Актывіст апазыцыі цяпер служыць у частцы чыгуначных войск у Жлобіне. Ня выключана, што праз тры месяцы колькасьць прызваных у войска апазыцыянэраў павялічыцца. Некалькі адлічаных студэнтаў ужо атрымалі позвы ў ваенкамат.
Скаргу былога студэнта, цяпер шарагоўца чыгуначных войск Зьмітра Жалезьнічэнкі, разгледзіць судзьдзя Жана Андрэйчык. Зьміцер Жалезьнічэнка абскарджвае паўторнае адлічэньне з Гомельскага ўнівэрсытэту. Першы раз яго адлічылі летась ў сьнежні, потым аднавілі, але ў пачатку году зноў адлічылі і праз некалькі дзён ужо прызвалі ў войска. Як служыцца салдату?
Жлобінскі актывіст Марат Афанасьеў ужо тройчы наведваў Зьмітра ў войску. Кажа, у таго без асаблівых зьмен: працаваць кінамэханікам яго, як абяцалі, пакуль не прызначылі, юнак прызвычайваецца да вайсковых парадкаў сам, і да яго прызвычайваюцца:
“Ён быў у нармальным настроі. Казаў, што працягвае дамагацца, каб яму аддавалі загады па-беларуску і сам размаўляе толькі па-беларуску. Казаў, будзе далей змагацца”.
Пасьля чарговага прызыву колькасьць апазыцыянэраў у беларускім войску можа павялічыцца. Днямі на мэдычную камісію Савецкага райваенкамату выклікалі моладзевых актывістаў Франака Вячорку і Антона Каліноўскага. Абодвух нядаўна адлічылі зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту нібыта за пропускі заняткаў. Актывісты тлумачаць пропускі тым, што былі арыштаваныя за апазыцыйную дзейнасьць. Я пазваніў выканаўцу абавязкаў ваенкома Савецкага раёну Менску Ўладзімеру Яцыне, каб спраўдзіць гэтыя зьвесткі. Вось фрагмэнт нашай гутаркі:
“Любы, каго адлічаць з унівэрсытэту, выклікаецца на мэдкамісію, калі яму прыйшоў час служыць ў войску.”
Карэспандэнт: “Але чаму так хутка? Літаральна прайшло некалькі дзён, і ўжо павесткі даслалі”.
“Вы законы нашы пачытайце”.
Карэспандэнт: “Яны кажуць, што выклікалі на сёньня прызыўнікоў з прозьвішчамі на літары “В” і “К” – якраз іх літары”.
“Прычым тут літары?!”
Карэспандэнт: “А шмат прызыўнікоў выклікалі разам зь імі?”
“Гэта не абмяркоўваецца”.
Карэспандэнт: “Хаця б скажыце: яны не адны?”
“Не, канешне. Ідзе падрыхтоўка да плянавага прызыву ва Узброеныя сілы, паводле закону.”
Як самі актывісты камэнтуюць тое, што ў ваенкамат выклікалі хлопцаў толькі на іх літары “В” і “К”? Франак Вячорка:
“Вядома, што могуць выклікаць па некалькіх літараў, але нейкая дзіўная падборка літараў. Яна супярэчыць правілам альфабэту. Калі гэта супадзеньне, то вельмі жорсткае”.
Паводле падпалкоўніка Яцыны, калі прызыўнікі Вячорка і Каліноўскі будуць прызнаныя годнымі для службы паводле стану здароўя, у войска іх прызавуць улетку.