Размова адбылася ў майстэрні мастака з нагоды ягонага юбілею. 85 гадоў Леаніду Шчамялёву споўнілася ў лютым, і адзначаў ён яго з прычыны хваробы ў шпіталі. Пасьля выздараўленьня першае інтэрвію --для Радыё Свабода. Сёньня -- другая частка інтэрвію. Першая прагучала ў ранішнім эфіры "Сваборды" ўчора.
Вячаслаў Ракіцкі: “Вы ўвесь час падкрэсьліваеце, што зьвязаныя з часам. А ў якія гады Вашы карціны былі найбольш яркімі, эмацыйнымі, аптымістычнымі?”
Мастакоў стала больш, і стала цяжэй прадаваць свае творы. Таму часта мастакі скоўваюць сябе жаданьнем прадаць карціны
Ракіцкі: “Вашы карціны купляюць тыя, хто разумее мастацтва?”
Шчамялёў: “Можа, яны і ня цалкам разумеюць. Але ў сэнсе духоўнасьці гэта ўжо разумныя людзі. І яны купляюць тое, што зьвязвае іх з мастаком, які напісаў гэты твор. Набыцьцём карціны чалавек выказвае сваё стаўленьне да таго ці іншага мастака”.
Ракіцкі: “Ці можна казаць, што ўзровень мастацкай адукаванасьці, ці разьвіцьця густу ў Беларусі вырас?”
Шчамялёў: “Безумоўна, вырас. Вырасла і разуменьне, што трэба купляць. Справа ў іншым. Мастакоў стала больш, і стала цяжэй прадаваць свае творы. Таму часта мастакі скоўваюць сябе жаданьнем прадаць карціны. Яго купілі, і ён радуецца. Але гэта не заўсёды добра”.
Ракіцкі: “Чаму?”
Шчамялёў: “А таму, што маглі купіць дрэнную працу. Ты робіш наступную працу такога пляну, і яна зноў праходзіць. А з трэцяга разу ты ўжо прывыкаеш рабіць карціны халтурныя”.
Ракіцкі: “З таго, што Вы зрабілі за апошнія пару гадоў, якім працам самі найбольш парадаваліся?”
Шчамялёў: “На апошняй выставе былі паказаныя два партрэты, якімі я задаволены. Гэта – партрэт жонкі і кінарэжысэра Юр’я Марухіна. Працаў шмат. Але казаць самому, што ўдалося, а што не, не заўсёды выпадае. Мне цікава было працаваць над вялікім палатном “Гуляй поле” пра Махно”.
Ракіцкі: “Ці думаеце Вы пра будучы лёс усяго зробленага Вамі?”
Шчамялёў: “Пэрспэктыва твораў трагічная. І ня толькі маіх, а ўсяго беларускага мастацтва. Ня можа ўсё значнае зь беларускага мастацтва трапіць у музэй. Менавіта ў музэй, бо толькі там канцэнтруецца погляд на мастацтва і зьбіраецца ўсё лепшае з нацыянальнага мастацтва. Але, на мой погляд, магчыма, я памыляюся, многія, хто вырашае лёс мастацтва, вучыліся выказваць меркаваньні пра карціны ў Маскве ці Пецярбурзе. І яны ацэньваюць вельмі прымітыўна: дрэнна і ўсё. Суб’ектыўна яны не гатовы вызначыць тыя працы, якія вартыя знаходзіцца ў музэі. Многія працы, якія выстаўляюцца ў нашым мастацкім музэі, не нясуць сучаснага мастацкага погляду”.
Ракіцкі: “Вы ня верыце, што хтосьці ў Беларусі найбліжэйшым часам зможа сабраць сапраўды самае лепшае ў Нацыянальны мастацкі музэй?”
Шчамялёў: “Пакуль так. Але думаю, што павінен быць такі чалавек. Ён павінен быць”.
Ракіцкі: “Хто паклапоціцца пра Вашы карціны?”
Шчамялёў: “Сам я. Ніхто ніколі не клапаціўся пра мяне. Акрамя Алены Васілеўны Аладавай...”
Алена Аладава – легендарны арганізатар музэйнай справы ў Беларусі. З 1944 да 1977 году яна была дырэктаркай Нацыянальнага мастацкага музэю.