Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцам, якія ў Барысаве выраблялі псыхатропы, пагражае да 20 гадоў турмы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Барысаўскім раённым судзе праходзіць працэс над двума жыхарамі Санкт-Пецярбургу, якія прыехалі ў Беларусь, каб наладзіць выраб псыхатропаў у тайнай лябараторыі ў Барысаве ды распаўсюджваць наркотыкі ў Менскай вобласьці.

«Заказаў станавілася ўсё больш», — расказваў на сьледзтве 25-гадовы Яўгеній Сакалоў, які быў галоўным у злачыннай пары. Сакалоў прызнаў сваю віну, але адмовіўся даваць паказаньні ў судзе. Абставіны ягонай справы сталі вядомыя з выстаўленага абвінавачаньня.

Аказалася, малады чалавек спачатку прайшоў «курс маладога байца» (як хаваць і знаходзіць дробныя партыі наркотыкаў, так званыя «закладкі») у Санкт-Пецярбургу, потым навучаў гэтаму злачыннаму майстэрству навічкоў у Гомлі, а адтуль перабраўся ў Барысаў, бо атрымаў прапанову распаўсюджваць наркотыкі ў Менскай вобласьці. Нібыта абяцалі плаціць па 2 тысячы даляраў штомесяц. Паводле сьледзтва, у Маскве Яўген набыў абсталяваньне для падпольнай лябараторыі, у Барысаве арандаваў кватэру і пачаў «працаваць». Заказаў паболела, сам ужо не спраўляўся і таму выклікаў на дапамогу ў Барысаў сябра дзяцінства Аляксея Сіраценку. Разам выраблялі наркотыкі, рабілі «закладкі» дробных партый у адмысловыя тайнікі. Справа квітнела — пра гэта сьведчыць запас у 2,9 кіло прыгатаваных наркотыкаў, знойдзеных на кватэры апэратыўнікамі. Але доўга папрацаваць тандэму не атрымалася: праз два тыдні, паводле паказаньняў Сіраценкі, лабараторыю «накрылі», ён нават не пасьпеў атрымаць першы заробак, як апынуўся за кратамі. Цяпер Аляксею Сіраценку, як і ягонаму сябру Яўгенію Сакалову, пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

Але, як адзначаюць назіральнікі, бадай, самае галоўнае ў гэтай справе яшчэ застаецца «за кадрам». Хто ж арганізаваў наркатычны бізнэс маладых расейцаў у Беларусі? Хто наладзіў тут навучаньне кадраў, забясьпечваў пастаўкі сыравіны для вырабу псыхатропаў, плаціў за «ўдарную працу» грошы? Нарэшце, хто «крышаваў» сьмяротны бізнэс і ўзгадняў непазьбежныя спрэчкі за рынкі збыту паміж канкурэнтамі? Паводле дадзеных справы, ніткі да гэтых асобаў цягнуцца ў Расею, але ці будуць у працэсе названыя пэўныя прозьвішчы, пакуль незразумела.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG