Фотагалерэя
Больш за дзясятак апазыцыянэраў выйшлі на волю з турмы на вуліцы Акрэсьціна. Большасьць зь іх — актывісты незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў.
Адных арыштавалі за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў, іншых прэвэнтыўна — напярэдадні акцыі 21 студзеня. Супраць Андрэя Кіма распачалі крымінальную справу за пагрозу супрацоўнікам міліцыі.
Сябры актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху чакалі пры турэмнай браме ад 11-й раніцы. Паколькі апошнім часам адміністрацыя турмы пачала адпускаць вязьняў за некалькі гадзінаў да канца іхняга тэрміну, моладзь наладзіла дзяжурства.
“Голад, холад і пацукі”
Першым а 12-й гадзіне выйшаў актывіст партыі БНФ Франак Вячорка. Яго затрымалі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску разам зь Юрасём Станкевічам і Антонам Каліноўскім, калі яны прыйшлі туды падтрымаць сваю сяброўку Юлію Сіўцову. У міліцыі хлапцоў абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.
Што тычыцца “Акрэсьціна”, то там ёсьць тры праблемы: голад, холад і пацукі. Штодня лавілі па пацуку.
Франак Вячорка апавёў “Свабодзе”:
“Само стаўленьне і амонаўцаў, і судзьдзяў паказвае, што гэтыя людзі страчаныя. Што тычыцца “Акрэсьціна”, то там ёсьць тры праблемы: голад, холад і пацукі. Штодня лавілі па пацуку. Лавілі, забівалі і здавалі са сьмецьцем. Варта толькі ўсім прыцішыць голас, як адразу, як каровы, статкамі пачынаюць бегаць па камэры. Крадуць хлеб, грызуць абутак. Мы іх лавілі, саджалі. Хацелі вынесьці як сувэнір, але ў апошнюю ноч не злавілі”.
Юрась Станкевіч сказаў:
“Сядзелася лепей, чым чакалася. Абыходжаньне больш-менш. Мне падаецца, што яны разумелі, што мы не “бытавушнікі”, а нармальныя людзі. Адзінае, што хацелася нармальнай ежы. Я быў упершыню. Мяне затрымалі 16 студзеня, менавіта ў дзень народзінаў”.
“Калі я адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ, мяне перавялі да крымінальнікаў”
Карэн Акопаў адбываў 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня:
“Адзінае, што палепшылася, гэта тое, што зрабілі лазьню, і стала больш-менш прыстойна. Але ўмовы, па сутнасьці, пагоршыліся. Я толькі ганаруся, што я там быў побач з новымі людзьмі, зь якімі мне прыемна было пазнаёміцца. Лічу, што гэта была мая грамадзянская пазыцыя — удзельнічаць у акцыі”.
Сьледам за Карэнам выпусьцілі сябра незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Прасьняка. Ён адбыў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі 21 студзеня.
“Гэта не санаторый, самі разумееце. Да таго ж мяне перавялі ў іншую камэру, калі я адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ. Ну, сядзеў нармальна зь мілымі хлапцамі — крымінальнікі, хуліганы, алькаголікі... Цудоўна”.
Тацяну Цішкевіч адлічылі?
Актывіста “Ініцыятывы” Андрэя Кіма пасьля адбыцьця 10 сутак арышту міліцыянты адвезьлі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску на допыт. Супраць яго распачатая крымінальная справа паводле арт. 364 (пагроза або гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі).
Тым часам да турмы прыехала Тацяна Цішкевіч. Учора яна выйшла на волю, адседзеўшы 20 сутак. Дзяўчына паведаміла, што прыехала па даведку пра тое, што адбывала адміністратыўны арышт. Яна вучыцца на другім курсе ўнівэрсытэту фізычнай культуры на трэнэра коннага спорту. Як сказалі Тацяне, яе ўжо адлічылі — за тое, што яна своечасова не заплаціла за сэсію.
Апошнімі на волю выйшлі актывісты “Маладога фронту” Ўладзімер Сяргееў, Кася Краснова, Людміла Атакулава і Кася Галіцкая.