Данцыг, травень 1924. Капітан Разумовіч прыплыў у Вольны Горад Данцыг раніцай. Там яго меўся чакаць пасярэднік, які браўся прадаць у Горадні Разумовічаў дом.
Масква, жнівень 1920. Залагодзіўшы апошнія неабходныя фармальнасьці, старшыня дэлегацыі БНР для перамоваў з бальшавіцкім урадам Васіль Захарка заняў сваё месца ў цягніку, які кіраваўся праз Петраград на Рэвэль і зь нецярпеньнем чакаў хвіліны расстаньня з гэтым вялізным і бязьлітасным горадам. Калі да адыходу цягніка заставалася пяць хвілін, Захарка пабачыў за вакном знаёмы твар, і настрой у яго адразу сапсаваўся.
Коўна, лістапад 1920 году. Віцэ-міністар замежных справаў Літвы Сымон Розэнбаўм ня мог не сымпатызаваць беларусам — ён нарадзіўся ў Пінску, доўгі час жыў і працаваў у Менску, прадстаўляў менскую губэрню ў І-ай дзяржаўнай думе. Тыдзень таму, 11 лістапада, ён паставіў свой подпіс на міждзяржаўнай дамове паміж Літвой і Беларускай Народнай Рэспублікай. І вось цяпер ён проста ня мог адмовіць у ласцы прэм’еру БНР Вацлаву Ластоўскаму, які папрасіў забясьпечыць яго некалькімі рэкамэндацыйнымі лістамі.
Адэса, жнівень 1919. Летнім надвячоркам па Садовай вуліцы, раз-пораз азіраючыся, ішоў чалавек у капелюшы і цёмных акулярах з акуратнай бародкай і крыху падкручанымі да гары вусамі...
Рыга, люты 1920. Шэф Вайскова-Дыпляматычнай Місіі БНР у Рызе Кастусь Езавітаў узяў чарговую заяву. Напісаная яна была па-француску – такое здаралася ня кожны дзень...
Бэрлін, красавік 1922. Генуэская канфэрэнцыя была апошняй надзеяй. Там эўрапейскія лідэры меліся абмяркоўваць эканамічныя і палітычныя праблемы, якія заставаліся нявырашаныя пасьля заканчэньня вайны.
Данцыг, ліпень 1922-га. ”Даражэнькі, шлю маё сардэчнае прывітаньне ўсім сябрам Грамады. Сёньня моцна помню наш дэвіз: змагаймася – зможам. Цалую ўсіх. Ваш Янка Чарапук. Параход ”Латвія” перад ад’ездам у Амэрыку”. Кінуўшы паштоўку ў скрыню, Ян Чарапук пайшоў да трапу. Гэта былі яго апошнія крокі на эўрапейскай зямлі.
...Яна зьявілася ўначы, як здань. Проста ніадкуль, бо што яна прайшла – жывая і некранутая – бальшавіцкія пазыцыі, паверыць было немагчыма. Аднак, пабачыўшы афіцыйныя паперы зь дзяржаўнай пячаткай, афіцэр перадавой каманды ўкраінскага войска адчуў, што гэтае дзяўчо – важная птушка, і загадаў з пашанай даставіць яе ў Камянец-Падольскі, у сядзібу ўраду.
Пачалася ўся гэтая гісторыя са студзеньскага вечара ў 1916 годзе. У віленскай кавярні «Чырвоны Штраль» бавіла вечар заўсёдная стракатая кампанія тутэйшых інтэлігентаў.