У адмове гаворыцца, што праграма не адпавядае патрабаваньням Выбарчага кодэксу.
Астравецкая раёнка пры гэтым спасылаецца на ч.1 арт. 47 і ч. 1 арт. 75 Выбарчага кодэксу, дзе ідзе гаворка пра забарону на заклікі да зьмены канстытуцыйнага ладу, распальваньне міжнацыянальнай ці сацыяльнай варажнечы, а таксама абразу і паклёп службовых асоб.
У лісьце, атрыманым Мікалаем Уласевічам з рэдакцыі, прапануецца зьмяніць тэкст праграмы, каб не парушаць нормы заканадаўства. Праўда, у лісьце не гаворыцца, якія канкрэтныя словы ці сказы аўтара парушаюць заканадаўства.
Мікалай Уласевіч не пагаджаецца з пазыцыяй рэдакцыі і лічыць, што ягоную праграму хочуць адцэнзураваць, што, паводле Ўласевіча, супярэчыць Канстытуцыі. «Калі я нешта парушыў, то я адкажу перад законам, — піша Ўласевіч у адказ рэдакцыі, — але мірыцца з цэнзурай не намераны».
Свабодзе Ўласевіч сказаў, што ў перадвыбарчай праграме напісаў пра тое, што ў дзейнай уладзе квітнее карупцыя і, магчыма, гэта выклікала супраціў рэдакцыі газэты.
Мікалай Уласевіч адправіў скаргу на дзеяньні рэдактара газэты ў Цэнтральную выбарчую камісію.