Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба вызваліць, бо зьняволеныя яны незаконна”


“Як вы лічыце, ці павінны ўлады выканаць патрабаваньне Захаду і вызваліць датэрмінова двух апошніх палітвязьняў — Аляксандра Казуліна і Андрэя Кіма?” На такое пытаньне адказалі жыхары Віцебску.


Спадар: “Я думаю, што гэта абавязковая ўмова, якую ўлады павінны выканаць найбліжэйшым часам. На будучыню, я думаю, ім самім гэта дапаможа застацца на волі”.

Спадарыня: “Андрэя Кіма я ня ведаю, а Аляксандар Казулін — ён хуліган. За гэта і сядзіць. Бо, калі ты палітык, ты мусіш дыпляматычна вырашаць пытаньні. Так што, на мой погляд, сядзіць ён сапраўды за справу. А што да патрабаваньняў Захаду, то, можа, і варта пайсьці ім на саступкі. А можа, і не. Бо ў сваёй краіне трэба ўсё вырашаць самім. І мы самі разьбярэмся, каго садзіць, а каго адпускаць”.

Хлопец: “Па-першае, гэта патрабаваньне ня толькі Захаду, але яшчэ й жыхароў Беларусі. Я лічу, чым хутчэй улады выпусьцяць і Казуліна, і Кіма, і больш ня будзе ў нас палітвязьняў, тым хутчэй Беларусь наблізіцца да ўступленьня ў Эўразьвяз”.

Дзяўчына: “Я ня ведаю, хто такі Андрэй Кім, а пра Аляксандра Казуліна я ў інтэрнэце прачытала, што ён ужо вызвалены”.

Карэспандэнтка: “Яго вызвалілі толькі на тры дні, на пахаваньне жонкі”.

Дзяўчына: “Ну, тады, канечне, трэба, каб зусім выпусьцілі. Бо трэба рухацца наперад, ня весьці з Захадам халодную вайну — не вяртацца ў мінулае”.

Спадар: “Канечне, усіх палітвязьняў абавязкова й тэрмінова трэба выпусьціць. Я думаю, што і ўлады гэта разумеюць, але трымаюць іх у закладніках”.

Карэспандэнтка: “А ці хутка іх могуць выпусьціць і ад чаго гэта залежыць?”

Спадар: “Ад стаўленьня прэзыдэнта. Калі ён палічыць, што патрэбны момант прыйшоў, ён іх адразу й выпусьціць”.

Спадарыня: “Я лічу, што ў нас увогуле не павінна быць палітвязьняў. Нашаму прэзыдэнту варта задумацца: не бывае так, каб было толькі адно — ягонае — меркаваньне, і толькі яно было слушнае. Няхай прыслухоўваецца да іншых і, канечне, вызваляе людзей”.

Спадар: “Мне здаецца, што маладога чалавека па прозьвішчы Кім абавязкова выпусьцяць. Сумняюся, што Лукашэнка пойдзе на тое, каб вызваліць Казуліна. Але незалежна ад таго, хто патрабуе гэтага — Эўразьвяз, ААН або НАТА — гэтых людзей неабходна вызваліць толькі з тае прычыны, што яны зьняволеныя незаконна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG