Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Шчамялёў: “Беларускі колер заўсёды ясны, яркі” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


5 лютага Народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву споўнілася 85 гадоў. Аднак свой юбілей Майстра сустрэў у шпіталі цяжка хворым. Без удзелу аўтара адбылася і юбілейная выстава ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, да якой мастак шмат гадоў рыхтаваўся. Леанід Дзьмітрыевіч перамог хваробу і зноў пры мальбэрце. Першае інтэрвію пасьля сваёй хваробы адзін з найбуйнейшых беларускіх мастакоў сучаснасьці даў Радыё Свабода. Зь ім у майстэрні размаўляў наш карэспандэнт, мастацтвазнаўца Вячаслаў Ракіцкі.


Вячаслаў Ракіцкі: “Як Вы адчувалі сябе ў сытуацыі, калі 85-гадовы юбілей давялося адзначаць у шпіталі, калі юбілейная выстава, да якой так доўга рыхтаваліся, адбывалася бяз Вас?”

Леанід Шчамялёў: “Дрэнна. Вельмі дрэнна. Натуральна, я ўжо думаў не выстаўляцца, перанесьці выставу на той час, калі ачуняю, дзесьці на травень. Але жонка і сын прапанавалі зрабіць выставу безь мяне. Спачатку я сумняваўся.

Але адчуваў сябе так дрэнна, што махнуў рукой -- рабіце, як будзе, так і будзе. Выстава прайшла нармальна. Цэлы месяц людзі хадзілі на яе, былі добрыя водгукі. Мне паказалі відэастужку, і я застаўся задаволеным”.

Ракіцкі
: “ І ўжо, можа, новую сваю выставу плянуеце?”

Шчамялёў: “Пакуль што ня думаю пра выставу. Вось цяпер просяць зрабіць кнігу рэпрадукцыяў маіх працаў, створаных ад 2000 году да 2008-га, у 21-м стагодзьдзі. Зробяць? Добра. Ня зробяць? Дык я і бяз гэтага пражыву, усё будзе нармальна. Але мне здаецца, што трэба зрабіць. І не таму, што гэта пра мяне, добра было б, каб і пра іншых майстроў зрабілі. Усё ж людзі майго пакаленьня ўклалі нейкі сапраўдны дух у мастацтва, хай, можа, і не цалкам, але рабілі гэта шчыра. Мы пісалі, тое, што бачылі, і са сваім выразным стаўленьнем. Мне падаецца, што гэта можа быць цікавым. Бо тое, што я цяпер бачу, гэта -- паўтор”.

Ракіцкі:
“Не адчуваеце мастацкай навізны?”

Шчамялёў: “Зусім не адчуваю. Не адчуваю навізны погляду ня толькі ў вырашэньні, пазыцыі, а нават і ў тэме. І тут ня мае значэньня, ці ты рэальна ўспрымаеш сьвет, ці фармалістычна. Важна, як ты ставісься да сьвету, як трактуеш яго, як выяўляеш. Твор павінен быць арыгінальным. Ён павінен быць сваім”.

Ракіцкі: “Калі Вы прыходзіце на нейкую выставу, дзе паказваюць свае працы мастакі розных нацыянальнасьцяў, з розных краінаў, вы пазнаеце твор, створаны менавіта беларускім мастаком".

Шчамялёў:
“Пазнаю. Існуе своеасаблівы склад беларускага мастацтва. Ён ёсьць у Вашчанкі, у Бялыніцкага, іншых мастакоў”.

Ракіцкі: “Вашы карціны маглі быць напісаныя толькі ў Беларусі?”

Шчамялёў:
“Так... Я люблю ўсё, што зьвязанае з нашай краінай, з нашай мэнтальнасьцю, з духам людзей, іх разуменьнямі”.

Ракіцкі:
“Вы больш бачыце Беларусь сьветлаю?”

Я не пішу, як пісьменьнік, на беларускай мове. Але я пішу карціны, зьвязаныя з нашым сьветам
Шчамялёў:
“Сьветлаю. Так. А чаму? Ды таму, што я бачыў няшчасьці тут. Я прайшоў вайну. Я не пішу, як пісьменьнік, на беларускай мове. Але я пішу карціны, зьвязаныя з нашым сьветам, нашым сьветаадчуваньнем, разуменьнем, нашым абліччам і з нашымі надзеямі”.

Ракіцкі: “Значыць, мова Вашых карцінаў беларуская. Можна так сказаць?”

Шчамялёў:
“Так...”

Ракіцкі: “А ў якім жанры Вы як беларускі мастак найболей сябе выявілі? У пэйзажы, натурморце, партрэце?”

Шчамялёў
: “Партрэт ці пэйзаж – даволі вузкі прастор бачаньня. Больш важнае месца ў мяне займаюць карціны. Прыкладам, сюжэтная карціна “Маё нараджэньне” мне ўяўляецца больш значнай, чым прыгожыя натурморты ці пэйзажы”.

Ракіцкі: “Якія сюжэты Вам больш цікавыя?”

Шчамялёў:
“Чалавек і час. Чалавек і ягоны дух. Чалавек і ягоная повязь з тым, што мне самому больш падабаецца”.

Ракіцкі: “ Вось я зараз гляджу на Вашы карціны. У іх прысутнічаюць ці ня ўсе магчымыя колеры. Які колер самы беларускі?”

Шчамялёў: “Самы беларускі колер заўсёды ясны, яркі, выразны. Гэта можа быць нават шэры, але ня бляклы, а выразны, прыгожы. І, натуральна, чырвоны, зялёны, чорны. Між іншым, чорны колер не дае цемнаты, а дае радасьць таксама, калі яго ў пэўнай колькасьці ўставіць у палатно. Але колеразнаўства вельмі суб’ектыўнае. Калі ты пішаш, ты нават забываеш, што сам гаварыў”.


Заўтра ў ранішнім эфіры Радыё Свабоды працяг інтэрвію. Майстра выкажа свой погляд на праблему “мастак і час”, раскажа пра свае апошнія працы і адкажа на пытаньне, якім яму бачыцца далейшы лёс ягоных карцінаў і твораў іншых буйных беларускіх мастакоў.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG