Цыганкоў: “З палітычнага пункту гледжаньня ўлада магла б разумець, што выпусьціць Казуліна зараз было б выгодна. Гэта можна было б прадставіць як акт мудрасьці і гуманізму. Але мы ведаем пра асабістае стаўленьне Лукашэнкі да Казуліна. Ці можа ўлада пераступіць праз сябе і вызваліць Казуліна?”
Скрабец: Я лічу, Казуліна выпусьцілі, каб паглядзець, што ён будзе рабіць. Калі ён будзе паводзіць сабе спакойна, то я думаю, вызваленьне можа адбыцца. Але калі будуць нейкія палітычныя выбухі, то яго забяруць за краты зноў. Гэта залежыць ад таго, як пройдзе пахаваньне”.
Цыганкоў: “Сяргей, вы таксама былі ў зьняволеньні. Як гэта -- вяртацца за краты, пасьля таго, як тры дні пабыў з роднымі, блізкімі?”
Скрабец: “Ведаеце, гэта вельмі цяжка. Трэба быць вельмі мужным чалавекам, але Казулін якраз такі чалавек і ёсьць. Ісьці з волі назад за краты, дзе шмат людзей асуджаных за сапраўдныя злачынствы, дзе жорсткія ўмовы... Два гады ён там ужо прабыў, а застаецца яшчэ тры – гэта вельмі цяжка”.
Цыганкоў: “Аляксандра Казулін за гэты час, што знаходзіцца ў Менску, зрабіў шэраг рэзкіх заяваў. На вашую думку, з улікам ягонага цяперашняга псыхалягічнага стану – наколькі Казулін можа цяпер прымаць абгрунтаваныя і спакойныя рашэньні?”
Скрабец: “Я лічу, што можа. Гэта чалавек з жалезнай воляй, і выпрабаваньні толькі загартоўваюць ягоны дух. Такія людзі рэдка нараджаюцца, але яны ёсьць”.
Цыганкоў: “Ці ўдалося вам за гэтыя дні пагаварыць з Казуліным, даць яму нейкія парады?”
Скрабец: “Вядома, мы размаўлялі. Я лічу, што зараз яму трэба сабраць усю волю ў кулак і ня даць уладам падставы для правакацыяў. Будзем спадзявацца, што Казулін застанецца на свабодзе”.