Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі выбарцы самі агітуюць агітатараў


Пікет кандыдата ад АГП на рагу праспэкта Касманаўтаў і вуліцы Яфрэмава
Пікет кандыдата ад АГП на рагу праспэкта Касманаўтаў і вуліцы Яфрэмава

Паводле каляндарнага пляну парлямэнцкіх выбараў ужо тыдзень доўжыцца агітацыйны пэрыяд, калі кандыдаты ў дэпутаты маюць магчымасьць сустракацца з выбарцамі.

Аднак у паўмільённым Гомелі, дзе ў шасьці выбарчых акругах балятуюцца два дзясяткі прадстаўнікоў розных палітычных партыяў, толькі тры агітацыйныя пікеты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Яны стаяць у Гомельскай-Сельмашаўскай выбарчай акрузе № 32. Гэта пікеты кандыдата ў дэпутаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Кацоры:

«Мы агітуем за праграму нашай партыі „Мільён працоўных месцаў“. Што да выбараў, то іх у нашай краіне няма, і мы кажам пра гэта выбарцам. У сваю чаргу, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што гэтыя так званыя выбары „важныя для Беларусі“. А калі важныя, дык давайце весьці дыялёг і лічыць галасы разам з апазыцыяй — тады выбары будуць прызнаныя і беларусамі, і эўрапейскай супольнасьцю. На жаль, гэтага няма».

Паводле Ўладзімера, у ягонай акрузе АГП вылучыла сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 34 участковыя камісіі. Аднак адміністрацыя Чыгуначнага раёну ўключыла ў камісію толькі аднаго зь іх.

На думку кандыдата ў дэпутаты, ва ўладаў яшчэ ёсьць магчымасьць паправіць сытуацыю — дапусьціць дэмакратычных вылучэнцаў у камісіі:

«Калі гэтага ня будзе, то хто ж прызнае гэтыя выбары легітымнымі? Цяпер і без таго 70 адсоткаў грамадзянаў ня лічаць дзяржаву сваёй. Гэта сумны вынік праўленьня цяперашняга рэжыму».

Майка «супраць» стала майкай «за»

Афіцыйных агітацыйных плякатаў альбо ўлётак кандыдаты ў дэпутаты яшчэ ня маюць — акруговыя камісіі толькі зацьвердзілі іх фармат.

Таму апазыцыйныя кандыдаты выкарыстоўваюць розныя спосабы, каб выказаць сваю пазыцыю. Актывіст АГП Уладзімер Няпомняшчых, які зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Гомельскай-Юбілейнай акрузе № 31, прыйшоў запісваць выступ на мясцовым тэлебачаньні ў сваёй майцы з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Гэтым разам яму не прапаноўвалі пераадзецца. Проста паказалі ў тэлеэфіры толькі верхняю частку надпісу, а ніз, дзе было напісана «без Лукашэнкі», закрылі застаўкай зь імем кандыдата. На экранах гэта выглядала так, быццам апазыцыйны кандыдат прыйшоў у студыю ў белай майцы з надпісам: «За Беларусь».

Кандыдат у дэпутаты ў Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандар Дзенісенка апавёў, што агітацыйную кампанію, па сутнасьці, не пачынаў: няма чаго людзям даць у рукі, аніякай агітацыйнай прадукцыі — ні праграмы, ні заклікаў, ні плякатаў.

«Канечне, дазваляецца вырабіць нейкія агітацыйныя матэрыялы за кошт сродкаў уласнага выбарчага фонду, — кажа Аляксандар. — Але сродкаў на маім рахунку няма. Папраўдзе кажучы, і група падтрымкі малалікая. Выступіў толькі на тэлебачаньні — 5 хвілін. Больш актыўна агітацыяй займуся ўжо на будучым тыдні».

З падобнымі праблемамі сутыкаюцца й іншыя апазыцыйныя вылучэнцы, таму карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі.

«Гараджанаў турбуюць ня выбары, а падзеньне заробкаў»

Уладзімер Кацора не чакае афіцыйных плякатаў. Ён надрукаваў на прынтэры пару тысяч запрашэньняў на сустрэчы з выбарцамі, і давераныя асобы раздаюць іх на пікетах. Дарэчы, першыя дзьве сустрэчы маюць адбыцца 23 жніўня ў СШ № 57 і ДК «Гомсельмаш» — з удзелам экс-прэмʼера Беларусі Міхаіла Чыгіра, былых міністра працы Аляксандра Саснова і кіраўніка «Амкадору» Васіля Шлындзікава, эканаміста Леаніда Злотнікава. Гэта давераныя асобы Ўладзімера Кацоры. Разам з кандыдатам яны будуць апавядаць пра праблемы рэфармаваньня беларускай прамысловасьці і, у прыватнасьці, абʼяднаньня «Гомсельмаш».

Пікет з удзелам Сяргея Касабуцкага
Пікет з удзелам Сяргея Касабуцкага

«Па маіх назіраньнях, — кажа Сяргей Касабуцкі, які раздае запрашэньні на сустрэчы каля міні-рынку на вуліцы Яфрэмава, — гараджанаў найбольш турбуюць ня выбары, а падзеньне заробкаў на прадпрыемствах, звальненьні, але найчасьцей — прыватныя справы, у якіх людзі гадамі ня могуць дамагчыся справядлівасьці».

«Ня мы, а выбарцы ўжо нас агітуюць»

У акрузе № 32 балятуюцца таксама кандыдатамі ў дэпутаты: ад БНФ — Васіль Раманаў, ЛДП — Сяргей Дараненкаў, БСДГ — Сяргей Калышкін. Заўважнай агітацыйнай дзейнасьці яны не выяўляюць. Пяты вылучэнец у акрузе — так званы кандыдат ад улады, намесьнік дырэктара па ідэалёгіі ААТ «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў» Віталь Шылаў. Агітатары апошняга кандыдата часта становяцца непадалёк ад пікетаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб раздаваць сваю друкаваную прадукцыю.

Агітацыйны пікет каля ПК «Гомсельмаш»
Агітацыйны пікет каля ПК «Гомсельмаш»

«Выходзяць канкурэнты звычайна ў другой палове дня, — кажа актывіст АГП Андрэй Толчын. — У іх ужо надрукаваныя ўлёткі з партрэтам Шылава, праўда, без удакладненьня, што ён намесьнік дырэктара менавіта па ідэалёгіі. Але ня гэта людзей забаўляе. Шылаў піша, што выступае за павышэньне заробку рабочым. Дык у чым справа? Працуеш намесьнікам дырэктара, павышай іх рэальна, а не ў дэклярацыях. А ўчора наагул адбываліся дзівосы. Шылаў праводзіў у Доме культуры сустрэчу з выбарцамі. Я хацеў зайсьці, дык мяне хлапцы з павязкамі „дружыньнік“ не пускалі — казалі, сустрэча пачалася. Давялося паказваць пасьведчаньне, што я давераная асоба другога кандыдата ў дэпутаты — Уладзімера Кацоры, і пікет наш зь бел-чырвона-белым сьцягам акурат побач з Домам культуры».

Актывіст апавёў, што на вулічным пікеце і раней, калі зьбіралі подпісы, і цяпер, калі пачалася агітацыя, сустракае даволі шмат людзей, якія абыякавыя да выбараў:

«Адкрыта кажуць, што гэта ня выбары, а падман. Таму мы й не заклікаем на выбары. Проста паказваем, што ёсьць альтэрнатыўны погляд на сытуацыю ў эканоміцы, у грамадзтве. Ёсьць альтэрнатыўны шлях разьвіцьця краіны — эўрапейскі. Усё больш людзей перакананыя, што парлямэнт у Беларусі нічога не вырашае. Дэпутаты толькі штампуюць законы, якія ім падаюць з прэзыдэнцкай Адміністрацыі, ды пэнсіі сабе прызначаюць у пяць разоў большыя за звычайныя. Наракаюць: зрабілі дзяржаву для чыноўнікаў, а не для народу. І Лукашэнка тут першы, хто адказвае за гэта. Згадваюць таксама, што дэпутатам у парлямэнце да гэтага часу быў былы гендырэктар „Гомсельмашу“ Валер Жмайлік. І што? За мінулыя чатыры гады абʼяднаньне апынулася яшчэ ў большым крызісе. Так што ня мы, а выбарцы ўжо нас агітуюць: беларускі парлямэнт — гэта нуль бяз палачкі. Людзі не выбіраюць дэпутатаў — іх улада прызначае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG