Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зялёныя біркі». Споведзі былых вязьняў з атраду для наркаманаў


Аўганскі фэрмэр зьбірае ўраджай опіюмнага соку з поля маку ў правінцыі Нангархар. Ілюстрацыйнае фота.
Аўганскі фэрмэр зьбірае ўраджай опіюмнага соку з поля маку ў правінцыі Нангархар. Ілюстрацыйнае фота.

Прэзыдэнцкі дэкрэт «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў» дзейнічае больш за два з паловай гады, ад студзеня 2015 году. У адпаведнасьці зь ім у месцах пазбаўленьня волі для асуджаных паводле арт. 328 створаныя адмысловыя атрады і нават асобныя спэцыялізаваныя калёніі. Cёньня ў такіх атрадах і калёніях агулам утрымліваецца каля шасьці тысяч чалавек, або 1/6 ад усіх зьняволеных.

Нядаўнія вязьні адмысловага атраду для наркаманаў Горацкай калёніі ў размове са Свабодай падзяліліся сваімі думкамі пра ўтрыманьне за кратамі да дэкрэту і пасьля, пра магчымасьці набыць сёньня «дозу» на волі, пра тое, як зьбіраюцца жыць далей.

Турэмная калёнія ў Горках, калёнія-пасяленьне №16
Турэмная калёнія ў Горках, калёнія-пасяленьне №16

Ад наркотыкаў распалася сям’я

40-гадовы Аляксандар і 35-гадовы Яўген выйшлі на волю сёлета вясной. Аляксандар быў асуджаны на пяць гадоў паводле арт. 328-1 (спажываньне), Яўген — на восем паводле арт. 328-3 (распаўсюд). Кажуць, што рашуча настроеныя ніколі больш не вяртацца да наркотыкаў. Абодва чакаюць восені, калі скончыцца міліцэйскі нагляд і яны змогуць зьехаць у іншую краіну, каб цалкам зьмяніць асяродзьдзе, пачаць новае жыцьцё, працаваць і легальна зарабляць. Пакуль у сябе дома ў Беларусі яны працуюць там, дзе ўдалося ўладкавацца, папраўляюць здароўе, ходзяць у спартзалю, наладжваюць асабістае жыцьцё, складаюць пляны на будучыню.

Жыцьцю на волі яны радуюцца без усялякіх стымулятараў.

Упершыню Аляксандар ды Яўген паспыталі наркотыкі — гэта былі каноплі ды мак — гадоў у 18. Яўген зрабіў гэта на волі, Аляксандар — за кратамі. Аляксандар кажа, што яму пашчасьціла: так і ня стаў залежным. У Яўгена з гэтым праблема — дагэтуль неаднойчы праходзіў жорсткае лячэньне і ня менш жорсткую рэабілітацыю, аднак беспасьпяхова. Кажа, што вяртацца да старога жыцьця вельмі ня хочацца. «Аднак нічога выключаць нельга...»

— Ад наркотыкаў у мяне распалася сям’я, — кажа Яўген. — Аднак, дзякуй богу, у мяне добрыя стасункі з дачкой. Ёй сёньня адзінаццаць, а калі пасадзілі, было тры годзікі. У мяне ёсьць каханая жанчына. Ёсьць розныя пляны. Пакуль жыцьцё цікавае.

— Ці ёсьць спакусы?

— У мяне цяпер іншае атачэньне... Але што заўважыў, выйшаўшы на волю? Сёньня набыць наркотыкі на вуліцы, прынамсі ў нашым горадзе, вельмі праблематычна. Ня тое, што было да маёй пасадкі, калі гандляры сустракаліся ледзь не на кожным кроку... Але калі маеш інтэрнэт ды грошы, заўсёды знойдзеш краму, якая гэтым гандлюе. Пералічы грошы на рахунак, і табе закладку пакінуць ледзь ня побач з тваім домам. У інтэрнэце можна набыць усё што заўгодна. Наркотыкі, зброю, падробныя дакумэнты. Не магу казаць, якія гэта сайты, бо абмінаю гэта ўсё, каб не было спакусаў, але ведаю, што ўсё гэта ёсьць.

Наркаманы на зоне. Да дэкрэту і пасьля

— Ці магчыма сёньня набыць наркотыкі на зоне? — пытаюся ў Аляксандра. Упершыню ён паспытаў «рэчыва», як сам кажа, за кратамі, больш за 20 гадоў таму. Лічыць, што многія «старыя» сядзельцы-наркаманы «падселі» на наркотыкі менавіта на зоне.

— На пачатку гэтага дзесяцігодзьдзя, ня кажучы ўжо пра нулявыя, а тым больш 1990-я, «траву», а таксама цяжкія наркотыкі — гераін ды опій — набывалі праз кантралёраў ды адкрыта «варылі зельле» на нарах. Што чынілася тады ў месцах пазбаўленьня волі, нават і паверыць немагчыма. Супрацоўнікі турэмнай адміністрацыі былі ня меншымі злачынцамі за крымінальнікаў. За добрыя грошы можна было набыць алькаголь, зброю, замовіць прастытутку. У адной з калёніяў строгага рэжыму начальніца мэдсанчасткі мела сапраўдны гарэм з маладых, здаровых ды прывабных зэкаў. Гэтыя фаварыты атрымлівалі стымулятары без усялякіх праблемаў. Ведаю, бо сам быў удзельнікам тых падзеяў. Але сёньня, прынамсі ў Горацкай калёніі, такое немагчыма. Каб цяпер на зоне хадзілі наркотыкі, то іх бы ўжывалі ўсе 100% вязьняў.

— З пачаткам дзеяньня дэкрэту № 6 у вашай калёніі, як і ў іншых, былі створаныя адмысловыя атрады для наркаманаў. У такім атрадзе вы адседзелі крыху больш за два гады. Чым адрозьніваецца ўтрыманьне асуджаных па 328 артыкуле ў такім адмысловым атрадзе і ў звычайным?

— Акурат пад Новы 2015 год прэзыдэнт загадаў зрабіць для наркаманаў асобныя атрады і нават стварыць для іх за кратамі невыносныя ўмовы, каб працавалі ды прасілі аб сьмерці. У Горацкай калёніі пачаўся сапраўдны тэатар абсурду. Адміністрацыя пачала дзейнічаць паводле вядомай прымаўкі: «прымусь некага богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е». На асуджаных па першай частцы, гэтаксама як і на тых, хто распаўсюджваў, начапілі зялёныя біркі і перавялі ў асобны атрад. Перад маім вызваленьнем наркаманам паабяцалі і нейкае адмысловае адзеньне, здаецца, памаранчавага колеру. Але я, на шчасьце, гэтага не засьпеў.

Яўген пацьвярджае словы Аляксандра:

— Усё робіцца, каб чалавек з артыкулам 328 выдзяляўся ў асяродзьдзі іншых зэкаў, быў нейкім ізгоем сярод такіх самых, як ён, крымінальнікаў. З чалавека зь зялёнай біркай зьдзекуюцца як кантралёры, так і крымінальнікі, у тым ліку тыя, хто сядзіць за забойствы, згвалтаваньні дзяцей. А чаму? Хіба такія забойцы, гвалтаўнікі-вычварэнцы даюць патэнцыйнай ахвяры нейкі выбар, як у выпадку з тымі, хто перапрадае закладкі, ня кажучы ўжо пра спажыўцоў?

Адрозна ад Яўгена, які і сам ужываў, і гандляваў малымі дозамі, Аляксандар ня верыць у гуманізм тых, хто распаўсюджвае наркату. Але ён лічыць, што ў вязьніцы, мэта якой — пакараньне няволяй, усе зэкі павінны быць у роўных умовах. Калі ж некага дыскрымінаваць ды ганьбіць, то ня тых, хто спажывае ці перапрадае малыя дозы, а тых, хто «варочае» гэтым бізнэсам ці «крышуе» яго. Аднак такія людзі трапляюць за краты нашмат радзей чым спажыўцы ці тыя, хто перапрадае закладкі.

Цяжкая турэмная праца для наркаманаў

Як сьведчаць суразмоўцы, шмат хто з асуджаных па 328-й, ня маючы ні працоўнай кваліфікацыі, ні магчымасьці яе атрымаць (пераважна з прычыны стану здароўя), вымушаныя займацца некваліфікаванай працай. Напрыклад, чысьціць у адмысловых ангарах медны дрот. Адну і тую ж працу яны робяць у горшых умовах, чым асуджаныя зь іншых атрадаў.

Аляксандар кажа:

— Зьняволеныя-наркаманы працуюць у ангарах, дзе ёсьць толькі навес, зьверху ляжыць шыфэр, а вось з бакоў няма нічога, акрамя кратаў. Усю зіму, за выключэньнем дзён, калі моцныя маразы, асуджаныя зь зялёнымі біркамі праседзелі вось пад такім навесам. Нікуды ня скардзіліся. Бо за кожнае лішняе слова можаш нажыць сабе шмат непрыемнасьцяў. Цяпер на зоне працуюць усе. Ёсьць дрэваапрацоўка, швачка, іншая вытворчасьць. Але 100% занятасьці — гэта чыста фармальна. Можна ў тых ангарах сядзець ды нічога не рабіць. Проста іншым плаціш, каб яны за цябе рабілі.

— Аднак далёка ня ўсе ў нашым атрадзе былі такія няздатныя, — кажа Яўген. — Было нямала тых, чый арганізм праз вымушаную адмову ад наркатычных рэчываў аднавіўся, і яны нават рэалізавалі сябе ў цікавай працы. У іх было нешта накшталт кар’ерна-прафэсійнага росту. Так званыя працоўныя пасады, магчымасьць займацца на месцы нейкім мэнэджмэнтам... Калі мозг яшчэ не сапсаваны, то і такі чалавек у стане цьвярозасьці можа зрабіць шмат чаго карыснага.

— Дарэчы, наркаманаўскі атрад, — дадае Аляксандар, — ён быў самы чытаючы. Прычым гэта была сур’ёзная літаратура, а ня нешта кшталту Данцовай. Аднак чыталі пераважна людзі нашага пакаленьня, так званыя «старыя наркаманы» — «апіятчыкі», «гераіншчыкі», «мэтадоншчыкі», «амфэтаміншчыкі». Моладзь, залежная ад сынтэтыкі — «спайсаў», «соляў» і г. д. — найчасьцей нічога не чытала. Яны зьбіраліся разам, і адзінае, на што былі здольныя, — гэта бясконцыя размовы пра свае сумесі. Такім чынам яны лавілі свой «прыход». Часам стваралася адчуваньне, што ўнутры некаторых зь іх ужо запушчаная праграма самазьнішчэньня.

Наркаманы «старыя» і «маладыя»

Як кажуць мае суразмоўцы, сёньня наркаманы падзяляюцца на дзьве катэгорыі — старыя ды маладыя: адны ўжываюць той жа гераін ці апіяты, другія — сынтэтыку.

Аляксандар адзначае:

— У СІЗА ды КПЗ мне нярэдка даводзілася назіраць за паводзінамі і «маладых», і «старых» у стане абстынэнцыі. Калі ў «старых» падчас раптоўнай вымушанай адмовы пачыналася «ломка», фізычныя пакуты, ад якіх ты гатовы лезьці на сьценку, то ў «маладых» пры адмове праяўлялася моцная псыхалягічная залежнасьць, і гэта была зьява яшчэ больш жахлівая.

Яны могуць залезьці рукамі ў так званы «талчок» і потым рукамі сябе абмазаць, ці ўзяць мятлу і гадзіны тры месьці камэру. Шмат розных «вясёлых», якія нічога не разумеюць. Поўнае высаджваньне мозгу. Адным словам, вар’ятня.

«Той, хто падсадзіў мяне і іншых, за краты ня трапіў»

— Ад сваякоў зусім юных асуджаных па 328-м можна нярэдка пачуць, што іх дзеці пападаюцца за нейкую драбязу, па-сапраўднаму ня будучы наркаманамі, што сярод цяперашніх сядзельцаў увогуле шмат тых, хто нават ня мае аніякай залежнасьці, а наркотык апынуўся ў яго абсалютна выпадкова. Ці заслугоўваюць хлопчыкі ды дзяўчаткі, у якіх толькі пачынаецца жыцьцё, такога суровага пакараньня?

Аляксандар адказвае:

— Мамы заўсёды так сябе паводзяць. Напэўна, гэта правільна, што яны ня кідаюць сваіх дзетак у такіх абставінах ды гарой стаяць за іх. Ім ня хочацца нават верыць у тое, што здарылася. Сын, як і ўсе ў гэтым жыцьці, «круціўся», самастойна зарабляў на жыцьцё, езьдзіў на машыне... А каб нешта ўжываў, дык ніколі яна ня бачыла такога. А тут зьнянацку пасадзілі яго. Але ж... Калі ўзяць абсалютную большасьць зэкаў, то ніхто зь іх ніколі не прызнае сябе вінаватым. Вінаватыя знаёмыя, мянты, бо прымусілі, падклалі і г. д. Вядома, маці будуць трымаць абарону. А што ім яшчэ рабіць? У тых жа забойцаў, пэдафілаў і іншых жорсткіх злачынцаў мамы таксама і на спатканьні едуць, і перадачы зьбіраюць, і заявы ў суды пішуць.

Асабіста я ўпэўнены на ўсе 100%: калі ты ня будзеш мець дачыненьня да наркаты, цябе ніхто не пасадзіць. Ёсьць заканадаўства, якое адпаведна карае за ўжываньне ды распаўсюд псыхатропных рэчываў, і тут зусім ня важна, знайшлі ў цябе пяць грамаў забароненага рэчыва ці пяць і болей кілё. Напэўна, усё ж ёсьць рацыя ў тым, што даюць такія доўгія тэрміны.

Яўген дадае:

— Шмат хто з наркаманаў, дарэчы, рады, што іх арыштоўваюць. Бо вязьніца сапраўды працягвае ім жыцьцё роўна на час прызначанага турэмнага выраку. Іншая справа, што вельмі шмат маладых цяпер. Многія нарадзіліся пры канцы 1990-х. Неўзабаве пойдзе пакаленьне 2000-х. Нямала з так званым «спаленым файлам» (псыхічнымі разладамі). У папраўчых установах для паўторна асуджаных гэта ня так бачна. А вось у адмысловай калёніі для наркаманаў-«першаходаў» «Воўчыя норы» дык, кажуць, надта шмат. Большасьць ужывае сынтэтыку гадоў з 14. Што было б зь імі праз пару-тройку год, калі б не турма?.. І што будзе, калі яны выйдуць?.. Пра іх магчымых нашчадкаў нават і не кажу.

На пытаньне, як, на іх думку, трэба змагацца з залежнасьцю, абодва суразмоўцы адказваюць: гэтага сёньня ніхто ня ведае.

Вядома, шмат што залежыць ад самога чалавека, таксама ад людзей, якія навакол. Напэўна, залежных трэба нечым займаць. Гэта тычыцца ня толькі наркаманаў, але і фанатаў кампутарных гульняў. Колькі іх у краіне — маладзёнаў, якія сядзяць каля аўтаматаў ды цэлымі суткамі «тупа гуляюць»? А ў гэтых людзей сем’і, дзеці.

На думку Аляксандра, адных пасадак, калі ў чалавека няма ніякіх мэтаў, недастаткова:

— Адных пасадак, калі ў чалавека няма ніякіх мэтаў, недастаткова. Тыя, хто ў сыстэме, нягледзячы на ўсе забароны, усё роўна знаходзяць, ужываюць, перапрадаюць. Значыць, прадугледжаныя розныя пралазы. Празь Беларусь як праз транзытную краіну абавязкова праходзіць тавар, які мае попыт. Возьмем такі дарагі наркотык, як какаін. Наколькі ведаю, ніхто за яго ўжываньне за кратамі не сядзіць... Проста ўжываць гэта можа дазволіць сабе вышэйшая публіка.

— На мафію працуюць асобы, разумнейшыя за многіх чыноўнікаў, яны на некалькі крокаў апярэджваюць міліцыю, — мяркуе Яўген. — Так, наркату сёньня цяжка набыць на вуліцы, прынамсі ў малых гарадах. Але ж калі ёсьць інтэрнэт, то няма праблемаў. Мы ж ня ведаем, хто над усім гэтым гандлем стаіць. Працэс над 17-цю, дзе сярод абвінавачаных былі выяўленыя прадстаўнікі сілавых структураў, толькі крыху прыўзьняў заслону над таямніцай.

Пытаюся ў Яўгена, што б ён сёньня зрабіў з тым, хто «падсадзіў» яго ў юнацкія гады на наркатычнае рэчыва?

«Нічога,— адказвае Яўген. — Часам я яго бачу. Дарэчы, як і 20 гадоў таму, ён па-ранейшаму ўжывае і распаўсюджвае. Праўда, за краты так ніколі і ня трапіў. Ёсьць пытаньні...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG