Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ня ўбачыў абразы Жалезьнічэнкі


Сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Мікалай Крупадзёраў адхіліў пазоў маці Зьмітра Жалезьнічэнкі супраць рэдакцыі абласной газэты “Гомельская праўда” аб абароне гонару й годнасьці яе сына.


Гаворыць Ала Жалезьнічэнка:

“Суд адмовіў — гэта ўжо стала звыклым. Лічу, што ўсё было даказана: карэспандэнт сказіла факты, абразіла майго сына. На жаль, у судзе ў нас вельмі складана чагосьці дамагчыся. Суд чамусьці ўлічыў толькі меркаваньне боку, які, як атрымліваецца, абвінавачвае й абражае”.

Ала Жалезьнічэнка праз суд спрабавала абвергнуць зьвесткі пра сына Зьмітра, пададзеныя 9 лютага ў “Гомельскай праўдзе” ў артыкуле за подпісам Ю.Чарот “Не хочу в солдаты, хочу в “демократы”.

У прыватнасьці, там гаварылася, што ад Змітра “можна чакаць чаго заўгодна”, што “прызыўнік хітрыў: відаць, што не зьбіраўся выконваць загады ні на якай мове”, што “ганебны вобраз “чалавека, які закасіў ад войска”, ніяк не стасуецца з ідэямі, якія дэкляруюць “дэмакраты”.

У судзе Ала Жалезьнічэнка тлумачыла, што артыкул аднабокі, тэндэнцыйны. Ні зь яе сынам Зьмітром, ні зь ёю ніхто з супрацоўнікаў “Гомельскай праўды” ня гутарыў.

Акрамя абвяржэньня непраўдзівых фактаў і выбачэньня перад сям’ёю, Ала Жалезьнічэнка запатрабавала спагнаць з рэдакцыі й аўтара публікацыі 1 мільён рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Супрацоўніца “Гомельскай праўды” Алена Аленчанка (яна падала ў суд даведку з рэдакцыі, што зьяўляецца аўтаркай публікацыі) прэтэнзіяў да газэты не прызнала. Патлумачыла, што звароты ў Міністэрства абароны й Канстытуцыйны суд “пацьвярджаюць нежаданьне Зьмітра служыць у войску”.

Патрабаваньне прызыўніка служыць у вайсковай частцы, дзе загады аддаюцца па-беларуску, карэспандэнтка назвала “ўшчамленьнем прадстаўнікоў камандаваньня”, паколькі ў краіне існуе дзьвюхмоўе.

У адмове Зьмітра Жалезьнічэнкі прымаць вайсковую прысягу прадстаўніца “Гомельскай праўды” бачыць нежаданьне “выконваць загады ні на якай мове”.

У вусным камэнтары да рашэньня судзьдзя зьвярнуў увагу толькі на слова “косить”, параіўшы прадстаўніцы “Гомельскай праўды” пісаць больш карэктна.

Адразу ж пасьля абвяшчэньня адмовы ў пазове да газэты Ала Жалезьнічэнка напісала папярэднюю касацыйную заяву ў абласны суд, у якой выказала нязгоду з рашэньнем судзьдзі Мікалая Крупадзёрава.

Нагадаем, што сын Алы Жалезьнічэнкі, студэнт-выдатнік і грамадзкі актывіст Зьміцер быў у студзені паўторна адлічаны з трэцяга курсу матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржунівэрсітэту імя Ф. Скарыны і тэрмінова прызваны ў армію. Ужо амаль два месяцы ён служыць у Жлобіне у транспартных войсках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG