Вёска Тарасава знаходзіцца за тры кілямэтры ад кальцавой шашы і ад шашы зь Менска на Гародню. Сюды каля 16 гадзіны прыехала жалобная працэсія. Людзі выйшлі з аўтамабіляў і аўтобусаў і рушылі празь лес. За старымі могілкамі адкрылася паляна, выдзеленая пад новыя могілкі.
"Аляксандар Казулін не сказаў ані слова пра палітыку"
Тут лёс вызначыў знайсьці апошні прытулак Ірыне Казулінай, зь якой прыехалі разьвітацца некалькі соцень чалавек. Пад сьпевы касьцельнага хору труну вынесьлі з катафалку. Пасьля некалькіх малітваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прапанаваў сказаць пра Ірыну Казуліну разьвітальнае слова.
Аляксандар Казулін не сказаў ані слова пра палітыку. У некаторыя моманты ён плакаў, а слухаючы яго, плакалі і людзі навокал. Калі выглянула сонейка, Аляксандар Казулін сказаў, што прырода радуецца за Ірыну, якой у нябёсах лепш, чым на зямлі.
Няхай Усемагутны Бог дасьць табе, сястра наша Ірына, піць з крыніцаў жыцьця вечнага
Труну зачынілі і сталі апускаць у дол. “Няхай Усемагутны Бог дасьць табе, сястра наша Ірына, піць з крыніцаў жыцьця вечнага”, — пад гэтыя словы ксяндза Ўладзіслава Завальнюка труну апусьцілі ў магілу.
Людзі пачалі кідаць у магілу па тры жмені жоўтай зямлі. Потым узяліся за працу магільшчыкі, і праз 10 хвілін на магіле Ірыны Казулінай была гара кветак і вянкоў.
Музыкі зайгралі “Мой шлях” Фрэнка Сінатры. Гэта не супярэчыла прыжыцьцёвай волі Ірыны Казулінай, якая аддавала перавагу аптымістычным мэлёдыям.
Народная артыстка Зінаіда Бандарэнка сказала для Радыё Свабода:
“
Наколькі мне вядома, яна пісала кнігу. Мяркую, кніга ўбачыць сьвет — зь яе рэкамэндацыямі, зь яе парадамі, як трэба трымацца тым, хто хварэе
Яна так змагалася за жыцьцё! Такая моц! Так імкнулася дапамагчы іншым жанчынам, якія церпяць менавіта на гэтую хваробу! Яна шмат дзеля гэтага зрабіла. Наколькі мне вядома, яна пісала кнігу. Мяркую, кніга ўбачыць сьвет — зь яе рэкамэндацыямі, зь яе парадамі, як трэба трымацца тым, хто хварэе. Беларусь уся хварэе. Вось я гляджу, як пачуваюцца беларусы такога сярэдняга дастатку, дык вельмі цяжка... Царства ёй нябеснае. Думаю, там яе сустрэнуць, як сьвятыню нашу”.
На вечар у менскім рэстаране “Залаты век” прызначана трызна па Ірыне Казулінай. Ужо вядома, што заўтра, 28 лютага, Аляксандар Казулін дасьць прэсавую канфэрэнцыю. Увечары таго ж дня, калі нічога ня зьменіцца, ён мусіць вярнуцца ў калёнію “Віцьба-3” для адбыцьця яшчэ трох з паловай гадоў зьняволеньня.