У лісьце яны выказалі занепакоенасьць узмацненьнем ціску на пратэстанцкія цэрквы. Асаблівая ўвага ў лісьце была аддадзеная процістаяньню сталічных уладаў і менскай царквы “Новае жыцьцё”.
Пастары не выключаюць, што “калі ўлады й надалей будуць чыніць ціск на япіскапа “Новага жыцьця” Вячаслава Ганчарэнку, то ўсе цэрквы аб’яднаньня возьмуць удзел у акцыях грамадзянскага непадпарадкаваньня па ўсёй Беларусі”.
Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін адзначыў, што цяпер эвангельскія хрысьціяне гатовыя перайсьці ад малітваў да адкрытых дзеяньняў, нават да палітычных выступаў.
“У выніку пагрозаў крымінальнага перасьледу мы вымушаныя зноў пачаць сваю барацьбу, – сказаў у інтэрвію нашаму радыё пастар "Новага жыцьця" Вячаслаў Ганчарэнка. – Калі мы галадалі, улады былі напалоханыя тым пратэстам і прапанавалі нам кампрамісны варыянт. Але насамрэч яны не імкнуліся вырашыць нашае пытаньне, а папросту “пацягнулі” час. Паколькі сытуацыя паўтарылася, пастары іншых суполак будуць далучацца да нашай акцыі пратэсту і мы будзем разам бараніць свае правы”.
У 2006 годзе вернікі трымалі галадоўку, патрабуючы вярнуць ім зямельны надзел і спыніць перадачу будынку царквы на балянс гарадзкіх уладаў. У выніку ўлады перадалі справу вернікаў у Вышэйшы гаспадарчы суд, але зь цягам часу справу замарозілі. Цяпер чыноўнікі зноў патрабуюць ад вернікаў, каб яны вызвалілі будынак царквы, а пастару Вячаславу Ганчарэнку пракуратура пагражае крымінальным перасьледам.