Больш за 40 чалавек, у тым ліку высокапастаўленыя вайскоўцы, загінулі ў Судане ў выніку катастрофы вайсковага транспартнага самалёта. Пра гэта паведамляюць агенцтвы са спасылкай на лекараў і крыніцы ў вайсковых колах. Па апошніх дадзеных, якія прыводзіць агенцтва AP, загінулі 46 чалавек, ня менш за 10 параненыя. Пошукавыя работы працягваюцца.
Самалёт зь нявысьветленых пакуль прычынаў упаў у густанаселеным раёне недалёка ад вайсковага аэрадрома ў горадзе Амдурман, які ўваходзіць у аглямэрацыю сталіцы краіны Хартума. Сярод загінулых, як паведамляецца, ёсьць як вайскоўцы, так і цывільныя асобы. Першапачаткова паведамлялася, што на борце былі 19 чалавек, затым зьявіліся паведамленьні пра больш як 20 загінулых, затым колькасьць ахвяр перавысіла 40. Значыць, загінулі людзі як на борце самалёта, так і на зямлі, бо пры падзеньні самалёт урэзаўся ў жылы дом.
Сярод ахвяр катастрофы — генэрал-маёр Бар Ахмэд, военачальнік урадавай арміі, які раней займаў пасаду начальніка гарнізона сталіцы Судана Хартума.
У Судане працягваецца грамадзянская вайна паміж урадавай арміяй і так званымі «Сіламі хуткага рэагаваньня». Паводле першапачатковых паведамленьняў, крушэньне самалёта стала вынікам тэхнічнай няспраўнасьці, а не ваенных дзеяньняў.