Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі падчас адбыцьця арышту за Дзень Волі атрымаў яшчэ 10 сутак за Курапаты. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла Вольга Мікалайчык, якая выйшла на волю з Акрэсьціна па абедзе 4 красавіка.
«Як мяне выводзілі, дык гучала ў калідоры маё прозьвішча. І тады я пачула голас Максіма Вінярскага. Ён крыкнуў, што атрымаў яшчэ 10 дзён за Курапаты. Што адмыслова вывозілі ў суд перад заканчэньнем тэрміну за Дзень Волі. Перадаваў усім прывітаньне. Яшчэ чула голас Леаніда Кулакова. І ён усім перадаваў прывітаньне», — кажа Вольга Мікалайчык.
27 сакавіка Першамайскі раённы суд Менску асудзіў Максіма Вінярскага нібыта за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне на 8 сутак арышту. Максіма Вінярскага ў судзе абараняў адвакат, працэс цягнуўся некалькі гадзін. Актывіст даводзіў, што ня браў удзелу ў акцыі, а міліцыянты схапілі яго прэвэнтыўна. Але суд да ягоных словаў не прыслухаўся.
Менскі таксіст, грамадзкі актывіст Леанід Кулакоў атрымаў у Савецкім раённым судзе Менску найбольшы тэрмін з прызначаных за Дзень Волі — ажно 25 сутак. Міліцыянты затрымалі яго на вуліцы далёка адтуль, дзе мелася быць шэсьце на Дзень Волі.