..Крылаты вершнік ляцеў над сталіцай і мантыя вілася агнём, сьляпіла птушак і асьвятляла чарапіцу старых дахаў, успыхвала на крыжах касьцёлаў і цэркваў, запальвала залаты арнамэнт сінагог і паўмесяцы над мячэтамі, драбілася ў прызмах хмарачосаў на мірыяды промняў, і Аurora Borealis -- Паўночная зьзяньне замкнула небасхіл над краінай у адзін дыямантавы выбух.
Пачаўся першы дзень 91-га году Беларускай Народнай Рэспублікі…
Частка 1
-- Заўтра –25 сакавіка, больш адкладаць няма куды, і таму, спадарства, апошняе галасаваньне журы, якое вырашыць, хто атрымае Крылатую Пагоню, адбудзецца сёньня апоўначы...
Прэзыдэнт Нацыянальнай Акадэміі зрабіла паўзу і дадала:
-- Дарэчы, гэта будзе ня проста галасаваньне, а фэервэрк, які, спадзяюся, пабачыць уся краіна!..
У фінал конкурсу да 90-х угодкаў БНР прайшлі два творы: мультымэдыйная энцыкляпэдыя “Уся БНР”, у якой была сабраная самая поўная гісторыя краіны, і энцыкляпэдычная антыўтопія зь дзіўнай назвай “Уся БССР”.
Адна энцыкляпэдыя была плёнам шматгадовай працы Нацыянальнай Акадэміі, аўтарства другой было зашыфравана лічбай “5”.
Першыя два галасаваньні далі нечаканы вынік – кожнае з выданьняў атрымлівала па два галасы, і адзін сябра журы ўстрымліваўся. Гэта быў найстарэйшы ў краіне паэт, і цяпер астатнія з чаканьнем глядзелі на яго – а ён глядзеў у вакно, успамінаючы такую самую шарую гадзіну, калі ўсё гэта пачалося...
Частка 2
...Белы дзень замёр, быццам спыніўся гадзіньнік, рэдкія сьняжынкі паволі гойдаліся ў паветры, было рана запальваць сьвятло, нават фары аўтамашын яшчэ не асьвятлялі асфальту, а толькі пазначалі габарыты –горад за акном страціў усе прыкметы часу.
Ён сядзеў у кабінэце дырэктара самага знакамітага ў краіне выдавецтва імя Марціна Кухты, якое ўзначальваў праўнук заснавальніка, таксама Марцін. Шкляны офіс месьціўся на апошнім, 90-м паверсе Мэдыя-вежы, і здавалася, ціха плыў над нямым мэгаполісам, яго хмарачосамі, плошчамі й паркамі. Дырэктар прасіў дапамогі - да 90-годзьдзя БНР заставалася менш за сто дзён, а ніякай прымальнай ідэі не было.
-- Усё, што на паверхні, разабралі! – скардзіўся дырэктар.
Кіраўнік нацбанку Багдан Станіслаўскі выпускаў першыя ў сьвеце манэты наміналам 90 талераў, якія яшчэ да чаканкі былі распраданыя на аўкцыёнах E-Bay па вар’яцкіх коштах.
Зьвяз музыкаў рыхтаваў канцэрт, і сьвяточную сымфонію Гаруся Праменчука ўжо з рэпэтыцыяў разабралі на сыгналы да мабільных тэлефонаў. Казалі, прэзыдэнт рэспублікі Ірэна Суліма пачула гэту мэлёдыю нават на прыватным тэлефоне каляжанкі, прэзыдэнткі ЗША, калі яны сустракаліся ў Авальным офісе.
Посьпех быў гарантаваны й экспэдыцыі моладзі на Эвэрэст, якую ўзначальваў ганаровы старшыня юнацкага зьвязу дзесяціпудовы асілак Фёдар Аляксюта – у кнізе рэкордаў Гінэса ён стане самым цяжкім альпіністам, які скарыў усе сямітысячнікі сьвету.
-- Разумееце, на такім тле проста добры альбом ці факсымільныя выданьні першых дзён рэспублікі ніхто не заўважыць, -- з адчаем у голасе казаў дырэктар. – Апошняя надзея на Вас, пане Паэце, можа, прапануеце нешта. Вы ж даўно не друкаваліся?..
Быццам лазэрны прамень ударыў у шыбу, халодным зьзяньнем успыхнуў рэдактарскі кабінэт і ўся Медыя-вежа. У люстраных сьценах офіса біўся пажар, які запалаў на Траецкай гары.
-- 24 сьнежня, канечне, скончылі рэстаўрацыю! – было не зразумела, чаго больш у голасе дырэктара, захапленьня ад яшчэ аднаго юбілейнага падарунка, ці адчаю. Якраз на Каляды міжнародная група рэстаўратараў, створаная ЮНЭСКА, абяцала завяршыць поўнае аднаўленьне знакамітай Менскай Пагоні, адлітай па эскізах Марка Шагала да 5-й гадавіны БНР. Цяпер часовы купал і рыштаваньні прыбралі і ўключылі лазэрнае сьвятло.
...Крылаты вершнік ляцеў над сталіцай і мантыя вілася агнём, сьляпіла птушак і асьвятляла чарапіцу старых дахаў, успыхвала на крыжах касьцёлаў і цэркваў, запальвала залаты арнамэнт сінагог і паўмесяцы над мячэтамі, драбілася ў прызмах хмарачосаў на мірыяды промняў, і Аurora Borealis -- Паўночная зьзяньне замкнула небасхіл над краінай у адзін дыямантавы выбух...
Менавіта з такім разьлікам Шагал выбіраў месца для бронзавага вершніка –Траецкую гару. Паэт чуў, што спачатку там меліся будаваць опэрны тэатар, але пасьля спыніліся на Пантэоне, які вянчала фігура лятучага рыцара.
-- Дзе сьвятло, там і цень, -- сказаў паэт. -- Некалі, шмат гадоў таму, я моцна захварэў на Каляды. Я жыў тады адзін у старой хаце над возерам, дарогі перамяло, электрычнасьці, тэлефона не было, толькі мэханічная друкарка, за якой я праводзіў дні і ночы. Гэта быў самы шчасьлівы час, калі нарадзіліся мае найлепшыя паэмы, я ніколі не працаваў так потым.
-- Так, так, Ваш знакаміты азёрны цыкль, гэта бесьсмяротная паэзія, -- сказаў дырэктар. -- Праўда, ён ва ўсіх хрэстаматыях, перавыдаецца штогод... Канечне, можна зрабіць адмысловае юбілейнае выданьне, напрыклад, сабраць пад адну вокладку ўсе пераклады – колькі іх ужо, здаецца, пад сотню моваў?
-- Не лічыў, але я не пра гэта, -- сказаў паэт. – Я ледзь не памёр тады, так раптоўна падскочыла тэмпэратура, я трызьніў увесь калядны тыдзень і нічога не засталося ў памяці, а калі апрытомнеў, хата была закідана пакамечанымі аркушамі паперы з тэкстам, які ня быў паэзіяй, які я ня памятаю, каб пісаў і які з таго часу не перачытваў.
-- Невядомы твор?!! – дырэктар выдавецтва ня мог паверыць сваёй удачы. -- Гэта сэнсацыя, які падарунак да юбілею -- мы неадкладна надрукуем!
-- Баюся, гэта будзе няпроста, -- разьвёў рукамі паэт. -- Я пакінуў тыя аркушы ў доме над возерам. Гэта быў адзіны асобнік – не забывайце, тады яшчэ не прыдумалі пэрсанальныя кампутары. Я даўно ня быў у тых мясьцінах і нават ня ведаю, ці ацалела сама хата.
-- Мы зараз жа пашлем туды каго-небудзь! – дырэктар націснуў кнопку і на экране ўзьнікла сетка выдавецкіх офісаў.
Частка 3
Далей падзеі разгортваліся хутка і нечакана. Дырэктар папрасіў зайсьці да сябе маладога праграміста дэпартамэнту электроннага рэдагаваньня – у выдавецтве экспэрымэнтавалі з новым кампутарным забесьпячэньнем, якое, як меркавалася, магло істотна зьмяніць характар рэдактарскай і нават пісьменьніцкай працы.
Той адкрыў у Інтэрнэце карту Google і праз спадарожнік яны хутка знайшлі возера, павялічылі карцінку – дом стаяў на тым самым месцы, нават вокны былі цэлыя і ў іх адбівалася халоднае зімовае сонца. Але да яго не вяла ніводная дарога ці сьцяжына – на дзесяткі кілямэтраў навокал усё зарасло лесам, які патанаў у сьнезе. Цяпер гэта быў цэнтар запаведніку і рухацца там дазволена было толькі на конях.
-- Часу няма – што рабіць, што рабіць? – у адчаі ўсклікнуў дырэктар.
– Як называўся Ваш твор? – спытаўся праграміст, які дагэтуль моўчкі глядзеў на паэта, якога ведаў са школьных падручнікаў.
Паэт уздыхнуў.
-- Я казаў, гэта было трызьненьне, -- “Адзін дзень у БССР”... Па-мойму, гэта азначае “Белая Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка”. Вы мусіце лепш памятаць з падручнікаў гісторыі, як меліся назваць тую байструкаватую краіну, калі спрабавалі аднавіць імпэрыю пасьля распаду. Здаецца, у плянах было стварэньне некалькіх дзесяткаў такіх аўтаноміяў, але хваля жоўтага сыфілісу зжэрла тады большасьць цэнтральных правадыроў, рэшта перастраляла адно аднаго ці ўцякла за акіян. Ну, а ўлада, якая прыйшла з Глыбокага Усходу і спынілася на нашай мяжы, як мы ведаем, больш цікавілася конегадоўляй і зборам спрадвечнай мыты з новых земляў, чым геаграфічнымі ўтопіямі...
-- Калі Вы ня супраць, мы маглі б паглядзець, што з тым загалоўкам можа зрабіць рэдактарская праграма рэканструкцыі, – сказаў праграміст. І патлумачыў: -- Як у палеанталёгіі можна аднавіць шкілет дыназаўра і нават ягоныя магчымыя паводзіны паводле адной косткі, гэтак і наша праграма паспрабуе рэканструяваць увесь тэкст паводле яго фрагмэнту. У вас толькі адно базавае слова, але гэта абрэвіятура, да таго ж сэмантычна нагружаная, і можа атрымацца нешта цікавае.
Паэт быў ня супраць, а для дырэктара гэта быў апошні шанец.
Частка 4
Праграміст вярнуўся ў свой офіс і загрузіў назву ў працэсар. Першы запуск праграмы ня даў выніку. Дакладней, вынік быў, але ня той. Кампутар не аднавіў уяўны тэкст, а адразу зрабіў яго аналіз, рэдактарскія заўвагі, крытычны разбор твору, якога не было.
І гэтую рэцэнзію нельга было назваць спрыяльнай.
“Аўтар ня ведае, як называецца краіна, якую ён апісвае, і ўжывае тэрміны “Паўн.-Зах. Край”, “ССРБ”, “Белліт”, БССР”, “РБ”, а таксама штучныя сынонімы “Усходняя”, “Заходняя” , “Крэсы”, “Гебітскамісарыят” і “Саюзн. Дзярж”.
Адсутнічае матывацыя паводзінаў дзеючых асобаў – напрыклад, першы прэзыдэнт канчае жыцьцё самагубствам, пры гэтым не тлумачыцца, чаму гэта адбываецца ў вар”ятні, а тэрмін апошняга ніколі не сканчаецца, хаця яго паводзіны падпадаюць пад дыягназ “мазаічная псыхапатыя”.
Аўтар стварае фантасмагарычны “Саюз Вызваленьня”, піша, што насамрэч яго не існавала, і тым ня менш 108 чалавек арыштаваныя, прызнаюцца ў злачынстве і высылаюцца з краіны. Такім чынам аўтар спачатку прыдумляе арганізацыю, якой не было, затым карае герояў за сяброўства ў ёй, і пасьля сьцьвярджае, што праз паўстагодзьдзя прыдуманая ім дзяржава раптам праводзіць рэабілітацыю і абвяшчае іх невінаватымі. Узровень сэнсавай энтропіі павялічваецца спасылкай, што частка асуджаных не падлягала рэабілітацыі.
Нематываваным зьяўляецца сьцьверджаньне, што 22 паэты і празаікі былі расстраляныя за адзін дзень, чаго ніколі не было ў гісторыі сусьветнай літаратуры. Ігнаруецца агульнавядомы факт, што менавіта ў той дзень нацыянальны паэт нумар 1 атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Паводле аўтара, аднак, ён сканчае самагубствам, прычым двойчы – спачатку ад нажа, потым кідаецца ў пралёт лесьвіцы ў замежным гатэлі.
У аўтара адсутнічае ня толькі гістарычнае, але й прасторавае мысьленьне. Тэрыторыя краіны спачатку абразаецца да лапіка, потым павялічваецца на дзьве вобласьці, затым палова краіны аддаецца суседняй дзяржаве, і гэтая кройка працягваецца, аж пакуль гістарычная сталіца не становіцца сталіцай суседняй дзяржавы. Відавочна, што пасьля такога падзелу ніякая краіна не змагла б існаваць на мапах сьвету.
Аўтар ужывае словы, значэньня якіх ня ведае. Так, тэрмін “мэліярацыя (“паляпшэньне”) у тэксьце азначае зьнішчэньне азёраў, выпростваньне рэчак, капаньне тупіковых каналаў і выветрываньне глебы ў месцы, якое ахоўваецца як “лёгкія Эўропы”.
У апісаньні штучна прыдуманай сусьветнай вайны робіцца адвольны допуск, быццам нацыя падзялілася на дзьве часткі і пачала грамадзянскую вайну. Такія нацыі не жывуць і не выжываюць.
Аўтар апісвае судовыя працэсы над дыякрытычным знакам (Ь) і зьмяшчае фота помніка адзінай літары (Ў), якая ацалела ад нацыянальнай мовы, што зьяўляецца пазасыстэмнай неімавернасьцю.
Назва зёлкі “чарнобыль” азначае ў аўтара не палын (аrtemisia absinthium), а апакаліпсіс, калі ўлады сьвядома саджаюць радыеактыўны воблака на выбаршчыкаў, бацькі пояць дзяцей малаком са стронцыем, а падаткаплатнікі самі вяртаюцца на сьмяротныя тэрыторыі і жывуць там без электрычнасьці, мэдычнай дапамогі й Інтэрнэту.
Найноўшы пэрыяд гісторыі характарызуецца ростам абсурду – краіна атрымлівае незалежнасьць, але тыя, хто яе дамагаліся, абвяшчаюцца здраднікамі і зьяжджаюць у эміграцыю, бясьсьледна зьнікаюць вядомыя асобыя, людзей арыштоўваюць, калі яны мірна ідуць па вуліцы. Цалкам неверагоднай выглядае сцэна, у якой адзін зь герояў, былы паплечнік кіраўніка дзяржавы і рэктар унівэрсытэту, зь якога выключаюць студэнтаў за любоў да радзімы, адмаўляецца выйсьці з турмы, каб разам з хворай жонкай выехаць на свабоду.”
Рэцэнзія сканчалася жорсткай высновай:
“Аўтар дэманструе поўнае няведаньне ня толькі фактаў, але й законаў гісторыі, філязофіі, эканомікі, мовазнаўства, юрыспрудэнцыі, фізыкі, экалёгіі, земляробства, мэтэаралёгіі, геаграфіі, батанікі і псыхалёгіі. Адсутнічаюць элемэнтарныя лягічныя сувязі, супярэчныя заявы суседнічаюць у межах аднаго сказу, прагнозны каэфіцыент тэксту роўны нулю. Агульны ўзровень імавернасьці паводле рэдактарскай 100-бальнай шкалы знаходзіцца ніжэй нуля.”
Апошні сказ кампутарнага рэцэнзэнта быў самы загадкавы:
“Структурна-сэмантычны аналіз твору не падпадае ні пад адну з кваліфікацыяў базавага рэцэнзійнага тэзаўрусу і можа быць апісаны толькі ў экстралінгвістычнай кваліфікацыі як сада-мазахісцкія трызьненьні графамана альбо асымэтрычныя нататкі на стужцы Мёбіюса.”
Частка 5
Праграміст у адчаі глядзеў на вынік – яго нельга было паказваць ні аўтару, ні дырэктару. І тады ён зрабіў апошняе, што заставалася – загрузіў тэкст самой рэцэнзіі ў кампутар, вывеў на нуль індыкатар эмацыйнасьці, да максымуму павялічыў кантэкстуальна-сыстэмны дыяпазон і ўключыў праграму інтэлектуальнай рэканструкцыі зьместу яшчэ раз.
Нелінейныя працэсары запрацавалі з поўнай нагрузкай, за мілісэкунды перапрацоўваліся гігабайты інфармацыі, варыянты супастаўляліся, удакладняліся, трансфармаваліся, каб пасьля выліцца ў чытэльны дыскрэтны тэкст.
Праграміст дасядзеў да канца працоўнага дня, але тэксту ўсё не было. Ён паставіў выдавецкі комплекс на аўтаматычны рэжым і сышоў.
Назаўтра была субота, затым нядзеля, ніхто ў выдавецтва не заходзіў, а ў панядзелак, калі прыйшлі на працу, на пераплётным стале выдавецкага аўтаматызаванага канвэеру ляжала гатовая кніга. Зацягнуты у барвова-зялёны каленкор том насіў дзіўны назоў “Уся БССР”.
Праграміст запакаваў яго ў канвэрт і адправіў на адрас нацыянальнага конкурсу.
Частка 6
Сябры журы перачыталі дзесяткі твораў, сярод якіх былі манаграфіі й паэмы, прысьвечаныя розным старонкам 90-гадовай гісторыі рэспублікі, але унівэрсальнае энцыкляпэдычнае выданьне “Уся БНР” ад пачатку было фаварытам.
Энцыкляпэдыя “Уся БССР“, якая прыйшла па пошце ў апошні дзень конкурсу, напачатку выклікала рогат. Кніга стракацела героямі, якія атрымлівалі гэтае званьне “за датэрміновае ўкараненьне перадавога вопыту”, “за атрыманьне высокіх ураджаеў кок-сагызу”, але больш за ўсё чамусьці “за павелічэньне вытворчасьці прадуктаў жывёлагадоўлі”.
Другую папулярную катэгорыю складалі “вэтэраны” -- партыі, вайны, працы і нейкіх “органаў”, “заслужаныя палярнікі” і “члены й кандыдаты ў члены Бюро” – апошняе слова заўжды пісалася зь вялікай літары. Далей ішлі майстры спорту і машыннага даеньня, ганаровыя піянэры і народныя пісьменьнікі.
Але менавіта пісьменьнікі зьмянілі настрой журы. Назвы твораў гучалі ўхіліста-абстрактна: “У змаганьні гартаваліся”, “Калі зьліваюцца рэкі”, “Скрозь жывуць людзі” і належалі да загадкавага “мэтаду сацрэалізму”. Што гэта такое, ясьней ня стала нават калі сябры журы адкрылі том на адпаведнай старонцы.
Энцыкляпэдыйны артыкул тлумачыў, быццам гэты мэтад ”склаўся ў эпоху рэв. сацыяліст. пераўтварэньняў і стаў новым тыпам маст.сьвядомасьці, у аснове якой ляжыць канцэпцыя рэв.-дзейснага, сацыяліст. гуманізму, цесная сувязь жыцьцём народу, пафас барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту, палымяная мара аб шчасьлівай будучыні, шчырасьць, прастата, праўдзівасьць.”
Энцыкляпэдыя скрозь трымалася адной строгай сыстэмы і аднаўляла альтэрнатыўную гісторыю са страхавітай пераканаўчасьцю. Том рабіў настолькі моцнае ўражаньне, што сябры журы, калі адкрывалі яго, адчувалі сябе ніякавата і трывожна.
“Уся БССР” выйшла ў фінал.
Два папярэднія абмеркаваньні далі нечаканы вынік -- галасы дзяліліся напалам, і адзін удзельнік устрымліваўся. Нечаканасьць палягала ў тым, што паміж галасаваньнем сябры журы памянялі свае прыхільнасьці – тыя, хто спачатку аддаў голас за “БНР”, другі раз галасаваў за “БССР”, і наадварот.
Толькі стары паэт не абвяшчаў свайго рашэньня.
Частка 7
Апошняе, вырашальнае галасаваньне было прызначана на поўнач 25 сакавіка. Яно было тайным і адначасна публічным. Месца было адмыслова абранае, каб ніхто ня мог паўплываць на вынік – дах самага высокага будынку сталіцы, Мэдыя-вежы. Але ўся працэдура трансьлявалася празь Інтэрнэт.
Агні на сталічных вуліцах былі прыглушаныя, толькі адкрытая пляцоўка на вяршыні вежы была ярка асьветленая промнямі пражэктараў. У небе кружылі некалькі гэлікоптэраў з тэлевізійнымі апэратарамі; на даху, апроч сяброў журы, нікога не было.
Вежавы звон ударыў першы раз.
Сябры журы мусілі апусьціць шар – белы за “Усю БНР” і чырвоны за “Усю БССР” у адмысловую лейку вакуумнай сьпіралі, якая закручвалася як лічба дзевяць, даходзіла да зямлі і затым раструбам глядзела ў неба. Паводле разьлікаў, шар пралятаў шлях да зямлі за 7 сэкундаў і за гэты час разганяўся да хуткасьці 11,2 км за сэкунду, дастатковай для пераадоленьня зямнога прыцяжэньня. Шары павінны былі вылецець са сьпіралі і выбухнуць у небе над горадам агнём сьвяточнага фэервэрку.
З кожным ударам звону сябар журы падыходзіў да лейкі і апускаў свой шар. Шосты ўдар адбыўся ў цішыні, сёмы таксама.
Восьмы ўдар толькі пачаў скаланаць паветра, калі на ноце найвышэйшага “Сі” над Мэдыя-вежай выбухнуў бліскучым белым агнём першы шар -- “БНР”!... Праз сэкунду неба загарэлася пунсовым полымем другога выбуху – “БССР”!..
Дзесятая сэкунда ізноў асьляпіла сталіцу празрыстым сьнежным агнём, адзінаццаты ўдар заліў ўсё неба чырвонай фарбай – “БНР”!.. “БССР”!..
Дванаццаты ўдар, апошняя сэкунда 90-га году рэспублікі, ужо напаўняў паветра, калі раптам на экранах тэлевізараў, на маніторах кампутараў узьніклі дзіўныя кадры.
...Салдаты ў цёмных шлемах, са шчытамі і дубінкамі атакавалі цывільных зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Цэнтральныя вуліцы былі перакрытыя машынамі з вадзянымі гарматамі, на дахах сядзелі снайпэры, дэманстранты, стаўшы колам, абаранялі прамоўцу зь мэгафонам, ён аблізваў губы ў крыві, салдат біў нейкую дзяўчыну ў твар, у аўтобус закідвалі целы падлеткаў, дэманстранты зрывалі са слупа велізарны партрэт вусатага чалавека...
Самым дзіўным было тое, што хаця ўся краіна бачыла гэтыя кадры, і яны цягнуліся амаль бясконца, з усё новымі ракурсамі і падрабязнасьцямі, насамрэч дванаццаты ўдар вежавага звону яшчэ не адгучаў і апошні шар ня вылецеў у неба.
Карцінка зьнікла гэтаксама раптоўна як і зьвілася, і на экранах і маніторах узьнік дах Мэдыя-вежы і разгубленыя твары сяброў журы.
Яны трывожна глядзелі адзін на аднаго і ў цёмнае неба – калі апэратар з гэлікоптэра даў панарамны плян, стала відаць, што на агароджанай пляцоўцы знаходзяцца чатыры чалавекі.
Пятага не было.
Частка 8
Мільёны тэлегледачоў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі так і не зразумелі, што за дзіўныя кадры перабілі вяшчаньне Адзінага каналу, чаму раптам дыктар і рэпартэры загаварылі на забытай мове, што за сьвята бурліла на вуліцах, чаму неба над горадам было заліта бел-чырвона-белым сьвятлом.
Перадача «Супэр-лато – наша ўсё!» аднавілася пасьля карацейшага за маланку збою, і толькі дзіўнае зьзяньне, як срэбны сьлед, долю сэкунды вісела ў паветры.
Наступнай раніцай у паліцэйскім рапарце было пазначана, што на цэнтральнай плошчы сталіцы быў знойдзены чалавек без дакумэнтаў, з траўмай, характэрнай для падзеньня з высокага паверху, хаця ніякіх вышынных будынкаў побач не было, які на ўсе пытаньні адказаў толькі, што ён – пяты, і ўсё магло быць іначай, пасьля чаго невядомы сканаў.
Пры ім быў знойдзены аркуш паперы з тэкстам, які пачынаўся наступным чынам:
“...Крылаты вершнік ляцеў над сталіцай і мантыя вілася агнём, сьляпіла птушак і асьвятляла чарапіцу старых дахаў, успыхвала на крыжах касьцёлаў і цэркваў, запальвала залаты арнамэнт сінагог і паўмесяцы над мячэтамі, драбілася ў прызмах хмарачосаў на мірыяды промняў, і Аurora Borealis -- Паўночная зьзяньне замкнула небасхіл над краінай у адзін дыямантавы выбух.
Пачаўся першы дзень 91-га году Беларускай Народнай Рэспублікі…»