Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Баранавічаў заплаціць 116 мільёнаў за папугаяў, якія нібыта разьляцеліся


У эканамічным судзе Берасьцейскай вобласьці адбыліся слуханьні па справе «аб 440 папугаях». Судзьдзя ня даў веры, што незаконна ўвезеныя ў Беларусь экзатычныя птушкі, якіх памежнікі канфіскавалі ў жыхара Баранавічаў Алега Есіповіча, а вэтэрынары перадалі на «адказнае захоўваньне» яму ж самому, сабраліся ў чараду і паляцелі. І прызначыў штраф у 116 мільёнаў рублёў.

Гісторыя гэтая нагадвала дэтэктыў. 9 лютага на дарозе Глушкавічы — Мілашавічы мазырскія памежнікі ў памежнай зоне спынілі аўтамабіль Opel, якім кіраваў 38-гадовы жыхар Баранавічаў Алег Есіповіч. Ён перавозіў больш за 440 папугаяў. Паводле інфармацыі прэс-службы Памежнага камітэту, там былі амадзіны, хвалістыя папугаі, неразлучнікі, карэлы, разэлы. Дакумэнтаў на папугаяў не было, і таму мазырскія памежнікі перадалі птушак у Лельчыцкую вэтэрынарную службу, а ў дачыненьні да перавозчыка папугаяў была распачата праверка.

Галоўны вэтэрынарны ўрач Лельчыцкай вэтслужбы Канстанцін Кудласевіч, замест таго каб зьмясьціць птушак у карантын, перадаў папугаяў самому правапарушальніку «на адказнае захоўваньне».

Калі праз тыдзень прадстаўнікі ўпаўнаважаных органаў і галоўны вэтэрынарны ўрач Баранавіцкай вэтстанцыі прыехалі да Алега Есіповіча на падворак складаць пратакол, птушак у яго не аказалася. Як казалі і сам Алег Мікалаевіч, і ягоная маці, «маці не зачыніла дзьверы, і папугаі паляцелі. Некалькі птушак, маўляў, пала, астатнія паляцелі. Скрыні ёсьць, а папугаяў няма. Прычым ні здохлых, ні жывых».

На судовым паседжаньні Есіповіч тлумачыў, што птушак яму падаравалі, ён зьбіраўся іх разводзіць і прадаваць у краме, якую плянаваў адкрыць. Але не ўдалося, бо птушкі разьляцеліся.

Судзьдзя эканамічнага суду не паверыў, што чараду з 400 стракатых папугаяў ніхто ў Баранавічах не заўважыў, і прыцягнуў грамадзяніна Есіповіча да адміністрацыйнай адказнасьці за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці безь дзяржаўнай рэгістрацыі. Есіповіч абавязаны выплаціць штраф — дзьве базавыя велічыні, а таксама кампэнсаваць кошт папугаяў. Паводле ацэнкі падатковай інспэкцыі, гэта 116,7 мільёна беларускіх рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG