Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: арышты і штрафы актывістам


Тром віцебскім сябрам КХП БНФ прысуджаныя арышты, дзьве актывісткі-пэнсіянэркі пакараныя штрафамі.


Паводле пастановы судзьдзі Кастрычніцкага райсуду Ірыны Смаляковай, сябры КХП БНФ Ян Таўпыга і Алесь Пазьняк арыштаваныя на 8 сутак.

Хлопцы выйшлі сёньня а другой дня на Плошчу Волі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Міліцыянты затрымалі іх літаральна праз 5 хвілінаў. У пастарунку на актывістаў склалі пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

Некалькі гадзін таму ў Кастрычніцкім райсудзе разглядалася справа сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленкі, таксама затрыманага зь бел-чырвона-белым сьцягам. Судзьдзя Ірына Смалякова прысудзіла яму 10 сутак арышту.

Сяргей Каваленка, Ян Таўпыга і Алесь Пазьняк зьмешчаныя ў ізалатар часовага ўтрыманьня.

Алене Залескай прысуджаны штраф памерам 700 тысяч рублёў за тое, што яна выйшла ў цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белым шалікам на шыі. Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Раман Дзягода расцаніў гэта як несанкцыянаваную вулічную акцыю.

Удзельніцай недазволенай акцыі прызнаная таксама й Антаніна Піванос, якая стаяла побач з Аленай Залескай, трымаючы ў руках белы ручнік, на якім чырвонымі ніткамі была вышыта малітва “Ойча наш”. Спадарыню Піванос суд аштрафаваў на 70 тысяч беларускіх рублёў.

Ручнік быў канфіскаваны міліцыянтамі, якія затрымлівалі актывістак, і далучаны да матэрыялаў справы. Бел-чырвона-белы шалік Алены Залескай таксама, прычым яго гвалтам адбіралі ў 75-гадовай спадарыні трое міліцыянтаў.

Барыс Хамайда, таксама затрыманы сёньня за тое, што быў у чырвон-белым шаліку, запатрабаваў, каб судовы працэс альбо вёўся па-беларуску, альбо каб яму прадаставілі перакладчыка, бо ён не заўсёды разумее пытаньні судзьдзі. Хадайніцтва апазыцыянэра суд задаволіў, і працэс з удзелам перакладчыка будзе працягнуты 1 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG