Артур Фінькевіч на прэсавай канфэрэнцыі зазначыў, што ціск на маладафронтаўцаў і сяброў іншых моладзевых арганізацый павялічыўся. Актывістаў часьцей выклікаюць на размовы ў КДБ, пачалі адлічаць іх з вучобы. Многім з тых, каму трэба ехаць на сэсію ў замежныя ВНУ, не даюць перасячы беларускую мяжу.
Артур Фінькевіч лічыць, што ўлада насамрэч толькі імітуе лібэралізацыю. Ён прыгадаў, што цягам апошняга месяца ў турме на вуліцы Акрэсьціна арышты адбывалі больш за паўсотні апазыцыянэраў. Нават у дзень яго вызваленьня адлічылі з вучобы некалькі студэнтаў — актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху.
У Маладэчне выклікалі на допыт у КДБ Генадзя Фарыну, а ў полацкім студэнцкім інтэрнаце правялі ператрус у Касі Салаўёвай.
Артур Фінькевіч апавёў, што нават таксісты яго пазнаюць і віншуюць з вызваленьнем. Людзі выказваюць сваю падтрымку і жадаюць перамогі.
Артур лічыць, што ўзмацненьне ціску на моладзь з боку ўладаў сьведчыць пра эфэктыўнасьць моладзевых структураў:
“Я зразумеў, знаходзячыся ў сьледчай турме № 4, што не зьмяніўшы сябе, зьмяніць краіну папросту немагчыма. Трэба мяняцца самому, і тады мы пераможам. На нейкім этапе да кожнага моладзевага актывіста павінны прыйсьці супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў і паспрабаваць калі не зламаць, то зрабіць так, каб ён выпаў з працэсу. Да гэтага трэба быць гатовым кожнаму дэмакратычнаму актывісту”.
За той час, што Артур і Зьміцер Дашкевіч правялі ў няволі, колькасьць сяброў “Маладога фронту” вырасла ў некалькі разоў. Стварыліся новыя арганізацыі. Абодва былыя палітвязьні днямі накіруюцца ў рэгіёны:
“Мы зьбіраемся са Зьмітром Дашкевічам паехаць у рэгіёны разбудоўваць там нашы структуры. Будзем займацца падрыхтоўкай зьезду ўнутры Беларусі, а калі не атрымаецца, то за мяжой. Мы ня ведаем шмат каго з новых сяброў арганізацыі. Трэба паехаць у рэгіёны, пазнаёміцца зь людзьмі. Дзе-нідзе трэба разьвіваць структуры”.
Ад 23 лютага ў Артура Фінькевіча ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце пачынаецца сэсія. Тым часам Зьмітру Дашкевічу , які таксама вучыцца ў Вільні, днямі не дазволілі выехаць за мяжу.
Гаворыць Павал Севярынец:
“За шырмай вызваленьня “раскручаных” палітвязьняў рэпрэсіі працягваюцца і набываюць новы характар. Гэта спроба блякаваць уступленьне моладзі ў той жа самы “Малады фронт”, у іншыя арганізацыі, каб людзі баяліся трапіць у сытуацыю, калі яны страчваюць вучобу ці працу, калі яны нават, навучаючыся за мяжой, могуць стаць “невыязнымі” і страцяць вучобу й там. Гэта ўсё робіцца наўмысна. Рэжым робіць выгляд, што ідзе на саступкі Захаду, але ў той жа час робіць рэпрэсіі, як кажуць, “пад сталом”.
Артур Фінькевіч на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што бліжэйшая акцыя “Маладога фронту” адбудзецца, як павялося, 14 лютага — у дзень сьвятога Валянціна. Ён запэўніў, што маладафронтаўцы будуць удзельнічаць у вулічных акцыях апазыцыі.