Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Менскую вясну” сыграюць музыкі 16 краінаў


Сёньня распачаўся традыцыйны міжнародны музычны фэстываль “Менская вясна”.


Як сьведчаць арганізатары фэстывалю, палова квіткоў на канцэрты ўжо цяпер распрададзеныя, што, на іхную думку, можа сьведчыць пра сапраўднае адраджэньне філярманічнага мастацтва ў Беларусі.

Фэстываль “Менская вясна” складзецца ажно зь дваццаці дзевяці канцэртаў, якія будуць праходзіць у вялікай і малой залях Белдзяржфілярмоніі. Сёньня фэстываль адкрыўся канцэртам амэрыканскага арганіста Роналда Эбрэхта. Апавядае мастацкі кіраўнік філярмоніі Юры Гільдзюк:

“Ён вядомы ў Злучаных Штатах і ў Эўропе арганіст, і ён прапануе як музыку XVII – XVIII стагодзьдзя, так і сучасную музыку. Ён прапанаваў сёньня вельмі цікавую праграму, прыехаў да нас зноў і доўжыць абанэмэнт-цыкль “Шэдэўры арганнага мастацтва”.

У афішах фэстывальных канцэртаў – імёны музыкантаў з 16 краінаў сьвету, пераважна з Эўропы. Сёлетняя “Менская вясна” супала з шэрагам юбілеяў: 70-годзьдзе Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, а таксама 70-годзьдзе музыканта, дырыгента й пэдагога Міхаіла Казінца.

“Ён равесьнік нашай філярмоніі, – расказвае Юры Гільдзюк. – Сымфанічны канцэрт-закрыцьцё будзе прысьвечаны менавіта ягонай творчасьці як дырыгента, як выканаўца і як музычнага дзеяча. Гэта будзе 30 красавіка”.

Фэстываль абяцае шмат цікавых сымфанічных канцэртаў. Заўтра на сцэне вялікай залі філярмоніі выступіць Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Беларусі, якім будзе кіраваць запрошаны дырыгент – Гінтарас Рынкявічус, літоўскі музыкант. Разам зь ім у канцэрце выступіць ягоная дачка, піяністка Рута Рынкявічуце.

Паводле мастацкага кіраўніка Белдзяржфілярмоніі, у часе фэстывальных канцэртаў будуць выконваць шмат музыкі беларускіх кампазытараў. Таксама шмат увагі аддадуць сучаснай акадэмічнай музыцы, у тым ліку музыцы XXI стагодзьдзя. Так, у апошнія дні фэстывалю ў Менску будзе граць вядомы квартэт імя Чурлёніса.

Асобнай увагі заслугоўвае, на думку Юр’я Гільдзюка, выкананьне музычнага твору Ігара Стравінскага “Вясельлейка” – сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня кампазытара. Упершыню ў гісторыі беларускай музыкі “Вясельлейка” выканаюць менавіта айчынныя музыканты. Канцэрт адбудзецца 13 красавіка.

“Было яно раней, але ня ў поўным сэнсе яно была зробленае беларусамі, – працягвае Юры Гільдзюк. – Там быў толькі наш дырыгент Віталь Катаеў і наш сымфанічны аркестар, а выканаўцамі былі нашы госьці. А гэта будзе цалкам беларуская выканальніцкая школа прадстаўленая ў гэтым канцэрце”.

У гадавіну чарнобыльскай аварыі 26 красавіка хор і аркестар Беларускай опэры пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Ўкраіны Віктара Пласкіны, а таксама салісты опэры выканаюць “Рэквіем” Джузэпэ Вэрдзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG