Паводле зьвестак дачкі палітвязьня Вольгі, Аляксандар Казулін не зьбіраецца падаваць на Аляксандра Лукашэнку ў суд за зьнявагу.
З Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі сустрэліся ягоныя дочкі Вольга і Юля, а таксама ўнук Уладзіслаў. Іх спатканьне доўжылася 3 дні. “Супрацоўнікі калёніі гэтым разам ставіліся да нас нармальна, яшчэ раз я пераканалася, што тата ў калёніі карыстаецца вялікім аўтарытэтам нават сярод міліцыянтаў”,— сказала Вольга Казуліна.
Дачка палітыка перадала ягоныя камэнтары да выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, зробленых падчас выступу ў парлямэнце са штогадовым пасланьнем. Нагадаю, Аляксандр Лукашэнка казаў, што “Казулін нікому не патрэбны” і што яго “скарысталі, як туалетную паперу”. Таксама кіраўнік дзяржавы зноў паўтарыў, што Аляксандар Казулін нібыта сам адмовіўся ад датэрміновага вызваленьня і таму застаецца ў калёніі.
“Лукашэнка, на яго думку, чарговы раз выявіў сваю сутнасьць. Між тым тата мяркуе, што прэзыдэнт ня мае права апускацца да вульгарных выказваньняў. Гэта адносна “туалетнай паперы” і “вашывай апазыцыі”. На гэта тата сказаў, што яму вельмі шкада Лукашэнку і ў суд ён на яго падаваць ня будзе, бо гэта сьведчыць пра пэўны стан здароўя. У нас народ і Канстытуцыю выкарыстоўваюць як туалетную паперу“ — перадала меркаваньне Аляксандра Казуліна ягоная дачка Вольга.
Паводле Аляксандра Казуліна, “апазыцыі ў Беларусі трэба аб’яднацца і далей дамагацца адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі”. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Казулін па-ранейшаму ня лічыць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. Што да пазыцыі дэмакратычных краін сьвету, Аляксандар Казулін заклікаў да працягу жорсткіх санкцыяў супраць кіраўнікоў палітычнага рэжыму ў Беларусі.
Выказаўся Аляксандар Казулін і адносна дыпляматычнага скандалу паміж Беларусьсю і ЗША.
“Ніводная краіна ў сьвеце і Эўропе не дазваляе сабе гэткіх паводзінаў адносна ЗША, гэткіх скандалаў. А тое, што Аляксандар Лукашэнка ў сваёй нестабільнай сытуацыі гэта сабе дазваляе, паказвае асаблівасьці асобы кіраўніка Беларусі”,— перадала словы Аляксандра Казуліна ягоная дачка Вольга. “Тата заклікаў урад ЗША не саступаць патрабаваньням яшчэ скарачаць склад амбасады, ён лічыць гэтыя патрабаваньні абсурднымі”, — сказала Вольга Казуліна.
Як пачуваецца Аляксандар Казулін, які болей за год таму трымаў 53-дзённую галадоўку? “Ён кажа, што адчувае сябе здавальняюча, а больш пра здароўе казаць ня хоча. Кажа, што турма ёсьць турма і іншага тут нельга чакаць”, — паведаміла Вольга Казуліна. Вось што яна сказала пра свае ўражаньні:
“Мне падалося, што ён вельмі актыўны. Гатовы да выхаду з калёніі, гатовы дзейнічаць, гатовы ўключацца ў грамадзкае жыцьцё Беларусі”.
Нагадаем, Аляксандар Казулін знаходзіцца за кратамі з 25 сакавіка 2006 году. Палітыка асудзілі на 5,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. У Беларусі і сьвеце шмат хто дамагаецца вызваленьня Аляксандра Казуліна, які лічыцца палітычным вязьнем.