Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дамовіліся спыніць баі на Данбасе з 24 сьнежня


Артылерыя ДНР пад Дэбальцава, 2015 год
Артылерыя ДНР пад Дэбальцава, 2015 год

Гэта далёка ня першае замірэньне на Данбасе за апошнія два гады, але ўсе яны былі парушаныя.

У Менску адбылося апошняе ў гэтым годзе пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе.

Перамовы адбываліся пасьля абвастрэньня сытуацыі на Сьветладарскай дузе, дзе чацьвёрты дзень працягваюцца баі і ёсьць загінулыя з абодвух бакоў.

Тэму баёў пад Дэбальцавам, у раёне так званай Сьветладарскай дугі, абмяркоўвалі ў падгрупе пытаньняў бясьпекі, а таксама на пасяджэньні трохбаковай кантактнай групы, і па выніках працяглай дыскусіі група прыняла сумесную заяву ад імя Ўкраіны, Расеі, АБСЭ а таксама АРДА і АРЛА (так званых «ДНР» і «ЛНР»), якую зачытаў спэцыяльны прадстаўнік АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе, мадэратар на перамовах Марцін Сайдзік:

«Мы, чальцы трохбаковай кантактнай групы і прадстаўнікі АРДА і АРЛА, падкрэсьліваючы неабходнасьць забесьпячэньня міру і спакою ў сувязі з надыходзячымі сьвятамі, пацьвярджаем сваю прыхільнасьць захаваньню ўсёабдымнага, устойлівага і бестэрміновага рэжыму прыпыненьня агню, пачынаючы з 00 гадзін 24 сьнежня паводле кіеўскага часу».

Трохбаковая кантактная група выказала надзею на эфэктыўны працяг перамоваў у 2017 годзе, нягледзячы на тое, што вялікага прагрэсу сёлета не было.

Абмену «ўсіх на ўсіх» ня будзе

Абмену палонных «усіх на ўсіх» паміж варагуючымі бакамі пакуль ня будзе, бо ня ўзгодненыя сьпісы, паведаміў Марцін Сайдзік. Тым ня менш ён сказаў, што апошнім часам было некалькі вызваленых з АРДА і Ўкраіны, але канкрэтных лічбаў Сайдзік назваць ня змог. Ён пацьвердзіў гатоўнасьць Украіны зрабіць гуманны жэст — вызваліць яшчэ 15 чалавек да канца году, сярод якіх будуць жанчыны і параненыя.

«Я высока цаню і вітаю гэты крок і спадзяюся, што ён будзе падставай для падобных крокаў насустрач з боку АРДА і АРЛА», — сказаў пасярэднік на менскіх перамовах ад АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG