Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь — гэта вокны, празь якія ў Беларусь паступае сьвежае паветра»: выпускнікі замежных ВНУ сустрэліся з патэнцыйнымі працадаўцамі


«Кастрычніцкі кірмаш»
«Кастрычніцкі кірмаш»

Каля 80 удзельнікаў сабраліся на першы ў Беларусі «Кастрычніцкі кірмаш» — мерапрыемства, дзе таленавітыя маладыя людзі з замежнымі дыплёмамі атрымалі магчымасьць сустрэць патэнцыйных працадаўцаў у нефармальнай атмасфэры.

Арганізатар кірмашу — агенцтва «Тваё Заўтра», каардынатаркай якога зьяўляецца Іна Кулей. Яна падкрэсьліла, што такі фармат пакуль нельга назваць «кірмашом вакансіяў», хутчэй — спробай стварыць плятформу, дзе актыўная беларуская моладзь мае шанец прэзэнтаваць сябе вядомым у Беларусі і за мяжой людзям, наладзіць кантакты ў сфэры адукацыі, бізнэсу, у грамадзкім сэктары ды іншых галінах.

«Мы хочам, каб самыя актыўныя, самыя цікаўныя беларусы, якія вучыліся за мяжой, марылі вярнуцца на радзіму, каб ім тут знайшлося годнае месца. Сёньня ствараем супольнасьць маладых людзей з выбітнай замежнай адукацыяй. Людзей, якія вярнуліся ў Беларусь, бо любяць яе і хочуць працаваць на яе карысьць. — сказала Кулей, зьвяртаючыся да гасьцей.

Іна Кулей
Іна Кулей

Сустрэча прайшла ў залі Міжнароднага цэнтру імя Йоханэса Рау, у менскім гатэлі «IBB». 40 гасьцей-працадаўцаў і 40 маладых адмыслоўцаў былі запрошаныя за столікі ў залі і адразу ж пачалі знаёміцца. Кожныя 10 хвілін удзельнікі зьмянялі столік і такім чынам траплялі да наступных будучых партнэраў, гутарылі, абменьваліся візытоўкамі.

Імпрэзу вялі журналістка Валярына Кустава і шоўмэн Яўген Булка. Сярод гасьцей кірмашу былі прадстаўнікі дыпляматычных карпусоў розных краінаў, бізнэсоўцы, выкладчыкі, рэдактары беларускіх СМІ.
З прамовай выступілі прадстаўнік Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, першы сакратар амбасады ЗША Моніка Блэнд і амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар.

«Сёньня мы прапаноўваем беларускай моладзі некалькі нямецкіх адукацыйных цэнтраў, у тым ліку, на базе ВНУ: тэхналягічны цэнтар у БНТУ, гуманітарны — у філіі Інстытуту Гётэ. Дзякуючы выбітным здольнасьцям маладых адмыслоўцаў, Беларусь адкрываецца сьвету. Таленавітая тутэйшая моладзь і яе сучасныя праекты — гэта вокны, празь якія сюды паступае сьвежае паветра, прыходзяць сьвежыя думкі. Вельмі пазытыўная тэндэнцыя», — прамовіў амбасадар Дэтмар.
Многія з удзельнікаў кірмашу — выпускнікі прэстыжных замежных магістратур.

Уладзімер Марозаў
Уладзімер Марозаў

Гэтак, Уладзімер Марозаў атрымаў дыплём Манчэстэрскага ўнівэрсытэту і цяпер працуе мэнэджэрам у IT-кампаніі EРАМ Systems.
«У мяне ніколі не было мэты застацца ў Брытаніі любым спосабам. Так, былі сябры, было цікава вучыцца, але я ведаў, што вярнуся ў Беларусь і змагу выкарыстаць тут свае веды», — падзяліўся малады чалавек.

Пасьля афіцыйнай часткі распачалася нефармальная: інтэлектуальныя гульні з прызамі для пераможцаў і пачастунак ад арганізатараў, якія выказалі надзею, што «Кастрычніцкі кірмаш» будзе адбывацца штогод і ўвойдзе ў добрую традыцыю.

Госьці кірмаша, сярод якіх Юры Зісер
Госьці кірмаша, сярод якіх Юры Зісер

Алег Гулак, Алесь Бяляцкі і іншыя
Алег Гулак, Алесь Бяляцкі і іншыя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG