Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vovan222: Лукашэнка ў мяне першы


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Пранкер Vovan222 апавёў Радыё Свабода, што гаварыў з сапраўдным беларускім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Прыблізна пяць чалавек спатрэбілася, каб ён дазваніўся да кіраўніка дзяржавы, прадставіўшыся сынам Віктара Януковіча. Vovan222 нават не паклапаціўся займець сім-карту «без гісторыі» і кажа, што ні ў кога з блізкага асяродьдзя прэзыдэнта ня ўзьнікла да яго дадатковых пытаньняў.

Але ў Інтэрнэт трапіў не ягоны запіс. «Аляксандра Лукашэнку праслухоўваюць СБУ ці заходнія спэцслужбы, — лічыць Vovan222. — Вашаму прэзыдэнту варта паклапаціцца пра сваю бясьпеку. Тыя, хто запісваў нашую размову, думалі, што тэлефануе сапраўдны Віктар Януковіч».

Vovan222: «Запіс, які ўчора зьявіўся, ня мой, як гэта ні дзіўна. Яго зрабіў нехта староньні. Я плянаваў яшчэ раз пагаварыць з Лукашэнкам, магчыма, праз пару дзён. Запіс быў зроблены ў суботу ранкам. А ўжо ў ноч зь нядзелі на панядзелак у фэйсбуку ўкраінскага журналіста Мустафы Найема зьявіўся вельмі дэтальны допіс наконт гэтай размовы. І выглядала гэта нібыта рэальная размова, а журналіст падаў гэта як інфармацыю з пэўнай крыніцы.

А наступнае раніцай гэты запіс зьявіўся ў адным з украінскіх СМІ. І гэты запіс пачынаецца з таго моманту, калі ад’ютант звоніць мне. Гэта самы цікавы момант. Атрымліваецца, што нехта староньні запісваў.

У мяне адна вэрсія, хто б гэта мог быць. Магчыма, Аляксандра Рыгоравіча слухалі спэцслужбы: СБУ ці заходнія спэцслужбы. І зьлілі гэтую размову кіеўскім уладам. А тыя ў сваю чаргу вырашылі апублікаваць праз Мустафу Найема. Таму што гэта дзіўная гісторыя. Сёньня я выклаў у „Ўкантакце“ свой запіс».

— Мы думалі, што слухаюць вас, а аказваецца, слухаюць ня вас.

— Так. Думаю, што людзі, якія гэта слухалі, не зразумелі, што званіў ня сын. Яны думалі, што гэта званіў рэальны Віктар Януковіч. І таму вырашылі гэта зьліць праз журналіста. Я сам зьдзівіўся, калі гэты запіс зьявіўся ў Інтэрнэце.

— І што, вось так любы «Вова» можа пазваніць прэзыдэнту Лукашэнку?

— Не, канечне, не любы. Я ўжо «набіў руку» на такіх званках. Дзейны прэзыдэнт у мяне пакуль першы. Але да таго былі міністры і Расеі, і Ўкраіны і іншыя высокапастаўленыя асобы. Я ведаю некаторыя сакрэты, якія дазваляюць не заўжды, але калі магчымасьць ёсьць, дазваніцца на самы верх.

— Вам нехта дапамагае?

— Добрыя людзі ў Адміністрацыі Лукашэнкі? (Сьмяецца). Ды не, што вы! Я думаю, што калі б я такое сказаў, то іх бы адразу звольнілі. Не, ніхто. Канечне, мне іншым разам даюць тэлефоны добрыя людзі, журналісты ці проста дапамагаюць. Але з блізкага асяродзьдзя наўрад ці нехта будзе рызыкаваць сваёй кар’ерай дзеля такіх рэчаў.

— А Лукашэнка сапраўдны?

— Канечне, самы-самы сапраўдны. Я так зразумеў, што ягоная прэс-служба не камэнтуе гэтую гісторыю. Але калі б быў ня ён, то яны б адразу абвергнулі любыя інсынуацыі. Гэта самы разумны выхад — прамаўчаць.

— Як адбывалася гэтая размова?

— Вы ўсё чулі, там няма ніякіх «закадравых» гісторый. Гэты запіс выкладзены цалкам. Я, бывае, прыбіраю тэхнічныя дэфэкты. А тут была выкладзена вэрсыя «праслушкі» — чысты запіс. Думаю, ён разумеў, што мяне могуць слухаць, ці яго могуць слухаць. Таму ў прынцыпе ён нічога сур’ёзнага не сказаў. Проста пацьвердзіў, што гатовы дапамагчы, трэба сустракацца, а дэталі будуць пры сустрэчы.

— А калі ў вас узьнікла думка пазваніць менавіта Лукашэнку?

— Недзе месяц таму. Мне было ляніва гэтым займацца, але я ўсё ж знайшоў час. Якраз быў адпаведны момант. Выбраў Віктара Януковіча, бо самім Януковічам я не магу быць — па ўзросьце не падыходжу. Ня думаю, што ён калісьці размаўляў з сынам Януковіча. Гэта была самая адпаведная кандыдатура ў гэтым сэнсе.

— Якіх наступстваў вы чакаеце ад гэтай размовы?

Я спадзяюся, што Лукашэнка зоймецца тымі, хто яго насамрэч праслухоўвае
Я спадзяюся, што адзінае наступства — Лукашэнка зоймецца тымі, хто яго насамрэч праслухоўвае. Мне гэта самому цікава. А так — сумняваюся, што будуць нейкія наступствы.

— Не баіце́ся перасьледу?

— Ня думаю, што гэтая гісторыя такая сур’ёзная, каб мець наступствы.

— Гэта ж удар па іміджы прэзыдэнта, па сыстэме ягонай аховы, бясьпекі...

— Ну чаму? Калі б ён мацярыўся, крычаў, лаяўся ці дзяржаўныя сакрэты выдаваў, то быў бы ўдар, а так... Канечне, па ахове — так, але гэта ўжо асабістыя пытаньні службы бясьпекі. Паглядзім, што там будзе. У прынцыпе, гэта нечакана. І я сумняваюся, што яны меркавалі, што такое можа быць.

— Праз колькі людзей вы дайшлі да прэзыдэнта?

— Чалавек пяць. Было некалькі пераключэньняў. Гэта заняло некалькі дзён.

— І ні на адным этапе вас не правяралі?

— Не. Я пакінуў свой тэлефон, і ўсё.

— У вас была чыстая сім-карта? Без гісторыі?

— Гісторыя нейкая была, але я ня думаю, што гэта важна. Нават калі б яна была на некага зарэгістраваная, то, думаю, ніхто б не глядзеў на гэта.

— Зь Беларусі спэцслужбы да вас не зьвярталаіся?

— Не, толькі прэса.

— Вось у вас ёсьць магчымасьць ад свайго імя да прэзыдэнта зьвярнуцца.

— Я б параіў паклапаціцца пра сваю бясьпеку. Адна справа — розыгрыш. І зусім іншая — калі рэальна нехта праслухоўвае. Гэта нашмат страшней. Мне здаецца, гэтае пытаньне трэба вырашаць.

Vovan222 выклаў у Інтэрнэт свой варыянт запісу, даўжэйшы на тры хвіліны й нашмат горшы па якасьці за ўжо апублікаваны.


16 чэрвеня ў рэспараджэньні рэдакцыі LB.ua апынуўся аўдыёзапіс, на якім чалавек, голас якога падобны да голасу народнага дэпутата Віктара Януковіча-малодшага, гаворыць зь іншым, чый голас падобны да голасу прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У размове Аляксандр Лукашэнка пацьвярджае свой намер даць у Беларусі прытулак экс-прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу. Прэс-служба беларускага прэзыдэнта камэнтаваць аўдыёзапіс адмаўляецца.

Vovan222 — аматар тэлефонных розыгрышаў, або пранкер, вядомы ў Расеі і Ўкраіне. Яму 27 гадоў, жыве ў Маскве, юрыст, журналіст. Пачаў сваю дзейнасць яшчэ ў 2007 годзе. За гэты час ён здолеў разыграць дзясяткі знакамітасцяў шоў-бізнэсу, спорту і палітыкі.

Шырокую вядомасьць ён атрымаў пасьля розыгрышу старшыні ЦВК Расеі Ўладзімера Чурава. Пасьля выбараў у Дзярждуму, у снежні 2011 году, пранкер ад асобы тады яшчэ памочніка прэзыдэнта РФ Аркадзя Дварковіча заявіў Чураву, што Дзмітры Мядзведзеў адпраўляе таго ў адстаўку ў сувязі з шматлікімі мітынгамі ў Маскве.

У сьпісе людзей, якія трапілі на яго вуду, значацца палітыкі і зоркі Расеі, Украіны: Міхаіл Гарбачоў, Віталь Мутко, Леанід Краўчук, Мікалай Азараў, Алег Ляшко, Арцём Мілеўскі, Алег Блахін, Віталь Клічко. Аўдыёзапісы гэтых гутарак, выкладзеныя ў Інтэрнэт, нярэдка становяцца сэнсацыяй і падхопліваюцца СМІ.
Запіс, які трапіў у сеціва напярэдадні
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG