Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб не задыхнуцца, С.Парсюкевіч дыхае праз “фортку”


Навіны пра беларускіх палітвязьняў.


Жонка затрыманага віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча Натальля распавяла пра ліст, які яна атрымала ад мужа, якога ўжо другі месяц трымаюць за кратамі. “Піша, што калі пачынае задыхаецца, б’е кашаль і ванітуе, да яго выклікаюць доктара. Але турэмны доктар толькі аглядае хворага вязьня, а рэальна нічым не дапамагае”.

Паводле жанчыны, часам яе мужу становіцца зусім блага.

“Аднойчы, калі было зусім дрэнна, давялося лезьці на падваконьнік, каб дыхаць сьвежае паветра праз расьнічкі на фортцы”.

Нагадаю, Сяргея Парсюкевіча трымаюць у менскім сьледчым ізалятары з 4-га сакавіка. Прадпрымальніка абвінавацілі ў зьбіцьці ахоўніка турмы на Акрэсьціна падчас адбыцьця там адміністрацыйнага арышту за удзел у мітынгу 10-га студзеня. Сяргей Парсюкевіч сваёй віны не прызнае і кажа, што насамрэч гэта яго зьбілі міліцыянты.

Суд над актывістам прадпрымальніцкага руху пачнецца 22-га красавіка ў Маскоўскім раённым судзе Менска. Сяргею Парсюкевічу пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

“Гэта будзе першае спатканьне бяз мамы”

Прызначаны дзень, калі адбудзецца доўгатэрміновая сустрэча Аляксандра Казуліна з дочкамі. Малодшая з дачок палітыка Юля распавядае:

“Спатканьне ў нас прызначана на 3-6 траўня. Канешне, мы ўжо думаем, што тату прыгатаваць і правезьці, бо гэта будзе першае спатканьне бяз мамы. Раней заўсёды мама яму гатавала, у тым ліку ягоныя любімыя катлеткі. Але, спадзяюся, і мы здолеем”.

Болей за два года былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна трымаюць за кратамі нібыта за арганізацыю забурэньняў і хуліганства. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце дамагаецца вызваленьня Казуліна, якога лічаць палітычным вязьнем. Сёлета ў лютым палітыка на тры дні адпусьцілі з калёніі на пахаваньне заўчасна памерлай жонкі Ірыны. Спадзяваньні на тое, што пасьля гэтага ўлады ўвогуле вызваляць Аляксандра Казуліна зь няволі, не спраўдзіліся.

На гэтым тыдні ў Цэнтральным судзе Менска пачаўся гэтак званы “працэс-14” ці – суд над актывістамі, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў забурэньнях падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. У тым ліку судзяць і маладзёвага актывіста Андрэя Кіма, якога таксама абвінавацілі ў стварэньні пагрозы міліцыянту. Былы адвакат Ігар Рынкевіч пра ўражаньні ад суду:

“Мы 6 разоў праглядзелі відэаматэрыялы і ўсім было бачна, што не пацьвердзіліся словы пацярпелага Сычова, які казаў, што Кім нібыта яго ўдарыў. Было бачна, што самога Кіма міліцыянты то штурхалі, то яго некуды цягнулі, але ён нікога ня біў. Такім чынам відавочна, што складу злачынства паводле артыкулу 364 ў ягоных дзеяньнях не было”.

Прысуд Андрэю Кіму і іншым актывістам абвесьцяць на наступным тыдні.

Днямі да 10 гадоў паводле абвінавачаньня ў падробцы грошай і распаўсюджваньні наркотыкаў быў асуджаны былы актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Зьміцер Лісеенка. Праваабаронца Валер Шчукін, які прысутнічаў на працэсе, называе справу сфальшаванай:

“У яго не знайшлі наркотыкаў ці падробленых грошай, падчас ператрусу дома таксама нічога не знайшлі. Відэа ці хаця б аўдыё доказаў таксама няма. Дык дзе доказы?”

Судзьдзя Ірына Майко палічыла доказамі віны былога актывіста паказаньні супрацоўнікаў спэцслужб і міліцыянтаў. Валер Шчукін таксама кажа пра тое, што Зьмітра Лісеенку ў турме схілялі даць ілжывыя паказаньні на актывістаў дэмакратычнага руху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG