Яна ведала пра хваробу яшчэ тады, калі Аляксандар Казулін прымаў рашэньне ўзяць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі. Ён мог адмовіцца, калі б яна захацела. Але не папрасіла... Ведала, якая гэта небясьпека, адчувала, якая трагедыя наперадзе, але падтрымала. Падтрымала ўсьмешкай, верай і каханьнем... Калі ён ішоў 25 сакавіка на чале калёны на Акрэсьціна пад дубінкі спэцназу, што думала гэтая маленькая жанчына, якая ўсяго некалькі гадзінаў таму атрымала чарговы прысуд у Бараўлянах?.. Я ня ведаю, хто зь іх быў больш мужны ў той момант...
Я амаль ніколі ня бачыла Ірыну Казуліну без усьмешкі. У ліпені 2006-га, на другі дзень пасьля прысуду Аляксандру Казуліну, яна прыйшла ў студыю “Свабоды” і прыветна неяк па-дзіцячаму стомлена ўсьміхалася. У вачах быў сум, але ўнутраная інтэлігентнасьць не дазваляла абцяжарваць іншых дэманстрацыяй свайго гора. Ціхім голасам, які часта зрываўся (гэта былі ўжо наступствы хваробы, пра якую тады яшчэ мала хто ведаў), яна некалькі гадзінаў адказвала на пытаньні наведнікаў сайту “Свабоды”. Было вельмі душна. Ішла гадзіна, другая. Ірына гаварыла ў мікрафон і ўсьміхалася. Я бачыла, як ёй цяжка, і маральна, і фізычна. Яна ўсьміхалася той самай пяшчотнай усьмешкай, што я бачу цяпер на разьвітальным здымку...
Я двойчы была ў іх дома – у вялікай утульнай кватэры, дзе дагэтуль ёсьць адчуваньне дружнай вялікай сям’і, дзе накрыты стол, і за ім усе, хто чакае Аляксандра Казуліна – ягоныя дочкі, унук, бацькі, брат, сястра, яе муж , пляменьніца, і, канечне, Ірына. Яе вочы шчасьлівыя – яна бачыла мужа цэлыя тры дні. Ці дажыве да новага спатканьня? Ня ведае. Але яна шчасьлівая цяпер. Усьміхаецца і паказвае мне дванаццаць анёлаў, што яны некалі купілі з Аляксандрам у Празе...
Мне дагэтуль сорамна, што не пазваніла ёй тады. Гэта быў сьнежань 2006-га. Я працавала ў Празе на ранішнім эфіры. Ішоў 51-шы дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна. Ірына была госьцяй ранішняй праграмы. Яна расказвала ў жывым эфіры пра тое, як зьбіраецца ехаць да мужа прасіць спыніць галадоўку. Я нагадала ёй пра праскіх анёлаў. Ірына сказала, што яны чакаюць Аляксандра на Каляды...
Наступнай раніцай за сорак хвілін да жывога эфіру прыходзіць паведамленьне Associated Press з ААН пра тое, што прадстаўнік ЗША прапанаваў узьняць пытаньне аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН. Дзеля гэтага Аляксандар Казулін 52-гі дзень у турме трымаў галадоўку.
“Я прашу, каб хаця б адна з краін “вялікай васьмёркі” праявіла цьвёрды намер унесьці на разгляд Рады бясьпекі ААН пытаньне аб Беларусі, зрабіўшы адпаведную афіцыйную заяву. Магчыма, гэтая драбніца і вызначыць рэальную цану ўсяго аднаго чалавечага жыцьця”, – пісаў ён напярэдадні.
Я кінулася перакладаць навіну, хутчэй рыхтаваць яе да эфіру і для сайту. І зусім забылася пазваніць Ірыне Казулінай, каб яна даведалася пра гэта першая. Яна б так усьміхнулася пасьля гэтага званка. Прабачце, Ірына, што Вы даведаліся пра гэта некалькімі гадзінамі пазьней...
Ад такіх жанчын мужчыны ніколі не сыходзяць, сказала неяк мая калега-журналістка пасьля інтэрвію з Казулінай. Тады Ірына ўпершыню публічна заявіла пра сваю хваробу і пра сваё змаганьне зь ёй. Маленькая мужная сапраўдная жанчына. Толькі яна і яе сям’я ведаюць, чаго каштавалі ёй апошнія месяцы жыцьця. Яе ўжо рэдка бачылі публічна. Але калі яна выходзіла з кватэры, то і тады ў яе на вуснах была тонкая загадкавая ўсьмешка. Усьмешка Моны Лізы...
“Я веру ў свайго мужа і ў тое, што ён хутка будзе разам з намі. Я веру ў нашых дзяцей: Вольгу і Юлію, а таксама ў нашага ўнука Ўладзіслава. Яны – сьветлыя і добрыя. Яны – працавітыя і мэтанакіраваныя. Я ганаруся імі. Веру, што Чалавек зьяўляецца на сьвет дзеля радасьці і шчасьця”, – гаварыла яна ў перадачы “Свабоды” “У што я веру”.
Ірыны Казулінай ужо няма з намі, але застаюцца фотаздымкі зь яе непаўторнай усьмешкай, а у аўдыёархівах “Свабоды” жыве яе ціхі дзіцячы голас.
“Калі мы ехалі дахаты, увесь час тэлефанавалі журналісты. І хтосьці зь іх папытаўся: “А калі ў вас наступнае доўгатэрміновае спатканьне? Я адказала, што я спадзяюся, што наступнае доўгатэрміновае спатканьне будзе ў нас дома і ўжо да канца жыцьця”.