На гэтым тыдні нашым грамадзкім рэдактарам быў Пётра Рудкоўскі. Яму трыццаць гадоў. Нарадзіўся ў Канвелішках Воранаўскага раёну. Закончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт. Тэоляг, філёзаф, каталіцкі дыякан. Сталы аўтар часопісу “Архэ”, тыднёвіку “Наша Ніва”. Цягам тыдня мы гаварылі зь ім пра розныя актуаліі рэлігійнага і грамадзкага жыцьця. Што да тэмы выніковай перадачы, дык вось як вызначыў яе Пётра Рудкоўскі: як адб’ецца ўвядзеньне “Карты паляка” на культурным, рэлігійным і нацыянальным жыцьці Беларусі.
Аляксандар Уліцёнак: Варта нагадаць, што радзіма спадара Рудкоўскага – Воранаўшчына, 80 працэнтаў насельніцтва якой складаюць палякі. Наагул, польская супольнасьць на Гарадзеншчыне – 300 тысяч чалавек. А ў цэлым па Беларусі 400 тысяч паводле апошняга нацыянальнага перапісу.
Хоць Варшава яшчэ летась прыняла закон аб “Карце паляка”, які дае пэўным асобам шэраг ільготаў і прывілеяў, афіцыйны Менск актыўна зрэагаваў на яго зусім нядаўна. Напрыклад, прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў заявіў: “рэалізацыя закону ў ягонай цяперашняй рэдакцыі здольная сур'ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны ў нашай краіне, спарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасьцяў”.
А вось цытата зь лекцыі Аляксандра Лукашэнкі перад студэнтамі БДУ: “Нашы недабразычліўцы ўжо ня раз рабілі спробу ўмяшацца ва ўнутраныя справы краіны, штучна разьдзьмуваючы “польскае” і “габрэйскае” пытаньне. Сьвежы прыклад – прыняцьце Сэймам Польшчы закону аб “Карце паляка”.
Дык ці будзе карта стымуляваць пошукі сваіх польскіх каранёў у часткі беларускіх грамадзянаў?
Што пачне пераважаць у гэтым працэсе: імкненьне да польскай культуры, магчымасьць наведваць у суседняй краіне тэатры, музэі, кнігарні, ці на першым месцы апынуцца эканамічныя, жыцьцёвыя пытаньні – магчымасьць атрымаць бясплатна візу і паехаць у Польшчу на шопінг? Адказы на гэтыя пытаньні шукаў Сяргей Астраўцоў.
Астраўцоў: Існуе меркаваньне: тыя, каго цікавіць польская культура, не сядзелі склаўшы рукі ў чаканьні “карты паляка”. Што думае на гэты конт кіраўнік Таварыства польскай культуры Лідчыны Аляксандар Калышка?
Тым жа часам спадар Калышка зазначае – ня ўсіх аднолькава будзе менавіта цікавіць бясплатная польская віза, паездкі ў Польшчу.
Калышка: “Я лічу, вельмі важна тое, што ёсьць такія людзі, якія хочуць атрымаць гэтую “карту паляка” толькі з чыста маральнага пункту гледжаньня. Яны не зьбіраюцца нікуды ехаць”.
Уліцёнак: Тут варта нагадаць пра канкрэтныя выгоды, якія дае чалавеку валоданьне тым дакумэнтам. Дык вось той шчасьліўчык мае права на доўгатэрміновую шматразовую візу, на легальную працу ў Польшчы без спэцыяльнага дазволу на тое, ён можа таксама займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю нароўні з грамадзянамі Польшчы, у першачарговым парадку прэтэндаваць на фінансы для падтрымкі замежных палякаў, праяжджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай скідкай. Аднак слухаем далей матэрыял, падрыхтаваны нашым гарадзенскім карэспандэнтам Сяргеем Астраўцовым.
Астраўцоў: Парадокс, але мноства людзей удзельнічаюць у польскіх фальклёрных гуртах, але ня маюць магчымасьці трапіць у Польшчу, паколькі гэтыя ансамблі належаць праўладнаму Саюзу палякаў. Яго кіраўнік Юзаф Лучнік сказаў нам, што толькі некаторым гуртам удаецца выступіць у Польшчы, усе астатнія сьпяваюць і танчаць толькі ў Беларусі.
Аляксандар Калышка лічыць: гэтыя людзі, калі яны маюць польскія карані, змогуць зьвярнуцца па “карту паляка”. Пры гэтым ён зазначае – у такіх ансамблях таксама ўдзельнічаюць беларусы ды іншыя. Быў такі цікавы выпадак, распавядае спадар Калышка:
“Калектывы зь Беларусі, з Расеі, з Украіны польскіх песень не сьпявалі, яны сьпявалі, скажам так, пры застольлі старыя савецкія песьні. Гэта было ў Польшчы на міжнародным фэстывалі”.
Кіраўнік Таварыства польскай культуры Лідчыны падсумоўвае нашу размову:
Калышка: “Некаторыя наўпрост кажуць: ведаеш, прабач, але я паляк і займаюся бізнэсам, і калі гэтая карта палегчыць маё жыцьцё, то я за карту. Але яны кажуць: каб я не займаўся бізнэсам, я таксама хацеў бы атрымаць гэтую карту. Я думаю, справы бізнэсовыя, эканамічныя, яны адыгрываюць ролю, але не галоўную”.
І яшчэ адно кароткае меркаваньне адносна таго, культурны ці эканамічны чыньнік будзе галоўным у жаданьні атрымаць “карту паляка”. Гаворыць гарадзенец Ігар Банцар, які рэдагуе часопіс “Magazyn Polski na uchodzstwie”:
“Чым горшай будзе эканамічная сытуацыя ў Беларусі, тым больш прывабна будзе выглядаць гэтая карта”.
Скептыкі кажуць: вось яны атрымаюць “карту паляка”, бясплатную візу і зноўку кінуцца вазіць цераз мяжу сьпірт і цыгарэты.
Але ён лічыць, што ў часткі гэтых людзей усё роўна застанецца цікавасьць да польскай культуры.
Камэнтар Пятра Рудкоўскага.
“На першы погляд, ажыцьцяўленьне гэтай ідэі павінна прывесьці да таго, што ўзрасьце колькасьць асобаў, якія маюць польскія карані, але ня ведалі ці ведалі слаба польскую мову, гісторыю, польскія традыцыі. А “карта паляка” будзе стымуляваць інтэграцыю ў польскую культуру.
Але ў мяне тут ёсьць пэўныя засьцярогі, рэфлексіі крытычнага характару. Мне падаецца, большасьць клюнуць на “карту паляка” са спажывецкіх матываў. Дома, на Воранаўшчыне, ужо чуў кпіны, што ўжо хапае такіх, хто чарговы раз згадаў пра сваю польскасьць тады толькі, як зьявіліся пэўныя выгады.
Таму мне падаецца, што хоць і ня выключана спрыяньне польскасьці праз карту ў такім своеасаблівым вонкавым характары, але ня думаю, што гэта будзе мець адпаведны вынік і ва ўнутраным пляне. Пляне сьветапогляду. Пляне мэнтальнасьці сярод тых, хто лічаць сябе палякамі ў Беларусі”.
Што страціць беларуская культура ад пэўнай міграцыі беларускіх палякаў
Памежныя “чаўночнікі” – зьява звыклая для гарадзенцаў, берасьцейцаў, ды жыхароў іншых беларускіх рэгіёнаў. Аднак у афіцыйным друку зьявіліся публікацыі пра тое, што “карта паляка” нібыта справакуе масавы адток працоўнай сілы ў суседнюю краіну. Грамадзкі рэдактар тыдня Пётра Рудкоўскі скептычна ставіцца да такой гіпотэзы. Яго больш зацікавіла іншая праблема – што страціць беларуская культура ад пэўнай міграцыі беларускіх палякаў? З патэнцыйнымі мігрантамі размаўляў Міхал Карневіч.
Карневіч: Усе мае суразмоўцы розных узростаў, сацыяльнага статусу перад усім вітаюць прыняцьце польскім урадам “карты паляка” і лічаць, што гэтая дзея скіравана на дабро тым палякам, якія жывуць за ўсходняй мяжой Польшчы.
Рабочы, Яўген Лясоцкі, якому ўжо за сорак і які вядзе свой польскі радавод ад 1424 году, кажа, што будзе старацца атрымаць “карту” для сваёй дачкі, каб яна магла атрымаць у Польшчы адукацыю. А што датычыць таго, ці не забудзецца ён і дачка на беларускую культуру, кажа вось так:
Лясоцкі: “Адам Міцкевіч пісаў: “O, Litva, ojczyzna moja…”, а Якуб Колас: “Мой родны кут, як ты мне мілы...” І гэта цалкам увамне спалучаецца. Мне блізкія яны абодва настолькі, што зь мяне ўжо гэтага ня выдраць, дзе б я ні быў”.
Для сябе спадар Лясоцкі вырашыў дамагацца “карты” толькі тады, калі ў Беларусі наступіць дэмакратыя й свабода.
Апошнім часам ён зважае на тое, што ў польскія арганізацыі ў Горадні пачалі ўступаць шмат новых людзей, каб атрымаць “карту” і тым самым свабодна выяжджаць у Польшчу на працу.
Ці не страціцца ў будучым разам з гэтымі людзьмі частка беларускай культуры – пытаюся ў спадара Лясоцкага.
Лясоцкі: “Калі ў чалавека ёсьць культура – яна ніколі не забудзецца. І калі ёсьць Радзіма – яна ніколі не забудзецца”.
Эдуард Дмухоўскі вучыцца завочна на гістарычным факультэце, ён выхоўваўся ў сям’і, у якой бацька каталік і паляк, а маці праваслаўная беларуска. Пра тое, ці пойдзе за “картай паляка”, пакуль не задумваўся, але перакананы: ад’езд зь ёй шмат каго з гарадзенцаў на стане беларускай культуры ў рэгіёне не адаб’ецца.
Дмухоўскі: “Яны вывязуць адсюль толькі сябе й будуць прымаць правілы той гульні, якія ім там прапануе гаспадар нейкай фірмы, альбо чаго-небудзь іншага. Ужо шмат людзей зьехала зь Беларусі – гэта не сакрэт. Але я ня думаю, што культура нешта згубіць”.
Г
Калі выедзе чалавек адукаваны й разумны, то ён здолее пазнаёміць сьвет з нашай культурай
Брысач: “Я думаю, калі выедзе чалавек адукаваны й разумны, то ён здолее пазнаёміць сьвет з нашай культурай, узбагаціць яго. А калі, людзі паедуць толькі вырашаць свае фінансавыя праблемы, яны не павязуць з сабой ніякай культуры й наўрад ці яе набудуць там”.
Самы старэйшы мой суразмоўца, 80-гадовы Ежы Цішкоўскі, на пытаньне пра беларускую культуру адказаў вельмі своеасабліва.
Цішкоўскі: “Ну вось тут у Беларусі церпяць бедныя людзі, лупяць іх кіямі ўлады, садзяць у вязьніцу. А я, ведаеце, упарты такі: дзе лупяць, дзе зьдзекуюцца, я туды прымыкаю”.
Камэнтар Пятра Рудкоўскага.
“Пытаньне, наколькі беларуская культура выйграе альбо прайграе, актуальнае з таго, што шэраг асобаў, якія мелі стасункі зь ёй ці маглі іх мець, палянізуюцца. Можна чакаць, што нават людзі з устойлівым сьветапоглядам таксама пачнуць шукаць нейкія магчымасьці аднесьці сябе да палякаў – выканаць тым самым аўтапалянізацю знаў жа за кошт беларускай культуры.
Такім чынам, пэўная небясьпека ёсьць, але ня думаю, што яна вельмі вялікая. Нават тыя, хто прагматычна скарыстаюць магчымасьць большай мабільнасьці, думаю, у душы ўсё ж застануцца прыхільнікамі беларускай культуры.
Хоць, канечне, хацелася б пазьбегнуць вось такой крыху двайной гульні, каб не было скарыстоўваньня сытуацыі ў спажывецкіх мэтах”.
“Пры найлепшым зьбегу абставінаў “картай паляка” могуць скарыстацца 900 тысяч грамадзянаў Беларусі”
У Варшаве разьлічваюць, што пры найлепшым зьбегу абставінаў “картай паляка” могуць скарыстацца 900 тысяч сёньняшніх грамадзянаў Беларусі – гэта больш чым удвая перавышае колькасьць тых, хто прызнаў сябе палякамі паводле апошняга беларускага перапісу насельніцтва. Атрымліваецца, за Бугам лічаць, што пра свой польскі радавод заявяць людзі каталіцкага веравызнаньня ці з каталіцкімі каранямі? У такім разе, як паўплывае падобная пастаноўка праблемы на стан беларускага касьцёлу? Ён пачне адступаць ад “беларускасьці” на карысьць “апалячваньню” альбо ёсьць нейкая іншая альтэрнатыва?
Студзінская: Філёзаф Валянцін Акудовіч сам праваслаўны, хрышчаны ў праваслаўнай царкве. Ён кажа, што калі даволі шмат беларусаў захочуць атрымаць карту паляка, могуць узьнікнуць сур’ёзныя праблемы:
“Касьцёл, які заўсёды зьяўляўся ня толькі прамоўтарам, правадніком каталіцызму на Беларусі, але, магчыма перадусім, правадніком польскасьці на Беларусі, ня ўхіліцца ад гэтай ролі, што б ён фармальна ні дэкляраваў. І вось калі з касьцёлам пачнуць зьвязваць размываньне нацыянальнага праекту Беларусі, калі касьцёл стане для нацыянальна заангажаваных беларусаў правадніком апалячваньня, тады, бясспрэчна, грамадзкасьць, асабліва нацыянальна заангажаваная, зьменіць сваё зараз станоўчае стаўленьне да касьцёлу. Бо тады ён, хутчэй за ўсё, станецца такой варожай сілай, якой сёньня зьяўляецца расейская праваслаўная царква, якая прама ці ўскосна, але нясе русыфікацыю на Беларусь”.
А вось ксёндз Віктар Міхевіч, які служыць у Віцебскай дыяцэзіі, перакананы: кардынальных зьменаў з увядзеньнем “карты паляка” ня будзе:
“У заходніх касьцёлах, у Гарадзенскай дыяцэзіі – і так польская мова пераважае ў касьцёле. Вернікі ёй актыўна карыстаюцца падчас службаў, сьвятары таксама. Я думаю, нічога ў гэтым сэнсе асабліва ня зьменіцца. А што тычыцца ўсходняга касьцёлу – Менскай, Віцебскай, Магілёўскай дыяцэзіі – тыя ўстаноўкі, якія ёсьць – з арыентацыяй на беларускую мову, яны і застануцца”.
Карэспандэнтка: “Асабліва, кардынальна нічога ня зьменіцца – польскім касьцёл у Менску, Віцебску ня стане?”
Як я бачу, у касьцёле вельмі хуткімі тэмпамі разьвіваецца беларуская мова
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч, сябра пратэстанцкай царквы, лічыць, што беларускасьць у касьцёле зараз дамінуе, і наўрад ці можна чакаць сур’ёзнага польскага ўплыву на каталікоў-беларусаў :
“ Што тычыцца самога касьцёлу, шмат што залежыць і ад сьвятароў, і ад прыхаджанаў. А “карта паляка” на гэта калі й будзе мець пэўны ўплыў, то гэта закране мінімальную колькасьць адсоткаў прыхаджанаў.
Ну, а калі ўжо Пётру Рудкоўскага хвалюе менавіта касьцёл, палянізацыя ці, наадварот, беларусізацыя касьцёлу, то змаганьне за гэта цягнецца шмат дзесяцігодзьдзяў.
І, дзякуй Богу, напрыканцы ХХ стагодзьдзя мы, напэўна, упершыню маем такую хвалю, калі сапраўды касьцёл становіцца з большага беларускім. Гэтага не магло б адбыцца без удзелу і ўплыву Яна Паўла другога і той лібэралізацыі, нават рэфармацыі, якая адбылася. Мы маем беларускі касьцёл дастаткова моцны, каб пашыраць свой уплыў на вернікаў-каталікоў”.
Камэнтар Пятра Рудкоўскага
“Каталіцкі касьцёл у Беларусі даволі разьмежаваны ў моўным пытаньні: ёсьць каталіцка-польская Гарадзеншчына і пераважна беларускамоўныя астатнія дыяцэзіі.
Тэндэнцыя ў накірунку польскасьці павялічыцца ўнутры польскага касьцёлу. Тым больш, нядаўна мне стала вядома, што прадстаўнікі незалежнага Саюзу палякаў Беларусі накіравалі зварот да архібіскупа Кандрусевіча з просьбай нейкім чынам паспрыяць захаваньню польскасьці ўнутры каталіцкага касьцёлу.
Хоць я б гэтага занадта не драматызаваў. З той, у прыватнасьці, прычыны, што незалежны Саюз палякаў вельмі прыхільна і добразычліва ставіцца таксама да беларускага адраджэньня. Таму, думаю, яны ня будуць перасьледаваць свае мэты за кошт беларускай культуры”.
Ці сапраўды ў асяродку беларускіх палякаў ёсьць сэпаратысцкія пляны?
Уліцёнак: Беларускія ўлады нэрвова зрэагавалі на ўвядзеньне “карты паляка” сярод іншага й таму, што некалькі апошніх гадоў яны мелі вялікія праблемы з Саюзам палякаў Беларусі. Тая яго частка, якая не захацела іграць па правілах рэжыму, зьведала жорсткі прэсінг уключна з крымінальным перасьледам. У прыватнасьці былі абвешчаныя несапраўдныя вынікі апошняга зьезду саюзу і, адпаведна, нелігітымным абранае кіраўніцтва на чале з Анжалікай Борыс. Польшча, наадварот, падтрымала яго. Усьлед распачалася крымінальная справа супраць шэрагу актывістаў. На сутках пабывалі Андрэй Пачобут, Мячыслаў Яскевіч, Ігар Банцар. А напярэдадні нашай перадачы на дзьверы кватэры Анжалікі Борыс невядомы размаляваў абразьлівымі знакамі й надпісамі, а лесьвіцу ўслалі хваёвымі галінкамі – відавочная пагроза расправы. Падчас падобных гістэрычных акцый неаднаразова ўсплывала тэза пра нібыта пляны далучэньня заходняй Беларусі да Польскай Рэспублікі. Акцэнтавана заяўляе пра тое афіцыйнае прапаганда і ў зьвязку з увядзеньнем “карты паляка”. Між тым варта нагадаць, што Варшава не падтрымала спробу абвяшчэньня польскай аўтаноміі ў Літве. Грамадзкі рэдактар тыдня Пётра Рудкоўскі даручыў нам дасьледаваць праблему: ці сапраўды ў асяродку беларускіх палякаў ёсьць сэпаратысцкія пляны?
Уладзімер Глод: Палітычны аглядальнік міжнароднага парталу “Vider Europe” Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што закон аб “карце паляка” польскі Сэйм прыняў яшчэ восеньню мінулага году. А вэрхал вакол гэтага дакумэнту беларускія ўлады пачалі толькі апошнім часам.
Спадар Якаўлеўскі лічыць: афіцыйны Менск пачаў рэагаваць на “карту паляка” толькі пасьля таго, як пераканаўся ў тым, што самаабвяшчэньне незалежнасьці Косава робіцца непазьбежным:
Невыпадкова па часе супалі косаўская незалежнасьць з той бурнай рэакцыяй афіцыйнага Менску на ўвядзеньне “карты паляка"
Тыя, хто баяцца, што ў Беларусі з увядзеньнем “карты паляка” можа зьнікнуць стабільнасьць, разважаюць так: “карта паляка”– фактычна пашпарт. А таму спачатку карта, потым – патрабаваньне культурнай аўтаноміі, затым –- рэфэрэндум аб далучэньні мясцовасьцяў, населеных этнічнымі палякамі, да Польшчы.
А вось намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян упэўнены: тэрытарыяльнае ўтварэньне кшталту косаўскага ў Беларусі цяпер немагчыма. І тлумачыць, чаму:
“Беларусь – краіна ўнітарная, і тут няма чаго дзяліць і няма каго аддзяляць. Калі, пэўна, нехта меў на ўвазе тую частку палякаў, якая пражывае ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях, дык гэта нязначная частка. І яны не жывуць на адной тэрыторыі. Яны вельмі раскіданы па Гарадзенскай, Берасьцейскай і часткова па Менскай абласьцях. І таму стварыць нейкае дзяржаўнае ўтварэньне па тыпу Косава ў Беларусі немагчыма”.
Палітоляг Аляксандар Лагвінец лічыць: “карта паляка” не стварае пагрозы сэпаратызму ў Беларусі.
“Гэта, мне здаецца, празьмернае сьцьверджаньне. Я думаю, тут ёсьць больш празаічныя рэчы. Па-першае, напярэдадні ўсіх палітычных кампаніяў у краіне беларускія ўлады заўсёды ўздымалі антыпольскую хвалю. І ў год парлямэнцкіх выбараў гэта можа быць часткай пляну беларускіх уладаў.
Rалі абсалютная бальшыня беларускіх грамадзянаў маюць цяжкасьці пры атрыманьні шэнгенскіх візаў, гэта выклікае пэўную занепакоенасьць
Але на сёньняшні дзень (я не казаў бы супрацьстаяньне) пэўнае адрозьніваньне альбо выцягваньне адной групы, якая будзе карыстацца такімі магчымасьцямі ў той сытуацыі, калі абсалютная бальшыня беларускіх грамадзянаў маюць цяжкасьці пры атрыманьні шэнгенскіх візаў, гэта выклікае пэўную занепакоенасьць”.
Камэнтар Пятра Рудкоўскага
“Карта паляка” – пэўны ўдар па ўладзе. І сымбалічны, і, магчыма, таксама палітычны. Бо рэжыму ўдалося даволі эфэктыўна раскалоць палякаў. Ну а тут з боку “непаслушэнцаў” вось такая спэкулярная прапанова – яна вітаецца грамадзкасьцю! У выніку – пройгрышны момант для рэжыму. Адсюль тая амаль даведзеная да абсурду інтэрпрэтацыя дзяржаўнай прапаганды сутнасьці “карты паляка”. Так, гэтая ідэя адназначна забалела беларускаму рэжыму".
Канфлікты паміж палякамі і беларусамі?
Уліцёнак: Спадар Рудкоўскі зьвярнуў нашую ўвагу і на такі аспэкт, зьвязаны з увядзеньнем “карты паляка”, як яе ўплыў на чалавечыя стасункі? Ці сапраўды розныя ўмовы атрыманьня візаў, іншыя нюансы ў стане раскалоць беларускае грамадзтва, выклікаць напружаньне, як пра тое заяўляе Міністэрства замежных справаў?
Рымашэўская: “Па нашых зьвестак, якія даходзяць з Гарадзеншчыны, часам у сем’ях ёсьць канфлікты паміж беларусамі і палякамі. Нават унутрысямейныя канфлікты”, – расказвае Алена Макоўская, старшыня “Задзіночаньня беларусаў сьвету”: Прычына канфліктаў простая: тыя, хто ўчора быў роўным у адсутнасьці магчымасьцяў, сёньня аказаліся па розныя бакі. У каго зьявілася права на “карту паляка”, супраць нічога не маюць. А вось тыя, хто яго ня мае, пачуваюць сябе непаўнавартасна.
“ У дадзеным выпадку Беларусь мусіць ствараць адэкватныя ўмовы для беларусаў унутры краіны і, натуральна клапаціцца пра беларусаў замежжа. Пра гэта мы кажам нашай дзяржаве бадай што ад пачатку – ад моманту, калі прапаноўвалі стварыць “Закон аб суайчыньніках за мяжой”. Гэта быў 2001 год. Сёньня – 2008. Закона няма. У Украіны ёсьць, у Расеі ёсьць”...
Словы спадарыні Макоўскай варта дапоўніць згадкай пра тое, што дзеля падтрымкі сваіх дыяспар Літва, Грэцыя, Нямеччына, Вугоршчына. Славаччына таксама распрацавалі заканадаўчыя акты, блізкія па сваёй сутнасьці да “карты паляка”. Ня варта ўжо казаць пра добра знаёмы большасьці беларусаў досьвед Ізраіля. А вось афіцыйны Менск усё цьвердзіць пра стварэньне найлепшых умоваў для расейцаў, каб яны ў Беларусі “адчувалі сябе лепш, чым дома”. Між тым толькі ў Расеі зараз пад мільён беларусаў.
Канстанцін Алейнік, супрацоўнік адной зь менскіх рэклямных агенцыяў, вельмі ўдзячны сваёй этнічнай радзіме за магчымасьць аб’езьдзіць Ізраіль уздоўж і ўпоперак :
“Ёсьць закон аб рэпатрыяцыі, прыняты ў 1948 годзе. Паводле гэтага законы кожны габрэй, які можа даказаць, што ён габрэй, мае права на ізраільскае грамадзянства. У любым ўзросьце ён можа скарыстацца праграмай абсорбцыі. Гэта азначае, што ты маеш права прыехаць, паглядзець, акліматызавацца. Там на выбар тры праграмы. Ты яе выбіраеш – дзе ты хочаш жыць і гэтак далей, табе плацяць грошы ў якасьці дапамогі. Прынцыпова кажучы, можна там катацца паўтары гады”.
Заахвочваюць наведаць этнічную радзіму ня толькі дзяржаўныя інстытуцыі Ізраіля:
“Яшчэ ёсьць гэткая арганізацыя “Сохнут”. Прыватная лавачка, але мае ліцэнзію на рэпатрыяцыю. Дзякуючы ёй можна наагул бясплатна з’ехаць адсюль, табе квіток у Ізраіль набудуць, адправяць, дапамогуць і ўсё такое – толькі даведку прынясі аб габрэйскіх каранях. У іх таксама шмат ёсьць праграм для габрэяў, - адукацыйныя прыкладам. Кампутарныя, моўныя, дзіцячыя...”
“Палякі – разумная нацыя. Калі ж ужо ў нас хопіць розуму аб’явіць пра сваю “карту беларуса”? – піша ў сваім блогу колішні амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі. На ягоную думку, “карта паляка” не вартая той увагі, якую ёй надалі СМІ і МЗС.
“Проста мы цяпер думаем, хто мы, што і куды нам ісьці і таму пра гэта й гаворым. Але гаварыць варта тады, калі ўжо нешта пачнецца, будуць нейкія вынікі... А пакуль – гэта толькі гутарка”...
Камэнтар Пятра Рудкоўскага
“Каб беларускае грамадзтва разьвівалася ў нармальным накірунку – то бок станавілася эўрапейскім, некаторыя кажуць пра неабходнасьць гамагенезацыі (як мага большай аднастайнасьці). Аднак разнастайнасьць, дыфэрэнцыяцыя на справе зьяўляюцца тым чымсьці натуральным, што дапамагае падлучацца да сучаснага разьвітага сучаснага грамадзтва ў культурным пляне.
Вельмі важна каб паасобныя субкультуры, якія ўтвараюць яго, разьвіваліся. Паглыблялі сваю ўласную тоеснасьць. Беларускую – як дамінуючую культуру. Але й каб тыя самыя палякі не былі фіктыўнымі ў сваёй тоеснасьці…
Дзякуючы гэтаму дыялёг унутры грамадзтва робіцца больш шчыры, больш празрысты. Безумоўна, часам гэта можа спрыяць і напружаньню. Паляк, які індыфэрэнтны да сваёй тоеснасьці, здавался б, менш праблемны ў грамадзтве. Але адначасова зь ім няма й асаблівага дыялёгу!
Важна, каб чалавек жыў маральнымі, духоўнымі прынцыпамі той сыстэмы каштоўнасьцяў, якую ён вызнае. Каб яна была зьместам ягонага жыцьця. Тады дыялёг унутры грамадзтва становіцца больш рэальны, больш крэатыўны”.