Касацыйная скарга маці Жалезьнічэнкі на рашэньне судзьдзі Савецкага раёну Гомеля Юрыя Жорава, які прызнаў абгрунтаваным накіраваньне на службу Зьмітра Жалезьнічэнкі, адхілена.
Ала Жалезьнічэнка ад імя сына падавала позву ў раённы ў суд на неправамерныя дзеяньні гарадзкой прызыўной камісіі. Пасьля паўторнага адлічэньня Зьмітра з Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны камісія ў сьпешным парадку прызвала яго ў войска на тэрміновую службу.
На час прызыву Зьміцер праходзіў лячэньне ад артэрыяльнай гіпэртэнзіі. Ён падаў у камісію копію мэдычнай даведкі. З прычыны лячэньня Зьміцер меў права на адтэрміноўку. Да таго ж ён не пасьпеў нават абскардзіць сваё паўторнае адлічэньне з унівэрсытэту.
Раённы суд, аднак, не ўзяў пад увагу згаданыя абставіны, спаслаўшыся на паказаньні ўрача прызыўной камісіі А. Астрацова. Паводле яго, камісія зрабіла выснову, што падвышаны ціск у прызыўніка Жалезьнічэнкі “выкліканы ўзбуджаным станам, адлічэньнем з унівэрсытэту”.
Пазьней вайсковы мэдычны цэнтр нібыта не пацьвердзіў дыягназ пра артэрыяльную гіпэртэнзыю.
У абласным судзе Ала Жалезьнічэнка патлумачыла, што прызыўной камісіі яе сын пакінуў адмысловую заяву пра стан здароўя з копіяй мэдычнай даведкі. У вайсковым жа мэдычным цэнтры ў Менску Зьміцер знаходзіўся адны суткі -- пасьля таго, як у вайсковай частцы прымаў лекі ад ціску.
Абласны суд тлумачэньні маці Жалезьнічэнкі не палічыў слушнымі і адхіліў касацыйную скаргу.
Такім чынам з сёньняшняга дня рашэньне раённага суду наконт абгрунтаванасьці прызыву Зьмітра Жалезьнічэнкі на тэрміновую службу набыло юрыдычную моц. Былому студэнту-выдатніку давядзецца служыць у войску паўтара году, калі толькі ягоная справа наконт прызыву ня будзе адменена Вярхоўным судом.