Сьледчы камітэт Цэнтральнага раёну Менску працягнуў на месяц тэрмін сьледзтва, бо супрацоўнікі не змаглі арганізаваць шэраг сьледчых дзеяньняў. Зьміцер Паліенка ўтрымліваецца ў СІЗА-1.
Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Як высьветлілі праваабаронцы, сярод іншага не былі праведзеныя вочныя стаўкі з удзелам Зьмітра Паліенкі, Станіслава Канавалава і супрацоўнікаў ДАІ, якія спынялі раварыстаў падчас масавага заезду «Крытычная маса».
Акрамя таго, ня ўсе лісты ад Зьмітра выходзяць на волю.
Жорсткае затрыманьне раварыстаў-удзельнікаў «Крытычнай масы» адбылося 29 красавіка.
Супрацоўнікі ДАІ затрымалі 6 чалавек, якіх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Пазьней чацьвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аб аказаньні супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ.
Супраць дваіх — Зьмітра Паліенкі і Станіслава Канавалава — былі распачатыя крымінальныя справы паводле 364 артыкула Крымінальнага кодэксу — «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Станіслава Канавалава сьледчыя выпусьцілі пад падпіску, а Зьмітра Паліенку ўжо другі месяц трымаюць за кратамі. За гэты час актывіст пасьпеў пабываць у СІЗА на Валадарскага, быў пераведзены ў Жодзінскую турму, а цяпер ізноў вернуты на «Валадарку».