“Беларускі шлях” у 1918 годзе піша: “Нарада каталіцкага і праваслаунага духавенства у справі Івянецкаго і менскаго жаночаго манастыроу, якая пазначана была у кватэры тутэйшаго ксендза-дзекана Сьвятаполк-Мірскаго не адбылася, бо праваслаўныя духоўнікі ні прышлі на нараду. Перэдача жаночага манастыру каталіком гэткім парадкам не выяснена; івянецкі манастыр ужо перэдадзены каталіцкаму духавенству і туды выехаў 29 г.м., назначэны пробошчам, ксендз Сухарскі, быушы кальварыйскі, а пасьля вязынскі пробошч”.
У 1948 годзе “ЛіМ” у рэдакцыйным артыкуле адзначае: “Выезды ў калгасы нашых творчых работнікаў дадуць магчымасць больш шчыльна звязацца з народам... Для гэтага неабходна, каб Саюз пісьменнікаў БССР, тэатральныя калектывы, філармонія арганізавалі сумесныя невялікія брыгады са спецыяльна падрыхтаванай праграмай. Пры гэтым трэба рашуча змагацца супраць усялякага роду нізкапробных твораў, якія пачынаюць зноў з’яўляцца ў сувязі з пераходам тэатраў на самаакупнасць”.
“Имя” ў 1998 годзе паведамляе пра новы ўказ прэзыдэнта Беларусі: “Зь пераліку сьвяточных выключылі Дзень памяці (Дзяды), адносячы яго да рэлігійных. Але згодна з простай лёгікай, не сыходзячы з працоўнага месца ў гэты дзень, немагчыма наведаць магілы продкаў. Адмяніўшы выхадны, у насельніцтва аднялі ня дзень адпачынку, а права ў хуткаплыннасьці будняў задумацца пра вечнае і згадаць уласныя карані”.