Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоным касьцёле разьвіталіся з І.Казулінай


Сёньня ў Чырвоным касьцёле ў Менску адбылося разьвітаньне з Ірынай Казулінай.


Касьцёл сьвятых Сымона і Алены сёньня адчыніўся а 6 гадзіне раніцы. Каля труны зь нябожчыцай сваякі і сябры, гучаць жалобныя сьпевы. Па ўсёй залі мноства кветак і вянкоў. Разьвітацца з Ірынай Казулінай прыйшлі сотні людзей. Яны выказваюць спачуваньні Аляксандру Казуліну і ўсёй сям’і. Сярод прысутных — вядомыя палітыкі, дзеячы культуры. Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі сказаў:

“Безумоўна, павага да ўсёй сям’і і да Аляксандра Казуліна дзейнічае мабілізацыйна. Мы павінны падтрымаць гэтую сям’ю ў першую чаргу. І, выказваючы глыбокія спачуваньні сям’і, мы хочам паказаць салідарнасьць з Аляксандрам Казуліным, які, безумоўна, павінен быць вызвалены цалкам з турмы. І думаю, што гэта тое, што могуць зрабіць людзі сваім масавым прыходам сюды: паказаць, што яны гэта падтрымліваюць”.

Сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч сказаў, што добра ведаў Ірыну Казуліну:

Я вельмі засмучаны, бо адназначна разумею, што яе сьмерць была паскорана. Яна наступіла раней з-за дзеяньняў нашага прэзыдэнта
Больш такога чыстага і прыстойнага чалавека ў нашай барацьбе не было. Я мог мець нейкія разыходжаньні зь яе мужам, але зь ёю мы заўсёды як з найдалікатнейшым, разумным чалавекам абмяркоўвалі ўсе пытаньні. Я сустракаўся зь ёю і ў Вашынгтоне, і ў Маскве, і ў Беларусі. І не прыйсьці — гэта была б ганьба. Я вельмі засмучаны, бо адназначна разумею, што яе сьмерць была паскорана. Яна наступіла раней з-за дзеяньняў нашага прэзыдэнта. У мяне няма сумневаў у гэтым пытаньні. Я прыйшоў сюды, каб выказаць павагу і спачуваньні родным і блізкім, яе мужу Аляксандру”.

Каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў сказаў, што Ірына Казуліна была сьветлай, упэўненай у людзкой дабрыні жанчынай:

“Ня так часта ў жыцьці сустракаеш такіх людзей. І тое, што яна пайшла так рана і ў такіх складаных абставінах, гэта, я думаю, эмацыйна ўзрушыла ўсю Беларусь. Праз гэта людзі больш пачалі разумець, што такое сапраўднае дабро, сапраўднае сумленьне, сапраўднае жыцьцё”.

Амбасадарка ЗША Карэн Ст'юарт
А 12 гадзіне ў касьцёле пачалася імша за нябожчыцу Ірыну Казуліну. Яе адправіў пробашч Чырвонага касьцёла ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. На імшы прысутнічала амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт. Яна падышла да Аляксандра Казуліна і выказала свае спачуваньні.

У сваім казаньні ксёндз Уладзіслаў заўважыў:

“Сьвятой памяці Ірына сярод нас. Ваша маці, твая, брат Аляксандар, жонка. Кроўная. Прамаўляе да вас цяпер гэтымі ж сьвятымі словамі: “Я не памерла. Я адыходжу, каб жыць, бо я жыла з Богам”.

Пасьля імшы труну зь нябожчыцай вынесьлі з касьцёла і пранесьлі ў жалобнай працэсіі вуліцай Берсана. Пасьля таго як труну паставілі ў катафалк, Аляксандар Казулін зьвярнуўся са словамі падзякі да прысутных. Пры гэтым ён двойчы стаў на калені. Спадар Казулін сказаў:

“Калі мы ішлі, то не было пахавальнай музыкі. А гучала музыка вашых сэрцаў. Няма лепшай музыкі, чым гэтая. Тое, што адбывалася ўчора і сёньня, гэта тое, чаго нам найбольш не хапае. Гэта вось гэтага яднаньня. Адгэтуль мая сям’я – гэта ўвесь беларускі народ. І я абавязкова даб’юся, што вы будзеце жыць, дыхаць свабодна. Я ні перад кім не станаўлюся на калені, а перад вамі стану. Вялікі вам дзякуй. Ад усяго сэрца: “Жыве Беларусь!”

Сярод натоўпу пачуліся воклічы “Свабоду Казуліну!”


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG