і ўнука.

Служыў на Балтыйскім флёце ў марской пяхоце, пасьля дэмабілізацыі працаваў на МТЗ. З чырвоным дыплёмам скончыў мэханіка-матэматычны факультэт БДУ. Быў сакратаром камітэту камсамола БДУ. Працаваў выкладчыкам, дэканам факультэту ўнівэрсытэту, потым у міністэрстве адукацыі начальнікам аддзелу, намесьнікам і першым намесьнікам міністра.

Ад 1996 да 2003 году – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ад 1998 да 2001 — сябра ўраду Беларусі, міністар.

У красавіку 2005 году на аб’яднаўчым зьезьдзе абраны старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. У тым жа годзе стаў заснавальнікам і каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы “Воля народу”.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году быў кандыдатамі на пасаду кіраўніка Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка падчас разгону шэсьця на праспэкце Дзяржынскага і праз чатыры месяцы прысудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Адбывае пакараньне ў калёніі “Віцьба-3”. Пры канцы 2006 году 53 дні трымаў палітычную галадоўку – дамагаўся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і патрабаваў разгледзець стан з правамі чалавека ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН. У выніку галадоўкі зь ініцыятывы ўраду ЗША на паседжаньні Рады бясьпекі ААН было ўзьнятае пытаньне пра Беларусь. Міжнародная амністыя прызнала Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG