Карэспандэнт: Пасьля ад’езду зь Менску Вы ў Брусэлі сустракаліся з прадстаўнікамі кіраўніцтва Эўразьвязу. У чым падабенства і ў чым адрозьненьне палітыкі ЗША і Эўразьвязу што да Беларусі? Якія крокі могуць зрабіць краіны Эўразьвязу ў падтрымку свайго амэрыканскага саюзьніка ў амэрыканска-беларускім дыпляматычным канфлікце?
Ст'юарт: Я спынілася ў Брусэлі па дарозе дадому менавіта таму, што мы вельмі шчыльна каардынуем нашу палітыку з палітыкай Эўразьвязу. І гэта была магчымасьць і мне, і намесьніку памочніка дзяржсакратара спадару Крэймэру спаткацца з прадстаўнікамі Зьвязу.
Падчас нашых сустрэчаў была падкрэсьленая агульная мэта, каб у Беларусі паважаліся правы чалавека і выконваліся дэмакратычныя стандарты. Мы падзяляем і больш канкрэтную мэту – вызваленьне спадара Казуліна, як апошняга зь міжнародна прызнаных палітычных вязьняў. Гэта ўсё было пацьвержана.
Краіны-сябры Зьвязу таксама выказалі заклапочанасьць у сувязі за ростам ціску на мяне і на нашае пасольства з боку беларускіх уладаў. Эўразьвяз распрацоўвае свае падыходы, каб данесьці гэтую сваю заклапочанасьць да беларускіх уладаў. Мы, ЗША – адна краіна, а Эўразьвяз – гэта саюз краінаў, і безумоўна ёсьць пэўныя разыходжаньні ў тактыцы. Але нашы пазыцыі застаюцца вельмі блізкія і скаардынаваныя ў тым, што тычыцца стратэгічнага падыходу.
Карэспандэнт: Ужо пасьля Вашага ад’езду зь Менску была агучаная настойлівая рэкамэндацыя МЗС Беларусі скараціць пэрсанал пасольства ЗША ў Менску. Чым беларускі МЗС тлумачыць сваю рэкамэндацыю, наколькі істотнага скарачэньня пасольства дамагаецца? Якой будзе рэакцыя ЗША?
Ст'юарт: Мы імкнёмся высьветліць, чым яны абгрунтоўваюць гэтыя просьбы. Выглядае, што яны хочуць, каб наша пасольства мела роўна столькі ж супрацоўнікаў, колькі беларускае пасольства ў ЗША. Але мы ня лічым, што Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах вымагае гэткай роўнасьці. Так што мы працягваем абмяркоўваць іх просьбу.
Карэспандэнт: У сувязі з ад’ездам з Вашынгтону пасла Хвастова і Вашым ад’ездам зь Менску – ці захаваюць ЗША каналы сувязі з афіцыйным Менскам? Ці прадмета для размоваў наагул няма, пакуль Менск ня выканае ўмовы, якія сталі прычынай амэрыканскіх санкцый?
Ст'юарт: Мы заўсёды трымаем каналы камунікацыі адкрытымі. Але Вы маеце рацыю ў тым, што каб сапраўды палепшыць сытуацыю ў двухбаковых стасунках, яны мусяць выканаць абавязак вызваліць усіх палітычных вязьняў. Гэта істотна зьменіць атмасфэру двухбаковых адносінаў.
Поўны тэкст адказаў пасла ЗША на пытаньні "Свабоды" і слухачоў – пазьней на нашым сайце.