— ...Зь іншага боку, я быў у “ланцугу неабыякавых” побач з дочкамі Аляксандра Казуліна... А неўзабаве, калі распачаўся так званы “Працэс 14-ці”, давялося пазнаёміцца са шматлікімі сваякамі тых маладых людзей, якія сядзяць са мной побач на лаве падсудных і абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў падчас акцыі прадпрымальнікаў, — расказвае Аляксей Бондар. — Гэта розныя людзі, часам яны неаднолькава ацэньваюць тое, што адбываецца ў краіне. Тут свайго роду зьлепак пераломнага беларускага грамадзтва. Вось чаму ў якасьці грамадзкага рэдактара тыдня я хачу, каб журналісты Свабоды падрыхтавалі тэматычную перадачу на тэму “Апазыцыя: бацькі і дзеці”.
Тут свайго роду зьлепак пераломнага беларускага грамадзтва
Ці ёсьць падабенства паміж сёньняшняй беларускай сытуацыяй палітычнага выбару і той, якая склалася падчас краху савецкай сыстэмы? Кім становяцца дзеці беларускіх апазыцыянэраў першай, яшчэ антыкамуністычнай хвалі? Як уплываюць ангажаваныя ў цяперашні дэмакратычны рух маладыя людзі на сваіх 50-гадовых бацькоў-шарагоўцаў? Што іх лучыць і разьядноўвае?
У гэтай праблемы шмат цікавых аспэктаў. Было б вельмі добра, каб слухачы “Свабоды” і наведнікі сайту падзяліліся з журналістамі сваімі ідэямі, падказалі нейкія сюжэты…
***
Сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак распытвае Аляксея пра ягоны ўдзел у дэмакратычным руху, узаемаадносіны маладых апазыцыянэраў са старэйшымі папярэднікамі.
Бондар: “Ініцыятыва”, сябрам якой я зьяўляюся, гэта моладзевы рух. Наша дзейнасьць разнастайная. Ладзім ня толькі палітычныя акцыі, але й грамадзкія – напрыклад, “Дзень добрага настрою”, калі набываем тысячы кветак і раздаем іх на вуліцах”
Гэта ўсё, як нейкае балота. І з боку ўлады, і з боку апазыцыі.
Уліцёнак: “Жанчыны, якім вы ўручаеце іх, не баяцца нейкіх правакацыяў?”
Бондар: “Не, гэта вельмі весела і шчыра – фота можна пабачыць у інтэрнэце: усьмешкі, радасныя твары…”
Уліцёнак: “А які палітычны падтэкст гэтай акцыі?”
Бондар: “Ніякага. Проста на менскія вуліцы прыўносіцца настрой і аптымізм”.
Уліцёнак: “Але ж гэта не азначае, што “ініцыятыва” ўся такая белая ды пушыстая?”
Бондар: “Не, канечне, хаця мы больш імкнемся, безумоўна, да пазытыву. Спрабуем усяляк падтрымаць тых людзей, якія апынуліся за кратамі па волі ўлады. Але, але – можа і паміж нашай волі. Аднак уцягнуліся ў палітыку і высьвятленьне палітычных узаемаадносінаў. Летась уручылі савочкі для збору, даруйце, сабачага дзярма арганізатарам Эўрапейскага маршу, якія пахваляліся, што ён прайшоў дужа добра…”
Уліцёнак: “Што вам не падабаецца ў тактыцы і ў стратэгіі старой палітычнай гвардыі?”
Бондар: “Няма дынамізму ні ў першым, ні ў другім. Абсалютна! Гэта ўсё, як нейкае балота. І з боку ўлады, і з боку апазыцыі. Выпрацаваўся нейкі сімбіёз паміж уладай і ўплывовымі людзьмі ў старой апазыцыі. Тое, што адбываецца зараз, – гэта хістаньне, шлях у нікуды”.
Уліцёнак: “Вы бачыце нейкае патэнцыйнае паразуменьне паміж вамі, маладымі, і імі, старэйшымі?”
Бондар: “На жаль, толькі з моладзевымі лідэрамі і арганізацыямі – “Маладым Фронтам”, “Маладымі дэмакратамі АГП”, можа, з рухам Мілінкевіча. Пакуль што…”
Уліцёнак: “Але ж падчас “працэсу-14” старэйшыя падыходзілі, выказвалі салідарнасьць?”
Бондар: “Мы не адмяжоўваемся ад іх нягледзячы на рознагалосьсі. Проста жадаем нармалёвай супольнай працы. Што да суду… Тут той выпадак, калі нягледзячы ні на што мы мусім падтрымліваць адзін аднаго”.
***
Журналіст Аляксандар Уліцёнак распытвае Аляксея Бондара пра ўзаемаадносіны маладых дэмакратаў з бацькамі.
Уліцёнак: “Ваш бацька – былы армеец. Афіцэр?”
Бондар: “Так, маёр”.
Уліцёнак: “Чалавек, які прайшоў сур’ёзную школу спэцыфічнага палітычнага выхаваньня – ён знайшоў паразуменьне з вамі?”
Бондар: “Спачатку бацька паддаўся ўплыву прапаганды і быў даволі заядлым лукашыстам. А зараз мне атрымалася…”
Уліцёнак: “Даруйце, я вас перабіваю: “атрымалася”, бо бачыў вашае палітычнае сталеньне, прыслухоўваўся да вашых развагаў, або іншым станавілася жыцьцё?”
Бондар: “Усё разам. Напрыклад. калі яны бачаць, што міліцыянты мяне вінавацяць у тым, што я лаюся матам, то ў бацькоў нават супраць іхняй волі ўзьнікае пачуцьцё пратэсту, бо яны ведаюць праўду пра мяне. І вось ужо яны разважаюць над пытаньнем: як тое магло стацца? Ці можна жыць у дзяржаве з такімі яскравымі прыкладамі прававога нігілізму?”
Уліцёнак: “Бацькі вашых сяброў, што былі на лаве падсудных падчас “працэсу 14-ці”, былі на судовых паседжаньня?”
Бондар: “Бачыў маці Алеся Чарнышова. Маці і бацьку Антона Койпіша. Маці Алеся Стральцова. Сваіх я папрасіў заставацца дома. Каб зьтберагчы здароўе. А вось брат прыходзіў. Прыемна”.
Уліцёнак: “Што называецца, такую першасную, сямейную, сваяцкую падтрымку вы адчулі. Што для вас найбольш каштоўнае ў іхняй рэакцыі?”
Бондар: “Тое, што яны не саромеліся за нас”.
Уліцёнак: “А не было шкадаваньня на побытавым такім узроўні: “Ой, вось каб не займаўся рэвалюцыяй, дык быў бы зараз ня тут, а дома, зь дзяўчынай – разумнае ж дзіцятка, чаго яму не хапала!”
Бондар: “Я такога не заўважыў. Наадварот, маці Андрэя Кіма, Тацяна Андрэеўна, казала мне, што цяпер будзе заўсёды падтрымліваць яго і нас – заўсёды”…
Уліцёнак: “Але ж ёсьць і такія сем’і, дзе паміж дзецьмі-актывістамі і бацькамі-шарагоўцамі глухая, непераадольная мяжа. Ім патрэбная вашая дапамога, маюць яны яе?”
Бондар: “Мы спрабуем праводзіць пэўную працу зь імі. Напрыклад, знаёмі бацькоў тых юнакоў і дзяўчат, якіх перасьледуюць, судзяць. Такое знаёмства – неацэнная псыхалягічная дапамога. Гэта вырашае шмат складных, часам дужа драматычных праблемаў. І мы прыйшлі да высновы. Што насьпеў час стварыць Камітэт дапамогі бацькам рэпрэсаваных дзяцей.
Яны мусяць як мінімумпаважаць грамадзкую актыўнасьць і грамадзянскую пазыцыю сваіх сыноў і дачок. Можна яе не падзяляць, але паважаць – заўсёды трэба”.
***
Журналіст Алякскандар Уліцёнак распытвае Аляксея Бондара пра ягоныя асабістыя жыцьцёвыя прыярытэты
Уліцёнак: “Вы нарадзіліся ў сям’і афіцэра ў Расеі, то бок — расеец па нацыянальнасьці?”
Бондар: “Бацька тады служыў у Бранскай вобласьці, адкуль якраз маці родам. А тата — паляшук”.
Уліцёнак: “Як вам падаецца: што для беларусаў каштоўнасьць нумар адзін? У чым яны маюць пільную патрэбу, чаго нестае?”
Бондар: “Нейкі такі вельмі сумны дух лунае над Беларусьсю, прыгнятае ўсіх… Мабыць, трэба быць папросту весялейшым, больш у сябе верыць”.
Уліцёнак: “Скажыце, Аляксей, у вас ёсьць ідэал палітыка?”
Бондар: “Вацлаў Гавэл — вось мой ідэал”.
Уліцёнак: “Чым, акрамя палітыкі, вы яшчэ займаецеся? Чытаць, напрыклад, любіце?”
Бондар: “Вельмі! Зараз перачытваю літаратуру да 20-га стагодзьдзя”.
Уліцёнак: “Беларускую, замежную, клясыку?”
Бондар: “У асноўным замежную. Крыху — расейскую. У прыватнасьці, Ганчарова. Пушкіна для сябе па-новаму адкрываю… Лермантаў дык наагул!”
Уліцёнак: “Рамантычна?
Юрыдычная адукацыя дала мне філязофскае разуменьне свабоды і справядлівасьці
Бондар: “Так: натхняе. Як і сьпевы Ўладзімера Сямёнавіча Высоцкага”.
Уліцёнак: “Дарэчы, пра сьпевы: хто зь беларусаў падабаецца і як самі з нотамі сябруеце?”
Бондар: “Зьмітра Вайцюшкевіча вельмі люблю. А ў самога дрэнна атрымоўваецца”.
Уліцёнак: “Затое, я чуў, у вас поўныя лады з шахматамі — кандыдат у майстры спорту! Дык зазірнем на колькі хадоў наперад: што нас чакае пасьлязаўтра?”
Бондар: “Я аптыміст па натуры: усё будзе добра. Прычым здарыцца тое “добра” заўтра: ну ня могуць хлусьня з маразмам быць вечна!”
Уліцёнак: “Затое сёньня кожны шараговец ведае: займацца палітыкай, ды яшчэ ў моладзевым руху, — небясьпечна. А вы дыплямаваны юрыст. Што стымулюе вашую грамадзянскасьць?”
Бондар: “Ужо на лаве падсудных… Хоць насамрэч менавіта юрыдычная адукацыя дала мне філязофскае разуменьне свабоды і справядлівасьці. То бок я дзейнічаю з усьвядомленых матываў. Ведаю, якія правы чалавека, у тым ліку мае асабістыя, дзяржава спрабуе прысабечыць. Ніколі з гэтай прэтэнзіяй на кіраваньне маім не згаджуся і буду змагацца”.
Уліцёнак: “У вас ёсьць нейкі актуальны афарызм, дэвіз?”
Бондар: “Быць аптымістам! Ня больш за тое. Чаго-чаго, а аптымізму беларусам варта дадаць”.
Сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак распытвае Аляксея пра ягонае стаўленьне да чарнобыльскай праблематыкі.
Уліцёнак: “Першая акцыя, у якой вы ўдзельнічалі, была прымеркаваная менавіта да Чарнобыля – красавік 1996 году, ці ня так?”
Бондар: “Мне было пятнаццаць год і выпадкова на Нямізе я пабачыў тое грандыёзнае, надзвычай уражлівае шэсьце – больш з такім не сустракаўся ніколі. Пабачыў таксама, як ужываюцца спэцсродкі й спэцпадразьдзяленьні супраць мірных людзей, што выклікала ў мяне адчуваньне жудаснай несправядлівасьці. Так я ўпершыню пераканаўся: гэта трэба неяк разьвязваць”.
Уліцёнак: “Вы падзяліліся ўражаньнямі пра сілавы момант Чарнобыльскага шляху, а што для вас сёньня Чарнобыль як для чалавека?”
Бондар: “Вялікая катастрофа, якая найперш выяўляецца ў рэзкім скачку найгоршых хваробаў. Хоць урад робіць усё, каб замаўчаць праблему, скажае аб’ектыўную статыстыку. Між тым я хіба ці не штодня чую: ці нехта са знаёмых мае патрэбу ў сур’ёзным лекаваньні, ці іхнія сваякі…”
Уліцёнак: “У такім разе, на вашую думку, чаму грамадзтва не пратэстуе, як таго патрабуе лёгіка разьвіцьця наступстваў аварыі на ЧАЭС?”
Бондар: “А чаму наогул хіба ці нічога ўжо ня можа крануць беларускіх людзей? Вунь практычна зьнішчылі актыўную частку соцыюму – прадпрымальнікаў, і нічога – няма адэкватнай рэакцыі… Тут, канечне, патрабуецца грунтоўны псыхалягічны аналіз стану, у якім апынуўся народ”.
Уліцёнак: “Ну а ў вас ёсьць свой пункт гледжаньня?”
Бондар: “Проста не сфармавалася грамадзянская супольнасьць. Не стварыўся дэмакратычны асяродак. Няма дэмакратычных інстытутаў, якія б маглі рэагаваць на гэта”.
Уліцёнак: “Добра. Возьмем тады тых, хто пераконвае: яны стварылі дэмакратычны партыйны асяродак. У іх што атрымліваецца?”
Бондар: “Нейкая мяжа паміж імі і народам. Вазьміце, напрыклад, меркаваны Чарнобыльскі шлях: яна мусіць быць звонам галоснасьці па ўсёй Беларусі, а на справе? Вось і не даведаюцца людзі праўды пра тое, што адбываецца насамрэч”.
Уліцёнак: “Вы са сваімі сябрамі пойдзеце на гэтую акцыю?”
Бондар: “Павінны быць абавязкова. Хаця, канечне, на Бангалор ніхто з нас ня пойдзе. Гэта я магу сказаць дакладна і за сябе, і за сваіх людзей. Сваіх сяброў”.
Аляксей Бондар — актывіст незарэгістраванага моладзевага руху “Ініцыятыва”.
Нарадзіўся ў 1981 годзе ў сям’і вайскоўца, у Расеі, у горадзе Почапе Бранскай вобласьці — на радзіме маці. Праз год сям’я пераехала ў Беларусь — адтуль быў родам бацька.
Скончыў Беларускі інстытут правазнаўства. У 2003 годзе атрымаў дыплём юрыста са спэцыялізацыяй “Падатковае й банкаўскае права”. Працаваў у розных прыватных фірмах, быў і камэрцыйным дырэктарам, і юрыстам.
Ад 1999 году — сябра Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. У 2006-м увайшоў у склад “Ініцыятывы” і стаў праваабаронцам. Ужо праз год актыўнасьць Аляксея Бондара абярнулася “суткамі” на Акрэсьціна. Трапіў туды разам са сваім сябрам — Андрэем Кімам.
Пасьля таго як выйшаў на волю, шмат намаганьняў прыкладаў для таго, каб вызваліць Андрэя з-за кратаў.