У рамках кампаніі, якая доўжылася цягам году, было сабрана 50 400 подпісаў грамадзянаў за ўнясеньне зьменаў у Закон аб рэлігіі, а таксама ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы. На паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў Чэхіі і ЗША.
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” Павал Севярынец паведаміў “Свабодзе”:
“Галоўная задача паседжаньня – выпрацоўка дзеяньня цяпер, калі мы маем больш за 50 000 сабраных подпісаў. Першы накірунак – юрыдычны. Трэба засяродзіцца на сямі асноўных пунктах, якія трэба ўнесьці ў якасьці зьменаў у заканадаўства. Другі – міжнародны ціск. Цяпер пытаньні парушэньня правоў вернікаў у Беларусі будуць разглядацца ў Эўрапарлямэнце і Кангрэсе ЗША. Падрыхтаваныя звароты ў міжнародныя хрысьціянскія арганізацыі ў ААН, каб прывесьці наша заканадаўства ў адпаведнасьць з усясьветнымі стандартамі”.
Павал Севярынец паведаміў, што вернікі і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый будуць працаваць ва ўсіх накірунках, пакуль ня будуць унесеныя зьмены ў заканадаўства.