Асуджаныя — Юрась Жылко, Павал Красоўскі, Юрась Сілкін. Яны, а таксама Аляксандар Камароўскі, правялі мінулую ноч у мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня.
Міліцыянты затрымалі іх напярэдадні на вулічнай акцыі, прымеркаванай да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. У нядзелю больш як 50 чалавек прайшлі ў калёне ад гарадзкога парку да стэлы “Героі жывуць вечна”. Пра хаду акцыі і затрыманьні гаворыць яе ўдзельнік — грамадзкі актывіст зь Менску Вячаслаў Сіўчык:
“Гэта была вельмі добрая акцыя. Асноўная колькасьць удзельнікаў — моладзь. Гэта дае добрую надзею на будучыню. Былі бел-чырвона-белыя сьцягі. Таксама былі сьцягі Эўразьвязу. Хапала і бел-чырвона-белых балёнікаў і кветак. Ва ўсіх панаваў сьвяточны настрой. Арышты пачаліся пасьля акцыі. Мяне ўразіла рэпліка аднаго з тутэйшых. Ён сказаў: “Тут жа міліцыі больш, чым апазыцыі...”
Вячаслаў Сіўчык лічыць, што арганізаваць сьвяткаваньне Дня Волі ў Жодзіне дапамагло аб’яднаньне суполак палітычных партыяў і рухаў у адну кааліцыю:
“Як я ведаю, апошняя вулічная акцыя такога фармату ў Жодзіне адбывалася ў 2001 годзе. І вельмі добра, што гэтым разам сябры апазыцыі аб’ядналіся. Усе яны — сапраўдныя патрыёты Беларусі, і вельмі добра, што яны дзейнічаюць”.
Пра арганізатараў Дня Волі ў Жодзіне расказвае грамадзкі актывіст Аляксандар Ваўчанін:
“Аляксандар Камароўскі — старшыня мясцовага аддзяленьня інвалідаў-аўганцаў, падпалкоўнік запасу. Юрась Сілкін — старшыня Жодзінскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Паўла Красоўскага ў Жодзіне ўсе ведаюць, бо ён — кіраўнік мясцовай арганізацыі “Маладога фронту”. Юрась Жылко — новы чалавек у апазыцыі, сябра руху “За свабоду”.