Караткевіч: Якая Ваша ацэнка падзеяў 25 сакавіка 1918 году?
Глобус: Гэтая падзея – вельмі значная і вельмі вялікая. Але я павінен зірнуць у рэтраспэкцыю гэтага пытаньня. Дзе й калі ў першы раз прагучала: “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка?” Гэтыя словы прагучалі на вельмі важным месцы ў горадзе Менску на скрыжаваньні вуліц Петрапаўлаўскай і Падгорнай, на Тэатральнай плошчы. Я лічу, што гэта самае важнае месца ў гісторыі беларускай культуры і наогул у беларускай гісторыі ў ХХ стагодзьдзі. Усе важныя для Беларусі падзеі адбываліся на гэтым ціхім цяпер скрыжаваньні. Вельмі цікавае назіраньне, на мой погляд – людзі, якія ходзяць або хадзілі па гэтым скрыжаваньні, яны вырашалі лёс нашай Бацькаўшчыны. А ўсе людзі, якія знаходзяцца далёка ад гэтага скрыжаваньня – яны маюць толькі ілюзію, што вырашаюць лёс Беларусі
Караткевіч: Мы асьвятлялі ў нашых праграмах пратэсты жыхароў вуліцы Падгорнай супраць іх высяленьня. У адным з блогаў быў разьмешчаны фотаздымак, дзе вы, літаратурны крытык Ганна Кісьліцына і пісьменьнік Уладзімер Арлоў стаіце падчас пратэсту і, як сказаў адзін мой калега, “глядзіце вельмі злосна”. Наколькі для Вас сытуацыя зь пераразьмеркаваньнем вуліц, гістарычных помнікаў можа адбіцца на мэнтальным разьвіцьці, мэнтальнай рэабілітацыі нацыі?
Глобус: Чаму я пачаў зь месца... На гэтым месцы – гэтым скрыжаваньні – вырашаецца лёс Беларусі. Вырашаўся, вырашаецца і будзе вырашацца. Што сказалі, нібыта “злосныя” – фатограф папрасіў зрабіць сур'ёзныя твары, бо мы былі занадта вясёлыя, і акцыя праходзіла даволі па-эстонску – вельмі стрыманая была акцыя.
Караткевіч: Напярэдадні інтэрвію Вы сказалі, што пра 25 сакавіка ўспамінаеце толькі 25 сакавіка, і на гэты момант “пытаньне шафы” для Вас можа быць важнейшае... Ці ходзіце вы на акцыі Дня Волі?
Глобус: Ну, было б дзіўна, каб я 31 сьнежня думаў не пра Новы Год, а пра 25 сакавіка, або на 8 сакавіка я б думаў пра 25 сакавіка. Кожнаму сьвяту – свой час. Ясна, што 25 сакавіка я думаю пра Дзень Беларускай Незалежнасьці. Чаму я пра яго павінен думаць 26 сакавіка?
Караткевіч: Учора ў “Начной Свабодзе” ўдзельнічаў музычны прадзюсар Юры Цыбін – ён згадаў двух паэтаў: Анатоля Сыса і Адама Глобуса. Ці Вы цяпер займаецеся паэтычнай творчасьцю?
Глобус: Займаюся і рыхтую да выданьня новую кніжку – “Вершы пра каханьне, гарэлку і сьмерць”. Сумнаватая назва, але я лічу, што ніякіх іншых вершаў не бывае.
Караткевіч: Вы ў 80-х і на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя былі ўдзельнікам таго працэсу, які прычыніўся да новага беларускага адраджэньня. На гэты момант Вы – аптыміст ці пэсыміст? Як далей будзе разьвівацца беларуская нацыянальная культура?
Глобус: Я зноў вярнуся на сваё скрыжаваньне – вуліц Маркса і Энгельса, на станцыю мэтро “Купалаўскую” – я амаль кожны дзень праходжу праз гэта скрыжаваньне і лічу, што ўсё будзе ў нас выдатна.
Караткевіч: Пару радкоў з новага зборніка?
Глобус: Верш...
ПАЎСТАНЬНЕ
Ніжэй магілы не апусьціш
І не прынізіш ніжэй зямлі
Таму паўстаньне мы пачалі
З халоднай цемры, з чорных пустак
Каб выйсьці з мораку на сьвятло
Каб уздымацца да вольнай волі
Каб стаць свабоднымі і ніколі
Не патрапляць у д'яблава ярмо.