4 лістапада — 130 гадоў з дня нараджэньня Цішкі Гартнага (Зьмітра Жылуновіча). Яго эпічную прозу крытыкавалі, зь вершаў сьмяяліся, на артыкулы крыўдзіліся.
Калі ўзначальваў Дзяржвыдавецтва БССР, мог аднаго пісьменьніка надрукаваць праз тыдзень, а другога (напрыклад, Дубоўку) унесьці ў «чорны сьпіс». Адзін зь яго самых яркіх учынкаў — калі ў артыкуле «Як жа зь Беларусьсю?» (Дзяньніца № 38, 19 лістапада 1918) ён папракаў Сталіна за няўвагу да Беларусі, якая ня мела самастойнасьці. У выніку 1 студзеня 1919 году была створана першая беларуская савецкая дзяржава.
Фанатычная схільнасьць да чысьціні і акуратнасьці перадалася яму ад маці
«Яўгенька была вялікая чысьцюля. На першым жа тыдні [пасьля замуства] яна пачала на свой лад і нораў парадкаваць у Жылуновічавай хаце. /.../ чысьценька з нажом вымыла і вышаравала стол, лавы і падаконьнікі. /.../ пабяліла печ і жоўценькім пясочкам пасыпала падлогу /.../. Пераступіла суседка парог — ад зьдзіўленьня аж рукамі пляснула: ня тая хата! /.../ ад таго часу пайшла /.../ прымаўка /.../ у Капылі: «Глядзі, прыбрала ў хаце, як тая Яўгенька!»
(Сьцяпан Александровіч. Тут зямля такая. / «...Я рабочы-гарбар». 1985).
Дзеці ставіліся да яго як да старэйшага брата
«Мы з братам Алегам маму пабойваліся і загады выконвалі без пярэчаньняў. З татам маглі паспрачацца. Наогул ставіліся да яго хутчэй як да старэйшага брата, які ўсё на сьвеце ведае»
(Галіна Жылуновіч. Мой бацька. Успаміны пра Цішку Гартнага. 1984).
Шкадаваў злодзеяў, якіх высылалі ў Сыбір
«Усе капыляне вельмі зазлавалі і хочуць /.../ супольным прыгаворам выслаць зладзеяў у Сыбір ці Архангельск. /.../ маладых зладзеяў засудзяць /.../ на колькі гадоў. Пасьля выйдуць яны з ёй і /.../ зноў будуць красьці. Прападуць сілы маладыя, прападзе за нішто доля дзетак».
(«Наша Ніва», 1909, № 5).
Лічыў, што яго дзеці павінны вучыцца толькі на адны пяцёркі (сёньняшнія дзясяткі)
«...я прыходжу дамоў сама не свая ад радасьці, што атрымала чацьвёрку па такім цяжкім экзамэне, а бацька як халоднай вадой аблівае, пытаючы: „А чаму не пяцёрка?“»
(Галіна Жылуновіч. Мой бацька. Успаміны пра Цішку Гартнага. 1984).
Любіў насіць гальштукі, але іншых мог за гэта крытыкаваць
«— Ты што начапіў на сябе гэтае... — ён ужыў тут пагардлівы эпітэт, які адносіўся да майго гальштука.
Я пачаў даводзіць, што гальштукі пачынаюць насіць зноў.
— Можа і так, але мне неяк непрыемна бачыць менавіта цябе ў гальштуку. Ну, ды, урэшце, нічога дрэннага ў гэтым няма»
(Міхась Ганчарык. Па шляхах маладосці. Успаміны пра Цішку Гартнага. 1984).
На пачатку 20-х зьедліва кпіў з Ластоўскага, а за некалькі месяцаў да першых рэпрэсій, супраць Ластоўскага пісаў пра яго цёплыя ўспаміны
У 1921: «А Ластоўскі? Ці ж мог бы просты сьмертны чаўпсьці гэткіе штукі, як ён. Без зямлі, без людзей, а мае цэлы габінэт міністраў, робіць хаўрусы з дзяржавамі, мае прадстаўнікоў траха не ва ўсіх краёх сьвету, даслужыўся падыйсьці к парогу Лігі нацыяў! Беларускі гэній жыве!» (Авадзень. «Беларускі гэній жыве» // «Савецкая Беларусь», 1921, № 25, 2 лютага).
У 1929: «Аляксандр Уласаў, Антон і Ян Луцкевіч /.../ былі людзьмі зусім іншага гатунку ад Ластоўскага /.../ ад іх павеяла большай сурʼёзнасьцю і сухасьцю. З іх гутаркі я не атрымаў тае сардэчнасьці і сяброўства, якія адчуваў з боку Ластоўскага...» (Цішка Гартны «Дваццаць гадоў назад» (Успаміны з мінулага) // «Полымя», 1929, № 5).
Быў абражаны, што ў Маскве лепш прымалі паэзію Дубоўкі, чым яго творы
«Рускія паэты запрасілі беларусаў выступіць у іхным клюбе, фактычна — першы раз за ўвесь час [другая палова 1922]. Здавалася б, самым разумным было б арганізаваць прыезд у Маскву Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота /.../ Прыехаў жа адзін Ц. Гартны. /.../ Нейкім гнусавым, замагільным голасам ён робіць «даклад» аб беларускай літаратуры. Вялікае месца вылучае сабе. /.../ абвяшчае: — Цяпер я пачытаю вам свае творы...
Цяжка ўявіць сабе, што гэта было за чытаньне. /.../ І тут раптам, абсалютна нечакана для мяне, Ц. Гартны гаворыць: „Зараз пачытае свае вершы пачынаючы паэта Уладзімер Дубоўка“ /.../ Добра, што я ведаў нямала сваіх твораў на памяць. /.../ Я чытаў гучна, выразна, так, як было прынята ў Маскве. /.../ узьнялася хваля воплескаў. Я прачытаў другі верш /.../ Аўдыторыя заапладзіравала яшчэ гучней. Пачуліся галасы: „Дубоўка! Давай яшчэ!“ /.../ Пасьля вечара /.../ Ц. Гартны з вялікай злосьцю сказаў: „Г...о! Абракадабра нейкая! Яны, дурні, нічога не зразумелі, вось і апладзіруюць!“»
(Уладзімір Дубоўка: Ён і пра яго. 2017).
Літаратурныя крытыкі з «Узвышша» называлі яго падпявалам
«Ня толькі выдатнага, але нават хоць-бы колькі-небудзь прыкметнага месца ў беларускай літаратуры ён не займаў і не займае. Выцерабіцца на буйны літаратурны шлях у сілу свайго нязначнага таленту ён ня здолеў, тым больш ня здолеў ён стаць на ровень з такімі поэтамі, як Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч. У адносінах да хору гэтых трох выдатных поэтаў Ц. Гартнаму даводзілася быць толькі падпявалам, толькі быць падгалоскам з вельмі слабенькаю поэтычнаю тэхнікаю ды вельмі вузенькім кругавідам»
(Sine ira et studio (Агляд поэзіі Цішкі Гартнага) // Узвышша, 1927, № 3).
Засмучаўся, што яго родныя капыляне абыякавыя да палітыкі, і зайздросьціў у гэтым сэнсе бундаўцам ды іншым сіянісцкім арганізацыям
«...перадавая моладзь — майстравыя рабочыя ў часы рэакцыі 1907, 1908, 1909 г. паўцякалі ў Амэрыку, а новае пакаленьне — пайшло па панскай сьцежцы /.../ Вайна парабіла шмат афіцэраў, і гэтым палітыка непатрэбна. А салдаты /.../, калі крыху і былі захоплены ёю, то прыбыўшы да хаты, забываюць і прычэшваюцца да жыцьця абыватэльшчыны. Газэты ня выпісваюцца і толькі чуткамі людзі кормяцца... Праўда, гэта ўсё датычыць капылян беларусаў: ня тое зусім сярод жыдоў: у іх жыве /.../ арганізацыя „Бунда“ і гурток сыяністаў, якія вядуць добра партыйную працу: маюць бібліятэку, робяць вечарыны і інш.»
(Капыльскі. М. Капыль, Мінскае губ. // «Дзяньніца», 1918, № 4, 19 марта).
Падчас армяна-турэцкай вайны спачуваў армянам
«Газэты прынясьлі весткі з Каўказу, у якім гаворыцца, што там, у г. Баку, вядзецца настаяшчая вайна між армянамі і мусульманамі. /.../ Армяне — народ сьветлы, культурны і рэвалюцыйны — мусульманы ж — /.../ жывуць згодна сваіх старасьвецкіх укладаў. За гэтым іх можна лёгка на ўсё падбухторыць, падгаварыць і патрэбна зусім малая прычына, якая-б павяла за сабою настаяшчую разьню. /.../ царскае правіцельства знарок устройвала на Каўказе разьню між армянамі і мусульманамі. Калі толькі рэвалюцыйны рух шырыўся і рос сярод армян, тады мяйсцовыя ўласьці барджэй жа хапаліся за самае вернае срэдства — цкаваньне народа на народ, нацыю на нацыю. /.../ »
(Д.Ж. Нацыянальныя спрэчкі // «Дзяньніца», 1918, № 9, 24 апрэля).
У 1918 годзе лічыў, што за прадстаўнікамі «буржуазіі», якія працуюць на карысьць савецкага ладу, трэба бесьперастанку сачыць, а іх працу жорстка кантраляваць
«У апошні час, калі тэрмін заваяваньняў рэвалюцыі скончыўся, калі савецкая правіцельства ўмацавалася ў жыцьці на бяду яе ворагаў, знайшлася можнасьць перайсьці к тэрміну творчасьці. Трэба прызнацца, што сілаў да гэтага ў работнікаў обмаль, нестае /.../ Вось і ня дзіва таму, што цяпер прыходзіцца запрашаць для гэтай працы розных майстроў свайго дзела, розных спецыялістаў з буржуйнаго стану. Дзякуваць Богу, яны цяпер бяды ня зробяць... Так думая савецкая ўласьць /.../. Але іначай глядзіць на гэта зʼявішча сама буржуазея. Яна такому выпадку больш як рада. І вось чаму. Уваходзючы са сваім знаньнем у сямʼю працаўнікоў, яны думаюць гэтым паціхеньку да тайком выкарыстаць на тое, каб усё падграбці ў свае рукі і павярнуць калясо па жаданай каляінцы. /.../ Над кожным з такіх паноў будзе пастаўлена некулькі чалавек, нібы камісʼя, якая мусіць сачыць за кожным крокам іх, так што павярнуць у свой бок нічога ня ўдасца. Мы б радзілі са свайго боку зьвярнуць увагу на асоба пільны кантроль з больш-меньш сьвядомых людзей, каб з пад іх сочкі нічога не ўцякло. Калі справа будзе добра зʼарганізавана ў такім напрамку, тады ўся радасьць буржуазеі сыдзе на німаніц. А гэта і трэба, каб так было»
(Д.Ж. Заўчэсьня... // «Дзяньніца», 1918, № 9, 24 апрэля).
Засмучаўся, што дата 1 студзеня, калі была створана Беларуская савецкая дзяржава, пачала забывацца
«...апошнія гады ў гісторыі [беларускага народу] прынясьлі яму адно вялікае надзвычайнае здарэньне, якое палажыла нязгладныя сьляды ў яго жыцьці і якое дало новы кірунак яго разьвіцьцю. Гэта здарэньне — абвяшчэньне Вольнай Незалежнай Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. Яно адбылося першага студзеня новага стылю 1919 году, даўшы краю дзяржаўныя формы жыцьця, а з няведанага, спагарджанага народу — зрабіўшы пэўнага гаспадара свае краіны. І таму першага студзеня павінна /.../ быць сьвятам Беларускай рэспублікі. Тры мінулых гады прайшлі зусім незаўважна к гэтаму дню. Зь бегам часу ён адыходзіць усё далей і далей ад нас. /.../ Гэта можна казаць аб нашых бязуважных адносінах да тых гістарычных дзей, якіх мы былі сучасьнікамі і якія зьвязаны з нашым лёсам. Гэта гатова сьведчыць аб нашым раўнадушшы да нашай гісторыі — а знача і да нас саміх...»
(З. Жылуновіч. 1 студзеня мусіць быць сьвятам // «Савецкая Беларусь», 1922, № 251, 12 лістапада).
Лічыў, што вялікі наплыў замежнікаў у Бэрліне часоў Вэймарскай рэспублікі псуе карэнных жыхароў гэтага гораду
«Ня мала псуе бэрлінцаў перапаўненьне сталіцы чужаземцамі, асабліва тым чужаземным элемэнтам, які прыяжджае сюды з адзінаю мэтаю, карыстаючыся валютнаю розьніцаю, папʼянстваваць, параспутнічаць, пагуляць, накупіць поўныя чамаданы раскошных дрындушак і зноў уцячы дадому. Гуляючая, беспардонная, звысока трактуючая працалюбчага і эканомнага немца, сьмецячая грашыма, па большасьці пустая, мяшчанская чужаземшчына псуе бэрлінца з двух бакоў — вызывае сьляпую нянавісьць да ўсіх чужаземцаў, выклікае сьляпы шавінізм і заражае яго ахвотаю таксама бесклапотна гуляць і сьмеціць грашыма»
(Развал старога Бэрліну // «Савецкая Беларусь», 1922, № 251, 12 лістапада).
Быў у захапленьні ад жарсных прадстаўленьняў Фалі-Бержэр
«...эстэтычны бок, надворны выгляд даведзены да віртуёзнасьці. Пры гэтым, у дадатак да багатай раскошнай маляўнічасьці, у кожным прыстаўленьні-рэўʼю маецца надзвычайна многа дынамікі. Несупынны рух сотняў удзельнікаў спэктаклю, выключна дзяўчат, падабраных і збоку адмысловага здароўя і з боку дасканалай эстэтычнасьці фігуры, частая перамена вопратак і вобразаў самога прыстаўленьня, надаюць уражаньне несупыннага цёку, міганьня, трапятаньня ўсяе сцэны. Ніводзін спэктакль ня вольны ад эротычнага налёту. Наадварот, эротызмам у згушчаным выглядзе прасякнуты ўсе часьцінкі прыстаўленьня, /.../ адзеньне гірлс, зусім адкрытыя жэсты і сказы, асобныя сцэнкі, малюнкі заслонаў і дэкарацый /.../ Пастаноўка Фалібэржэ-рэўʼю зрабіла вялікае ўражаньне»
(З. Жылуновіч. Па чатырох краінах. Рэўʼю // «Савецкая Беларусь», 1928, № 15, 18 студзеня).
Вялікі прыхільнік опэры, ён нудзіўся, калі глядзеў у Гранд-Опэра Вагнэра
«Мы трапілі ў Гранд-Опэра на опэру Р. Вагнэра „Валькірʼя“. Удзельнікі — артыстыя папаліся добрымі і выконвалі свае ролі мастацка. Зігмунта, Вотана, Брунгільду і Фрыку можна было слухаць з захапленьнем. Але слухаць ня так доўга, як таго патрабуе спэктакль. Магутная грымучая музыка Р. Вагнэра і аднастайнае, бяз усякага руху, пяяньне артыстых — рабіліся ўтомнымі. Цяжка было высядзець тры з лішнім гадзіны...»
(З. Жылуновіч. Па чатырох краінах. За аглядам Парыжу // «Савецкая Беларусь», 1928, № 3, 4 студзеня).
Быў абыякавы да Радэна, але яму падабаліся эратычныя скульптуры часоў клясыцызму
«...Родэн не зрабіў /.../ значнага ўражаньня. Праўда, мы зацікавіліся арыгінальнасьцю работаў гэтага мастака, як бы намёкамі ўводзіўшых нас у глыбокі сэнс аўтарскіх задумаў. Усё-ж вытачаныя абрысы фігур, моцна выходзячых з глыбы натуральнага дзікага мармуру, падавалі ўражаньне недакончанасьці і неэстэтычнасьці надворнага боку твораў. /.../ больш выдатныя творы займаюць увагу падаўжэй. Вось група Д. Puech — „Сірэна“. Казачная багіня са скрыдламі і рыбнымі хвастамі заміж ног, абнімае за пояс прыгожую асобу напаўдзяўчыну, напаўмужчыну. Колькі эротычнай падатлівасьці і адначасна цнотнай чысьціны ў яе істоце!»
(З. Жылуновіч. Па чатырох краінах. Парыскія музэі // «Савецкая Беларусь», 1928, № 7, 8 студзеня).
З усіх сусьветных музэяў яму найбольш падабаўся Люўр
«Нейкая асаблівая сіла зачараваньня цягнула туды, колькі б разоў не праходзіў міма Луўру. Я помню, што ніводзін музэй на мяне не зрабіў гэткага моцнага ўражаньня, як Луўр. А розных музэяў даводзілася мне бачыць ня мала. Сярод іх многа багатых і знатных, як: Эрмітаж, Рускі музэй (Ленінград), Трацьцякоўская галярэя, Румянцаўскі музэй (Масква), Нацыянальны музэй (Прага-чэская), музэй Фрыдрыха, музэй-дварэц, Нацыянальная карцінная галярэя (Бэрлін), Мюнхэнскія музэі, і багацейшая карцінная галярэя Дрэздэну з яе багатым зборам клясыкаў і з яе Сікстынскаю мадоннаю Рафаэля, — але ўсе яны многім уступаюць Луўру. Тут ужо сапраўды сканцэнтравана грунтоўнасьць францускага размаху!.. /.../ францускі размах сваімі бакамі пераважаў нямецкую пэдантычнасьць»
(З. Жылуновіч. Па чатырох краінах. Парыскія музэі // «Савецкая Беларусь», 1928, № 7, 8 студзеня).
Маральна падтрымаў нямецкага кандуктара, калі праяжджаў на цягніку па акупаванай Рэйнскай вобласьці
«...гэта была Прырэйнская акупаваная французамі вобласьць. Мы ў вакно вагонаў бачылі многа французкіх салдат, якія задзёрыста, з выглядам пераможнікаў разьяжджалі па чужых ім, нямецкіх палёх. /.../ здавалася з кожнага ўзгорку паглядала пільнае кантрольнае вока пераможцаў — амэрыканцаў, англічан, французаў. Ланцугі Даўса /.../ цяжка-ачула спавялі Нямеччыну... Як-бы пратэстам супроць жудаснай наяўнасьці гэтага зычэлі цьвёрдыя словы кандуктара, калі мы падʼехалі да Кёльна: „Вось гэта нямецкая рэчка Рэйн, прыгожая, ці-ж няпраўда?“ Я адказаў: „Вельмі прыгожая“, і гэта палісьціла кандуктару»
(З. Жылуновіч. Па чатырох краінах. Парыж-Бэрлін-Варшава-Негарэлае // «Савецкая Беларусь», 1928, № 17, 20 студзеня).
Быў незадаволены Менскам і лічыў, што яго сорамна называць сталіцай
«ЖЫЛУНОВІЧ. Наша гарадзкое будаўніцтва, няма чаго казаць, зьяўляецца надзвычайна адсталым і ўпаўшым, вось хаця-б узяць нашу сталіцу якую проста, я-б казаў, не асабліва лесна называць сталіцай.
ГАЛАДЗЕД. Параўнаць з Бэрлінам думаеце.
ЖЫЛУНОВІЧ. Я хачу параўнаць хаця-б з той невялікай 2.000.000 Латвіяй, якая мае надзвычайна прыгожы і добры горад Рыгу. Я ня думаю, каб мы ўжо мелі такі горад, як Рыга, але хаця-б мы мелі на палову толькі тое, што маецца ў Рызе. У нас культура праводзіцца ў выглядзе гэтых 25-месных аўтобусаў, якія гуляюць па вуліцах, а калі прыдзе вясна, то наўрад ці ім удасца так плаўна хадзіць па менскіх вуліцах, ня будзе сьнегу і ня будзе чым залатаць тыя дыры, якія маюцца на вуліцах»
(Прамова тав. Жылуновіча // «Савецкая Беларусь», 1928, № 9, 11 студзеня).
Лічыў, што маладыя паэты 20-х гадоў прыйшлі на ўсё гатовае і ня хочуць выкарыстоўваць тыя магчымасьці, якія ім дае савецкая ўлада
«Савецкая ўлада /.../ адчыніла шырокі шлях да культурнай творчасьці, неасяжныя магчымасьці перад кожным /.../ Не патураць на гэта, глядзець у гэты бок з нядбайствам — праступак у адносінах да сябе, да свайго і разам да агульнага дабрабыту. Да шкоды, сярод беларускіх маладых пісьменьнікаў наглядаецца гэта ў вельмі выразнай форме. Прычын гэтаму многа. Найважнейшая з іх — гэта параўнаўчая лёгкасьць, з якой можна зʼявіцца ў сьвет. Усякая друкаваная рэч, зразумела, надае яе аўтару гордасьці, задзёру і самалюбства /.../, самаўпэўненасьць /.../. Праца над самаадукацыяй адпіхаецца навамодным пісьменьнікам далей ад сябе, і ён застаецца на ўсё жыцьцё з тым, з чым пачаў пісаць»
(Зьміцер Жылуновіч. Купчастыя руні. Крытычны нарыс пра П. Труса і А. Моркаўку // «Полымя», 1926, № 2).