Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Трыгубовіч: “Кніга Івонкі Сурвілы для многіх будзе адкрыцьцём”


У сядзібе Партыі БНФ адбылася прэзэнтацыя кнігі ўспамінаў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы “Дарога. Стоўпцы. Капэнгаген. Парыж. Мадрыд. Атава. Менск”. Удзел у імпрэзе ўзялі людзі рознага веку, многія вядомыя ў краіне палітыкі, творцы і грамадзкія дзеячы.


Карэспандэнтка: “Назавіцеся, калі ласка”.

“Вадзім Канапацкі”.

Карэспандэнтка: “Ці ўжо бачылі кнігу, што можаце пра яе сказаць?”

“Толькі прагартаў, але мне было вельмі цікава. Тым больш што я сустракаўся з Івонкай Сурвілай. Гэта вельмі цікавы чалавек. І таму будзе вельмі цікава прачытаць яе ўспаміны. Бо ў яе вельмі багатае на падзеі жыцьцё, цесна зьвязаныя з гісторыяй Беларусі”.

Карэспандэнтка: “Беларускі літаратар Яўген Гучок. Што можаце сказаць вы?”

“Меў гонар займець гэтую кнігу. Цудоўная кніга і вельмі патрэбная. Каб паказаць, што наш дух жывы ня толькі тут, але й там. Там, магчыма, і больш праяўляецца. А адтуль нейкая энэргетыка будзе ісьці й да нас”.

Карэспандэнтка: “Сьпявачка, бардэса Тацяна Беланогая. Ці вы ўжо знаёмая з кнігай, ці толькі цяпер першы раз узялі яе ў рукі?”

“Толькі цяпер, але відаць, што мы толькі цяпер пачынаем выходзіць на такі ўзровень, што ў нас ёсьць і памяць, і гісторыя. І нельга ўжо будзе камусьці казаць, што ў вас нічога няма, што ўсё гэта прыдумана. І гэтая кніга ёсьць пацьверджаньнем – бярыце, чытайце”.

Карэспандэнтка: “Спадарыня Валянціна Трыгубовіч – пра кнігу, пра вечарыну”.

“Я вельмі радая, што адбылася гэтая вечарына. Са спадарыняй Сурвілай мы знаёмыя так даўно, што здаецца, усё жыцьцё. Гартаючы кнігу, я бачыла, што некаторыя рэчы яна падае вельмі сьцісла і далікатна. Напэўна, яна мяркуе, што яшчэ не надышоў той час, каб казаць пра іх больш адкрыта. Але для вельмі многіх людзей гэтая кніга стане адкрыцьцём асобы, адкрыцьцём таго факту, што Рада БНР жыве і працуе вельмі плённа”.

Карэспандэнтка: “Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Што вы можаце сказаць пра кнігу і пра саму вечарыну”.

“Кнігу я яшчэ толькі гартаў і скажу адразу, што мяне асабліва прывабілі здымкі. Яны вельмі рэдкія і для мяне надзвычай важкія. Бо гэта гісторыя ня толькі жыцьця спадарыні Сурвілы, але й гісторыя Беларусі. Вельмі радуюся, што гэтая кніга выйшла, вельмі радуюся, што атрымаў яе, і абавязкова буду чытаць. Рады самому факту выданьня гэтай кнігі і сёньняшняй вечарыне. Раней такога выданьня не было, а таму ўсіх таксама заахвочваю пачытаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG