У МЗС Беларусі ўстрымліваюцца ад камэнтароў наконт матываў патрабаваньня скараціць штат пасольства ЗША. Прадстаўніца прэсавай службы МЗС Марыя Ваньшына толькі зазначыла, што гэта быў “чарговы напамін” кіраўніку амэрыканскай дыпляматычнай місіі.
Прадстаўнік пасольства ЗША, камэнтуючы сытуацыю, таксама быў вельмі нешматслоўны:
“У нас наконт гэтага толькі літаральна 2 фразы ёсьць: тое, што сапраўды ў Джонатана Мура была сустрэча ў МЗС, і што Вашынгтон зараз актыўна вывучае сытуацыю”.
Тым часам пасольства ЗША ў Менску працуе ў звычайным рэжыме, паведаміў ён.
Былы беларускі дыплямат Міхаіл Бацян у сувязі з канфліктам зазначае, што ніякага спэцыяльнага міжнароднага ці двухбаковага дакумэнту, які рэгуляваў бы колькасьць дыпляматаў у тых ці іншых краінах, няма. Часам існуюць неафіцыйныя двухбаковыя дамоўленасьці, часам дзейнічае прынцып парытэтнасьці, але ён не абавязковы, — перакананы былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў:
“Калі краіна маленькая, то яна ня можа дазволіць сабе мець шмат дыпляматаў, а калі ў вялікай краіны ёсьць вялікі штат у пасольстве, то гэта толькі на карысьць той краіне, дзе гэтая амбасада знаходзіцца. У дадзеным выпадку выстаўляюцца нейкія патрабаваньні, не адпаведныя Венскай канвэнцыі ці іншым дамоўленасьцям, а скіраваныя на працяг гэтага канфлікту”.
Андрэй Саньнікаў мае на ўвазе канфлікт вакол амэрыканскіх санкцыяў адносна канцэрну “Белнафтахім”.
“ЗША выразна далі зразумець, што былі пэўныя абяцаньні беларускага боку наконт вызваленьня палітвязьняў і канкрэтна Аляксандра Казуліна”.
Андрэй Саньнікаў лічыць, што ЗША ў гэтым канфлікце паводзяць сябе стрымана, і гэта дае магчымасьці для ўрэгуляваньня. Зацягваньне ж канфлікту можа нэгатыўна паўплываць на эканамічную сытуацыю ў Беларусі, мяркуе спадар Саньнікаў.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі перакананы, што ніякай “халоднай вайны” ў адносінах дзьвюх краін не назіраецца, гэта часовая сытуацыя, якая склалася вакол канкрэтнай кампаніі — “Белнафтахіму”:
“Гэта цалкам дапушчальныя дыпляматычныя прыёмы, якія дзяржава выкарыстоўвае з тым, каб неяк аднавіць пэўны статус-кво альбо знайсьці кампраміснае рашэньне ў праблемным пытаньні. І нічога болей”.
Анатоль Красуцкі зазначае, што ў Беларусі шмат кампаній з амэрыканскім капіталам, разьвіваецца двухбаковы гандаль, гуманітарныя сувязі, рэальна падставаў для разьвіцьця канфрантацыі няма.
Дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і ЗША ўзьнік пасьля таго, як ЗША ўвялі абмежавальныя захады датычна дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. Амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова адклікалі “для кансультацыяў”. Адначасна беларускія ўлады настойліва рэкамэндавалі паслу ЗША Карэн Ст’юарт таксама пакінуць Беларусь з аналягічнай мэтай, і 12 сакавіка яна выехала зь Беларусі.
13 сакавіка прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Кайл Скот заявіў, што санкцыі адносна “Белнафтахіму” накіраваныя ня супраць беларускага народу, а толькі супраць тых, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
“На самой справе мы спрабуем дапамагчы народу Беларусі скарыстаць ягоныя асноўныя свабоды. Мы зноў заклікаем улады Беларусі вызваліць Аляксандра Казуліна і тым самым спрыяць дыялёгу аб паляпшэньні дачыненьняў”, — заявіў, сярод іншага, прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Кайл Скот.