Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава — прадпрымальнікам: Ня маеш даходу — усё роўна плаці!


Віктар Ламека
Віктар Ламека

На Гарадзеншчыне пачаліся адміністрацыйныя працэсы ў дачыненьні да індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не змаглі аплаціць у вызначаны тэрмін абавязковыя страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Зэльвенскі раённы суд разгледзеў адміністрацыйны пратакол у дачыненьні да індывідуальнага прадпрымальніка Віктара Ламекі. Пратакол у дачыненьні да яго быў складзены спэцыялістамі Зэльвенскага аддзела Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва за няўплату ва ўстаноўлены тэрмін абавязковых страхавых унёскаў за 2014 год у суме 6140500 рублёў.

Паводле існага заканадаўства, Ламека павінен быў заплаціць абавязковыя ўнёскі за мінулы год да 1 сакавіка 2015 году, аднак у судзе ён заявіў, што не зрабіў гэта з прычыны таго, што з сакавіка 2014 году як індывідуальны прадпрымальнік не працаваў, прыпыніў дзейнасьць і адпаведна не атрымаў ніякіх даходаў.

— Я прыпыніў дзейнасьць з прычыны таго, што распачаўся сур’ёзны эканамічны крызіс у краіне, да таго ж, у дачыненьні да прадпрымальнікаў зьмянілі заканадаўства, якое яшчэ болей ускладніла нашу працу. Я нават ня мог набыць тавар, паколькі на яго немагчыма было атрымаць дакумэнты. А цяпер дзяржава патрабуе ад мяне абавязковыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Але дзе ўзяць гэтыя грошы, калі я іх не зарабіў?

У судзе ў якасьці сьведкі прысутнічала супрацоўніца Зэльвенскага аддзела Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Валянціна Габрыянчык. Яе пазыцыя зводзілася да таго, што пасьля ўнясеньня зьменаў у парадак уплаты ўнёскаў згодна з указам прэзыдэнта № 87 ад 27 лютага 2014 году сума абавязковых страхавых ўнёскаў налічваецца з вызначанага самімі прадпрымальнікамі даходу, але пры гэтым яна не павінна быць меншай за суму, якая б адпавядала суме за такі ж пэрыяд часу з сумы памеру мінімальнай заработнай платы.

Яна таксама патлумачыла, што прадпрымальнікі могуць не аплочваць абавязковыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за пэрыяд спыненьня прадпрымальніцкай дзейнасьці толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, а выпадак Ламекі, маўляў, пад гэта не падпадае.

Ламека спрабаваў дамагчыся адказу на пытаньне: як вылічыць суму з даходу, які складае нуль? Ягоная апанэнтка адсылала яго да патрабаваньня указу, дзе гаворка вядзецца зноў-такі пра тое, што «сума не павінна быць меншай за тую, якая б адпавядала налічэньням з сумы мінімальнага заробку».

Ламека спрабаваў апэляваць да суда, што ў такой сытуацыі ня мог нават узяць крэдыт у банку, паколькі ня меў даходаў і ня мог уводзіць у зман супрацоўнікаў банку. Ня мог пазычыць у некага грошай, бо павінен быў бы заплаціць за гэта падатак. Ён таксама спасылаўся на канкрэтныя артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць яму права свабоднай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Аднак судзьдзя не прыняла ягоныя довады і, паводле рашэньня суда, ён павінен выплаціць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва суму ў памеры 6140500 рублёў, а таксама штраф у памеры 20% ад налічанай сумы — 1128100 рублёў.

Пасьля судовага паседжаньня Ламека заявіў Свабодзе, што ня згодны з рашэньнем суда і будзе яго абскарджваць. Паводле яго, з увядзеньнем указу № 87 дзяржава папросту выкручвае прадпрымальнікам рукі, прымушаючы плаціць абавязковыя ўнёскі, нават калі яны не атрымліваюць ніякіх даходаў, што яўна несправядліва і супярэчыць Канстытуцыі.

— Рашэньне суда адпавядае эканамічным варункам, у якія трапіла наша дзяржава: фінансавае становішча складанае, а супрацоўнікаў міліцыі больш за сто тысяч, шмат чыноўнікаў і пэнсіянэраў, каля мільёна нашых грамадзянаў працуюць па-за межамі краіны — вось яны і шукаюць грошы. Я якраз адзін з тых, у каго дзяржава і спрабуе гэтыя грошы знайсьці. Замест падтрымкі, калі я не магу праводзіць эканамічную дзейнасьць, яны патрабуюць зь мяне грошай. І цяпер я вымушаны адрываць сродкі ад жонкі альбо бацькоў, каб выплаціць паводле рашэньня суда.

Паводле Ламекі, у Зэльве большасьць прадпрымальнікаў на яго баку, але ніхто зь іх публічна падтрымкі не выказвае, усе імкнуцца заплаціць унёскі, каб ня мець праблемаў з уладамі. Хаця ў судзе з вуснаў прадстаўніцы Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва прагучала, што Ламека ня першы ў раёне, на каго быў складзены адміністрацыйны пратакол за няўплату абавязковых унёскаў.

У Ваўкавыску тым часам Мікалай Аўтуховіч таксама атрымаў ліст з Фонда сацыяльнай абароны: ад яго патрабуюць заплаціць унёскі нават за той пэрыяд, калі ён знаходзіўся ў вязьніцы. Ён кажа, што ніяк ня можа гэтага зразумець.

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

— Гэта натуральнае глупства: калі ў чалавека не было даходаў, то з чаго яму плаціць? У мяне няма грошай, я выйшаў зь вязьніцы, а мне адразу кажуць: заплаці. А дзе мне іх узяць? Згодна зь іх лёгікай прадпрымальнік, калі ён мае паперы, што ён зьяўляецца прадпрымальнікам, то ўжо за гэта ён павінен плаціць. Але ж гэта глупства, натуральнае глупства". Міхал Карневіч, Горадня Здымкі: 1Віктар Ламека

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG