Слухачы “Свабоды” працягваюць абмяркоўваць пасланьне кіраўніка краіны беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
Спадар: “Ужо 15-ты год Аляксандар Лукашэнка заклікае свой народ яшчэ крыху пацярпець. А потым цэны, хочаш ты таго ці не, усё роўна павысяцца”.
“У аўторак Лукашэнка ўсіх “паслаў”, акрамя свайго ўлюбёнага хакея”.
Спадар Андрэй, Быхаў: “Чаму Лукашэнка-камуніст так баіцца Казуліна? Магчыма, ён бачыць у ім свайго пераемніка?”
На пытаньне слухача Андрэя з Быхава адказвае палітоляг, доктар філязофскіх навук прафэсар Вячаслаў Оргіш:
“Сама танальнасьць выступу Лукашэнкі ў сувязі з асобай Казуліна ўжо зьвяртае ўвагу надзвычайнай напружанасьцю, імкненьнем да таго, каб яго выкрасьліць з грамадзкай сьвядомасьці. А самі дзеяньні яшчэ больш яскравыя. Калі адбывалася пахаваньне Ірыны Казулінай, Аляксандра Казуліна выпусьцілі ўсяго на 3 дні. Лёгка было заўважыць, якое ўзрушэньне адбылося ў грамадзтве. Было відавочна, што Казулін — адна з палітычных асобаў, якія здольныя павесьці за сабой. Таму, канечне, улада, першы нумар ва ўладзе разумеюць гэта. Вось гэта прымушае ўладу, па-першае, злавацца, па-другое, ставіцца да Казуліна вельмі жорстка”.
Слухачы “Свабоды” выказваюць словы падтрымкі палітвязьням:
Спадарыня: “Праз ваша радыё зьвяртаюся да маці Андрэя Кіма і іншых маці палітвязьняў. Ганарыцеся сваімі сынамі! Гэта сапраўдныя беларусы, якія моцныя духам і ўсё пераадолеюць, што выпала на іх няпросты лёс. Дзякуй вам за такіх сыноў, гэта наша будучыня і надзея”.
Спадар: “У Нямеччыне працуе 40 энэргаблёкаў. 10 яшчэ плянуюць пабудаваць. Польшча плянуе будаваць атамную электрастанцыю, Літва. Дык чаму ж Мілінкевіч і Лябедзька выступаюць супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі?! І наагул яны выступаюць супраць усялякага будаўніцтва. Лядовыя палацы не падабаюцца, бібліятэка не падабаецца, спартовыя збудаваньні не падабаюцца. Няўжо ім ня хочацца, каб Беларусь была на ўзроўні разьвітых краінаў?!”
На пытаньне слухача адказвае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
“Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы выступаюць якраз з канцэпцыяй, з плянам пабудовы разьвітай эканомікі. Але, вядома, мы супраць стварэньня помнікаў. Гэта праўда. Я не лічу мэтазгодным ні з эканамічнага боку, ні з пункту гледжаньня тэрміновай неабходнасьці для беларускай культуры пабудову Нацыянальнай бібліятэкі ў той час, калі закрываюцца сотні бібліятэк у вёсках. Тое самае зь лядовымі палацамі і разьвіцьцём спорту ў рэгіёнах. У нас проста розныя падыходы — што будаваць і дзе будаваць. Тое самае і з атамнай станцыяй. Радыёслухач што, ведае, які будзе рэактар, дзе будуць захоўваць небясьпечныя адкіды? Пакуль існуе такая сыстэма з доступам людзей да інфармацыі, закрытасьць, табу на інфармацыю, калі няма парлямэнцкага кантролю, грамадзкага кантролю над уладай, будаваць АЭС — вялікая рызыка”.
Спадар: “Гляджу сустрэчу двух міністраў абароны, беларускага і расейскага. Наш міністар абароны — генэрал-палкоўнік у форме, а расейскі ў цывільным. Няўжо расейскі міністар абароны, як і амэрыканскі, цывільны чалавек?”
Так, міністар абароны Расеі Анатоль Сердзюкоў — цывільны чалавек, працаваў у падатковай службе, у фірме па гандлі мэбляй, кандыдат эканамічных і юрыдычных навук. У некаторых краінах міністры абароны — жанчыны. У Японіі, да прыкладу. А новы міністар абароны Гішпаніі, 37-гадовая Кармэн Чакон — на сёмым месяцы цяжарнасьці.
На пытаньне слухача адказвае былы міністар абароны Беларусі генэрал Павал Казлоўскі:
“Цывільныя міністры абароны ў многіх краінах сьвету ёсьць: у Фінляндыі, у Злучаных Штатах Амэрыкі. Сёньня ў многіх дзяржавах Эўразьвязу міністры абароны цывільныя. Гэта — прыкмета дэмакратыі, прыкмета таго, што грамадзянская супольнасьць кантралюе сілавыя структуры. Я ў гэтым ня бачу нічога кепскага. Гэта нармальна. Я думаю, і ў Беларусі міністрам абароны калі-небудзь можа стаць цывільны чалавек. Галоўнае — каб ён быў адукаваны, ведаў праблемы Ўзброеных сіл. Гэта вельмі важна”.
Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.