Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заараная магіла ахвяраў шаркоўшчынскага гета.


Радзюкі. Шаркоўшчынскі раён
Радзюкі. Шаркоўшчынскі раён

У вёсцы Радзюкі, што пад Шаркоўшчынай, здарыўся выпадак, які надоўга стаў тэмай для размоваў. І нават для візытаў раённага начальства. Малады трактарыст заараў тое месца на полі, якое па вайне ўсе абміналі і не чапалі. Бо, згодна з успамінамі старажылаў, на тым полі брацкая магіла ахвяраў шаркоўшчынскага гета. Ці сапраўды гэта так?

Вялікую вёску Радзюкі, што каля самай Шаркоўшчыны, падарожнікі праяжджаюць не спыняючыся. Хоць прыпыніцца тут варта. Будынак калгаснага праўленьня пабудаваны на месцы колішняй сядзібы шляхціцаў Бароўскіх. Вельмі заўважнага роду, які даў і военачальнікаў, і навукоўцаў. Але даў не Беларусі. Жыхарка Радзюкоў Людміла Ардынская хоча ўвекавечыць памяць пра Бароўскіх хаця б шыльдай на вялікім дубе.

— Дом Бароўскіх па вайне разабралі і зьвезьлі ў Шаркоўшчыну на розныя будовы. А на ягоным месцы пабудавалі саўгасную кантору. З калёнамі. На манер панскага палаца. Застаўся толькі дуб двухсотгадовы.

Акрамя дуба, ад Бароўскіх у Радзюках застаўся вадзяны млын. Які ў вайну спалілі ноччу партызаны.

Найстарэйшая жыхарка Радзюкоў Аліна Чорная памятае, як той млын дапамагаў выжываць.

— Малолі ж ня толькі немцы. Але паняцьце такое было. Людзі казалі, што порч зрабілі. Бо ўсе ж людзі абмалвалі. Так куды везьці малоць? Там усё было. І валцоўкі, і крупы дралі.

А на выезьдзе з Радзюкоў у бок Шаркоўшчыны, з правага боку, ёсьць звычайнае поле. Некалькі гадоў таму малады трактарыст з суседняй вёскі — гаспадаркі ж аб’ядналі — заараў невялікі лапік на гэтым полі. Участак зямлі, якога ад вайны ніхто не чапаў. Бо мясцовыя ведалі гісторыю гэтага лапіка. Слова Ліліяне Карачун.

— Пра гэта месца ўсім было вядома. Як толькі абаралі, усе жахнуліся, свае людзі — а-я-яй, магілкі габрэйскія абаралі. І ўсё сьціхла. Там калгаснае поле.

Вязьні Шаркоўшчынскага гета беглі па гэтым полі проста на нямецкія кулямёты. Сама Ліліяна ня можа помніць дэталяў той расправы ў сілу ўзросту. Яна пераказвае ўспаміны сваёй маці. Але як пераказвае!

— Як мне маці расказвала, немцы сталі расстрэльваць гета ў Шаркоўшчыне. Людзі беглі. Немцы паставілі на пагорку кулямёты. І як яны беглі з Шаркоўшчыны, як маглі ратаваліся з гета, іх тут і касілі, расстрэльвалі. Расстралялі. А мужыкам, якія былі застаўшыся на хутарах, загадалі запрагаць коней і звозіць трупы. А салдаты хадзілі па дварах. Шукалі, мо недзе хто схаваў каго. А жыта было ўжо вялікае. І з гэтага жыта немец падняў жанчыну. Валасы ў яе былі белыя. І дзяўчынка зь ёй беленькая. Ён на яе — юда. Яна — не, я полька. Пасьля ён стрэліў у яе. Яна адразу ўпала. А дзевачка, пакуль страляў, яна трапыхалася. Пяць куль усадзіў у яе, пакуль заціхла дзіця. Я малая была, калі мама мне ўсё гэта расказвала. Я кажу: «Мама, чаму вы яе не схавалі?» — «Нас бы ўсіх перабілі». Іх усіх звозілі і скідвалі ў яму. Мама казала, што былі такія, што зьдзіралі пярсьцёнкі зь нябожчыкаў. Перад тым як у яму кінуць. Зьдзіралі адзеньне. Усё, што маглі зьняць. Іх ужо няма ў жывых. Татаровіч такі быў. Як вайна скончылася, ён хуценька адсюль уцёк. Ну вось, сталі звозіць, скідваць. Закапалі. І гэты вялікі квадрат заўжды быў. Мама кажа: «Папасьвіце ўвечары кароў, пакуль дырэктар ня бачыць. Пусьціце на саўгаснае. Толькі, дзеткі, не пускайце на гэтыя могілкі». І мы з братам яшчэ знаходзілі кулі ад аўтамата. Гэта ж у 54-м годзе яшчэ мы кулі знаходзілі.

Іншая спадарыня, Аліна Страленка, якая пасьпела за немцамі павучыцца ў школе, таксама пацьвярджае словы пані Ліліяны.

— На гэтым полі сапраўды былі нейкія магілы?

— Сапраўды. І гэта ўсе ведаюць. Толькі цяпер ня хочуць торкацца. Ведаеце, цяпер людзі якія? Але факт то факт, што там ёсьць магіла. А месца я вам дакладна не скажу. Але магіла габрэяў там ёсьць. Яна заўжды была на вачах. Магіла памерам з маю хату. Хтосьці яе быў акапаўшы такім валам. З усіх чатырох бакоў такі квадрат быў. А пасьля з часам дажджы размылі, там і кароў навязвалі. Усё зраўнялася. Але што факт, то факт.

P3, Радюки, Belarus
P3, Радюки, Belarus

Саму Аліну маглі адправіць у Нямеччыну на прымусовыя працы. Але выратаваў яе солтыс па прозьвішчы Булаёнак. За гэтага чалавека па вайне ўступіліся многія вяскоўцы. І выратавалі яго ад ГУЛагу.

— Немцы сталі забіраць маладзейшых у Германію. А я была нічога ў маладосьці, дзяўчына спрытная. Але Булаёнак выратаваў. Вельмі быў добры чалавек. Усе за яго былі, як прыйшлі нашы. Яго тады цягалі, цягалі. Але ўсе былі за яго. Бо ён вельмі дапамагаў нам. Ён быў солтысам. Але нікуды яго не саслалі. Бо ўсе людзі былі за яго. Ён нас ратаваў.

Але ж чаму месца, дзе ляжаць дзясяткі ахвяраў нацыстаў, не было ніяк мэмарыялізавана за доўгія паваенныя гады? Слова Ліліяне Карачун.

— Чаму Савецкая ўлада нічога не зрабіла? Пра гэтае ж месца ўсе людзі ведалі.

Як толькі гэтая гісторыя ўсплыла на незалежным сайце westki.info, у госьці да Ліліяны завітала начальства зь сельсавету і раёну.

— Прыяжджаюць з раёна. Я кажу, што я помню, помніла мая мама, як гэта ўсё рабілася, як закопвалі і як мне было загадана ня бегаць, не таптацца на гэтых магілках. Вось гэта я помню. Карацей, ім не спадабалася. І яны паехалі.

— А што яны хацелі ад вас?

— Навошта падняла гэтае пытаньне.

Сапраўды, навошта падымаць шум? Толькі лішні клопат. Мёртвым жа не баліць. Кіраўніца раённай ідэалёгіі Людміла Стома сказала мне, што ў рэспубліканскай камісіі па ўвекавечаньні ахвяраў Галакосту ніякіх дадзеных пра гэтае месца няма. Што для вызначэньня месца пахаваньня патрэбныя толькі сьведкі трагедыі. Якіх не засталося ў жывых. Але праца, маўляў, вядзецца.

Людміла Ардынская лічыць, што галоўная наша бяда — абыякавасьць.

— Каб не было абыякавасьці, трэба, каб людзі верылі тым, хто імі кіруе. Гэтай веры ў людзей няма. І няма спадзяваньняў на тое, што нешта будзе. Кожны бачыць адносіны да простых людзей. Нічога добрага няма. Усё перасільвае ка’ерызм і асабістыя амбіцыі. Але яшчэ пазмагаемся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG