Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пуцін не адмовіцца ад Данбасу


Украінскі вайсковец, забіты на Данбасе 19 сьнежня.
Украінскі вайсковец, забіты на Данбасе 19 сьнежня.

Што азначае пачатак баявой актыўнасьці прарасейскіх сепаратыстаў у Данбасе?

Удзельнікі: Сяргей Навумчык, Алег Грузьдзіловіч, Віталь Цыганкоў.

Навумчык: Днямі стала вядома пра наступ «сэпаратыстаў», якіх падтрымлівае Расея, на пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў ў раёне Горлаўкі. Гэта не зусім звычайная лінія супрацьстаяньня, тут пазыцыі ўкраінскіх сілаў укліньваюцца ў пазыцыі «сэпаратыстаў». Гэта так званая «Сьветладарская дуга». Выглядае, што ў «сэпаратыстаў» была даўняя спакуса выраўняць лінію, пачаўся наступ, наступ быў адбіты, але, паводле Кіеву, загінулі пяцёра ўкраінцаў, адзін зьнік бяз зьвестак, яшчэ 16 параненыя.

Як бычыце, я ўвесь час ўжываю тэрмін «сэпаратысты», які азначае мясцовых жыхароў, і так званых «апалчэнцаў», але гэта — умоўнае вызначэньне. Даказана, што ваююць апалчэнцы расейскай тэхнікай, з расейскімі інструктарамі. А «груз 200», які ідзе ў расейскія гарады ды вёскі, сьведчыць, што і з дапамогай расейскіх вайскоўцаў. Многія аналітыкі перакананыя, што пры адсутнасьці падтрымкі Масквы супраціў гэтых самых «апалчэнцаў» быў бы падаўлены Кіевам і канстытуцыйны лад на тэрыторыі так званых ЛНР і ДНР быў бы адноўлены.

Чым патлумачыць новую эскаляцыю баявых дзеяньняў цяпер, калі, здавалася б, Масква занятая тэмай Сырыі? Гэта — апошнія рэшткі вайсковай актыўнасьці на вайне, якую Крэмль прайграў, ці сыгналы нейкай новай хвалі?

На мой погляд, казаць пра тое, што Пуцін проста хоча «захаваць твар» і толькі таму не выводзіць войскі з Данбасу, заўчасна. І таму некалькі прычынаў.

Па-першае, тэма Ўкраіны зьяўляецца важкай картай у крамлёўскім дыялёгу з Захадам, асабліва з улікам прыходу новай амэрыканскай адміністрацыі.

Па-другое, адмова ад вайсковай прысутнасьці (хаця яна афіцыйна Крамлём не прызнаецца) на усходзе Ўкраіны азначала б і адмову Пуціна ад Украіны, што сьведчыла б пра глябальны геапалітычны пройгрыш, і горш за тое — пра вялікую ідэйную паразу той ідэалёгіі «русского мира», якая масіравана насаджалася апошнія гады ў сьвядомасьці жыхароў Расеі.

Адмова ад Украіны сур’ёзна пашкодзіла б уласнаму іміджу Пуціна.

Ёсьць і псыхалягічны момант — адмова ад Украіны сур’ёзна пашкодзіла б уласнаму іміджу Пуціна, іміджу гэткага «мача», «моцнага лідэра» — а гэта абсалютна для яго недапушчальна напярэдадні выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі, якая набліжаецца.

Ці, магчыма, апошняя тэза — памылковая, і гэты самы вобраз «мача» не асабліва пацерпіць на фоне посьпехаў Расеі ў сырыйскай вайне?

Цыганкоў: Ёсьць ўражаньне, што пакуль гэты украінска-расейскі канфлікт, як яго ўжо прынята называць, далёкі ад разьвязаньня. І па тых прычынах, якія апісаў Сяргей Навумчык, і магчыма па іншых, бо зараз абодва бакі незадаволеныя тым часовым мірным урэгуляваньнем Менскага працэсу. Ён паставіў не кропку, а шматкроп’е ў гэтым канфлікце. За той час, які прайшоў, больш чым за год, стала зразумела, што незадаволеныя і Украіна, і Расея. Мы не бярэм сепаратыстаў, бо яны ў палітычным сэнсе зьяўляюцца марыянэткамі Расеі — у прыватных пытаньнях, вайсковых нейкая самастойнасьць праяўляецца, а ў вялікай геапалітыцы яны не зьяўляюцца асобным дамоўным бокам.

Усе пункты Менскага працэсу, калі пачалася падрыхтоўка да іх выкананьня, альбо разьмежаваньня пры наяўнасьці сілаў, войскаў АБСЭ на расейска-ўкраінскай мяжы, альбо правядзеньня выбараў у Данецкай вобласьці — усё гэта ўпіраецца ў нежаданьне альбо афіцыйнага Кіева, альбо афіцыйнай Масквы па тых ці іншых прычынах. Гэта часта бывае з дамовамі, калі паўстае такая неабходнасьць іх заключаць. Сусьветныя лідэры замыкаюцца ў пакоі, маўляў, пакуль не заключым — ня выйдзем, падпісваюць пад фанфары сур’ёзную дамову, а потым вырашаецца, што на самай справе яе не так лёгка ажыцьцявіць на практыцы.

Два бакі яшчэ не дайшлі да стану, калі здаецца, што міру трэба дасягнуць любой цаной.

На думку многіх, і ёсьць пацьверджаньні з боку украінскіх экспэртаў, у апошнія месяцы баявыя дзеяньні ў гэтым рэгіёне ўзмацніліся. Парадаксальна, што гэта ўсё нібыта адбываецца ва ўмовах міру, а баі ідуць, хоць спарадычна, але ня менш актыўна, чым раней. Гэта паказвае, што два бакі яшчэ не дайшлі да стану, калі здаецца, што міру трэба дасягнуць любой цаной. Гэты стан бывае ў канцы войнаў, калі абодва бакі замучаныя, вырашаюць, што больш няма за што ваяваць.

Абодва бакі, перш за ўсё Расея, якая безумоўна фактычна зьяўляецца агрэсарам, лічаць, што не ўсё заваявана з ваенна-палітычнага пункту гледжаньня. Больш за тое, Расея лічыць, што да наступных перамоваў можна пераходзіць, маючы даволі моцныя ваенна-стратэгічныя пазыцыі, таму кожная кропка, кожная вёска для іх вельмі важная. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць і даць пэсымістычны прагноз пра працягненьне гэтага канфлікту. Няма ніякіх аб’ектыўных падстаў лічыць, што ваенныя дзеяньні там у хуткім часе скончацца.

Грузьдзіловіч: Так, Крэмль не зьбіраецца саступаць Украіну і асабіста прэзыдэнт Пуцін не зьбіраецца дэманстраваць, што ён кінуў Украіну, хоць ужо можна рабіць такія высновы.

Ім вельмі хочацца прадэманстраваць усяму сьвету, Расеі, што яны такія эфэктыўныя, баяздольныя.

Мяркуючы па апошніх зьвестках, у ДНР і ЛНР ідзе вельмі ярасная барацьба за сфэры ўплыву, раздрай маёмасьці працягваецца, прысабечваюць гэтую маёмасьць, забіваюць адзін аднаго, палявыя камандзіры працягваюць такія канфлікты, выкрышталізаваўся, напрыклад, такі лідэр Платніцкі, але яго канкурэнты спрабуюць зноў вярнуць свой уплыў. То бок там працягваецца ўнутраная барацьба, таму ім вельмі хочацца прадэманстраваць усяму сьвету, Расеі, што яны такія эфэктыўныя, баяздольныя, і ладзяць час ад часу такія канфлікты, правакацыі.

Вось гэтая дуга — гэта такое вельмі зручнае месца, каб ударыць з двух бакоў, паспрабаваць нанесьці яскравае паражэньне, і яны гэта будуць рабіць і далей. У прынцыпе, гэта такія кропкавыя баявыя дзеяньні, якія будуць працягвацца, пакуль такая зламаная лінія фронту будзе заставацца. Я згодны, што гэта будзе працягвацца яшчэ вельмі доўга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG