Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь: жыцьцё без сэнсацыяў


Сэнсацыя – панятак з жыцьця грамадства, дзе большасьць насельнікаў аб’яднаная нейкім агульным чаканьнем магчымых наступстваў пэўнай падзеі. Нашым журналістам не пазайздросьціш: інфармацыйныя нагоды – усё больш дробнага характару.


На Беларусі вялікіх сэнсацыяў – напрыклад, палітычнага фармату – ня можа быць у прынцыпе, таму што мы, як невялікая і несамадастатковая краіна, як шмат іншых, ня можам прымаць абсалютна незалежных рашэньняў або чакаць неардынарных крокаў з боку нашых міжнародных партнэраў. Мікраінтарэсы вялікіх і большых становяцца макраінтарэсамі малых і меншых. Гэта і пра нас.

Вось журналісты варожаць: пра што гаварыў беларускі міністар замежных справаў зь нямецкімі чыноўнікамі ў Бэрліне і ці паедзе Лукашэнка ў Іванава-Франкоўск на “балта-чарнаморскую” нараду? Сэнсацыяў тут быць ня можа.

Спачатку пра Бэрлін і Эўразьвяз. Нічога такога сакрамэнтальна новага Бэрлін Мартынаву сказаць ня можа, бо нямецкі бок у адносінах да Беларусі не зусім самастойны. Нямеччына, хоць і ёсьць сэрцам і галоўным рухавіком Эўразьвязу, аднак не вырашае адна без сваіх хаўрусьнікаў ні праблему прэфэрэнцыяў, ні візаў, ні ўплыву на ЗША ў пытаньнях арышту беларускіх рахункаў, ні тым больш нейкіх больш важных пытаньняў. Можна толькі з усьмешкай узгадваць, як гады тры назад Мікола Статкевіч, ініцыятар праекту “Эўрапейская ініцыятыва”, уголас заяўляў пра тое, што канцлер Шрэдэр плянаваў ініцыяваць прыём Беларусі ў Эўразьвяз. Несвабодная Нямеччына ў сваіх стасунках зь Беларусяй яшчэ і таму, што мусіць увесь час аглядацца на Расею, ад якой залежыць энэргетычна. Пра гэта толькі лянівы не гаварыў.

Паводле нашых уласных стэрэатыпаў мы перабольшваем магчымасьці ўплыву эўраарганізацыяў і пэрсанальна кіраўнікоў асобных краінаў ЭЗ на палітыку ў адносінах да Беларусі ці Расеі. Пад натуральным ціскам нацыянальных і міжнародных канцэрнаў ФРГ, напрыклад, кіруецца цяпер у сваёй усходняй палітыцы прынцыпам “Annäherung durch Verflechtung” (збліжэньне праз спляценьне”) замест ранейшага Annäherung durch Wandel (“збліжэньне празь зьмены” – галоўным чынам ідэалягічныя зьмены слабейшага ўсходняга партнэра). Новы прынцып “спляценьня”, дарэчы, закладзены і ў вядомай “Энэргетычнай карце Эўропы”, дзе плянуецца любым коштам разьдзяліць уласьнікаў нафтавых і газавых палёў ад уладальнікаў трубаправодных сыстэмаў, у якіх Захад хоча мець сваю добрую долю. Цяпер палітычны рэжым Пуціна крытыкуецца ў эўрапейскіх мэдыях нават больш востра, чым у ЗША, аднак эканамічнае спляценьне, напрыклад, нямецкіх гігантаў з расейскімі ідзе надзвычай пасьпяхова. Для заходніх банкаўскіх ды газава-нафтавых монстраў урад – не начальнік. Тыповы прыклад – “сяброўскія” адносіны з расейскім “Газпромам”.

На апошнім зьездзе “палявелых” хрысьціянскіх дэмакратаў у Гамбургу (ідэйны пэрспэктыўны лёзунг на задняй заслоне сцэны быў сфармуляваны адным словам Mitte – “сярэдзіна”) старшыня партыі Ангела Мэркель закранула праблему маралі “топ-мэнэджэраў” і сацыяльнай салідарнасьці: шэф Deutsche Bank’у Ёзэф Акерман, грамадзянін Швэйцарыі, зарабляе за гадзіну 4782 эўра! Наступным днём мэдыі зашумелі: зь якога гэта часу канцлерка пачала лічыць грошы ў кішэнях паважаных бізнэсоўцаў? Што лепш: пасьпяховы банк ці бедны старшыня?

Эўраструктуры і нацыянальныя парлямэнты краінаў-донараў ЭЗ могуць толькі распараджацца “тонкім” грашовым слоем эўрапраектаў тыпу колішняга ТАСІS, якія паводле памераў ня могуць ісьці ні ў якае параўнаньне з магчымымі прамымі інвэстыцыямі буйных прыватных фірмаў. Так, некалькі дзён таму дэпутаты Бундэстагу прагаласавалі за скасаваньне фінансавай дапамогі Беларусі разам з 15 іншымі краінамі (Баўгарыя, Казахстан, Расія, Румынія, Турцыя, Харватыя ды інш.) у фармаце Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва са спасылкай на высокія афіцыйныя эканамічныя паказчыкі і каэфіцыент “чалавечага вымярэньня”. Цікава, што ў сьпісе краінаў-атрымальнікаў фінансава-тэхнічнай дапамогі ад ФРГ застаўся Кітай. Усім вядома, што па шмат якіх паказчыках ён ужо абагнаў свайго спонсара і хутка выйдзе на 3-е месца ў сьвеце пасьля ЗША і Японіі паводле сукупнага нацыянальнага прадукту.

Пагрозы, прапановы і папярэджаньні Захаду на адрас аўтарытарных рэжымаў – у тым ліку і нашага – існуюць як бы ў віртуальнай прасторы, а санкцыі ня могуць перакрэсьліць геапалітычную мэтазгоднасьць. “Мэтазгоднасьць замест дэмакратыі”, – так рэагуюць лібэральныя аналітыкі на сэнсацыйнае прызначэньне кітайскага фінансіста-аналітыка галоўным эканамічным экспэртам Усясьветнага банку.

Два словы пра нараду ў Івана-Франкоўску. Нават калі высокі чыноўнік зь Беларусі (думаю, што гэта ня будзе самы высокі ўзровень) і паедзе туды, ягоная “сувэрэннасьць” па пытаньнях “трубы” будзе хутчэй за ўсё мець дэманстратыўна-сымбалічны характар, бо з часу нарады ў Вільні з падобным парадкам дня, дзе Беларусь абазначыла сваю прысутнасьць, на беларускім прыватызацыйна-палітычным полі шмат што зьмянілася. Тут наш франдзёрскі палемічны запал у адносінах да ўсходняга суседа паступова гасьне. Мы паціху ператвараемся ў фінансава-эканамічнага агента расейскіх грашовых мяшкоў. Белыя і шэрыя, беларускія і расейскія грошы “пераблыталіся”. Вэнэсуэльская апазыцыйная газэта TAL QUAL (гл. блог “Нашыя сябры – наша люстэрка”) піша, што “беларускія пасланцы едуць да нас са сваімі тэхналёгіямі і расейскімі грашамі і плянамі”.

Калі памерла Ірына Казуліна, па-хрысьціянску падумалася: гэта Боская ахвяра дзеля перамогі праўды і справядлівасьці. Нешта павінна зрушыцца. Незалежна ад палітычных сымпатыяў ці антыпатыяў да вязьня-мужа і ад таго, вызваляць яго ці не, тысячы сумленных людзей выйдуць на вуліцу, каб ачысьціцца ад бруду маўчаньня ў імя людзкасьці і яднаньня. Аднак сэнсацыі не адбылося. Усё прайшло паводле вядомага драматычнага сюжэту пра навальніцу, гром і натоўп, які вырашыў перачакаць дождж. Мы, беларусы, пачатку 21-га стагодзьдзя, нагадваем аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў пачатку 20-га: “У выпадку дажджу рэвалюцыя адбудзецца ў вэстыбюлі…”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG