Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернутая Ракуцёўшчына: як на паўстагодзьдзя было страчана месца творчага натхненьня Багдановіча


40 гадоў таму — улетку 1977-га — на літаратурнай мапе Беларусі аднавіўся адрас, гістарычна ўплецены ў кароткую біяграфію навечна маладога беларускага клясыка Максіма Багдановіча. Гэта фальварак Ракуцёўшчына побач зь мястэчкам Красным на Маладэчаншчыне.

Менавіта тут, падчас двухмесячнага гасьцяваньня ў дробных шляхцічаў Лычкоўскіх, 19-гадовы Максім упершыню адчуў хараство роднай зямлі, повязі зь якой быў пазбаўлены яшчэ ў маленстве.

Але ад 1911 году і да моманту, калі Ракуцёўшчына пачала трывала атаясамлівацца з Багдановічам, мінула больш за паўстагодзьдзя. Чаму так здыралася?

Дабраславёны «хутар» шляхты

Як вынікае з допісаў Адама Ягоравіча, Максімавага бацькі, сына заўсёды цягнула на Радзіму, якую ён ствараў у сваім уяўленьні выключна па кнігах ды аповедах сваіх цётак — у 5-гадовым узросьце пасьля сьмерці маці сямʼя спачатку пераехала ў Ніжні Ноўгарад, а потым у Яраслаўль.

Музэйны ўказальнік перад адноўленым сьвіранам
Музэйны ўказальнік перад адноўленым сьвіранам

Такая нагода здарылася ў чэрвені 1911-га, неўзабаве пасьля гімназічнага выпускнога. Спачатку Максім прыехаў у Вільню, а ўжо адтуль супрацоўнікі «Нашай нівы» браты Антон і Іван Луцкевічы «перадалі» маладога чалавека ў надзейныя рукі свайго дзядзькі Вацлава Лычкоўскага і ягонай сястры Ядвісі. Жылі тыя, як згадваў сакратар «Нашай нівы» Вацлаў Ластоўскі (у яго Максім спыняўся ў часе віленскай пабыўкі), на хутары «ці то ў Вялейскім, ці то ў Ашмянскім павеце».

У траўні 1917-га падчас лекаваньня ў Крыме ад сухотаў Максім Багдановіч памёр. Пра беларускую прыгоду на доўгі час забыліся. Ідэнтыфікаваць «хутар» не ўдавалася да сярэдзіны 1960-х. Прытым, што сам паэт у сваіх вершах той час ахарактарызаваў адназначна — «Страніца лепшая ў штодзёньніку жыцьця!». Менавіта тут з-пад ягонага пяра выйшлі цыклі вершаў «Старая Беларусь» і «Места», паэмы «Ў вёсцы» і «Вераніка».

Дырэктарка музэю Настасьcя Сярболіна
Дырэктарка музэю Настасьcя Сярболіна

Настасься Сярболіна, загадчыца філіі «Фальварак Ракуцёўшчына», які ўваходзіць у структуру Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры, кажа, што ажывіць страчаную памяць удалося намаганьнямі апантанага дасьледніка Генадзя Каханоўскага, супрацоўніка Маладэчанскага абласнога краязнаўчага музэю, гісторыка, археоляга, фальклярыста:

«Наколькі вядома, у сярэдзіне 1960-х вярнуць зь нябыту гэтую мясьціну Генадзю Каханоўскаму дапамог Юры Луцкевіч, сын Антона Луцкевіча. У той час старажылы яшчэ згадвалі, што сапраўды быў тут такі малады хлапец, адпачываў на сядзібе, гуляў па вёсцы, па яе ваколіцах, граў на гітары — з часам у ход ішлі фантазіі, бо насамрэч Максім Багдановіч граць ня ўмеў. Можна хіба ўяўляць, што, натуральна, на ягоным шляху сустракаліся розныя цікавосткі і прыгоды, сьведчаньняў не захавалася. Але калі ўрэшце Ракуцёўшчыну запусьцілі ў „абарот“ і повязь паэта зь ёю дакумэнтальна пацьвердзілі, было вырашана яе нейкім чынам абазначыць».

Куток «Нашай Нівы» і яе заснавальнікаў
Куток «Нашай Нівы» і яе заснавальнікаў

На гэтым этапе, паводле суразмоўніцы, да Генадзя Каханоўскага далучыўся іншы мясцовы краязнаўца, заслужаны работнік культуры Вячаслаў Ляшковіч. Дзякуючы ягоным высілкам на ракуцёўскіх пагорках былі знойдзеныя два валуны, якія сталі першым пасьмяротным помнікам Максіму Багдановічу ў Беларусі.

Адзін зь іх сымбалізуе сьвечку памяці, на другім выбітыя радкі з «Санэту» і факталягічны надпіс: «У вёсцы Ракуцёўшчына ў 1911 годзе жыў і працаваў вядомы беларускі паэт Максім Багдановіч».

Валуны ў памяць пра Максіма Багдановіча
Валуны ў памяць пра Максіма Багдановіча

«Генадзь Каханоўскі знайшоў, спраўдзіў гэтае месца ў сярэдзіне 1960-х. Але, на маю думку, толькі пасьля таго, як у 1977-м паставілі помнік Максіму, можна казаць пра завяршэньне дасьледніцкага этапу і мэмарыялізацыю ракуцёўскага пэрыяду. У той дзень, 18 чэрвеня, тут упершыню ўголас чыталіся вершы і самога Максіма Багдановіча, і з вуснаў іншых паэтаў пра яго, і пра натхняльную Ракуцёўшчыну. Прысутнічалі такія выбітныя асобы, як Ніл Гілевіч, Іван Чыгрынаў, Пятрусь Макаль. Было сказана, што гэта першы помнік паэту на літаратурнай мапе Беларусі. Мяркую, менавіта ад таго часу трэба весьці адлік «Фальварку Ракуцёўшчына».

Падмуркі гаспадарчых пабудоваў
Падмуркі гаспадарчых пабудоваў

Праз чатыры гады пасьля мэмарыялізацыі беларускія літаратары заклалі «Максімаў сад» з 70 дрэваў — гэтулькі гадоў мінула зь першага і апошняга прыезду Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыну. У 1983-м пачалася традыцыя паэтычнага сьвята «Ракуцёўскае лета», а ў 1985-м пастаўлены камень ля Максімавай крыніцы.

«Дзіравая памяць» землякоў

Такім чынам, з гістарычных кронік факт прысутнасьці Максіма Багдановіча ў фальварку пад колішнім Красным Сялом зьнік на некалькі дзесяцігодзьдзяў. І невядома, наколькі яшчэ цягнулася б бяспамяцтва, каб не актыўнасьць Генадзя Каханоўскага.

«Складана нешта сьцьвярджаць, але, мабыць, проста зьмянілася стаўленьне, — лічыць Настасься Сярболіна. — Нават партыйныя функцыянэры зразумелі, што Багдановіч — сапраўдны патрыёт сваёй Бацькаўшчыны, які зрабіў вялікі чын і ў літаратурным, і ў чалавечым пляне. Вядома, што пры канцы свайго жыцьця з адносна спакойнага Яраслаўлю ён вярнуўся ў апалены вайной прыфрантавы Менск, каб быць побач зь землякамі. У горадзе было шмат уцекачоў, тут было голадна і холадна, але гэта — сваё. Таму нам трэба ведаць пра ўсё, так ці інакш зьвязанае з гэтай выбітнай асобай. Пагатоў такія мясьціны можна пералічыць літаральна на пальцах адной рукі».

Нягледзячы на ўсё большае разуменьне ўсёй велічы Багдановічавага таленту, шчыра кажучы, цэнтрам літаратурнага паломніцтва Ракуцёўшчына так і ня стала — прытым што патрапіць сюды зусім нескладана, было б жаданьне.

Здымак Максіма ракуцёўскага пэрыяду
Здымак Максіма ракуцёўскага пэрыяду

Шмат хто проста не абазнаны, што даволі збочыць на нейкія 2 кілямэтры з Маладэчанскай шашы, каб апынуцца ў прыгожай мясьціне. Зрэшты, да інфармацыйнага вакууму нейкі час таму спрычыніліся дарожнікі і аўтаінспэкцыя.

Перад «Дажынкамі-2011», якія праводзіліся ў Маладэчне, у працэсе добраўпарадкаваньня маршруту на шляху прэзыдэнцкага картэжу былі зьнятыя на «абнаўленьне» знакі павароту на фальварак, а наступныя шэсьць гадоў вярнуць іх на месца ніхто не парупіўся. Зьявіліся яны толькі сёлета, на 100-годзьдзе дачаснай сьмерці паэта.

«Криница Богдановича»
«Криница Богдановича»

На самой прылеглай тэрыторыі іншаплянэтным абʼектам выглядае Максімава крыніца, «клапатлівай» рукой супрацоўнікаў гідратэхнічных службаў абазначаная як «Криница Богдановича». Цяжка сказаць, ці ўзрадавала б гэта нашага героя (нават з улікам наўгародзка-яраслаўскага пэрыяду ягонай біяграфіі).

Адноўленыя інтэр’еры хады гаспадара
Адноўленыя інтэр’еры хады гаспадара

А ці засталося штосьці аўтэнтычнае сярод музэйных экспанатаў у самым фальварку, што магло б нагадаць пра маладога госьця шляхцічаў Лычкоўскіх? Загадчыца філіялу пералічвае:

«Ёсьць куфар гаспадара Вацлава Лычкоўскага. Таксама маем крэсла ягонай сястры Ядвісі Русецкай. У вялікай сьвятліцы, дзе зьбіралася мясцовая інтэлігенцыя і гаспадары частавалі гасьцей духмянай гарбатай, стаіць кніжная шафа. Яе прывезьлі зь Ніжняга Ноўгараду, яна належала Марыі Ягораўне, роднай цётцы Максіма. Дарэчы, гэта яна пасьля сьмерці Марыі Апанасаўны выхоўвала яе малых дзяцей, дапамагала брату. Таксама ў гасьцёўні буфэт, яго прывезьлі з Ігуменя. Ён належаў дзеду мужа Клаўдзіі Малевіч. А паколькі прозьвішча бабулі Багдановіча таксама Малевіч і яна менавіта адтуль, можна меркаваць пра іхныя сваяцкія сувязі».

Дамок арандатара
Дамок арандатара

Сядзібу Лычкоўскіх пачалі аднаўляць у 1991-м — акурат пад 100-гадовы юбілей паэта, які напачатку ХХ стагодзьдзя натхняўся ў Ракуцёўшчыне хараством мясцовай прыроды. Сёньня інфраструктура філіі ўключае дом арандатара, дзе Максім Багдановіч меў асобныя «апартамэнты», а таксама дом гаспадара, гумно, крыніцу, помнік і сад вакол яго. А яшчэ падмуркі пабудоваў, зьнішчаных пажарам 15-гадовай даўнасьці:

«Наш музэй пачаў стварацца ў 1991 годзе, а ў 1994-м была адкрытая экспазыцыя ў маленькай хатцы, так званым дамку арандатара. Яна прысьвечана першай сустрэчы паэта з радзімай у адносна дарослым узросьце. Фактычным заканчэньнем будаўніцтва музэю можна лічыць 2007 год, калі была аформленая экспазыцыя ў доме гаспадара — яна выяўляе інтэрʼер хаты дробнага шляхціча пачатку ХХ стагодзьдзя. Пачаткова на тэрыторыі сядзібы былі і гаспадарчыя пабудовы — клець, хлеў, стайня. Аднак у 2002 годзе ўсё было зьнішчана вагнём...».

Кніжная шафа, прывезеная зь Яраслаўлю
Кніжная шафа, прывезеная зь Яраслаўлю

«Найлепшая старонка» паэтавага жыцьця

Кожнае лета, у апошнюю нядзелю ліпеня, у Ракуцёўшчыне зьбіраюцца прыхільнікі таленту Максіма Багдановіча. Бо, як кажа Настасься Сярболіна, толькі трапляючы ў атмасфэру старога шляхоцкага фальварку, адчуваеш той час, калі тут жыў і тварыў геній:

«Імпрэза традыцыйная, сьвята паэзіі і песьні „Ракуцёўскае лета“ ладзіцца пачынаючы ад 1983 году. За прамінулы час ужо склаліся пэўны фармат і кола сталых сяброў фэсту. Перадусім тут зьбіраюцца паэты, пісьменьнікі, барды, фальклёрныя калектывы, па традыцыі гэта апошняя нядзеля ліпеня. Цяпер вось наводзім апошні лоск, працуюць усе, ад загадчыка да нешматлікага пэрсаналу...».

Адноўлены гаспадарскі дом
Адноўлены гаспадарскі дом

Паводле арганізатараў, сёлета «Ракуцёўскае лета» адбудзецца на дзьвюх сцэнах: акрамя асноўнага канцэрту, упершыню будзе праведзены «сядзібнік у Лычкоўскіх».

Печ у дамку арандатара
Печ у дамку арандатара

Як сьцьвярджаў сам паэт, у Лычкоўскіх яму вельмі добра пісалася, разам зь віленскім гэта быў адзін з найбольш творча насычаных пэрыядаў ягонага жыцьця. Тут ён знайшоў сапраўдную крыніцу натхненьня, бо ўпершыню на ўласныя вочы пабачыў аўтэнтычны вясковы побыт. Таму і прызнаваўся ў апошніх радках свайго спачатку страчанага, а потым адноўленага верша «У вёсцы»:

«Страніца лепшая ў штодзёньніку жыцьця!
Зноў зь ціхай радасьцю цябе чытаю я.
Хай шмат чаго ўжо з тых гадоў крыніца змыла
У памяці маёй, хай той дзяўчынкі мілай
Ўжо воблік губіцца у цёмнай глыбіне, —
Я веру, ў цяжкі час ён гляне на мяне...».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG