Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Балахонаў. Пятля зацятасьці (комікс)



Прысьвячаецца Агнійцы


The fair Ophelia! Nymph, in thy orisons
Be all my sins remember'd.
William Shakespeare “Hamlet”

Строгі горад, страшны Бабілён
Не згасіў гарачага натхненьня.
Рыгор Крушына “Згадка”

Your breath hot upon my cheek,
and we crossed that line.
Poets Of The Fall “Late Goodbye”



1.

Карыстаньне мабільнымі тэлефонамі ў гімназіі было справаю рызыкоўнай. Элітны статус і стродкія правілы вымагалі ад навучэнак сталёвае дысцыпліны ва ўсім. Мальвіна цудоўна ведала, што ніводны з настаўнікаў ня стане бегаць перад ёй на задніх лапках, азіраючыся на становішча ейных бацькоў. Парадак, асьвечаны традыцыяй, быў аднолькавым для ўсіх. Выняткаў не дапускалася ў прынцыпе. Гэта даўно зрабілася своеасаблівым фірмовым знакам ды нават зарукаю прэстыжнасьці гімназіі. Здаралася, што правілы парушаліся. Але за парушэньнямі немінуча наступалі пакараньні, бо прытаіць сваю правіну ў гімназіі было гэтак жа складана, як схаваць у напарстку менскую ратушу.

Сыстэма пакараньняў выпрацоўвалася дзесяцігодзьдзямі, і нават за часы сацыялістаў яе ніхто не насьмеліўся скасаваць. Пападзесься з цыгарэтай – будзь ласкава ня менш чатырох гадзінаў пасьля асноўных заняткаў займацца традыцыйнай вышыўкай. Ляпнеш карчомнае слова – празь не магу, не хачу і ня ўмею вывучы напамяць пазапраграмны твор са страбеларускае літаратуры і раскажы адказнаму за пакараньні настаўніку. А падловяць з мабільнікам, дык чакай, дзяўчыначка, на сваю дупцю прафіляктычнага лупцаваньня пруткамі – цябе сякуць, а ты мусіш адгадаць, зь якога дрэва, што расьце на прасторах мілае Бацькаўшчыны, падрыхтаваны кожны новы пруток...

Мальвіна ясна ўсьведамляла верагодныя наступствы сваёй пільнай увагі да мабільніка, але нічога з сабой зрабіць не магла. Рука міжволі цягнулася да тэлефона, а вочы спрабавалі разгледзіць дысплэй, марачы ўбачыць пазначку аб прыйсьці sms’кі з запаветнага, як матыў Белавескае пушчы, нумара. Sms’ка не прыходзіла. Суседка па парце Ганна ціхенька нагадвала пра небясьпеку. Мальвіна чула, але да галавы ня брала, як ня брала й лекцыю, што чытаў настаўнік айчыннае гісторыі. Яна пускала міма вушэй словы пра агромністае гістарычнае значэньне Чэхаславацкага корпусу ў перамозе дзяржаўніцкіх ідэалаў Беларускае Народнае Рэспублікі. Ня самая захапляльная тэма, каб, засяроджваючыся на ёй, забыць пра ўсё на сьвеце, а асабліва пра тое важнае і істотнае, што зьнянацку, як вясновы буралом, уварвалася ў жыцьцё васьміклясьніцы, бэрсаючы рэчаіснасьць і ўяву, круцячы ў непамыснай віхуры яшчэ зусім дзіцячыя думкі.

Дзяўчынцы было вядома, што законы дазваляюць браць шлюб ужо ў ейным узросьце. Аднак Мальвіна ніколі ня мерала на сабе вясельныя сукні адпаведных праўніцкіх нормаў. Таму звышардынарным перуном у нябесным ультрамарыне яе сьвядомасьці прагучэлі матуліны словы: “Пара, доня, пра замужжа падумаць”. Ні многа, ні мала. Гэта замест таго, каб Lexus RX падарыць ці дазволіць зьлётаць адной на Каляды ў Тайлянд. Дзяўчынка разумела, што замуж ёй у бліжэйшы час хочацца нянадта. Неахвота набрыняла яшчэ больш, калі стала відавочным, якую партыю суляць ёй бацькі.

Нельга сказаць, што дваццаціпяцігадовы заступнік генэральнага пракурора рэспублікі Мальвіне зусім не спадабаўся. Барыс Каменскі выглядаў і мужна, і інтэлігентна, і ўсьмешку меў, быццам які супэргерой з буйнабюджэтнай амэрыканскай кінастужкі. Любая іншая чатырнаццатка, закаханая ў кінагерояў, проста зьнемагла б ад усьведамленьня рэальнасьці шанцу быць з такім дзядзечкам аж да самага скону. Мальвіне ж падобны вобраз падаваўся праз лад штучным, пазбаўленым найменшага намёку на сапраўднасьць – нешта больш жывое, чым лялька Барбара, але ня больш душэўнае, чым мастурбацыя ў душавой кабіне з сэнсорным рэгулятарам хуткасьці вады. Бацькоўскія погляды на пытаньне шлюбу і сям’і, канечне, можна было абмяркоўваць. Аднак аспрэчваць іх ніякага сэнсу ня мела. Дзяўчынка разумела – першае і апошняе слова тут вымавіць бацька, толькі бацька і ніхто, акром бацькі. Яе адольвалі здагадкі, што закулісныя перамовы на конт гэтай прывіднай жаніцьбы пачаліся з ініцыятывы Каменскага, а бацька – стары пракідкі Язэп Крантоўскі – ці то даражыў, цану надбіваў, ці то вычэкваў нешта нейкае.

На Шчадрэц у сядзібе Крантоўскіх ладзілася сьвята, і Мальвіна ні на чуць не зьдзівілася, калі сярод гасьцей пабачыла заступніка генпракурора рэспублікі. Паводзіўся ён хоць і далікатна, але зь яўным чаканьнем знаку, што юная Крантоўская пачынае таяць ад ягоных чараў. Яна ж працягвала пазіраць, як раззлаванае ваўчанятка. Барыс рабіў спробы прыцягнуць яе ўвагу – казаў у ейны гонар тост, запрашаў на танец, прысьвячаў ёй песьню (сьпяваў, праўда, зусім безгалоса) ды проста лез у вочы асакою. Ды ўсе яго высілкі ішлі на глум. Як ня глянуўся адразу, дык ні гэблем, ні скобляю зьмяніць стаўленьне юначкі было немагчыма.

2.

Мальвіна, даўно зьнявераная ў існаваньні добрага Дзеда Зюзі, нічога дзівоснага на Шчадрэц не чакала. Але дзіва зьявілася. Зьявілася пасьля апоўначы, калі большая частка прысутнай на сьвяце грамады пасьпела ладна падвесяліцца медавухаю, крамбамбуляю, крупнікам, і адважна змагалася са сном і хмелем. Каля сядзібы спыніўся шыкоўны белы лімузін. Зь яго дружна выскачылі тры шчадроўшчыкі – два з гітарамі ў руках, апранутыя ў старасьвецкія народныя кажухі наверх саколак і джынсаў моднага крою, трэці ж – без музычнага інструмэнту – быў адзеты мядзьведзем. Заўважыўшы іх праз вакно Мальвіна і зразумела, што мусіць пачацца штось неверагоднае.

Стары Крантоўскі заўсёды зь ледзьве прыхаванай крывадушынкай цьвердзіў, што шануе традыцыі прашчураў і дзьверы яго дома на Шчадрэц адчыненыя для ўсіх добрых людзей. Права вызначаць, хто добры, а хто не, атрымлівала ахова. Усе людзі жабракаватага выгляду на выстрал дзельны не падпускаліся да сядзібы, а іншыя, зазвычай, і не купляліся на цацанкі-абяцанкі ўладальніка Менскай фабрыкі аўтамабіляў “Людамонт”.

Зьяўленьне шчадроўшчыкаў было абсалютнай нечаканкай і для аховы, і для гаспадара. Кіраўнік аховы вельмі турбаваўся, ці не тэракт надумалі гэтыя дзіўныя маладзёны, таму асабіста паўдзельнічаў у іх даглядзе. Шукалі агнястрэльную зброю і выбуховыя прыстасаваньні. Гэтак жа быў правераны і лімузін. Нічога падазронага ня знайшлі. Дачапіліся да гітараў – а раптам струнамі гасьцей пазадушваюць? Умяшаўся гаспадар сядзібы, якому не падабаўся сумнеўнай вартасьці спэктакль, які разыгрываўся на відавоку працьверазелых ад цікаўнасьці гасьцей. “Шчадроўшчыкі! Іх трэба пусьціць! Старая завядзёнка. Грэх перад носам вароты зачыняць”, – чулася між апошніх.

Стары Крантоўскі, накінуўшы на плечы кунтуш, выйшаў на двор, каб павітаць і запрасіць у дом шчадроўшчыкаў. Убачыўшы гаспадара сядзібы, пара з гітарамі адразу ўдарыла па струнах і запяяла калядку:

Пане гаспадар, бог цябе заве,
Бог цябе заве, дар табе дае,
Дар табе дае, коні стайлуе,
Стайлуе коні на тры стайненькі,
А вараныя ды й на чатыры.


Трэці шчадроўшчык медзьведзяватасьці ўдаваць ня стаў, а пусьціўся ў дужа спрытныя скокі. Крантоўскі напяў на сябе некарнавальную маску пачцівасьці, намаляваў алоўкам крывадушнасьці ўсьмешку на сваім твары і голасам добрага разбойніка Машэкі з мультсэрыялу сярэдзіны мінулага стагодзьдзя запрасіў усіх у дом.

Вочы Мальвіны зазьзялі – дужа незвычайным, непадобным на ранейшыя атрымлівалася сьвята. Дзяўчына ня адводзіла пагляду зь неспадзяваных гасьцей. Сьвяточная грамада запатрабавала ад іх песьні. Доўга ўгаворваць не давялося. Дзьве гітары зайгралі прыгожую мэлёдыю. Маладзён, апрануты мядзьведзям, павольна зьняў зь сябе маску і засьпяваў:

Каханьне, што казала мне сачыць
твой кожны крок, зьмянілася ў бясчасьсі,
замкнулася ў сабе, і прэч ключы,
і прэч лісты з-пад шыбеніцы шчасьця.


Мальвіна глядзела на сьпевака – зачырванелага, з ускудлачанымі валасамі – і разумела, што пасьля гэтае песьні больш ня здолее жыць спакойна. Каханьне разгарэлася імгненна, як разгараецца ўлетку сухая трава, гатовая атуліць агнём увесь сусьвет. Юначка слухала песьню і не варушылася. Яе ўвагі да сьпевака цяжка было не прыкмеціць. Маці, Леакадзія Крантоўская, наўмысна прадэфілявала побач зь ёю і шэптам папрасіла не паводзіцца вульгарна. Мальвіна нічога ня чула, апроч голасу чалавека, у якога безразважна закахалася.

Калі песьня скончылася, а шчадроўшчыкі былі абдораны воплескамі, юная Крантоўская рашуча пакрочыла да сьпевака ў мядзьвежай шкуры. Апярэджваючы ейную сваволю, да шчадроўшчыкаў падляцеў гаспадар сядзібы, каб належным чынам прадставіць дачку новым гасьцям ды ўрэшце даведацца, хто ж тыя госьцікі такія. Сьпявак заварожліва ўсьміхнуўся, раз-пораз страляючы вачыма ў бок Мальвіны. І Язэп Крантоўскі, і Барыс Каменскі, адчулі ў ягонай ўсьмешцы прыхаваную пагрозу. Між тым ён назваў сваіх спадарожнікаў – Антона Дзень-Добрага і Марку Прытыцкага – ды прадставіўся сам: “Мяне завуць Рамуальд Манцкевіч”. Гаспадар сядзібы, пачуўшы прозьвішча Манцкевіч, прыкметна спахмурнеў, але стараўся захоўваць раўнавагу, не выдаваць свайго гневу. Мальвіна добра ведала бацькаву натуру, таму адразу ж дапяла, што зь ім нешта ня так. Сьвяточная грамада, наадварот, завіравала ад захапленьня, бо нарэшце пазнала ў шчадроўшчыках папулярны гурт Лінія разрыву #18.

Бальшыня гасьцей была ўпэўненай, што Язэп Крантоўскі разам з удзельнікамі гурту наўмысна разыгралі спэктакль нечаканасьці, што насамрэч усё было дамоўлена загадзя. Мальвіна магла б пагадзіцца з гэтай вэрсіяй, калі б ня дзіўны выгляд бацькі. “Можа ня той гурт прыехаў?” – пытала пра сябе дзяўчынка. Яна даўно чула пра існаваньне Лініі разрыву #18, але ніколі толкам ня слухала. Каб зьняць няўцямнае напружаньне бацькі, юная Крантоўская прапанавала пачаставаць музыкаў заслужанай добрай чарачкай. Усе госьці сустрэлі прапанову задаволенымі воклічамі “Рубон! Рубон!” Гаспадар сядзібы міжволі распружыўся, усьміхнуўся дачцэ і гучна ўскрыкнуў: “А ну ж налівайма госьцікам-шчадроўшчыкам напою хмельнага, налівайма да краёў самусенькіх, не шкадуючы!” Праз колькі сэкундаў музыкі за ўсіхнае здароўе чарку падымалі, смачна выпівалі, зноўку налівалі. Там, дзе былі яны, панавала весялосьць. Там, дзе быў Рамуальд, побач стаяла Мальвіна.

Язэп Крантоўскі сьцішана перамаўляў са сваёй жонкай, нібыта пра нешта нагадваў і адначасова стрымліваў ад неабдуманых дзеяньняў. Ім заставалася адно стаяць і моўчкі глядзець, як іх дачушка кружыць у танцы з гарластым музыканцікам, зусім ігнаруючы заступніка генэральнага пракурора. Не хацелася скандалу, які ўвадначасьсе быў бы падхоплены некалькімі газэтамі і тэлеканаламі. Прачытаць непатрэбшчыну пра сям’ю на старонках “Гоману” ці пабачыць зьняважлівы сюжэт па “Бацян-TV” ні драбочку не хацелася. А ўсім жа глоткі не заткнеш. Сваіх людзей усюдых не паставіш. Таму даводзіцца трываць.

Барыс Каменскі падыйшоў да гаспадара сядзібы і, мала стрымліваючы душы пакрыўджанай гарачыя дакоры, нахрапіста спытаўся:

– Што адбываецца? Мы ж дамовіліся...

– Чакайце, чакайце, – перапыніў яго гаспадар сядзібы, – мы дамаўляліся, што ні я, ні мая жонка ня будзем замінаць вам у справах заваёвы сэрца нашае дачкі. Я магу ёй загадаць апрануць вясельную сукенку хоць зараз, але паверце, вам ад гэтага лягчэй ня будзе.

Каменскі змоўк. Юначка, якую ён хацеў бачыць сваёй жонкай, нібы прыклеілася да іншага мужчыны. А той іншы без памяці тануў у бязодні вачэй Мальвіны і ня мог зразумець, як яму да гэтага часу жылося безь яе. Узаемнае каханьне зь першага позірку. Яно яшчэ здараецца ў наш імклівы і бурапенны час – час гамэраў-калюмністаў, глянцавых аленаў і траянскіх коней on line.

“Гэта што за халера такая?” – госьці страпянуліся ад гучнага крыку Цімона Прунуса. Ён, рана асірацелы адзіны пляменьнік Язэпа Крантоўскага, акурат вынырнуў з дальніх пакояў сядзібы разам зь вядомай фотамадэлькай Маргарытай Шаманскай і быў нямала зьдзіўлены таму, з кім ягоная стрыечная сястрыца танчыць.

– Я не зразумеў, якое трасцы тут робіць гэты фашыстоўскі недабітак? – працягваў гарлаць Цімон і, нэрвова папраўляючы гальштук-матылёк, рушыў да Мальвіны з Рамуальдам. – Чаму юная прыгажуня Крантоўская робіць яму гонар, не адмаўляючы ў танцы?

– Паслухайце, спадар, выбірайце словы, – цьвёрда прамовіў Рамуальд у адказ.

– Я табе не спадар, ты гэтыя фашыстоўскія слоўкі да мяне не тарнуй, – кінуў яму Прунус і адразу ж, бяз паўзы, зьвярнуўся да старога Крантоўскага. – Дзядзька Язэп, чаму вы яго пусьцілі сюды? Гэта ж...

– А ну цыц, – ня ў жарты раззлаваўся гаспадар, – ты не забывай, у чыім доме знаходзісься. Я вырашаю, каго запрашаць сюды, а каго не. Адчапіся ад госьця. Ён мае права быць у маім доме згодна са старымі звычаямі, бо сам трымаецца іх і паводзіцца пачціва. А што Мальвіна зь ім увесь час танчыць, дык ня мне старому тут загадваць, пагатоў у Шчадрэц.

– Але ж... – спрабаваў запярэчыць пляменьнічак, ды Язэп Крантоўскі сьцішыў яго адным толькі цяжкім сьвінцовым поглядам.

Цімон адступіўся ад танцоўнікаў і схаваўся сярод гасьцей, не жадаючы асобнай гутаркі зь дзядзькам.

Рамуальд і Мальвіна пратанчылі да самага золку. Ні ён, ні яна не змаглі ўстрымацца і ўрэшце сказалі адно адному прыгожае слова “кахаю”. Калі сьвята скончылася, Язэп Крантоўскі паклікаў сьпевака да сябе.

– Я спадзяюся, што вы ў маім доме апошні раз, – гаварыў гаспадар сядзібы. – Я зрабіў гэтай ноччу выключэньне для вас, бо не хацеў залішняга галасу. Вы можаце палічыць маё рашэньне несправядлівым, але надта моцна наша мінулае страляе па нас. І ніякія ўнівэрсалы аб адзінстве ня могуць залагодзіць тое, што адбылося колькімі дзесяцігодзьдзямі раней. Прашу вас, ні ў які спосаб не заляцацца да маёй дачкі. Я імкнуся быць чалавекам разважлівым. Але ж з самае здаровае развагі раптоўна можа выскачыць найлюцейшы зьвер. І вам варта пра гэта памятаць шторазу, калі ўздумаеце наблізіцца да Мальвіны хаця б на кілямэтар.

– Няўжо час ня гоіць раны? Няўжо мы не прычакаем канец гэтай гісторыі? – спытаў Рамуальд.

– Не. Пакуль жывы я, і ўсе мы разам, – адцяў стары Крантоўскі і зрабіў жэст, якім загадваў суразмоўцу сыходзіць.

3.

Мальвіне бацька ўвогуле нічога тлумачыць ня стаў, адно наказаў больш ніколі ня знацца з гэтым пеюном. Дзяўчынку пляжыла немагчымасьць патлумачыць прычыну бацькавай суворасьці. Са стрыечнікам Цімонам яна ніколі не сябравала, а таму не магла наважыцца ўдакладніць яго словы пра фашыстоўскага недабітка ў дачыненьні да Рамуальда Манцкевіча. Спрабавала даведацца хаця б нешта праз пошукі ў сеціве. Але нічога, апроч зьвестак пра Рамуальдава бацьку ды сайта Лініі разрыву #18, не знайшла. Эдвард Манцкевіч быў немалым чалавекам – кіраваў народным камітэтам спорту Гомельскае акругі. Але спорт, як меркавала Мальвіна, наўрад ці мог спрычыніцца да гэткай недалужнай калатнечы. З сайта гурту яна сьцягнула колькі Рамуальдавых фатаграфіяў і зь дзясятак песьняў. Апошнія імгненна перавандравалі ў ейны mp3-грун. Слуханьнем песень юначка спрабавала адужаць роспач, што прабірала яе ад нястачы цеплыні каханага чалавека, зь якім не пасьпелі абмяняцца нават нумарамі мабільных тэлефонаў. Жыцьцё ўкроіла штуку. Ночы сталі лютай пакутай. Цішыня начэй налівалася сьлязамі. Пэўна ж дэпрэсія засьціла ёй тады розум, і Мальвіна не здагадалася пакінуць на сайце паведамленьне з просьбай да Рамуальда адгукнуцца.

Рамуальд апынуўся ў абдымках ня меншай дэпрэсіі, на рэпэтоўках маўчаў, а потым стаў прыносіць жорсткія тэксты, якія ніяк не адпавядалі звычайнай стылістыцы Лініі разрыву #18. Антон Дзень-Добры і Марка Прытыцкі стараліся падбадзёрыць сябра.
– Хіба табе сьвет Мальвінай завязалі? – пытаўся Антон. – Манц, у цябе ж Бірута на прыкмеце была. Можа да яе сходзіш. Праветраесься. А то ж такі морачны, як печ Бабы-Югі.

– Пра Бабу-Югу добрая песьня атрымалася б, – пахмурна мовіў Рамуальд. – Бірута страчаная васемсот шэсьцьдзесят тысяч акордаў назад. Заўзятая язычніца.

– Ці ж гэта перашкода? – усьміхаўся Марка. – Язычніцы ж вельмі распрыгоненыя ў любосных справах.

– Плявузганьне, – не зьмяніў выразу твару Манцкевіч. – Язычніцы розныя бываюць. Бірута пашлюбавала чыстасьць багам захаваць.

– Манашка-язычніца. Гучыць гэтак жа дзіка, як боганатхнёны мінэт, – працягваў спробы разьвесяліць сябра Марка.

– Сябры, – ускліцаў Рамуальд, – вы ж павінны мяне зразумець. Я дакрануўся да боскага ветру. Да ідэалу. Ніякія эрзацы адцяпер мяне не задаволяць. Я прагну вяртаньня ў бязодню ейных вачэй.

– Ага, давай бяжы! Бяжы, хлопча, хуценька дай нырца ў тую бязодню. Крантоўскі табе ўсё прычындальле паадрывае, а ў газэтах напішуць – патрапіў пад фурманку. На халеру нам такі піяр? – гумар з чорным адлівам сакатаў у словах Антона. Але Манцкевіч, нібыта і ня чуў гэтую фразу, надзеў зімовую куртку з капюшонам ды рушыў да выхаду. Каля дзьвярэй ён забавіўся, павярнуўся да напарнікаў, і сказаў на разьвітаньне:

– Дзецюкі, мінула ўжо тое, калі здавалася, што быцьцё невыцерпна лёгкае. Яно іншае. Парэпэтуйце пакуль безь мяне. Пайду на Устаўнякі. Трохі пашпацырую. Пра жыцьцё маё гаротнае думу горкую падумаю.
Спыняць яго напарнікі ня сталі.

Устаўнякамі менская моладзь называла сквэр Устаўных Грамат, разьбіты на высокім беразе Сьвіслачы неўзабаве пасьля грамадзянскае вайны як сымбаль адзінства ўсіх беларусаў. Рамуальд любіў гэтую мясьціну за ілюзію суворага спакою, якую дарылі высокія лясныя дрэвы, наўмысна высаджаныя тут. Любіў за адчуваньне прылучанасьці да пракаветнасьці, што ўзьнікала падчас блуканьняў па дарожках сквэру, якія ўтваралі сабой складаны элемэнт традыцыйнага арнамэнту з васьміканцовай зоркай-крыжом у аснове.

Зіма абяцала быць халоднай, але пакуль фліртавала з насьцярожанымі гараджанамі. Рамуальд не зважаў на мінакоў. Ён увесь чыста быў занураны ў думкі і дапускаў у сваю сьвядомасьць адно толькі стукат дзятла. Музыка хацеў адшукаць выйсьце з заганнага кола, накінутага пачварнымі абставінамі. Яму жадалася бачыць каханую дзяўчыну, чыя ўсьмешка магла б растапіць сьнягі Антарктыды.

Каханая недзе зусім блізка, але дасяжная ня больш, чым Аліса ў Залюстроўі. Прабрацца другі раз на сядзібу Крантоўскіх – глухі нумар. Сябры рызыкаваць не пагодзяцца. А аднаму спрабаваць перахітрыць насабачаную ахову – усё адно, што затуляцца гігіенічнай сурвэткай ад капцюроў вогненнага цмока. Пошукі нумара мабільнага тэлефона Мальвіны плёну не далі. Усе базы маўчалі. Усе даведнікі пашыліся ў нямыя. Але ж мусіла быць выйсьце. Прынамсі, Рамуальд меў на гэта спадзевы. Перад яго вачыма мільгнулі чырвоныя пляміны. Ён дзёрнуўся ад неспадзеўкі. На бліжэйшай рабіне сядзела колькі сьнягіроў. З-пад курткі Манцкевіча пачуліся першыя акорды песьні “A Place For My Head” Linkin Park – падаў прыкметы жыцьця мабільнік, распужваючы чырванагрудых птушак, якія шпарка адляталі ў бок гранітных стэлаў.

Рамуальд даставаў тэлефон з пэўнай апасьлівасьцю, бо ад sms’кі, якая толькі-толькі прыляцела, нічога добрага не чакаў. Але націснуўшы належныя кнопкі і прачытаўшы паведамленьне, ён зазіхацеў ад радасьці. Мальвіна, добра палазіўшы па сайту Лініі разрыву #18, знайшла спосаб даць вестачку пра сябе: “Адпраўлена з www.lr18.bi. Мілы мой Ромусь, я не магу безь цябе. Пазвані мне на наступны нумар, толькі лепш з таксафону. Твая Мальвіна”. Усьцешаны Рамуальд крыкнуў у захапленьні і ліхаманкава стаў прыпамінаць, дзе знаходзіцца бліжэйшы тэлефон-аўтамат. Праз сэкунду ён ужо імчаўся ў бок пошты, бо даўно пасьпеў забыцца, што ў прыродзе існуюць тэлефонныя карткі. Замовіўшы тэлефанаваньне, Манцкевіч імкліва увайшоў у кабіну, падняў слухаўку і набраў нумар, націскаючы на кнопкі так, нібыта граў на піяніна.

Закаханыя адразу пазналі галасы адно аднаго.

– Ромусь, я ня цямлю, што дзеіцца, – усхвалявана гаварыла Мальвіна. – Ніхто нічога не тлумачыць. Адмахваюцца ад пытаньняў, як ад назойлівай мухі. Пра цябе наагул і рота раскрыць не даюць. Мне страшна.

– Родненькая мая дзяўчынка, я не магу табе зараз нічога патлумачыць, – адказваў Рамуальд. – Трэба нешта вырашаць. Я не магу сядзець, апусьціўшы да зямлі рукі, і назіраць, як цябе забіраюць. Мы павінны сустрэцца і пра ўсё паразмаўляць. Ці магчыма гэта зрабіць і ня выклікаць шалу тваіх сямейнікаў?

– Мяне трымаюць пад кантролем.

– А ты зараз у сядзібе жывеш?

– Ды не. Зіма ж на дварэ. А бацька ўзімку перасяляе мяне ў кватэру на праспэкце Станіслава Чэчэка. Маўляў, да гімназіі бліжэй і больш бясьпечна, чым ехаць праз увесь Менск і рызыкаваць трапіць у аварыю. Ня любіць зімовых вуліц.

– Дык можа я да цябе на кватэру завітаю?

– Тут на цэлы паверх ахова. І мама ў самой кватэры. Упільнуюць, як ты не вылузвайся.

– А свой пакойчык маеш?

– Ха-ха, пакойчык, – засьмяялася дзяўчына. – Ды тут манэўры праводзіць можна.

– Ясна. Давай дакладную адрэсу. Я неўзабаве выйду на сувязь.

– Яны цябе паб’юць.

– Пераб’юцца.

Рамуальд здумленай куляй вылецеў з кабіны і пабег да сяброў-музыкаў на “кропку”. Напарнікам было прыемна бачыць саліста ў добрым настроі. Але той вельмі хутка задаў іх галовам працы. У Антона Дзень-Добрага папрасіў знайсьці сім-карту BliskavicaGSM, зарэгістраваную на якую-небудзь дзяўчынку. Ад Маркі Прытыцкага чакаліся неадкладныя росшукі ўніформы працаўнікоў сеткі корчмаў “Экспрэс-калдуны”. Тлумачыцца Манцкевіч ня стаў, чым ня мала раздражніў дружбакоў. Яны, аднак, баяліся вяртаньня Рамуальдавай дэпрэсіі, і не пярэчылі яго дзіўным просьбам: разышліся ў розныя куткі, мудрагелячы ў мабільнай нумэралёгіі.

Рамуальд таксама дастаў мабільнік і пазваніў знаёмаму вэб-майстру, які рабіў сайт Лініі разрыву #18. “Здароўкі, Вецер. Як маесься? – выдаў ён абыклую фразу і, пачуўшы ня менш абыклы адказ, адразу ж перайшоў да справы. – Ты ня можаш дадаць на наш сайт яшчэ адну формачку для адпраўкі sms? Можаш? Дзякуй. Толькі, калі ласка, зрабі гэта на асобнай старонцы і нідзе больш не афішуй, толькі мне адрэсу дашлі. Ды патрэбна так. Зробіш хутка? Пятнаццаць лішніх хвілін? Дзякуй. Зь мяне гасьцінец”. Манцкевіч урачыста ўсьміхнуўся і прадыктаваў нумар мабільнага Мальвіны. Робячы наступнае тэлефанаваньне, ён ня стаў разьменьвацца на абыклыя фразы і, як толькі на тым канцы оптыка-валаконнага выраю паднялі слухаўку, спытаўся: “Рэбека, ты ня хочаш падзарабіць лішнюю сотку карунаў? Не, ня поткай. Патрэбна тваё акторскае майстэрства. Хочам для пэўных сяброў адзін жарцік састроіць. Бяскрыўдная травэстыя. Ды сапраўды ўсё цалкам бясьпечна. Прыяжджай на “кропку”, усе падрабязнасьці тут”. Акурат перазваніў Вецер, каб паведаміць, што службу справіў і танцуе. “Я дзякую табе за ласку і цяпло”, – з іроніяй сказаў яму Манцкевіч, падключыўся да інтэрнэту і перайшоў па дасланай вэб-майстрам спасылцы, каб напісаць Мальвіне пэўную інструкцыю. Антон і Марка ўжо чакалі са справаздачамі пра тое, ці атрымалася ім выканаць Рамуальдавы просьбы.

4.

Плян пранікненьня ў кватэру Мальвіны высьпеў у галаве Рамуальда маланкава. Справа была вельмі рызыкоўнай, але падавалася, што зладжаныя дзеяньні павінны прывесьці да посьпеху. Прынамсі, да такога становішча, якое “посьпехам” можа назваць чалавек, у чыёй галаве іншы раз здараюцца навальніцы.

Юная Крантоўская аб’явіла маці, што да яе ў госьці прыйдзе сяброўка. Маці вельмі хвалявалася з нагоды пасьляшчадрацовай мэлянхоліі дачкі і была проста ўсьцешана, што Мальвіна прабавіць нейкі час у сяброўчыным таварыстве.

– А яна не тэрарыстка? – спытала Леакадзія Крантоўская, каб не выглядаць у вачах дачушкі поўнай лібэралкай.

– Не, але яна застанецца ў нас да раніцы, калі ты, канечне, ня супраць, – адказала Мальвіна, і слова “канечне” прагучала так апрычона, быццам зараз у яе пачнецца гістэрыка.

– Толькі не пачынай румзаць, – апераджаючы ўяўную гістэрычную хвалю, прамовіла жанчына. – Хай начуе. Я нават ня буду пытаць, чаму яна павінна ў нас начаваць.

– Яна дапаможа мне выканаць творчае заданьне. А гэта ж ня так проста. Да “Калыханкі” управімся, але ж ня хочацца дзяўчынку пасярод ночы за дзьверы выстаўляць.

– Добра, рабеце, як ведаеце.

– І яшчэ... Можна я на вячэру замоўлю калдуноў у якім-небудзь сэрвісе?

– А цябе ўжо наша ўласная кухня не задавальняе?

– Задавальняе, але ж хочацца... гэта самае...

– Павырабляцца ці што?

– Нешта накшталт гэтага.

– Замаўляй. Толькі глядзі, каб кантора была добрая.

Мальвіна падзякавала матулі і пабегла ў свой манэўрапрыдатны пакойчык.

Праз гадзіну ў дзьверы элітнага шматпавярховіка па праспэкце імя Станіслава Чэчэка, 77, дзе жыла Мальвіна, увайшла эфэктная бляндынка. Яна спрабавала, як нічога ніякага, мінуць кансьержа. Але той адразу ж заблякаваў турнікет і спытаўся:

– Да каго дабрадзейка кіруецца?

– Да сяброўкі. У 24-ю гасподу. Урокі рабіць, – адказала госьця і ўсьміхнулася, дэманструючы баламутлівую зьбянтэжанасьць ды беласьнежна белыя зубы.

Канс’ерж зірнуў на яе прыдзірліва, падняў слухаўку, пашчоўкаў па нябачных з вэстыбюлю хітрых пімпачках і ўрэшце ўдакладніў у гаспадынь кватэры №24 на конт візытанткі, пасьля чаго мусіў разблякаваць турнікет і выціснуць зь сябе “Праходзьце, калі ласка”. Бляндынка зноў усьміхнулася, падзякавала і нібыта па подыюму пакрочыла да ліфтоў. “Ну і школьніцы зараз пайшлі”, – узрушана прашаптаў сам сабе немалады кансьерж і падняў са стала кнігу Альдоны Вайніловіч “Малокі заганных дрымот” – галоўны айчынны бэстсэлер прамінулага года.

Ахоўнік, які пільнаваў уваход у дваццаць чацьвертую кватэру празь відэаназіраньне, таксама ўзрушыўся – прысьвіснуў і ўголас адзначыў: “Вось дык краля!”. Між тым яго не пакідала трывалае ўражаньне, што візытантку ён недзе бачыў. Леакадзія Крантоўская, паглядзеўшы на госьцю сваёй дачкі, зьдзівілася меней за кансьержа і ахоўніка. “Дарослай дзеўка выглядае, нічога ня скажаш. Аксэлерацыя і ўсё такое. Ня тое, што мая здыхля, якая касьцьмі барабаніць. Ну хоць калдуноў сёньня пад’есьць”, – думала яна. Госьця ж, якая назвалася Тацянай, наадварот меркавала, што гаспадыня зьбянтэжаная і ёй трэба нешта патлумачыць. Тлумачэньні пра пераходную клясу, праграму вучнёўскай узаемапомачы і экзаменацыйны праект “Эстэтычныя асновы айчыннага глямуру” гучалі з вуснаў госьці некалькі манерна. Леакадзія нават і слухаць не захацела, нарэшце дазволіўшы дзяўчатам зьнікнуць у пакоі Мальвіны.

Юная Крантоўская ледзь прачыніла за сабою дзьверы і кінулася распытваць названую Тацяну пра Рамуальда і далейшыя дзеі. “Пачакай дзеванька. Усяму свой час”, – асадзіла яе роспыты госьця.

Ля шматпавярховіка зьявіўся сьветлы мінівэн, выгляд якога ніяк ня ўказваў на фірму дастаўкі дахаты страваў нацыянальнай кухні. Між тым зь сярэдзіны выйшаў тыповы службовец “Экспрэс-калдуноў” з двума вялікімі пакункамі ў руках і рушыў да параднай. “Даражэнькі, я ў 24-ю”, – не сказаў, а досыць спэцыфічна праяўкаў ён у бок папярэджанага гаспадынямі кансьержа. Той разблякаваў турнікет і, правёўшы службоўца поглядам да ліфта, незадаволена чмыхнуў: “Колькі ж сярод моладзі бязьменаў разьвялося!” Сьвятло ад тэлеэкрану падала яму на твар і надавала большае пахмурнасьці. “Неўзабаве ў Менску чакаецца моцнае пахаладаньне”, – пагрозьліва гучала з тэлевізара.

Відэаахоўнік паставіўся да разношчыка з “Экспрэс-калдуноў” амаль што абыякава. Леакадзія Крантоўская асабіста выйшла ў вітальню, каб праверыць, ці не падсоўваюць ейнай дачцэ нейкую лабуду, а ня якасную беларускую ежу. На яе стродкі і крытычны погляд калдуны, крышаніна, пірагі і жур былі цалкам прыдатныя да ўжываньня. Гаспадыня папрасіла аднесьці пакункі на кухню, але закапрызіла Мальвіна, заявіўшы, што марыць накрыць столік самастойна ў сваім пакоі. “Хопіць сваімі дзіцячымі выбрыкамі мяне ганьбіць перад маладым чалавекам, – паўшчувала яе Леакадзія, – табе ўжо замуж пара, а ты як дзіцё горкае”. Разношчык здавалася сумеўся ад гэтых словаў, а старая Крантоўская, разглядаючы яго, пыталася, ці не ў рэкляме ён якой здымаўся. Той адмоўна паматляў галавою. Мальвіна стаяла перад ім і матуляй у чаканьні. Леакадзія састроіла паблажлівую міну, маўляў, што паробіш з дурасьлівым дзіцёнкам, і дазволіла выканаць капрызы дачкі.

О, гэтым разам, апынуўшыся ў сваім пакоі, юная Крантоўская літаральна скочыла ў абдымкі фальшывага разношчыка. Яна ўпілася вуснамі ў ягоныя вусны, нібы таіла ў сабе тысячагадовую жарсьць.

– Кхе-кхе, – кашлянула несапраўдная Тацяна. – Я вам не замінаю?

– Прабач, Рэбека, – сказаў Рамуальд. – Трэба сьпяшацца ў нас літаральна некалькі хвілін. Давай распранайся.

Мальвіна разгублена паглядзела на Манцкевіча, які, нічога тлумачачы, стаў скідаць зь сябе апранахі. Тое ж самае стала рабіць і ягоная напарніца. Вочы юнай Крантоўскай былі гатовыя пакінуць межы сваіх арбітаў. Яна напэўна яшчэ б і закрычэла, але Рамуальд прыклаў палец да кагадзе цалаваных вуснаў і прашаптаў: “Так трэба”.

Калі належны час мінуў Тацяна-Рэбека выглядала тыповым разношчыкам фірмы “Экспрэс-калдуны”, а Рамуальд Манцкевіч хоць і аддалена, але нагадваў эфэктную бляндынку, што нядаўна заюрыла кансьержа і відэаахоўніка. Ён папрасіў Мальвіну правесьці пераапранутую госьцю да дзьвярэй і хуценька вяртацца.

Дзяўчынка вярнулася. Вочы яе сьвяціліся неймавернай радасьцю. Ну яшчэ б! Пранікненьне Рамуальда ў кватэру, якое зусім нядаўна здавалася ёй немагчымым, адбылося. Сустрэча закаханых больш не зьяўлялася нечым нерэальным. Рамуальд глядзеў на Мальвіну. Мальвіна пазірала на Рамуальда. Ён выглядаў даволі сьмешна праз увесь гэты маскарад. Юная Крантоўская тэатральна абвяла яго вокам, нібыта прыцэньвалася. “На конкурсе Дзяўчына БНР-2007 ты яўна абыйшоў бы нашую Інэсу Перасьвет”, – з усьмешкаю прамовіла яна. У адказ Манцкевіч стаў прымаць розныя паставы, нібыта зараз прафэсійны фатограф яго здымае для часопісу “Цётка”. Мальвіна засьмяялася, прыкрываючы роцік рукой, каб крый божа на шум не прыбегла маці. Для большай засьцярогі яна вывесіла на дзьвярную ручку звонку звычайную антыбацькоўскую шыльдачку з надпісам “Абсяг вольны ад бацькоўскіх павучаньняў” і зачыніла пакой на ключ. Падыйшла да музычнага цэнтру і ўключыла музыку – ня так гучна, як магла б, але дастаткова, каб з калідораў нельга было падслухаць лішняга.

Рамуальд зачаравана назіраў за ейнай мітусьнёй. Слухаў пра незаслужаную тройку, атрыманую па курсе “Беларусь і беларусы”, пра аднаклясьніцу, закаханую ў Барыса Каменскага, пра траскучыя маразы, што абяцаюць сыноптыкі з гэтае ночы. “Я мяркую, што сеначы мы не адчуем маразоў”, – прамовіў ён і блізка-блізка падыйшоў да Мальвіны. Яе вялікія вочы былі напоўнены чаканьнем цуду. Раз! Два! Тры! Пацалункі. Гарачыя. Вогненныя. Абпальваючыя. Пяшчоты. Нястрымныя. Няўрымсьлівыя. Бессаромныя ў сваёй зорнасьці. Барацьба і адзінства супрацьлегласьцяў. Салодкая барацьба. Корсткае адзінства. Рух далёкіх плянэтаў. Пульсацыя далёкіх сонцаў. Мара пра блізіню галяктык. Хуткасьць сьвятла ў мазаічным люстэрку зорных россыпаў. Быстрыня думак у магічным крышталі туманнасьцяў. Чароўная імклівасьць паза раздарожжам быцьця. Харал. Нябесны харал. Бясконцы сусьвет у дробнай драбніцы імгненьня...

5.

Яны ляжалі побач пад тонкай коўдрай. Яна роўна дыхала. Ейнае дыханьне зьлёгку казытала яго шчаку.

– Рамуальд, – ціха прамовіла Мальвіна.

– Што, даражэнькая? – азваўся ён.

– Раскажы, чаму мой стрыечнік абазваў цябе фашыстоўскім недабіткам, а бацька забараніў нам сустракацца.

– Зараз паспрабую. Што ты ведаеш пра сваю бабулю па мячы?

– Па бацькавай лініі? Я ведаю, што яна была прыгажуняй – на фотцы бачыла. Мне распавядалі, што бабуля, як і дзед, захаплялася палітыкай, таму была яму ня проста жонкай, а яшчэ і паплечніцай. Праўда, памерла яна маладою. У 1955 годзе. Мой тата тады яшчэ чатырохгадовым блазьнюком бегаў.

– А чаму бабуля памерла, ты ведаеш? – удакладніў каханак.

– Мне ніколі пра гэта асабліва не казалі. Нейкае няшчаснае здарэньне... Але навошта табе гэта? – дзяўчынка нахмурыла броўкі.

– Прабач, але ў той час у Беларусі ішла грамадзянская вайна – гэткае вялізнае няшчаснае здарэньне для цэлай краіны. Але яна мае пэўную перадгісторыю. Пасьля другой усясьветнай вайны, на Нюрнбэргскім працэсе, ураду Станіслава Булак-Балаховіча прыйшлося апраўдвацца перад міжнароднай супольнасьцю. Маскоўскія камуністы і левакі зь іншых краін абвінавачвалі кіраўнікоў БНР часоў вайны ў фашызме. Яны закідвалі ўраду Булак-Балаховіча сувязі з гітлераўскай Нямеччынай і спрыяньне ейным ваенным дзеяньням на ўсходнім фронце. Беларускае кіраўніцтва ўзычыла трыбуналу шматлікія доказы адваротнага парадку і пераканаўча давяло, што ўрад БНР ня меў фашыстоўскае прыроды.

– Але ж аднекуль абвінавачаньні ўзяліся. Яны ж не маглі забуяць на бясплоднай глебе.

– Як сказаць. Вось ты гаворыш, што аднаклясьніца Барыса Каменскага пакахала. Аднак скуль ты пра гэта ведаеш? Яна сама табе прызналася?

– Ды не, – зьбянтэжылася Мальвіна. – Я проста бачыла ў яе часопіс “Дзяньніца” з фатаграфіяй Каменскага на вокладцы і падумала, што наўрад ці дзяўчына бяз дай прычыны памяняе свой любімы “Cosmo” ці “Паўлінку” на палітычнае выданьне.

– Вось і ўзьнікае небясьпека памылковага, нічым непадмацаванага цьверджаньня. А ўяві, што ты Каменскага ненавідзіш. Значыць і аднаклясьніца, якой ты прыпісваеш каханьне да яго, будзе табе бачыцца зусім ў іншым сьвятле.

– Ой, жывыя сьмехі. Я Барыса і насамрэч недалюбліваю. Але ня супраць, каб мая каляжанка кахала яго і нараджала яму дзяцей. У мяне няма ніякіх прычын, каб яе ненавідзець. Так што ў цябе самога памылковае цьверджаньне атрымалася, – усьмеўліва прамовіла юначка.

– Ай не круці. Я дапускаю, што гэты прыклад можа быць не зусім карэктным. Але хаця б прыблізна ён ілюструе становішча урада БНР падчас другой усясьветнай: усе бачаць, што немцы не вядуць супраць Беларусі ваенных дзеяньняў, і некаторыя робяць выснову, што ў гэтай краіне верхаводзяць патужнікі гітлераўцаў. Левакоў зусім не пераймала, што ад БНР у той час немцы адарвалі Гарадзеншчыну, што незалежнасьць астатняй тэрыторыі краіны была ўтрымана, дзякуючы наяўнасьці трох тысяч рэактыўных ракетных выстановак “Агатка”, якіх не было ў немцаў. Урэшце левакі і блізка ня ўлічвалі эфэкт прапагандысцкай кампаніі, разгорнутай урадам Булак-Балаховіча для застрашэньня гітлераўцаў: увесь час рабіліся інфармацыйныя зьлівы пра верагоднасьць выкарыстаньня беларускім войскам у выпадку нямецкай агрэсіі сакрэтнай зброі пад кодавай назвай “Пятля зацятасьці”. І Гітлер зь ягонай хеўрай насамрэч асьцерагаўся, хаця ніхто дакладна ня ведаў, што за зброя хаваецца пад той назвай. Верылі, што гэта магла быць атамная бомба, гіпэрбалоід і нават скрыўляльнік часу. Верылі ў самае фантастычнае, бо ў Беларусі працаваў шчыры вораг фашыстоўскае Нямеччыны – Альберт Айнштайн. Калі кіравацца лёгікай левакоў, то атрымліваецца, што ён уцёк ад адных фашыстоўцаў, каб працаваць на іншых. Ня ў склад, ня ў лад.

– Але ж, здаецца, камуністы ў турмах сядзелі... – нясьмела заўважыла Мальвіна.

– Зразумела сядзелі, і ня толькі камуністы, але і сацыялісты, і нацыянал-сацыялісты, і язычніцкія фундамэнталісты. У краіне панавала ваеннае становішча і дзейнасьць усіх чыста партый была прыпынена да лепшых часоў. Разумееш, зусім пад бокам ішла самая жудасная вайна, і падтрымліваць узброены нэўтралітэт каштавала неймаверных высілкаў. Немцы, не зважаючы на памянёныя страхі, рэгулярна ладзілі правакацыі, якімі правяралі ўрад і войска БНР на трываласьць – а раптам недзе знойдзецца прагал. Якія-заўгодна крыкі ўнутры краіны пра недастатак народнай дэмакратыі ці пра пільную патрэбу фашызацыі былі быццам удар нажом у сьпіну. Таму найбольш крыклівыя і сядзелі ў вязьніцах. Дык у чым жа фашызм урада Булак-Балаховіча? Палітычныя апанэнты не зьнішчаліся. Па нацыянальнай прыкмеце ніхто не перасьледаваўся. Плянаў захапіць іншыя краіны і паняволіць іх жыхароў не было ў прыродзе. А тое, што Маскве й Сьпірыдонавай ня кланіліся, а ў канцы вайны не пусьцілі камунарасейскія войскі на беларускую зямлю, дык яно само па сабе слабавата пад азначэньне фашызму падпадае. Ты не заснула, коцечка?

– Мур, – нібы і жартаўліва, але без усьмешкі адгукнулася каханка, не жадаючы перарываць уражвальнае апавяданьне Рамуальда.

– Дык вось, вайна скончылася, Нюрнбэрг прайшоў, але лявацкія папрокі не міналі. Паваеннаму кааліцыйнаму ўраду Янкі Станкевіча прышлося вельмі цяжка. Дзейнасьць практычна ўсіх партыяў была зноў легалізавана, блёк левых у 1948 годзе перамог на выбарах у некаторых паветах, а таксама атрымаў амаль палову месцаў ва Ўсебеларускім Сойме, які адразу ж ускіпеў супярэчнасьцямі, запаранымі на крыўдах ваенных часоў. Левакі прагнулі рэваншу. У сакавіку 1953 года незадоўга да гадавіны незалежнасьці БНР невядомыя людзі зьдзейсьнілі замах на старшыню Беларускай камуністычнай грамады Алеся Чарвяка. У Менску сабралася шматлюдная антыўрадавыя маніфэстацыя пад лёзунгамі перадачы ўлады левым сілам і яднаньня з Савецкай Расеяй. Маніфэстанты паводзілі сябе вельмі агрэсіўна і неўзабаве пачалі пагромы дзяржаўных установаў. Натуральна, што ўрад Станкевіча ацаніў хваляваньні як спробу дзяржаўнага пярэварату і патураньне пачатку іншаземнай інтэрвэнцыі. Супраць забуральнікаў спакою ўжылі сілу, і хваляваньні скончыліся. Аднак у бальшыні паветаў, дзе на выбарах перамаглі левыя партыі, пачаліся масавыя арышты правых і наагул усіх, хто ня быў згодным зь небясьпечнымі дзеяньнямі левакоў. Краіна ступіла на парог грамадзянскай вайны. Унікнуць яе не ўдалося. Абодва бакі канфлікту былі ўзаемна жорсткімі. Сярод левых паветаў быў і Гомельскі на чале з тваім дзедам Іванам Крантоўскім – чальцом Беларускай партыі сацыялістаў-максімалістаў. Пад яго кіраўніцтвам пачаліся чысткі ў структурах кіраваньня паветам, якія былі варожа сустрэтыя зьверхнікам краёвае варты, маім дзедам, Лявонам Манцкевічам – чальцом Беларускай рэспубліканскай партыі. Горад фактычна быў падзелены на дзьве часткі: адна падкантрольная твайму дзеду, другая – майму. Мяжа паміж гэтымі часткамі існавала адно ўмоўна, і шточасу ўсчыналіся баі за кантроль над пэўнай вуліцай ці нават домам. Многія жыхары імкнуліся перабрацца на гарадзкую ўскраіну, дзе зазвычай было спакайней. Аднойчы, адчуўшы вайсковую перавагу на сваім баку, мой дзед рызыкнуў выступіць з панцырнай калюмнай ў цэнтр Гомеля да галоўнага будынку закалотнікаў, як у асяродзьдзі ўрадавых сілаў называліся левыя-паўстанцы. Дзёрзкі ўчынак меў вынік – гарадзкую ратушу ўзялі ў аблогу. Усім, хто ў ёй быў, прапанавалі скласьці зброю і здацца. Па традыцыі, якая ніколі не парушалася ніводным з бакоў канфлікту, першымі папрасілі выйсьці жанчын і дзяцей. Колькі чалавек сапраўды выйшла. Сярод іх, напэўна, быў і твой бацька. Але бабуля твая засталася ў будынку – ці то з ідэйных, ці то яшчэ зь нейкіх меркаваньняў. Лявон Манцкевіч пра гэта ня ведаў, як ня ведаў і пра тое, што Івана Крантоўскага ў ратушы няма. Як толькі з ратушы паведамілі, што ўсе жанчыны і дзеці пакінулі памяшканьні, мой дзед яшчэ раз прапанаваў ім скласьці зброю і здацца. У адказ нехта крыкнуў “Загінем, але ратушы не пакінем!”, пасьля чаго застракаталі кулямёты. Кулямётныя чэргі ніякай шкоды панцырам не прычынілі. У ідэале можна было б пачакаць, калі ў абаронцаў будынку скончацца ўсе баявыя запасы і браць іх потым голымі рукамі. Але існавала небясьпека, што хісткая перавага сілаў можа рэзка зьмяніцца на карысьць закалотнікаў праз прыбыцьцё падмацаваньня з боку Веткі. Усьведамляючы гэта, Лявон Манцкевіч мусіў аддаць загад зрабіць колькі стрэлаў з панцырных гарматаў па ратушы. Гэтага сталася дастатковым, каб задушыць супраціў. Сярод знойдзеных на паўруінах ратушы загіблых і параненых мой дзед, да свайго жаху, згледзеў скрываўленае жаночае цела, у якім ён пазнаў тваю бабулю Касандру. Застацца ў будынку было ейным выбарам. Але для Лявона Манцкевіча як для беларускага афіцэра здарэньне азначала сапраўдную ганьбу, бо ён не ваяваў супраць жанчын. Між тым твая бабуля падала кволыя прыкметы жыцьця, і мой дзед пастанавіў, што б там ні было, выратаваць ёй жыцьцё. Пра першую дапамогу ёй паклапаціліся адразу ж. Але агульны стан Касандры Крантоўскай вымагаў неадкладнай сур’ёзнай хірургічнай апэрацыі. У Гомелі ніхто, апроч маёй бабулі Евы, ня мог яе зрабіць. Цяжка параненую пагрузілі ў камандзерскі самаход і ў суправодзе панцыра ды колькіх матацыклетаў павезьлі ў Ціцянкі – на дом, дзе тады жыла мая бабуля. Дом месьціўся значна бліжэй, чым шпіталь урадавых сілаў. Патэлефанаваць і папярэдзіць было немагчыма. Папярэджаньні Еве Манцкевіч і дактарам шпіталю адправілі радыёграмамі. Ева мусіла падрыхтавацца да важнай апэрацыі ў хатніх умовах. Дактары атрымалі загад узяць увесь належны інструмэнт ды абсталяваньне і тэрмінова выехаць на дом да Манцкевічаў. Радыяграмы былі перахоплены паўстанцамі. Твой дзед, які на чале асобнай дывэрсійнай групы сядзеў у Брылёве, зразумеў сэнс пасланьняў адназначна – апэраваць у пасьпешлівым парадку зьбіраюцца цяжка параненага Лявона Манцкевіча. Калі ж падасьпелі зьвесткі пра растрэл ратушы і тое, што Касандры Крантоўскай няма сярод палонных, твой дзед моцна ўзвар’яваўся. Палічыў, што тая загінула, і ў галавае адразу ж сталі выбудоўвацца пляны помсты. Я ня ведаю, якім чынам ён даведаўся, дзе знаходзіўся дом Манцкевічаў, але факт застаецца фактам – у тую самую ноч дом, дзе мая бабуля працягвала апэраваць тваю бабулю, быў абстраляны з гранатамётаў. Усе, хто быў у доме, загінулі...

– Вой, якое жахоцьце, – Мальвіна ня стрымалася і заплакала безуцешнаю зязюляй. – Але ж выходзіць, што ў ім вінаватыя і Крантоўскія, і Манцкевічы...

– Безумоўна вінаватыя ўсе. Гэта прызнаваў і мой дзед, якога падчас гранатнага абстрэлу ў доме не было. Гэта прызнае і мой бацька. Дый я сам гэта прызнаю. Таму мы ня точым на Крантоўскіх зубоў.

– Чаму ж мае крэўныя вас так люта ненавідзяць?

– Я думаю, што яны і самі ня здолеюць гэтай сваёй зацятасьці патлумачыць.

– Вось дзе сапраўдная пятля зацятасьці, – уздыхнула юначка.

– Так і выглядае. Даўно адгрымелі стрэлы грамадзянскай вайны, але яна працягваецца ў галовах тваіх крэўных. І мы з табой апынуліся на лініі фронту гэтай вайны.

– На лініі разрыву, – прашаптала, як каліна явару, каханачка і пацалавала Рамуальда ў вусны.

Стала канчаткова зразумелым, што тыя даўнія і горкія падзеі ня змогуць перакрэсьліць іх каханьня.

Ноч мінула неўпрыкмет. Затраскатаўшы ліхімі маразамі, яна не забрала з сабою галоўнага клопату закаханых. Яны па-ранейшаму ня ведалі, ці змогуць надалей хоць зрэдзьчасу бачыцца, не хітруючы перад старымі Крантоўскімі. Дачакацца ад Язэпа і Леакадзіі блаславеньня на шлюб не падавалася рэчаісным. Нагадаўшы ўсе магчымыя спосабы быць на сувязі, Рамуальд пацалаваў Мальвіну і ў вобразе той самай эфэктнай бляндынкі зьнік за дзьвярыма кватэры.

6.

Юнай Крантоўскай вельмі карцела падзяліцца зь некаторымі аднаклясьніцамі сваім шчасьцем і сваёю бядой. Але мусіла стрымлівацца і нават літаральна біла сябе далоньню па вуснах, каб змоўкнуць. Зрэшты, аднаклясьніц гэта не насьцярожвала, бо лічылі яе дзяўчынкай дзівакаватай. Мальвіна ў той дзень на занятках была няўважлівай, праз лад задуменнай і крыху млявай. Увесь час яна чакала sms’ку ад Рамуальда, нібы той шорт мэсэдж мог нешта зьмяніць у абставінах, якія не залежалі ад іх узаемных пачуцьцяў.

Між тым ахоўнік, якому надоечы падалася знаёмай эфэктная бляндынка, што завітала ў госьці да гаспадарскай дачкі, зьнянацку для сябе самога прыгадаў усё. Без малых развагаў ён набраў нумар Язэпа Крантоўскага і паведаміў таму, што мінулую ноч у кватэры на Чэчэка, 77 прабавіла жанчына дужа падобная на прастытутку з салёну “Ідылія”. Стары Крантоўскі, кінуўшы ўсе справы, паімчаў на праспэкт. Жонка на ягоныя пытаньні пра шлюху ў доме рабіла вялікія неўразумелыя вочы і расказвала толькі тое, што магла расказаць. Гаспадар злаваўся. Зламаў дзьверы ў пакой дачкі. Там панаваў беззаганны парадак. Гэта бянтэжыла Язэпа. Парадак яму здаваўся ненатуральным. Але патлумачыць свае падозраньні ён ня мог. Палазіў па шафах, століках, зазірнуў у прыбіральню і лазенку – нічога не выглядала надзвычайным. Леакадзія бегала за ім з роспытамі, на якія муж ніяк не рэагаваў, адно адмахваўся, быццам ад дакучлівай інсэкты, у гонар якой названа цэлае сузор’е.

– Пазвані ты ёй у гімназію і спытай, што хочаш, а лепш зьезьдзі туды, – параіла жонка відавочнае для яе выйсьце.

– Ты ўвогуле цяміш, што вярзеш? – нарэшце Крантоўскі зьвярнуў увагу на сыгнал з сузор’я Мухі. – Ты пра ўнутраныя правілы гімназіі памятаеш ці ўжо забылася? Адна рэч, калі яна парушыць іх, іншая – калі гэта зраблю я. Праз тэлефанаваньне ці праз недарэчны візыт. Заўтра ж усе таблоіды напішуць пра нас. А гэта ж б’е па рэпутацыі. Ведаеш, як курс акцыяў пачынае вагацца і падаць? Ня ведаеш. Адно парады глупыя даеш.

– Ты мог бы зьвярнуцца адразу да дырэктара, – не здавалася Леакадзія.

– Мог бы, – у блазенскай манеры пацьвердзіў Язэп. – Але тут жа пачалася б гутарка пра патрэбу фундатарскай дапамогі і іншыя падобныя песьні са старое кружэлкі. А я такога джазу не люблю...

– Жмінда, – вырвалася ў жонкі.

– Ня жмінда, трасца тваёй матары, а ашчадны спраўны чалавек, – усходзіўся Крантоўскі. – Гімназію дай божа як добра урад фінансуе. А ты толькі чвянькаеш. Паслаў бог жоначку. І дачушка з таго ж крою. Вечна вас ня ў той стэп цягне. Казачкі чортавы.

– Козачкі, – не змаўчала Крантоўская.

– Што? – агаломшана перапытаў Язэп.

– Дзе каза нагой, там жыта капой, – Леакадзія працытавала калядку і адарыла мужа ўсьмешкай. Гаворка страціла ўсякі сэнс.

Стары Крантоўскі тэрмінова выклікаў учорашняга відэаахоўніка. Той неўзабаве прыехаў. Гаспадар яшчэ раз спытаўся на конт бачанай асобы. Альгерд Кручанкоў – так клікалі ахоўніка – заявіў, што перакананы на дзевяноста адсоткаў, што ўвечары ў кватэру ўвайшла не навучэнка пераходнае клясы гімназіі імя Настасьсі Слуцкай, а першаклясная прастытутка з установы Караліны Папернай. Язэп прапанаваў паехаць зараз жа ў салён і высьветліць усё на месцы. “Толькі давай, Альдзік, на тваім джыпчыку туды выправімся, а то сам разумееш, што рызыкуем зьявіцца ў абедніх навінах, калі ля бардэля спрыкмецяць маё ўласнае аўто”, – зацыклены на ўяўнай чысьціні спраўнай рэпутацыі, абумовіўся гаспадар. Са словам гаспадара цяжка не згадзіцца. Яны ўскочылі ў джып і паімчалі па засьнежаных вуліцах Менску. Маразы трохі адпусьцілі, ішоў сьнег – непрыемны калючы сьнег, які ніяк не хацелася называць белымі мухамі. “Мянеск FM” гразіўся сьнежнай бурай на бліжэйшыя дні. “Белыя шэршні”, – незадаволена мармытаў стары Крантоўскі.

Першым у бардэль увайшоў Альгерд, а гаспадар з двума драбамі зайшоў сьледам. Язэп апусьціў сваю вялікую футравую шапку на самыя бровы, спадзеючыся, што ніводная сучка яго не пазнае.

Лісьлівыя вітаньні адміністратара, які ўсім візытоўцам нагадаў еўнуха, Кручанкоў абарваў, як навальнічны вецер рве тэлефонныя драты:

– Мы можам пабачыць лялечку Бэкі?

– О, безумоўна можаце, – трохі спужана залепятаў еўнухаваты, – але яна зазвычай не спэцыялізуецца на альянсных любошчах. І калі вы ўсе чацьвёра хочаце мець ложа зь ёю, то прыдзецца добра раскашэліцца...

Гэтая тырада абрынула Язэпа ў шаленства. Ён кінуўся да адміністратара і ўзрушана стаў яму тлумачыць генэральную лінію партыі:

– Паслухай ты, певень калакуцкі, мы не зьбіраемся яе ўсёй радоўкаю клосьціць. Мы наагул не па плоцкія ўцехі сюды завіталі. У нас да яе колькі пытаньняў сасьпела.

– Астынь, саладзенькі, – пачулася ў адказ, а за сьпінай шчоўкнулі замкі аўтаматычнай зброі – у вэстыбюлі зьявіліся тутэйшыя ахоўнікі. Рулі іх аўтаматаў былі скіраваныя на Крантоўскага і яго праважатых.

– Калі ты супакоішся, – працягваў еўнухаваты, – то магчыма і паразмаўляеш з Бэкі. Толькі ўлічы, што ў нас тут не служба псыхалягічнае падтрымкі “Тралялёначка” і не начны этэр “Завушніцы-FM”, а ўстанова трохі іншага профілю, і за гутарку давядзецца плаціць.

Язэп імгненна ацаніў, што сытуацыя не на яго карысьць, і згодна кіўнуў галавой. Адміністратар адправіў большую частку ахоўнікаў, папрасіў Крантоўскага заплаціць па падвойным тарыфе і выклікаў Рэбеку. Гутарка зь ёй была надта кароткай. Прастытутка ня ўпарцілася і прызналася, што была ўчора ў дваццаць чацьвертай кватэры на праспэкце Чэчэка, 77.

– І што ж ты там рабіла цэлую ноч? – нецярпліва пытаўся Язэп.

– Я там не бавілася ўсю ноч. Я там была ня як гуляй-дзеўка, а як акторка.

Рэбека распавяла ўсё, як было. Пачуўшы пра Рамуальда Манцкевіча, стары Крантоўскі міжволі захрыпеў ад злосьці, а шапка на яго галаве заварушылася, бо густыя чорныя зь сівізной валасы ўсталі тарчма. “Шчанюк”, – толькі і вырвалася зь ягоных вуснаў. Пакуль гаспадар перабываў у здранцьвеньні, Альгерд, каб выслужыцца, спытаў ў Рэбекі пра месца, дзе можна адшукаць Манцкевіча і яго сяброў. Прастытутка назвала адрэсу іх рэпэтыцыйнай “кропкі” – цокальны паверх у будынку здыманых кватэраў на вуліцы Лёсіка. “Мы яшчэ сустрэнемся, лялечка”, – пагрозьліва паабяцаў стары Крантоўскі і разам са сваімі малойцамі рушыў на двор.

Усю дарогу да машыны Язэп лаяўся чыстымі расейскімі мацюкамі амаль без акцэнту. Ужо ў джыпе ён патэлефанаваў галоўнаму кіраўніку ўсёй сваёй аховы і загадаў без маруды адправіць дзесятку лепшых людзей да “здымачоў” на Лёсіка. “Толькі хай дачасна нікуды ня соваюцца і дачакаюцца мяне”, – папярэдзіў Крантоўскі. Яму вельмі хацелася прыбыць на месца як мага хутчэй. Гэтага ніяк не атрымлівалася, як з-за несупыннага сьнегу, так і з прычыны пастаяннага патрапляньня на чырвоны сыгнал сьветлафораў. “Калі я патраплю ў пекла, – меркаваў Язэп, – чэрці мяне будуць катаваць такім вось сьнегам і такімі езьдзінамі...” Ён добра разумеў, што сьмерць – найлепшы лек ад марнаслаўя.

7.

Настаўнік айчыннае гісторыі распавядаў пра вялізнае гістарычнае значэньне Чэхаславацкага корпусу ў перамозе дзяржаўніцкіх ідэалаў Беларускае Народнае Рэспублікі. Мальвіна Крантоўская чакала sms’ку ад каханага чалавека, трымаючы мабільны тэлефон у руцэ пад партай. Ня гледзячы на чаканасьць, мабільнік завібраваў зусім неспадзявана: дзяўчына зьлёгку войкнула і ўпусьціла яго на падлогу. Быццам ружовая жабка, тэлефонік паскакаў убок і спыніўся паміж шэрагамі партаў. Настаўнік гнеўна зірнуў на вучаніц і вельмі суворым голасам спытаў:

– Ну ж, дзяўчаты, чыё гэта дабро?

Мальвіна зьбіралася падняцца зь месца і прызнацца, што гэта дабро ейнае. Але напаўсэкунды яе апярэдзіла суседка па парце Ганна Дроман:

– Маё, спадар настаўнік, – устаўшы, заявіла тая.

– Колькі разоў можна паўтараць, што па-беларуску мы ня кажам “спадар”, “таварыш” ці крый божа “пан”, – выкладчык найперш зрабіў моўную заўвагу.

– Прабачце, дзядзька настаўнік, – прамовіла Ганна.

– Гэта ўжо лепей. Але памылка з мабільным тэлефонам, як вы ўсе ведаеце, чыста недаравальная. Схавайце яго, калі ласка, далёка-далёка. А я раблю запіс у кандуіт. І, калі ласка, гаспадарычня Дроман, пасьля заняткаў не абміняце пакой пакараньняў. А зараз сядайце на месца.

Тая падняла мабільнік, зрабіла выгляд, нібы хавае яго ў кайстру, а насамрэч перадала Мальвіне.

– Ты з глузду зьехала, – шапнула ёй Крантоўская. – На пруткі нарвалася.

– А там сёньня фізык малады чарадуе, – усьміхнулася суседка, – дык можа пяшчотна лупцаваць будзе.

– Ты вычварэнка, – зьдзіўлена абвясьціла Мальвіна. – Зь мяне шакалядны набор. Дабрамысьленскі ці валатаўскі?

Аднаклясьніца адказала загадкавай усьмешкай.

8.

Амаль адначасова тры джыпы падкацілі да “здымачоў” на Лёсіка. Стары Крантоўскі першым выйшаў з машыны і зірнуў на шэры даўно нерамантаваны шматпавярховы будынак. Зялёныя абшарпаныя драўляныя дзьверы адзінага пад’езду то адчыняліся, то зачыняліся ад ветру і тужліва рыпелі. Усе ахоўнікі ўлучна з кіроўцамі пакінулі аўтамабілі і абступілі гаспадара. Той растлумачыў, што трэба рабіць. “Бакі ім намуляць можна, але страляць адно тады, калі яны самі пістулі агаляць”, – папярэдзіў ён і аддаў знак на пачатак дзеяньня. Усе яго лепшыя людзі ірвануліся ў пад’езд, а адтуль туды, дзе меркавана магло знаходзіцца цокальнае памяшканьне. У сваіх меркаваньнях яны не памыліліся і, выбіўшы дзьверы, апынуліся ў рэпэтоўні Лініі разрыву #18, пералякаўшы Антона і Марку, якія акурат нешта ігралі. Музыкі заўважылі ў руках уварванцаў зброю.

– Здаецца, мы даскакаліся, – з сумам адзначыў Прытыцкі.

– Такія танцы, што няма куды падацца, – пагадзіўся Дзень-Добры.

– Вы можаце падацца нагамі ўперад, калі зараз жа ня скажаце, дзе хаваецца ваш дружбачок Рамуальд Манцкевіч, – пачуўся голас Язэпа Крантоўскага, чыя постаць толькі што зьявілася ў дзьвярах.

– А багі яго мелі. У хлопца зараз творчы крызіс. Швэндаецца па горадзе, – спрабаваў выкруціцца Марка.

– У жаночай вопратцы? – дэманструючы выразны недавер, пацікавіўся Крантоўскі.

– Вы яго зь некім блытаеце, – далучыўся да няроўных перамоваў Антон. – А аўтамацікі, між іншым, вашыя арляняты маглі б схаваць. Шчэ стрэляць неўзнарок, а тут сьцены трывалыя, рыкашэт гарантаваны.

Заява прагучэла вельмі нахабна, дарма што прамаўлялася ў барацьбе з навальным страхам.
Крантоўскі сумеўся, але толькі на нейкую зусім маленькую дольку сэкунды.

– А ну, сынку, ператні яго па лытцы, каб не вырабляўся перад старэйшымі, – быццам бы і не загадаў, а па-айцоўску, папрасіў ён у аднаго з ахоўнікаў. Той бязь лішніх роздумаў пра ўзьнёслае а зямное выканаў загад. Антон заенчыў ад болю.

– Што ж вы робіце? – закрычэў Марка. – Мы дзеці шанаваных у рэспубліцы людзей. Прэзыдэнт вас з гаўном зьесьць, калі даведаецца, якое вы піва варыць сабра...

Музыка ня змог дагаварыць, бо адзін з арлянятаў па ўласнай ініцыятыве стукнуў таго пад дых. Прытыцкі скурчыўся ад болю і павольна апусьціўся на падлогу.

– І так, хлапцы, – зьвяртаўся да музыкаў Крантоўскі, – я ня маю ў запасе ні хвілінкі, каб разводзіць тут чайныя цырымоніі і даю вам апошні шанец назваць месца, дзе зараз затаіўся Рамуальд Манцкевіч.

– Гэта грамадзянская вайна, – стараючыся ні на каго не глядзець, нетаропка гаварыў Антон. – Вы штурхаеце краіну ў вір грамадзянскай вайны. Спынецеся.

– Канчай плявузгаць, ты не на мітынгу, – ня стаў яго слухаць Крантоўскі. – Мы зараз вас заб’ём, а вашу рэпэтоўню з агнём пусьцім. І хто потым паверыць, што гэта ня вы, чортавы наркаманы, самі сябе загубілі?!

Па выгляду Язэпа цяжка было скеміць, агучвае ён свае сапраўдныя намеры ці проста блефуе, каб ушчэнт запужаць музыкаў. Марка, які паступова падняўся з долу, паглядзеў на вялікі постэр з The Beatles, што вісеў на сьцяне. Лівэрпульская чацьверка усьміхалася – і Джон, і Пол, і Джордж, і Рынга... Прытыцкі таксама ўсьміхнуўся, быццам усе ягоныя беды засталіся за сьпінай, а новы турботны дзень яшчэ не настаў. Калі хочаце кагосьці раззлаваць, усьміхайцеся. Асабліва тады, калі для ўсьмешак няма відавочных прычынаў.

– Чаго зубы сушыш? – затрэсься ад злосьці Крантоўскі.

– Згортвайце свой цырк, – сказаў яму Марка, – і клёўнаў забраць не забудзьце.
Адзін з ахоўнікаў, сьцяміўшы, каго толькі што абазвалі клёўнамі, ляснуў музыку аўтаматным прыкладам па твары. Кроў хлынула зь яго роту і носу. Сам Марка хіснуўся, але надзіва ўтрымаўся на нагах. Сплюнуўшы чырвоную юшку і колькі зубоў, ён працягваў усміхацца акрываўленымі вуснамі. Ня так выразна, як перад тым, але дастаткова, каб быць зразуметым, хлапец прамовіў у вочы Крантоўскаму:

– Забірайце збрую і едзьце к х...

– Ты як з паважанымі людзьмі бакланіш, быдла? – пачулася з калідора. Язэп пазнаў голас свайго пляменьніка Цімона Прунуса. Цімон увайшоў у памяшканьне. Нечакана для ўсіх ён выхапіў два пісталеты і спаражніў іх у бок музыкаў. Амаль кожны, хто быў на той час у рэпэтоўні, змог на сабе спраўдзіць даўняе расейскае выслоўе пра кулю дуру. Ніводная куля не патрапіла ў музыкаў – ні наўпрост, ні рыкашэтам. Усе кулі адрыкашэцілі ў ахоўнікаў Крантоўскага, а адна праляцела ў яго самога каля вуха.

– Ідыёт, што ж ты нарабіў? – прашаптаў, бо ня змог пракрычэць, узрушаны Язэп.

– Так прыйшлося, – зьбянтэжана адказаў пляменьнік.

– Ды ты хоць ведаеш, пустадомак, якога ты курка на касьцёле паказаў ? – стары Крантоўскі ўхапіў Цімона загрудкі і пачаў трэсьці, быццам гэта магло выправіць становішча. – Што я мушу зараз рабіць? Што? Гэта ж канец усяму. Жаба ты апоўзлая! На халеру ты ўтачыў носа ў чужое проса?! Хто цябе агламаздка прасіў? Хто?!

Прунус маўчаў і толькі лыпаў вачыма, ня ведаючы, што адказаць. З боку ад іх нешта грукнула. Язэп машынальна прыгнуўся, чакаючы ці то чарговага стрэлу, ці нават выбуху. Цімон жа гарцануў на каменную падлогу – надзвычай баяўся спаймаць шалёнага сьвінца. І дзядзька, і пляменьнік застылі на колькі імгненьняў, чакаючы імавернага працягу. Але працягу не было. Ачомаўшыся ад здранцьвеньня, і дзядзька, і пляменьнік зірнулі ў той бок, адкуль чуўся грукат. За абарваным плякатам The Beatles праглядаліся яшчэ адны дзьверы. Ні Антона, ні Маркі ў рэпетоўні не было. Стары Крантоўскі цяжка выдыхнуў, набраў у лёгкія паветра і, адчуваючы сябе нашчадкам Усяслава Чарадзея, гучна заскавытаў на жоўтую лямпачку, якая цудадзейным чынам ацалела падчас гульні дурных куляў. Праскавытаўшы хвіліну-другую, ён ухапіўся за мабільнік: “Алё. Барыс Макаравіч, прывітаньне. Пазнаў? Ага. Ёсьць дзьве навіны: добрая і кепская...”

9.

Пасьля заняткаў Мальвіну, як і звычайна, сустракаў чорны “Людамонт” з асабістым шафёрам. Дзяўчынка нядбала ішла па засьнежаным гімназійным двары, падстаўляючы тварык пад іглокі сьнегу. Sms’ка, з-за якой яна ледзь не нарвалася на пакараньне, была банальнай рэклямнай аб’яўкай, а ня вестачкай ад Рамуальда, як спадзявалася. Каханы так і ня выйшаў на сувязь. Юная Крантоўская павіталася з шафёрам Алафэрнам, які ўжо адчыніў для яе заднія дзьверы. Яна кінула на седзіва пляцак, а потым сама цмыгнула ў салён. Аўто кранулася зь месца і пакаціла прэч ад гімназіі.

Усярэдзіне было ўтульна і цёпла. За вокнамі ж уладарыла зіма. Калядна-шчадрацовае сьвяточнае ўбранства з дамоў пасьпелі прыбраць. Вуліцы глядзеліся сіратліва, нават пакрыўджана, як дзіцёнак, якога спрабуюць адняць ад цыцкі. Спэцыяльныя машыны ледзьве пасьпявалі прыбіраць сьнег з дарогаў, а ён зноўку даваўся ў знакі кіроўцам і пасажырам.

Мальвіна мэлянхалічна паглядала ў вакно. Пусты, напэўна зламаны, аўтобус запісаўся ў хаўрусьнікі гэтага бясконцага сьнегу і не дазваляў транспарту рухацца, як звычайна. Увішныя камунальнікі, незважаючы на кудасу, старанна замалёўвалі самапальны надпіс “Да здравствует Великая Россия!” на будынку Інбелкульта. Нейкія бясстрашныя няўседлівыя дзеткі спрабавалі ляпіць сьнежных балванаў на пляцы перад грэйскрамам “Няміга”. Службоўцы ў памаранчавых камбінэзонах кешкаліся на пад’ёмніку. Яны сканчалі прымацоўваць біг-борд новага інтэрнэт-правайдэра “Кібэрдром” з выявай закаханай пары ў гермашлемах, на тле якой красаваў слоган “Імклівасьць без заганы”. Мальвіна сумна ўсьміхалася. Алафэрн ўдала манэўраваў і насьвістваў старую песьню пра завіруху. Юначка папрасіла ўключыць радыё. У салён уварваўся сьпеў нейкага гурту зь дзіўнай назвай, якую дзяўчынка ніяк не магла запомніць:

Пацалуй мяне зьнянацку,
паспалітая князёўна,
ты журботная красуня,
з мэлянхоліяй на роўных...


Шафёр абурыўся зьместам песьні, але пераключаць на іншую станцыю ня ўзяўся. Песьня, між тым, была перарвана вядоўцам: “Дарагія мянчане і госьці сталіцы, мушу падзяліцца з вамі афіцыйным паведамленьнем. Народны сакратарыят унутранага парадку паведамляе, што сёньня блізу 12.00 паводле менскага часу ў адным са сталічных дамоў адбылася страляніна, у выніку якой было забіта трынаццаць чалавек. Верагоднай прычынай, якая зрушыла трох маладых людзей да гэтага лютага ўчынку, стала ўзьдзеяньне наркатычных рэчываў. Выступіўшы ў тым, яны ўцяклі з гарачага месца, каб не дастацца да рук ахоўнікаў парадку. Імёны выступнікаў вядомыя, ня толькі паліцыі, але і многім з нас. Гэта Антон Дзень-Добры, Марка Прытыцкі і іх верхавод Рамуальд Манцкевіч”. Юная Крантоўская скаланулася: “Што за насланьнё?!” “Так, так, я не агаварыўся, – не без зларадства працягваў вядоўца, – усё гэта ўдзельнікі гурту Лінія разрыву #18, чыя песьня “Лісьце травы” вось ужо дзесяць тыдняў узначальвае наш гіт-парад. Здараецца ж такое! Будзьце пільнымі і асьцярожнымі, бо злачынцы маюць зброю. Барані вас бог!”

Забдынькаў мабільнік – прыляцела ластаўка-sms’ка зь невядомага нумару, але з умоўленым знакам, які сьведчыў, што аўтарам быў каханы Ромусь. “Даражэнькая, я дамовіўся са сьветаром, які нас таемна абвянчае. І мы як муж і жонка разам уцячэм ад ненавіснай пятлі зацятасьці”, – прачытала Мальвіна і хацела пісаць адказ. Але раптоўна незьясьнімая трывога запоўніла яе ўсю без астачы. Чорная іголка з вусікамі хутка расла, набліжаючыся да машыны, ударылася ў шкло пярэдніх дзьвярэй справа, адарвала галаву шафёру і, разьбіўшы шкло зьлева, паляцела далей, каб трапіць у флюгер каля Марцінкевіцкага азярца і ўрэшце выбухнуць там. Алафэрн пасьпеў націснуць на тармазы. Машына, застаўшыся без кіраваньня, закружылася, як тая бутэлечка падчас вядомай гульні на выкананьні жаданьняў. Усё адбылося вельмі неспадзявана, і дзяўчына не пасьпела ні загадаць жаданьне, ні як сьлед спужацца. Вуліца была пустой. Мальвіна раскрыла рот і спрабавала крычэць. Але крык недзе запрападаў. Заміж яго пранізьліва візгаталі сырэны паліцэйскіх машынаў і карэты хуткай дапамогі. Дзяўчына чула словы дактароў і паліцыянтаў, але нічога не магла адказаць. Сьнег чырвонай вадой сплываў перад яе вачыма.

10.

Барыс Каменскі наважыўся на фабрыкацыю крымінальнай справы. Стары Крантоўскі, імкнучыся знайсьці прыкрыцьцё для пракудлівага пляменьніка і самога сябе, даў заступніку генпракурора поўную і безумоўную згоду на ажэнства з Мальвінай. Ці ня ўся менская паліцыя была кінутая на пошукі Антона, Маркі і Рамуальда. Паліцыянты атрымалі інструкцыю, паводле якой мусілі ушчынаць агонь на забіцьцё пры найменшых спробах злачынцаў не падпарадкоўвацца іхным загадам. Апошняе здавалася Крантоўскаму, які на сабе зьведаў наравістасьць музыкаў, цалкам верагодным.

Уцекачоў і Рамуальда, які не прадчуваў нічога кепскага, спрабавалі вылічыць па сыгналах мабільных тэлефонаў. Што праўда, патрэбнага мадэрновага абсталяваньня ў паліцыі ня была. Шукалі з дапамогай таго ламачча, што мелі. Слухаўкі Дзень-Добрага і Прытыцкага не адсочваліся. Засекчы тэлефон Манцкевіча ўдалося, але сыгнал яго быў вельмі няпэўным і цэлы час зьнікаў.

Вестка пра тое, што невядомыя зламысьнікі пры дапамозе партатыўнага гранатамёта “Маскіт” атакавалі аўтамабіль Мальвіны, бясконца ўзрушыла Язэпа Крантоўскага. “Усё гэта было старанна прадумана, – ліхаманкава разважаў ён, едучы ў больніцу да дачкі. – На Шчадрэц яны зьявіліся нездарма. З прыцэлам. Адпомсьціць за памылку майго бацькі. Вычварна адпомсьціць. І гранатамёт як сымбаль”. Заступнік генэральнага пракурора таксама пасьпяшаў у больніцу. Але перад тым ён санкцыянаваў праверку ўсіх званкоў і паведамленьняў з нумару або на нумар мабільніка Мальвіны Крантоўскай, перашукі на кватэрах усіх удзельнікаў Лініі разрыву #18, а заразом і дамах іхных бацькоў. “Гуляць, дык гуляць напоўніцу”, – лічыў Каменскі, цудоўна ўсьведамляючы, да якога полымя ён рызыкуе дагуляцца. Да любай дачушкі ляцела і Леакадзія Крантоўская, даведаўшыся пра здарэньне з тэлевізійных навінаў і запозьненага мужава званка. І Язэп, і Барыс, і Леакадзія былі ўпэўненыя, што іх увага патрэбная дзяўчынцы, як ніколі.

Дактары не знайшлі на Мальвіне ні драпінкі. Яна была жывая і здаровая, хаця зазнала немаленькі шок, ад якога пакрысе апраўлялася. Правая рука трэслася. У далоні быў заціснуты тэлефон. Мэлёдыя здалася задужа прарэзьлівай. Зь цяжкасьцю дзяўчына паднесла слухаўку да вуха.

– Мальвіна Крантоўская, – ледзьве не па складах прамовіла яна.

– Даражэнькая, з табой усё добра? – пачуўся голас Рамуальда.

– Так, – адстаронена адказала яна. – Вы кагосьці забілі? Я ня хочу ў гэта верыць...

– Усё гэта хлусьня. Нехта нам хоча шостку падкінуць. Я пасьля ночы ўвогуле ня бачыўся з хлопцамі, а тут такія карагоды... І на званкі ж не азываюцца... А цяпер яшчэ і гэты замах на цябе... Вар’ятня, дый годзе... У якой ты лякарні?

– У Саламееўскім шпіталі. Але неўзабаве тут будуць мае бацькі... Табе лепш затаіцца... Я не разумею, хто хацеў са мной расквітацца... У галаве ня тоўпіцца... – дзяўчына міжволі ўсхліпвала.

– Я сам хацеў бы гэта ведаць. Ты ў сарочцы нарадзілася. Я забяру цябе са шпіталя. Чакай...

Дзьверы палаты расчыніліся. На парозе стаяў трохгаловы цмок. Спачатку ён са сьлязьмі на вачах усьміхаўся, цешачыся з таго, што Мальвіна не пацярпела. Але праз пару-другую хвілінаў першая галава стала выпытваць пра сувязі дзяўчынкі з Рамуальдам Манцкевічам. Другая – прысягала, што злачынцы будуць знойдзеныя, і прасіла складаць сьпіс гасьцей на блізкае вясельле. Трэцяя ж галава, працягваючы плакаць, наракала, што крывіначка сёньня нават не паабедала. Юная Крантоўская правяла далоньню перад вачыма і ўпала на кушэтку. Яна чула крыкі цмачыных галоваў і апраўдальныя рэплікі дактароў, якія гналі цмока прэч за дзьверы.

Язэп і Леакадзія Крантоўскія, а таксама Барыс Каменскі сядзелі на шпітальным калідоры. Заступнік генпракурора атрымліваў новыя зьвесткі пра хаду расьсьледваньня, а дакладней, перасьледаваньня невінаватых музыкаў. Перашукі на іх кватэрах былі бясплённымі. Бацькі Антона, Маркі і Рамуальда ператрусам у сваіх сядзібах не пярэчылі. Аднак усе, як адзін, заявілі, што гэткая сьвіта налева пашыта і спрэс белымі ніткамі. А каб не грашыць голымі словамі, падалі супольны зварот да прэзыдэнта. У звароце прасілі узяць прасоку пад свой асабісты нагляд, скарадзячыся на няўпэўненасьць, у бесстароннасьці куратара справы – заступніка генэральнага пракурора.

Апошняя акалічнасьць вельмі ўзрушыла Барыса. Спрабуючы агоўтацца ад жаданьня пабрацца з Мальвінай, ён стаў усьведамляць, што полымя ва ўшчатай гульні шуганула ня ў самы зручны момант і гатова ператварыць у попел палац яго мараў ужо бліжэйшай ноччу. Распавёўшы старому Крантоўскаму пра памянёны зварот да прэзыдэнта, Каменскі спытаў:

– Можа адматаем назад?

– Што значыць адматаем? – нездаволена чмыхнуў Язэп.

– Заявім, што прасока грунтавалася на крывых прысяганьнях Цімона Прунуса...

– Ты што хочаш зрабіць? – разьюшана пытаўся Крантоўскі. – Ты хочаш, каб нас усіх за краты кінулі?

– На жаль, мы з вамі выбралі тупіковую дарогу, – спакойна адказваў Каменскі. – Ёсьць усе шанцы, што нас абвінавацяць у стварэньні пагрозы грамадзянскай вайны. А гэта ня краты, гэта шыбеніца. Чуеце?

– І што ж тады парадзіш?

– Трэба здаць Прунуса. Вам нават сьведчаньняў мяняць не давядзецца. Вы ж падчас страляніны страцілі прытомнасьць і ня бачылі, як адбылося забойства.

– Музыкі засьведчаць іншае...

– Трасца, адны пасткі, – страціў яшчэ адну частку ўпэўненасьці заступнік генпракурора.

– Таму ня трэба глытаць соплі, а тэрмінова шукаць гэтую чортаву лінію разрыву і рваць іх усіх у мэтлы. Адным словам, жыўцом ня браць.

– Баюся, што мяне хутка выклікаюць у Народны Дом і прыпыняць мае паўнамоцтвы.

– А Мальвіну клосьціць ты хочаш?! – у чарговы раз загарэўся злосьцю стары Крантоўскі і рынуўся на суразмоўніка з кулакамі. Жонка спрабавала схапіць яго за руку. Неймаверныя грымоты прымусілі зьнерухомець. Вакол усё схамянулася, задрыжэла, на сьценах зьявіліся раскеліны, а столі паабсыпаліся. Перш, чым нехта пасьпеў апамятацца і зразумець сэнс адбыванага, грымоты паўтарыліся. Гэтым разам грымнула зусім побач. Сьцены пачалі разбурацца, а столі ападаць. Плач, енк і скрыгатаньне зубоўнае апанавалі вялікую частку шпіталя. Калі ж грымнула яшчэ раз, то многім давялося пабачыць сем сьветачаў вогненных і мора шкляное, падобнае да крышталю...

11.

Рамуальд нічым не вылучаўся з агульнай масы пасажыраў аўтобуса, якім ён ехаў у шпіталь. На кожным скрыжаваньні стаялі паліцэйскія машыны. Рамуальд здагадваўся, чыю душу яны спадзяюцца ўпаляваць. Зьвестак ад сяброў па-ранейшаму не было. Бацька дазваніцца ня мог, бо тэлефон са старым нумарам паехаў з фурай у бок Усходняй Прусіі – забаўка для паляўнічых на нявінныя душы. Тэлефанаваць у Гомель самому здавалася небясьпечным найперш для рэпутацыі бацькі. “Я сам залез у гэтае гаўно. Сам мушу і выкараскацца, – пераконваў ён сябе. – Зь несправядлівасьцю ці супрацоўнічаюць, ці змагаюцца. А як што на першае я ніколі не пагаджуся, застаецца шлях змаганьня”. Падставы для аптымізму былі самыя мізэрныя.

“Трагедыя адбылася ў нацыянальным шпіталі імя Саламеі Русецкай, – перадалі па радыё, якое Манцкевіч слухаў на тэлефоне праз навушнікі. – Аб 14-й гадзіне ў шпітальным будынку спрацавала некалькі выбуховых прыстасаваньняў, у выніку чаго тры корпусы былі поўнасьцю зруйнаваныя, а яшчэ пяць зазналі частковыя разбурэньні. Колькасьць загіблых і параненых у выніку гэтага здарэньня пакуль не паддаецца падліку. Адна з пажарных дружынаў, што прыбыла на ліквідацыю пажару, прадэманстравала вылучны непрафэсіяналізм, заліўшы полымя вадою, якая пры цяперашніх тэмпэратурах ператварылася ў лёд, дзеля чаго шанцы на выратаваньне людзей, што апынуліся пад руінамі, рэзка зьнізіліся. Паводле некаторых зьвестак падчас выбухаў у шпіталі загінуў былы заступнік генэральнага пракурора Барыс Каменскі, які згодна з рассудкам камісіі народнай справядлівасьці быў зьняты са сваёй пасады акурат перад трагедыяй, і хутчэй за ўсё нават не пасьпеў даведацца пра гэта. Прычынай адхіленьня з пасады сталі выкрытыя камісіяй злаімствы ў ладжаньні і чыненьні прасокі па гучнай справе Лініі разрыву #18.

Папярэднія зьвесткі схіляюць да высновы, што справа была сфальшаваная ў мэтах дыскрэдытацыі шэрагу паважаных у беларускім грамадзтве сем’яў, а адпаведная ініцыятыва зыходзіла ад дырэктара Менскай фабрыкі аўтамабіляў Язэпа Крантоўскага, месца перабываньня якога выясьняцца. Нагадаем, што на момант выбуху ў шпіталі знаходзілася дачка гаспадара Язэпа чатырнаццатка Мальвіна-Юльяна Крантоўская, якая дзівосным чынам ацалела пасьля сёньняшняга замаху на ейнае жыцьцё. Ці зьвязаныя міжсобку ўсе гэтыя тры здарэньні або мы маем справу з жудасным супадзеньнем – гэта давядзецца высьвятляць найлепшым асочнікам нашай краіны. Тым часам прэзыдэнт БНР Уладзімер Адамчык зьвяртаецца да ўдзельнікаў гурту Лінія разрыву #18 і, гарантуючы кожнаму зь іх асабістую бясьпеку, просіць аб’явіцца ў любым паліцэйскім кашталянстве ці ў залогах прэзыдэнцкае гвардыі”. Дасьціпныя радыйнікі прыдумаць лепей не змаглі і паставілі па сканчэньні інфармацыйнага шэрага песьню шматпакутнай каманды:

На дне тваіх зрэнак неба.
У бруднашызых вокнах
боль ад кулі як глеба
для глеўкага страху вонках.


Рамуальд паменшыў гучнасьць, бо не любіў слухаць самога сабе. Да таго ж сэрца ўжо разрывалася прадчуваньнямі непапраўнае бяды.

Кіроўца аўтобуса папярэдзіў пасажыраў, што прыпынку каля шпіталю ў сувязі з надзвычайным здарэньнем ня будзе. Людзі захваляваліся. Манцкевіч пакінуў аўтобус прыпынкам раней і пашыбаваў пешкі. На вуліцы было не цяплей, чым у д’яблавым сэрцы. Вострыя лёзы сьнегу рэзалі твар. Неба рыхтавалася прыціснуць усіх да зямлі. Рамуальд вышукваў рэзэрвы для надзеі на лепшае. Надзеі – сны нядрэмных. Спаць не выпадала.

Рука наважылася ўзяцца за тэлефон. “Абанэнт, якому вы тэлефануеце, часова непрыступны альбо знаходзіцца паза акрэсам дасягу”, – ад голасу ў слухаўцы прабірала дрыготка і зьнібела сэрца, нібыта ён, гэты голас, належыў ня звычайнаму сэрвіснаму робату BliskavicaGSM, а самой сьнежнай каралеве, якая навечна скрала Мальвіну.

Да шпіталю было не падступіцца. Паўсюль стаялі паліцыянты. На руінах працавалі выратавальнікі. Карэты хуткай дапамогі адвозілі жывых і тых, хто ўжо ніякай дапамогі ня мог патрабаваць па вызначэньні. У аднаго з афіцэраў Рамуальд спытаў, ці можна даведацца пра лёс нявесты, якая падчас выбухаў знаходзілася ў шпіталі. Афіцэр махнуў рукой у бок вялізнай машыны і сказаў: “Вам у інфармацыйны штаб”.

Каля штабу на колах тоўпілася мноства людзей. Здавалася, што прабіцца празь іх гушчу было складаней, чым пралезьці ў ігольнае вушка. Манцкевіч дадаў гуку радыё, дзе зноў паведамлялі пра Саламееўскую трагедыю: “Інфармацыйны штаб стараецца працаваць апэратыўна. Усе зьвесткі пра параненых, загіблых, зьніклых бязь ведама і непацярпелых ужо зараз можна атрымаць на сайце www.is.bi”. Рамуальд шпарка схапіў тэлефон, каб зайсьці на названую вядоўцам інтэрнэт-старонку. Мальвіна Крантоўская адшукалася ў сьпісе тых, хто пасьля выбухаў не пацярпеў. Прозьвішчы ейных бацькоў і былога заступніка генпракурора значыліся ў рэестры загіблых.

Манцкевіч цяжка ўздыхнуў. Усё, што замінала быць яму разам з Мальвінай, раптоўна зьнікла, быццам цяля апакаліпсісу зьлізала. Ён захлынаўся ад радасьці, саромеючыся ўласных эмоцыяў. Чарговая спроба дазваніцца да каханай плёну не дала. Рамуальд зноў увамкнуў функцыю радыё на мабільным. Прыемны жаночы голас завяршаў агучваць чарговае цікаўнае яму паведамленьне: “Нагадаю, што кагадзе яны аб’явіліся ў Партызанскім кашталянстве, а да таго хаваліся ў калектарах гарадзкое каналізацыі. На грунце іх сьведчаньняў распачатая крымінальная справа проці супрацоўніка сэкцыі традыцыйнай энтамалёгіі Інбелкульту Цімона Прунуса, які аб’яўлены ва ўсебеларускія росшукі. Усе, хто мае якую-заўгодна інфармацыю пра месца перабываньня...” Радыё зашыпела, і Манцкевіч так і не пачуў, дарма што дужа хацеў, паліцэйскіх зводак пра сябе. Але ведаў адно – сябры выжылі, пазьбегнуўшы чорнае долі, у грозным прышэсьці якой вінаватым быў ён сам, толькі ён сам з уласным непаўсьцяжным каханьнем да юнай прыгажуні Крантоўскай. Азваўся мабільнік. Невядомы нумар. Знаёмы голас.

– Манц, курвец, дзе ты падзеўся? – пытаў яго з таго канца бесправаднога шчасьця Марка Прытыцкі. – Цябе ўвесь Менск шукае.

– Малайцы, што вы выкараскаліся з гэтай бяды, – нібыта ня чуючы, прамовіў Рамуальд.

– Хопіць ружовыя соплі пускаць. Лахі пад пахі і трушком у паліцыю.

– Я крыштальна чысты перад законам, – заявіў Манцкевіч.

– От жа мне гэта твая патаснасьць, – з дакорам заўваўжыў Прытыцкі. – Дзе ты зараз знаходзішся?

У слухаўцы пачуўся сыгнал новага выкліку. Рамуальд зірнуў на тэлефон і ўбачыў, што яму спрабуе дазваніцца Мальвіна.

– Прабач, дружа, у мяне другая лінія, – перапрасіўся ён у сябра і пераключыўся да размовы з каханкай.

– З табой усё добра? – спыталася яна.

– Безь цябе кепска, – адказаў ён.

– Мне таксама кепска безь цябе і без шакалядкі зь лясным арэхам, – дзяўчынка знаходзіла адвагу жартаваць.

– Дык ты мо’ ў якім алешніку хаваешся? – падыгрываючы каханай, Рамуальд намагаўся высьветліць, куды трэба ехаць, каб нарэшце забраць яе і ніколі ў жыцьці не адпускаць са сваіх абдоймаў.

– Не, мяне эвакуявалі ў Прадслаўскі прытулак. У Вялікай Сьляпянцы. А ты дзе?

– Каля Саламеі. Заставайся там. Я неўзабаве прыеду. Я кахаю цябе...

Голас Мальвіны прапаў, а мабільнік заціўкаў, папярэджваючы, што зарад батарэі скончыўся. “Бобік здох”, – роспачна падумаў Рамуальд і стаў разглядацца, ці няма па блізу таксоўкі. Цуг аранжавых машынаў з “варцабчыкамі” і сапраўды туліўся ня так далёка ад месца здарэньня. Манцкевіч пасьпяшаўся туды. Яго вока злавіла чыйсьці знаёмы твар, сярод людзей, што завіхаліся блізу інфармацыйнага штабу. Не вагаючыся ні сэкунды, Рамуальд зразумеў – перад ім Цімон Прунус. “Гаспадар Цімон”, – крыкнуў ён у спадзеве невядома на што. Пляменьнік Крантоўскага азірнуўся на крык, заўважыў Манцкевіча і мітусьліва, паскараючы хаду, стаў заглыбляцца ў натоўп. Рамуальд не зьдзівіўся такой рэакцыі і скіраваўся за Прунусам. Той пасьпеў выйсьці на ходнік і вельмі хуткім крокам рухаўся ў бок Ласіцкага парку, як гучна называліся тры хваіны, што аддзялялі шпіталь ад старой Грушаўскай юрыдыкі. Выпаўшы са зроку, там адным скокам льга было схавацца, не даючы перасьледніку ніякіх шанцаў на посьпех. Манцкевіч гэта ведаў і таксама паскорыў крок, а калі заўважыў, што Прунус літаральна прыпусьціў, сам перайшоў на бег.

12.

Ногі вязьлі ў сумётах, якімі былі акупаваныя паркавыя дарожкі. Вочы грузьлі ў шарым змроку, запэцканым сваволяй няспыннага сьнегу і заплямленым жоўтай цьмянасьцю ліхтароў. Рамуальд не да канца ўсьведамляў мэтазгоднасьці пагоні, але зноў а зноў вышукваў моцы, каб пераняць чалавека, які на Шчадрэц абазваў яго фашыстоўскім недабіткам. Чалавек той сігануў у чорную пашчу Грушаўскіх кварталаў. Скупыя электрычныя промні, адшкадаваныя вокнамі аднатыповых чатырохпавярховых дамкоў, старалася спрыяць і Манцкевічу, і Прунусу. Так захоўваўся статус-кво, і пагоня працягвалася па-ранейшых правілах, якіх, ясна, ніхто не ўсталёўваў.

Наперадзе, празь пяць кварталаў, ляжаў пешаходны мост, пад якім праходзіла надземная галінка мэтро. Па тым, што ўцякач нікуды ня збочваў, перасьледнік здагадваўся, куды ён прастуе. Цімон забег на мост. Пачуўся гук цягніка. Рамуальд не пасьпеў і паўвокам міргнуць, як мэта яго пагоні скочыла цераз парэнчы на цягнік. Такога абароту ён не чакаў. Дзіўная пагоня магла скончыцца нічым. Развагам “Што рабіць?” і “Можа ня трэба?” не заставалася квіткоў. Таму Манцкевіч папросту не пусьціў іх у сваю галаву і безразважна скочыў на вагоны цягніка. Кажуць, што страх дае людзям крылы. Але Рамуальд не адчуваў ні страху, ні прагі помсты. Ён быў цалкам адданы лоўчаму азарту, ня гледзячы на прывіднасьць імавернага паляўнічага трафэю. Віскуцень праймаў навылёт. Цягнік з-за мяцеліцы пасоўваўся досыць павольна, што, аднак, не давала магчымасьцяў для манэўру. Дахі вагонаў былі пакрытыя ледзяною коркай, якая не дазваляла пасоўвацца наперад і перасьледніку, і ўцекачу.

Калі зімовым адвячоркам ты ляжыш жыватом на зьледзянелым вагонным даху і пазіраеш вакол сябе, то знаёмыя краявіды бяруць сабе псэўданімы і апранаюць шпіёнскія акуляры. Гэты дзіўны Менск марудна праплываў паўзбоч Рамуальда: сівыя галовы дамоў і бліскучыя лысіны камунальных збудаваньняў, цьмяныя водбліскі далёкіх гатэляў і выразны пах дыму з комінаў блізкіх драўляных ды цагляных хацін...

Цягнік спыніўся. Станцыя “Кандратовіцкая”. Цімон, трымаючыся рукамі за нялоўкія выступы, пачаў асьцярожна спускацца на пляцформу, дзе не было ні душы. Яго перасьледніку пашэнціла болей – без асаблівых намаганьняў ён скочыў на дах зусім блізкага шапіка, а адтуль на дол. Пагоня працягнулася зь ня меншым запалам, чым раней.

Пляцформа. Бэтонны плот. Нешта ж дае людзям крылы?! Панцыры мэталічных гаражоў. Сьнег па калена. Сьвятло пражэктара. Брэх добрых сабак са слабымі нэрвамі. Сталёвыя вароты. Адкуль бяруцца гэтыя чортавы крылы?! Каляіна змрочнай вуліцы. Высокі драўляны плот справа. Высокі драўляны плот зьлева. Прымроіць сябе шаром для боўлінгу. Убачыць сьвятло ў канцы тунэля. Перасячы шашу. Адчуваць нянавісьць старых шматпавярховак зьлева. Не спагадаць роспачы аранжарэяў справа. Уздымацца ўгору – бяз крылаў і сьведкаў. Поле. Засьнежанае поле пасярод горада.

Рамуальд зрабіў усьцяж агледзіны і скеміў: даганяючы Цімона, ён апынуўся ў мэмарыяльным Садзе Маўчаньня – канцэптуальным шэдэўры маладых авангардыстаў, якія пераканалі ўрад, што для ўшанаваньня памяці змагароў за незалежнасьць і адзінства Беларусі лепшага месца, чым чыстае поле, аточанае камянямі, няма. Зьнясілены працяглым бегам, Прунус грымнуўся ў сьнег. Манцкевіч спыніўся за колькі крокаў ад яго і без патрэбы гучна сказаў:

– Уставай, пяхота. Ты не на пляжы, а на вайне.

– Гэта ты яе абвясьціў? – цяжка дыхаючы, з хрыпеньнем у голасе прамовіў Цімон і стаў паціху уздымацца.

– З усяго вынікае, што вайну пачаў ваш бок, – адказаў Рамуальд, намацваючы ў кішэні газавы пісталет. – Няўжо ж немагчыма перастаць вярэдзіць старыя раны?

– Паслухай, мяне мала цікавіць мінулае. Мне абсалютна ані ў пяце, ані ў галаве ўсе гэтыя казкі часоў грамадзянскай.

– Дык чаго ты ўлез ва ўсю гэтую таўпарню?

– Бо ты стаў лезьці да Мальвіны. Прыйшлі, трасца, шчадроўшчыкі, пабрынькалі на гітарках, пясьнюльку прасьпявалі, дзяўчынку ачмурылі... Гэта мяне дужа раззлавала. Як раззлаваў і гэты недапракурорчык загуменны.

– Нешта я не сьцямлю ніяк... Гэта ўсё з-за Мальвіны?

– Мальвіна... Полымя маіх сьцёгнаў... Яна ніколі не зьвяртала на мяне ўвагі... Яна не разумела, што я зьнемагаю ад каханьня да яе... Маленькая шлюндра...

– Падбірай словы, – незадаволенасьць Манцкевіча ўзрастала з кожным новым прызнаньнем супраціўніка. – Што далей?

– Я ўсьвядоміў, што ты яе проста так ня кінеш... А сёньня зранку даведаўся, куды паехаў дзядзька са сваімі арламі, і хуценька зьмікіціў, што трэба пад гэтай маркай некаторых на коніка драўнянага ўссадзіць... Хто ж мог падумаць, што ўсё так абернецца... Таўпарня...

– А хто страляў у аўтамабіль з Мальвінай? Хто зладзіў выбухі ў шпіталі?

– Ты на мяне ўсіх сабак навешаць хочаш. Я ня ведаю, што адбываецца. Я не жадаю пагібелі Мальвіны.

– Але ж падчас саламееўскіх выбухаў загінулі яе бацькі і гэты, як ты сказаў, недапракурорчык, а ты пасьля віўся каля шпіталя.

– Ты таксама віўся. Гэта ні пра што ня сьведчыць. І ўвогуле, я сказаў табе занадта шмат, каб пакідаць жывым, – прамовіў Цімон і рэзка падняў правую руку, шпурляючы з-пад рукава нож. Рамуальд чакаў нечага падобнага, адразу ж скочыў у бок, упаў на сьнег і, дастаўшы газавы пісталет, зрабіў стрэл у нападніка. Стрэл не прычыніў таму ніякай шкоды. Прунус накінуўся на Манцкевіча і стаў душыць. Музыка адбіваўся, як мог, але нападнік ніяк не рэагаваў на ўдары. У вачах цямнела. Мозаг шалянічна шукаў спосабы пазбавіцца да зайбойчай навалы. “Камэртон!” – успомніў Рамуальд. Рука цмыгнула ў кішэню, схапіла камэртон за дзяржаньне і што моцы тырканула тупым “відэльцам” у аголеную шыю Цімона. Хлынула кроў. Спробы крыкаў патаналі ў крыві. Манцкевіч адштурхнуў параненага, адкаціўся ў бок і шпарка падняўся на ногі, асьцерагаючыся паўторнага нападу. Асьцярогі былі марнымі – Прунус ляжаў нерухома ў сьнежна-крывавай мяшанцы.

Рамуальду здавалася, што ён чуе, як працягвае цурчэць кроў. Але ў нарастаньні гуку ён здолеў пазнаць сьпеў Марціна Гора “Dream, dream on” і зразумець, што пад курткай забітага зайграў мабільны тэлефон. Манцкевіч, усімі сіламі пераадольваючы агіду, схіліўся над целам Прунуса, паляпаў па кішэнях і адшукаў мабільнік. Той працягваў сваю закальцаваную песьню. На дысплэі сьвяцілася выява дзяўчынкі ў стылі японскіх мультфільмаў і красаваў надпіс “Manga”. Рамуальд прыняў выклік і паднёс слухаўку да вуха. Адтуль пачуўся звонкі дзявочы голас:

– Алё, колькі табе можна званіць? Я спадзяюся, ты разабраўся з гэтым хлюстом?

– Гледзячы пра каго вы ведзяце гаворку, – адказаў музыка.

Незнаёмка замаўчала і скінула выклік. Манцкевіч пару разоў спрабаваў ператэлефанаваць ёй, але адказаў не было, аж пакуль урэшце ветлівы робат не сказаў пра непрыступнасьць абанэнта. Голас Мангі быў абсалютна незнаёмым. Да ўсёй наяўнай калатнечы дадавалася лішняя загадка: што за дзяўчо званіла мёртваму Прунусу і пра каго пыталася? Адказаў не прадбачылася. Музыка набраў на трафэйным мабільніку нумар Мальвіны. Тая доўга не падымала слухаўку, а калі падняла адразу ж, без прывітаньняў, спытала:

– Якога д’ябла табе трэба?

– Даражэнькая, гэта я. Тут акалічнасьці ўзьніклі... Ты яшчэ ў Сьляпянцы?

– А-а-а, – пазнала каханага юная Крантоўская. – Дзе ты дзеўся? Чаму з кузэнавага тэлефону? Я ўсё яшчэ тут. І тут вельмі шмат фараонаў. Яны пытаюць пра Цімона і пра цябе. Але не тлумачаць, чаму. Бацька з маці не адказваюць на званкі... Скажы мне што-небудзь добрае...

– Я цябе кахаю, дзяўчыначка. Чаго б мне не каштавала, я затулю цябе ад усіх нягод. Мы будзем разам, не зважаючы ні на якіх фараонаў. Я хутка прыеду.

– Чакай. Давай лепш я прыеду да цябе.

– Няма куды. Ты ня ведаеш, каго Прунус называў Мангай?

– Не. Але нешта знаёмае такое... Навошта табе?

– Доўга тлумачыць. Чакай мяне.

Памяняўшы сім-карту на сваю, Рамуальд паклаў чужы мабільнік у кішэнь, падабраў нож і рушыў праз Сад Маўчаньня да бліжэйшага прыпынку. Яму хацелася верыць у тое, што клубок загадак можна кінуць не разблытаным і зьехаць з каханай на край сьвету. Але ня верылася. Ніяк ня верылася.

Ажыўленьне тэлефона нахабна ўкліньвалася ў ягоную паняверку. “Манц, досыць ужо выдурнівацца, – рэзкавата казаў Антон Дзень-Добры. – Ад таго, што ты ўдаеш зь сябе Вернідуба нічога путнога ня будзе. Кідай свае гульні і здавайся паліцыі”. Манцкевіч зморшчыўся і, пакінуўшы Антонавы словы без адказу, шпурнуў мабільнік у сьнег. Вера ў сяброў пахіснулася і зьнікла. Зьявілася перакананьне, што яны за адно з паліцыяй, што паліцыя зноў пайшла дарогаю, высланай чыёйсьці ілжой, што на яго – Рамуальда Манцкевіча – змайстравалі сіло.

Прыпынак сустракаў пусьцізною. Шкляныя бакі прыпынкавай павеці былі спрэс у раскелінах. На дошцы аб’яў трымцелі абрыўкі размаітых паперак, паверх якіх была прыклеена сьвежая паліцэйская ўлётка. На ёй Рамуальд адразу пазнаў фатаграфіі сябе і Цімона. Тэкст абвяшчаў пра росшук асабліва небясьпечных злачынцаў. Самыя чорныя здагадкі спраўджваліся. Музыка падняў каўнер і зірнуў на дарогу. Машынаў было вельмі мала. Аўтобусаў і тралейбусаў згледзіць не ўдавалася. Калі з-за павароткі аб’явілася сіняя “Acura RDX”, Манцкевіч махнуў рукой – а раптам спыніцца. Аўто насамрэч прытармазіла. За стырном сядзела маладая жанчына, амаль што дзяўчынка. Яна прачыніла дзьверы. Рамуальд спытаўся, ці давязе дабрадзейка да Прадслаўскага прытулку. Тая згодна кіўнула, і музыка сеў побач зь ёй.

– Надвор’е жудаснае, – прамовіла яна.

– Так, – адказаў Манцкевіч, ня маючы асаблівага жаданьня завязваць гутарку.

– І гэтыя тэракты... Што яны хочуць даказаць падобнымі выбрыкамі? Беларусаў цяжка застрашыць. Беларусы ад такога толькі больш зацятымі становяцца. Як вы думаеце?

– Думаю, што так і ёсьць.

– Файна сустракаць аднадумца, – малодка ўсьміхнулася, пільнуючы дарогу. – Вы ў прытулак да каго едзеце? Там зараз многа людзей, якіх вывезьлі з Саламеі. Вось і мая сяброўка там. Цудам уратавалася. Дык да каго вы едзеце?

– Да нявесты.

– Ах як рамантычна, – жанчынка ўсклікнула, і голас ейны разануў Рамуальду слых. – У мяне таксама ёсьць жаніх, але сэрца нязьменна хвалюе дакор – ніяк не магу разабрацца ў сваіх пачуцьцях. А ты адразу разабраўся?

Манцкевіч зьдзіўлена глянуў на яе. Яго зьдзівіў не раптоўны пераход на “ты”, а тое, як знаёма прагучала гэтае звонкае “разабраўся”.

– Манга? – спытаў ён.

– У якім сэнсе? – перапытала яна зь ледзь прыкметным трымценьнем.

– Ты на мяне палюеш? – ударыў новым пытаньнем Рамуальд.

– Вы мяне з кімсьці блытаеце, – занэрвавалася жанчынка.

Пакуль музыка цяміў, што рабіць, яна прытармазіла аўто, адчыніла дзьверы, выскачыла і пабегла прэч з крыкамі: “Ратуйце! Гвалтуюць!” Манцкевіч агаломшана паглядзеў ёй у сьлед і ўбачыў, што наперадзе стаіць паліцэйская машына. “А каб жа мяне маскалі парвалі!” – вылаяўся Рамуальд, спрытна перасеў за стырно і націснуў на газ. Уздымаючы пырскі сьнегу з пад колаў, “Acura” паімчалася далей па вуліцы. Паліцэйская машына ірванула сьледам.

13.

Юнай Крантоўскай наскучыла тая няпэўнасьць, у якой змушана перабывала. Паліцэйскія, што распытвалі яе, абычас круцілі – хацелі ейных адказаў, але самі на яе пытаньні адказваць не зьбіраліся. Яна зацялася і гаварыць ім што-кольвек адмаўлялася. Неўзабаве пасьля тэлефанаваньня Рамуальда зь Цімонава мабільніка прыбег асочнік і, махаючы раздрукоўкай, стаў крычэць і вінаваціць яе ў сувязях са злачынцамі, а потым загадаў аддаць тэлефон. Слухаючы яго, Мальвіна маўчала і ўвогуле ніяк не аказвала сябе, нібыта ўвесь той гармідар яе ня тычыўся. “Аддайце мне ваш сотавік”, – паўтарыў асочнік. Дзяўчынка зірнула яму ў вочы, нядобра ўсьміхнулася і палезла за тэлефонам, пасьля чаго ўдарыла апарацік аб рабро стальніцы, скалупнула сім-картку і зьлізала яе з далонькі.

– Якога д’ябла вы робеце? – вырачыўся паліцыянт.

– Я аддаю вам свой мабільнік, – з той самай усьмешкай адказвала Мальвіна. – Праўда, пасьля тэрактаў ён трохі паламаўся. І сімка згубілася...

– Крантоўская! Хопіць крыўляцца! – узвар’яваўся асочнік. – Два тэрарысты пагражаюць Менску, а вы іх пакрываеце. Я зараз жа загадаю, каб дактары дасталі картку з вашага страўніка. Пры чым адмыслова не прамыцьцём, а праз хірургічнае ўмяшаньне. Вось пакрамсаюць скальпэлем ваш далікатны жывоцік, што тады запеяце?!

– Вы не запалохаеце мяне сваёй сранай гестапаўшчынай, – спакойна адказала юначка. – Ні суму ня будзе ў мяне на абліччы, ні страху ня будзе ў грудзях. Пытаньні?

– Ну вы і нахабніца. Адразу бачна, што дачка магната...

– Што вы такое кажаце? – састроіла яна абурэньне. – У Беларускай Народнай Рэспубліцы ня можа быць магнатаў. “Роўныя людзі адзінай краіны разам ідуць на прастор!”

– Што мне з вамі рабіць? – паліцэйскі пачухаў лоб, ускудлаціўшы валасы.

– Вы мяне або арыштуйце, або адпусьцеце, а то ў мяне ўжо жывот ад гэтага няпэўнага становішча балець пачынае, – працягвала блазнаваць Мальвіна.

– Няма падставаў для вашага арышту. Але і адпусьціць вас немагчыма. Мы ня маем упэўненасьці, што замах на ваша жыцьцё не паўторыцца другім разам.

– Ай, ну кіньце ж такое казаць. Бацька мяне аточыць трыма коламі аховы і мышка не працмыгне.

– Ведаеце, – асочнік спахмурнеў, – мы не хацелі вам казаць, але зараз давядзецца: вашыя бацькі падчас тэракту былі цяжка параненыя і зараз знаходзяцца ў рэанімацыі.

– Госпадзе Ісусе! – прашаптала дзяўчынка і заплакала, як плакала перад тым незьлічоную колькасьць разоў. – Правядзеце мяне да іх, калі ласка...

– Яны... гм-м... Яны ня блізка... – як бы і ня хлусіў паліцыянт.

– Дык адвязеце мяне туды! – закрычэла, што мела моцы Мальвіна.

– Гэта немагчыма. Да бацькоў вас усё адно ніхто ня пусьціць. Правілы такія...

Юная Крантоўская села на кушэтку і затуліла вочы далонямі. Асочнік прысеў побач, прыгарнуў яе і стаў шаптаць на вушка словы суцяшэньня. Дзяўчына працягвала ліць сьлёзы. Абдымкі не адпрэчыла, а наўзаемна абняла паліцэйскага, чаго той зусім не чакаў і неўпрыцям для сябе самога вельмі расчуліўся. А расчуліўшыся, асочнік зусім страціў пільнасьць і не заўважыў, як Мальвіна зьняла зь яго папружкі пісталет і прыставіла яму да галавы. “Зараз я цябе застрэлю, а ўсім скажу, што ты хацеў мяне згвалціць, – заявіла яна зьбянтэжанаму асочніку. – Хочаш такой славы?” Той адмоўна матлянуў галавою. Дзяўчынка загадала яму выклікаць службовую машыну да варотаў лякарні і знайсьці пры гэтым вельмі пераканаўчыя словы, каб самому сесьці за стырно і ехаць туды, куды яна захоча. Хоцькі ня хоцькі паліцыянт мусіў гэта зрабіць. На пытаньні зьдзіўленых калегаў ён адказваў, што юная Крантоўская выказала гатовасьць паспрыяць прасоцы і навесьці на сьляды тэрарыстаў, але толькі пры пэўных умовах. Яму мала паверылі, западозрыўшы нядобрае. Але службовую машыну неўзабаве ўся ж падрыхтавалі. Асочнік крочыў па калідорах лякарні пад нябачным прыцэлам Мальвіны – нябачным, бо пісталет трымала ў кішэні палітончыка. Усе паліцэйскія, якія назіралі за гэтым, разумелі, што адбываецца нешта ня тое. Перад самым выйсьцем адзін зь іх паспрабаваў загаварыць з Крантоўскай і падыйсьці бліжэй. Юначка стрэліла яму пад ногі. Стрэліла, не вагаючыся. На стрэл з усіх закуткоў бліскавічна зьявіліся іншыя паліцыянты, ашчапераныя пісталетамі. Сэрца Мальвіны здрыганулася, як толькі яна ўявіла, што зараз яе ператвораць у сіта. Яна ўспамінала пабачаныя некалі амэрыканскія фільмы з надзеяй адшукаць прыдатныя для падобнай сытуацыі словы. “Хай толькі хоць адзін халерны падкілаш паварухнецца – я пакладу тут вас усіх, зьбяёдкі!” – урэшце выкрыкнула яна. “Ня будзь дурніцай. Здавайся”, – параіў ёй асочнік. Мальвіна загадна варухнула пісталетам. Яны пакінулі будынак прытулку, селі ў “Hyundai Santa” і безьперашкодна пакацілі прэч. Сьледам выехалі некалькі паліцэйскіх машын. На першым жа скрыжаваньні юная Крантоўская прымусіла асочніка пакінуць салён і, пераняўшы стырно, пакіравала машыну самастойна.

14.

Рамуальд і Мальвіна ляцелі насустрач адно аднаму. Ляцелі, ня ведаючы на колькі хуткім і страшным будзе момант іх сустрэчы. Ляцелі, уцякаючы ад паліцэйскіх сырэн і ўласных думак пра наканаванасьць. Ляцелі празь няспынную завіруху, якая мяла і мяла, нібы жадала засыпаць сьнегам увесь Менск – горад зайздрасьці, крывадушша, несправядлівасьці і грахоў.

Сьнегаачышчальныя агрэгаты па-ранейшаму стараліся не дапусьціць фатальных наступстваў сьнегападу. Апроч іх, на дварэ практычна не было ні машын, ні людзей. Прынамсі, і Рамуальд, і Мальвіна нікога не заўважалі. Бульвар Напалеона Орды выглядаў, як дэкарацыя фільма зь бюджэтам сярэдняй рукі – настолькі штучнымі выглядалі будынкі, дрэвы, ліхтары... Зрэшты, самое жыцьцё пачынала здавацца такім ненатуральным і прыдуманым кімсьці, што адольвала нясьцерпная корць ушчыкнуць ці нават укусіць сябе як мага больш балюча.

Паліцыянты праз гукаўзмацняльнікі патрабавалі спыніцца. Рэха паліцэйскіх патрабаваньняў ахінала бульвар. Рамуальд пачуў пра Мальвіну. Мальвіна пачула пра Рамуальда. Яны ўсьміхнуліся ў п’янкім прадчуваньні блізіні. Наперадзе быў мост празь Сьвіслач. Манцкевіч збавіў газ. Юная Крантоўская ўдарыла па тармазах. Запаволілі язду паліцэйскія машыны і пасталі з абодвух канцоў маста. “Acura” ціхутка набліжалася да “Hyundai”. Каханыя зьнемагалі ад неўтаймоўнага жаданьня распусьціцца ў пацалунках, усьміхаліся і махалі адно аднаму рукамі на знак прывітаньня праз адчыненыя форткі. Але як толькі Рамуальд спыніў машыну, прагучэў жудасны выбух. Машына занялася полымем і паднялася высока ў паветра. Магутная выбуховая хваля ўдарыла ў твар Мальвіне, якая па інэрцыі працягвала ласкава ўсьміхацца. “Hyundai” колькі разоў перавярнуўся і лёг коламі ўгору каля самых парэнчаў маста, пакуль “Acura” зыркім балідам ляцела долу – на сьнег і лёд, што хавалі пад сабою Сьвіслач.

15.

Мальвіна расплюшчыла вочы. Галава балела, як пасьля цэлай сэрыі жахлівых сноў, ад каторых ніяк нельга было прачнуцца. І вось абуджэньне. Белая столь. Салатавыя сьцены. Пах лекаў і бяды. Усьмешка аднаклясьніцы Ганны. “Ну што, сучка?” – нягучна спытала яна ў Мальвіны. Юная Крантоўская паспрабавала абурыцца, але нічога вымавіць не змагла. Спробы зварухнуцца таксама былі дарэмнымі. “Ляжы і ня рыпайся, – параіла ёй Ганна. – Ня быць табе, сучцы, больш прыгажуняй. Нават сьпячай прыгажуняй ня быць. Я баюся зазіраць пад бінты, што апаясваюць твой – ха-ха-ха! – твар. Баюся там пачварку ўбачыць”. Пякучае неразуменьне авалодала развагаю Мальвіны. У гэтае імгненьне ёй хацелася б яшчэ раз прачнуцца, каб нечаканы вобраз Ганны Дроман прапаў.

Вогненны пошуг перад вачыма даваў прывідную надзею на наступнае абуджэньне. Але абуджэньне пад нумарам два не прыходзіла, колькі б змучаная сьвядомасьць ні чакала на парозе, прачыніўшы за чаканьнем дзьверы. Аднаклясьніца сядзела перад Мальвінай і з той самай паблажлівай усьмешкай пачынала раскрываць усе свае ліхам мечаныя карты: “Закаханыя людзі – чыстыя дурні. Нічога няварта вас, тупарылых авечак, перахітрыць, туманам атуманіць”. Юная Крантоўская пачала павольна ўцямліваць жахлівы сэнс словаў аднаклясьніцы, мірачыся адначасна зь нявыкруткай – мусовасьцю слухаць а слухаць яе нагвалт жорсткую прамову.

“Толькі рэдкі закаханы можа мысьліць цьвяроза і ўчасна паўзьдзержваць собскія жарсьці, – працягвала свае шчыраваньні аднаклясьніца. – Цябе, лярву прыпудраную, бяз памяці кахаў Барыс Каменскі. Ён імкнуўся быць з табой, не зважаючы на тое, што ты ім суздром грэбавала і не жадала адказваць нават сяброўскаю ўзаемнасьцю. Ён стаў цалкам безгаловым ад закаханасьці. Між тым я кахала яго шчыра і пяшчотна. На многіх вячорках, куды мяне бралі бацькі, я старалася засьведчыць перад ім свае пачуцьці. А Барыс на мяне і не зважаў. Несупадзеньне – вечная драма, дзе ёсьць ён і яна. Я дзяўчына ганарлівая і помсьлівая. Сачыла за сьвецкімі плёткамі. І калі даўгія языкі данесьлі пра казус на шчадрацовым сьвяце ў вашай хаце, я немінуча навязала сувязі зь Цімонам. Ён, канечне, рэдкасны пустадомак, але цалкам кіраваны, калі да яго ключык адшукаць. Прызнаюся, смактанула добра, але не шкадую німала я, бо потым магла віць зь яго любыя вяроўкі. Ты хоць ведаеш, што твой стрыечнік нядаўна ажаніўся? Дзіўна? Нічога дзіўнага. Ён быў жанаты са мной. Абвянчаліся на раз і два, як я загадала. Таемна, канечне, але ж па-іншаму ніяк. Мне ж сваё жыцьцё ўладкоўваць трэба, а не з чарадоўнымі экзэкутарамі ў гімназіі чэчні разводзіць. А ваша сям’я, бяздарна косячы пад сацыялістаў, валодае агромністымі скарбамі. Я хутка дагнала, што безь некалькіх сьмертухнаў ня бачыць мне майго шчасьцейка, як на ўласнай срачцы радзімачкі. Заставалася лавіць хвалю. Чаканьне працяглым не было. Рамуальд так хацеў насадзіць цябе на свой кручок, што пачаў дзівосіць зь пераапрананьнямі. Але ж твайго бацьку аблябёдаць ня так проста было, і назаўтра, пасьля тваіх папіханькаў з Рамуальдам, прабеглы зух Язэп Крантоўскі здолеў усё чыста разьнюхаць. Цімон тады ўдала завітаў да тваёй мамкі, яна і расплявузгала, што муж кагосьці там шукае. Заставалася дзынкнуць знаёмцам з вашай аховы і высьветліць, куды ўрэшце ўся каралеўская раць панясецца. Рэпэтоўня Лініі разрыву #18. Гэта я выправіла туды Цімона, каб справакаваў бойню. Але ён, цямця-лямця, нарабіў там дзялоў, што капцы – трынаццаць мерцьвякоў, а ўсе музыкі цьвітуць і пахнуць – жывыя, цэлыя, здаровыя. Далей было аўтаномнае дзеяньне твайго бацькі. Ён замяшаў у справу Барыса, гатовага на ўсё, абы толькі пэкнуць цябе з найвышэйшага бацькоўскага блаславеньня. Узьніклая замятня надта ручыла мне. Паліцыя шукала забойцаў трынаццацёх вашых ахоўнікаў і лічыла, што вінаватая банда Лінія разрыву #18. Давялося падумаць пра тое, як у гэтай замятні прыбраць з дарогі цябе, сучка зякратая. Я зь Цімонам на сувязі ўвесь час была. У адрозьненьні ад некаторых нягеглых пёздачак вельмі нават цудоўна з гімназіі магла датэлефанавацца і аддаць тыя-сія распараджэньні. Ну, не глядзі на мяне, як шаман на агонь. Так, у той самы момант, калі я выратоўвала цябе ад экзэкуцыі, Прунус рыхтаваў “Маскіта”. Адно бяда – рукі ў яго пад контрафактны баўтарэз заточаныя, таму ты і засталася тады жывая. Як жа мяне гэта разьюшыла! Прыйшлося мысьліць больш маштабна. Я змагла дакумекаць, што ў Саламею, куды цябе адвезла хуткая, папруцца ўсе твае каханенькія-родненькія. Адправіла туды і Прунуса, не без спадзеву, што ён зноў нешта зблытае і апынецца ў д’ябла разам з табою, тваімі бацькамі, недалэгам Барысам і скамарохам Рамуальдам. Выбухі грымнулі, расьсеяўся дым – ты жывая, Прунус жывы, скамарох твой увогуле прыцягнуцца не пасьпеў. Цімон яго потым каля шпіталя заўважыў. Мне звоніць, пытае: што рабіць? Я кажу: кокні яго і дуды вобзем. Чаго яго чорт панёс у Сад Маўчаньня? Мужыку давярай, ды жучкоў начапляй. Каб без жучкоў, я б тады скулу ніцую атрымала, а не Рамуальда ў мае белыя ручкі. Праўда, перад гэтым ён Цімона макрануў, горкаю ўдавою мяне зрабіў. Калі ж твой скамарох сядаў да мяне ў машыну, я не магла паверыць у сваё шчасьце – мне ня трэ’ было яго шукаць па ўсім Менску. Наканаванасьць. У першы-лепшы момант я кінула Рамуальда ў машыне, прывёўшы ў дзеяньне гадзіньнікавы мэханізм міны. Я была перакананая, што ён сядзе за стырно і рынецца да цябе. Але я нават і думаць ня сьмела, што ты апынешся каля яго ў слушны час. Міна разарвала твайго раскаханага пеюна ў шматы і добра шкуматнула цябе, ды не забіла. Ты нарадзілася ў сарочцы. Але зараз яна ўся ў дзірачках, і каму-каму, а табе больш ужо не спатрэбіцца. Дактары кажуць, што жыць табе засталося зусім нічога. Можа нават сёньня чартэрным рэйсам пад абарацень паедзеш. Я тут табе апэльсынчыкаў прынесла. Ты ж мая сябровачка, падружанька мая мілая. І тры гвазьдзікі для цябе – два белых, адзін чырвоны. Толькі чырвонаму я галоўку скручу, каб табе не было лішніх спакусаў выжыць. Адзінае, што магу паабяцаць – пахаваю цябе, як прынцэсу. На Гарадзецкіх могілках. Проста каля Антоніеўскай царквы. І аркестра будзе граць што-небудзь зь Лініі разрыву #18.

Адно тваё імя – мой вораг люты.
Па-над зямлёй халодны зорны дым.
Мой гнеды “BMW”, парваўшы путы,
Ляціць насустрач зоркам маладым.


А я па тваёй сьмерці багатай стану. Неверагодна багатай. Ты ніколі не цікавілася тэстмэнтамі сваіх бацькоў? Га? Цімон дык пацікавіўся. Мужанёк... Ну досыць, сучка, ня буду цябе больш грузіць. Пайду я ўжо. Шчасьлівага табе хай-вэю, Мальвіначка”.

Апраметная праўда паціху дабівала юную Крантоўскую. Цягам усёй Ганьнінай прамовы Мальвіна пачувалася сучкаватым бервяном на пілараме. Супраціўляцца імкліваму нарастаньню хваравітага пачуцьця яна ня мела сілаў. Аднаклясьніца, гэтая сапраўдная ад’яда душы, ня скідваючы з вуснаў збрыдлага ашчэру, надламіла галоўку чырвонаму гвазьдзіку, уключыла радыё, што вісела ля ўвахода, і, кланяючыся, пакінула палату. Палата запоўнілася радыйным голасам: “Падазраваны Рамуальд Манцкевіч загінуў у выніку непаладак выбуховага прыстасаваньня, якое ён меўся выкарыстаць для паўторнага замаху на жыцьцё Мальвіны-Юльяны Крантоўскай. Працоўная вэрсія паліцыі аб яго датычнасьці да тэракту ў шпіталі імя Саламеі Русецкай ня спраўджваецца. Адказнасьць за выбухі ў шпіталі на сябе ўзяла ультра-нацыяналістычная тэрарыстычная арганізацыя “Пятое древо”. Прасока доўжыцца...” Мальвіна слухала і намагалася перастаць думаць. Сьмерць здавалася адзінай рэччу, якая ёй вельмі пасавала б зараз.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG