Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэкропалі над Курчаўцамі


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.


Акурат напярэдадні маёй вандроўкі ў Курчаўцы Воранаўскага раёну Гарадзеншчыны вядомы археоляг Алег Трусаў пацьвердзіў старажытнае паходжаньне 10-мэтровага абэліску, што за 300 мэтраў ад ускраіны вёскі. У навукоўцаў зьявілася і гіпотэза адносна яго прызначэньня. Але да гістарычнай стэлы адразу дабрацца не ўдалося. Бо пасярод адзінай тут вуліцы мяне перастрэў натоўп мясцовых жыхароў.

Спадарства: “Мы ня раз думалі пісаць — хапае тут “гарачых ліній” і на ОНТ, і мясцовых… Горад глядзяць, а вёску апусьцілі, ніхто не паважае!.. Працоўных, хто ў калгасе робіць, за сабак трымаюць. Пайдзі да начальніка хоць аднаго — хіба ня ведаеце, ня тое самае ў вас?!.. Сотак на бульбу дагэтуль не далі — аніяк не тлумачаць!”

Купкі курчаўцаў з раніцы тоўпіліся ля аўталаўкі ды павозкі з малаказборшчыкам. Тым ня менш усе адразу знаёміцца не сьпяшаліся.

Карэспандэнт: “А вас як завуць?”

Спадарыня: “А ня трэба, потым жыцьця ня будзе — о! Заядуць-загрызуць тут!”

Спадар: “А мяне выганяць з калгасу…”

Карэспандэнт: “Думаеш, на 50 тысяч нейкага іншага знойдуць?”

Спадар: “Не, ніхто ня пойдзе! Страху няма велькага…”

Першым назваў сябе 36-гадовы Мар’ян Цэзік. 7 год працуе малаказборшчыкам. Мае чацьвёра дзяцей. Сума заробку ў 50—60 тысяч на месяц, якая зараз прагучала, — чыстая праўда, кажа Мар’ян.






Цэзік: “Усіх людзей многа — раней вазіў 700 літраў. А кармоў не даюць, людзі кароў пазбыліся — малака няма. Во, 100 літраў на ўсю вёску! Заўтра можа быць 80, пасьлязаўтра нуль. Эканоміш нешта — адзеньня ж ня купіш за гэтыя грошы…”

Тым часам да нас падкаціў грузавік, што адвозіць малако на завод. Зь яго вылазіць лябарантка СВК “Агра-Місявічы”, да якога далучаны Курчаўцы, спадарыня Тэрэса Гой. Вось яе тлумачэньне сытуацыі, у якой апынуліся амаль дзьве сотні жыхароў.

Гой: “Будзе малако даражэць — будуць людзі трымаць. Але насельніцтва ў большасьці старое. А цяжка з кармамі, то і ўсё. Калгас забясьпечвае, колькі належыць, а мо хочуць болей. Тоны тры, пэўна, даюць на стойлавы пэрыяд. Я ў гэтую справу не ўнікала…”

Пасьля апошніх слоў пэнсіянэрка Валянціна Дудко ды жанчына, якая назвалася Галінай, што пільна прыслухоўваліся да размовы, больш ня стрымлівалі эмоцыяў.






Дудко: “Тры з паловай тоны трэба на карову! Але сьціхнеце — яны тры не даюць! Саломы тае шкадуюць, а сьцірты на полі валяюцца! А цяпер не даюць нам касіць сена, калі пэнсіянэр каровы ня мае. А ён бы ў некага малака ўзяў — аддаў бы тое сена!”

Галіна: “Гэта яна думае, што тры тоны! Салому даюць па 3 цюкі па 300 кг — гэта толькі тона! Афіцыйна яны і соткі памераюць — 50, а як сваім мернікам, на пяць меней будзе. Мой трактарыст атрымаў 150 тысяч, я не працую, а сваю гаспадарку карміць трэба — ехаць у Ліду муку купляць. І так усім…”

У справядлівасьці апошніх словаў пераконваюся пры знаёмстве з 56-гадовым Вячаславам Рыдванам, які ў часе ўборачнай працуе трактарыстам. І з пэнсіянэрам, таксама былым трактарыстам Станіславам Куелем. Напружаньне ў натоўпе нарастае.

Рыдван: “Я купіў карову, калі дзялкі ўжо далі. Казаў замначальніцы ўчастку Вандзе Вацлаваўне, што куплю — не дала тае дзялкі! Дзіва, што людзі таго малака мала здаюць — летам яшчэ больш за сотню атрымаеш, а цяпер 50—60 тысяч у месяц! А пачак парашку колькі каштуе? А колькі ботаў парвеш, штаноў? Ніякай выгады няма!”

Куель: “Тутака езьдзіць начальства, і ўсё вакол пааралі, каб чыста было. Зараз пасеюць буракі, па бураках калгасных ня пойдзеш пасьвіць. Далі дзесьці 4 га, ну як 30 каровам цэлае лета пратрымацца?! Адну пашу далі — ані вады дзе піць. Забіваюць жыўцом! О, у брыгаду ідзі, зараз увесну будуць хадзіць, каменьне зьбіраць. То я пайду цягацца па полі за 20 тысяч у месяц?! Хочуць, каб не трымалі нічога, а толькі ішлі ў калгас за капейкі!”

Галіна: “О, мы нацярпеліся! Усё забралі нашае — тэхніку, трактары. Нашага старшыню Гоя Вячаслава Браніслававіча адправілі на павышэньне. А для рабочых няма работы! Для мяне няма — я працавала ў школе тэхнічкай. Школу скарацілі. Вёскі няма. У нас быў цэнтар, кантора, а цяпер у Місявічах!”

Неабходныя тлумачэньні. Яшчэ тры гады таму Курчаўцы былі цэнтрам заможнага калгасу імя Янкі Купалы. Потым, як і шмат дзе, яго злучылі з адсталай гаспадаркай у Місявічах, куды перанесьлі й цэнтар наваяўленага СВК “Агра-Місявічы”. “Нас загналі ў кут”, — ужо адкрыта кажуць мае суразмоўцы, жыхары Курчаўцаў розных узростаў.

Спадарства: “Ужо ў нас нічога не будуюць — мы чужыя, гультаі, нікчэмныя, другога гатунку!.. Калі даведку ці што выпісаць — цяпер чым 7 км дабірацца туды?!.. Асфальт думалі нам падправіць — дагэтуль не. Вадзічку думалі працягнуць у кожную хату, слупы не асьветленыя... Лукашэнка хай у наш калгас прыедзе, а то езьдзіць у багатыя калгасы!.. Я рабіла столькі год, на пэнсіі на буракі, на бульбу хадзіла. Новыя начальнікі забыліся, што абяцалі — мы г..м цяпер сталі!.. А вунь і наш шэф едзе!” (Шум машыны.)

Цяперашні старшыня СВК “Агра-Місявічы” спадар Бурнос, — убачыўшы, відаць, чалавека зь мікрафонам, — праяжджаў побач з намі яшчэ двойчы. Але на размову так і не спыніўся...

* * *






Я ля памянёнага старажытнага абэліску ля Курчаўцаў. Гэта квадратная ў аснове 10-мэтровая піраміда. Паводле археоляга Алега Трусава, час пабудовы прыпадае на 17—18 стагодзьдзе. Адна са старажылак расказала, што існуе легенда, быццам некалі на абэліску стаяў гадзіньнік, звон ад якога было чуваць па ўсім навакольлі. А яшчэ два такіх жа былі разбураныя.

Спадарыня: “Гадзіньнік быў усярэдзіне, ішоў…”

У якасьці найбольш верагоднай Трусаў прызнаў гіпотэзу, што гэта старажытны нэкропаль рэфармацкай плыні арыянаў, якая мела ў тыя часы ўплыў у Заходняй Беларусі. Расказвае адзін з аўтараў гіпотэзы — мясцовы краязнаўца Ўладзімір Круцікаў.

Круцікаў: “Выпадкова зайшлі ў кніжную краму, і натрапіў на альбом Напалеона Орды. І там такая ж піраміда. І напісана пад малюнкам, што гэта нэкропаль князя Аляксандра Пронскага, арыяніна па веравызнаньні. Гэта плынь, якая існавала ў тыя часы. Лічылі, што Ісус Хрыстос — проста божы чалавек. Адмаўлялі ўсялякія прывілеі ў той час, як рымска-каталіцкая і праваслаўная царквы выступалі, што шляхецтва ад бога даецца. А яны казалі, што ўсе людзі ад нараджэньня роўныя — сапраўды радыкальная, прагрэсіўная плынь. Былі іх абшчыны і ў Лоску, Іўі, Наваградку. Была Івейская арыянская акадэмія, у якой знакаміты вучоны Ян Ліцыній Намыслоўскі быў рэктарам. Вядома, у часы контррэфармацыі пасьля 1647 году былі зачынены ўсе друкарні арыян. Апошнім знакамітым арыянінам быў Казімір Лышчынскі, якога абвінавацілі ў атэізьме, спалілі на вогнішчы. Яны й практыкавалі пахаваньні ў чыстым полі, выстаўляючы высокія піраміды…”

Карэспандэнт: “А цяпер атрымалася — над цэлай вёскай…”

Круцікаў: “Так, так…”

Ужо знаёмыя былая прыбіральшчыца Галіна, а таксама спадары Рыдван ды Куель падыходзяць і зноў вяртаюць гаману да дня сёньняшняга. На пытаньне, ці засталося хоць што-небудзь ад параўнальна нядаўняга дабрабыту, усьміхаюцца.

Куель: “Каб вы раней прыехалі — тут і атрымлівалі, і сталовая была, садок. І хлеб пяклі, і крупы свае ячныя. Склад колькі год рабіў — усё гуло. Цяпер усё зачынена, працоўных няма. Раскрадзена, разабрана…”

Рыдван: “Клюб працуе — нармальны. Ёсьць дзе насы набіць адно аднаму…” (Сьмяецца.)

Як ні дзіўна, у 2006-м сельскі клюб у Курчаўцах на конкурсе, які абвясьціла Міністэрства культуры, быў прызнаны ў краіне “клюбам году”. Ён добра абсталяваны, мае якасную дыскатэчную апаратуру, што вырашае ўсе фінансавыя праблемы. Так што 19-гадовая акампаніятарка Надзя Зінчанка, якая тут пяты месяц, працу кідаць не зьбіраецца. Не распаўся і ансамбль песьні і танцу, які наведвае 27-гадовая Алена Федасевіч.






Зінчанка: “Спачатку падалося — усё ціха, забіта. А так народу шмат, бо ўсе беспрацоўныя. (Сьмяецца.) На дыскатэку зьбіраецца шмат народу — з Забалаці, Вавёркі, Васілішак, Радуні. На славе былога калгасу клюб выяжджае…”

Федасевіч: “Сьпяваем, танчым. Запрашаюць на сьвяты, мерапрыемствы. Платных выступаў мо тры ў месяц. Атрымліваем як калі — стол шыкоўны і сьціплы ганарар…”

Карэспандэнт: “Вы ў Курчаўцах адзіная рэнтабельная ўстанова, з чым і віншую…”

Зінчанка: “Так, дзякуй…”

Галіна: “Моладзь пабегла! І нам трэба ўцякаць — кажу, у другі калгас паедзем, невыносна тут! Мае дзеці абое — дзеўчыне 26, хлопцу 23 — уцяклі!”

Гэта быў ізноў цабэрак ледавой вады ад спадарыні Галіны. Пры выхадзе знаёмлюся з адным зь нешматлікіх тут маладых людзей — 27-гадовым беспрацоўным Вячаславам Валюкевічам, які працаваў калісьці на зачыненым зернескладзе.

Валюкевіч: “Хацеў бы працаваць. Але няма дзе, у калгасе за 20 тысяч камяні цягаць ня хочацца. Вырашаю, альбо ехаць на горад, альбо тут застацца. Канечне, шкада кідаць вёску, столькі год пражыўшы…”

Усё-ткі надзея згасае апошняй, у апошнія хвіліны вандроўкі ў Курчаўцах, кажа мне спадар Куель.

Куель: “Каб яны дапамагалі, у калгас, калі ёсьць здароўе, хоць пэнсіянэр, можна схадзіць і другі-трэці дзень на працу. Наша пажаданьне — часьцей прыяжджайце, дапамагайце нам!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG