Калегія Вярхоўнага суду за 40 хвілін перагледзела прысуд, вынесены месяц таму судзьдзём Русланам Аніськевічам у Менскім гарадзкім судзе. Замест трох гадоў зьняволеньня засталося тры месяцы. Паколькі Аляксандар Зьдзьвіжкоў быў арыштаваны летась 18 лістапада, то тэрмін ягонага зьняволеньня скончыўся чатыры дні таму. На якой падставе зьмянілі тэрмін? Адвакатка журналіста Мая Аляксандрава патлумачыла: “Зьдзьвіжкова не апраўдалі, а толькі зьмянілі тэрмін да мінімума дзеля выключных абставін. Такімі абставінамі судовая калегія палічыла дрэнны стан здароўя асуджанага і наяўнасьць у яго старой хворай маці”.
Выхад на волю Аляксандра Зьдзьвіжкова зь Менскага сьледчага ізалятара меўся адбыцца цягам дня і ператварыўся ў дэтэктыў. А гадзіне дня адвакатка наведала ізалятар і, выйшаўшы адтуль, сказала журналістам, якія сабраліся каля “Валадаркі”, што пастанову суду ў ізалятары ўжо атрымалі і таму на волю Аляксандар Зьдзьвіжкоў выйдзе праз адну-дзьве гадзіны. Але ўжо праз дваццаць хвілін дзяжурны ізалятара паведаміў, што журналіста нібыта “вызвалілі ўжо гадзіну таму”. Яшчэ праз гадзіну гэта пацьвердзіў і начальнік сьледчага ізалятара: “Чаго вы яго чакаеце? Ён ужо на цягніку едзе дамоў у Барысаў”.
Пра сваё вызваленьне Аляксандар Зьдзьвіжкоў распавёў “Свабодзе” ў эксклюзіўным інтэрвію празь дзьве гадзіны. Журналіст паведаміў, што ён спыніўся на кватэры ў сястры.
"Пакуль галоўнае — паправіць здароўе. У ізалятары я перанёс вельмі цяжкі грып, з-за чаго пачаў губляць слых і зрок. Страціў палову зубоў. А ўсё астатняе — паправім. Сваё вызваленьне я пракамэнтую так — патрапіў пад палітычную кампанію. Садзіць мяне не было за што. Я проста выконваў свой журналісцкі абавязак. Як казаў адмірал Нэльсан перад Трафальгарскай бітвай — “Хай кожны выканае свой абавязак”. Вось і я выканаў”.
Вось што Аляксандар Зьдзьвіжкоў распавёў пра тое, як апынуўся на волі.
Таму зараз галоўнае — паправіць здароўе. Турма — гэта адмоўны досьвед
Журналіст і ягоная адвакатка не выключаюць, што абскардзяць прысуд, паколькі Аляксандар Зьдзьвіжкоў сваёй віны не прызнае.